Гісторыя Мазыру
Мазыр — магдэбурскае места, адзін з гістарычных цэнтраў Палесься, старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага. Да нашага часу тут захаваўся комплекс кляштару бэрнардынаў з касьцёлам Сьвятога Міхала Арханёла ў стылі барока, помнік архітэктуры XVIII ст., які пацярпеў ад маскоўскай перабудовы. У прадмесьці Кімбараўцы захаваліся комплексы жаночага з касьцёлам Сьвятога Міхала Арханёла й мужчынскага з касьцёлам Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі цыстэрыянскіх кляштараў (барока, XVIII ст.). Сярод мясцовых славутасьцяў таксама вылучаліся царква Сьвятой Параскевы Пятніцы й Фарны касьцёл.
Раньнія часы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Мяркуецца, што паселішча, ад якога бярэ свой пачатак сучасны Мазыр, узьнікла ў VIII ст. ува ўрочышчы Кімбараўцы, дзе існавала ўмацаванае гарадзішча[1]. У XI—XII стагодзьдзях умацаваны горад перанесьлі на Замкавую гару[2].
Першы пісьмовы ўпамін пра Мазыр датуецца 1155 годам, калі ён перайшоў ад Кіеўскага да Чарнігаўскага княства. Працяглы час Мазыр знаходзіўся ў складзе Тураўскага княства, князі й біскупы якога называліся тураўскімі й мазырскімі. У 1240—1241 гадох места пацярпела ад татарскіх набегаў.
Вялікае Княства Літоўскае
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Зь сярэдзіны XIV ст. Мазыр далучыўся да Вялікага Княства Літоўскага. У XIV—XVIII стагодзьдзях тут існаваў драўляны замак.
У 1471 годзе Мазыр увайшоў у склад Кіеўскага ваяводзтва. У XVI ст. места стала цэнтрам гродавага староства, з правядзеньнем адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформы 1565—1566 гадоў — сталіцай павету. Па Люблінскай уніі (1569 год) і пераходу Кіеўскага ваяводзтва да Каралеўства Польскага з ініцыятывы мясцовай шляхты Мазырскі павет далучыўся да Менскага ваяводзтва.
У пачатку XVI ст. Мазыр складаўся з трох частак — цэнтральнай з астрогам, неўмацаванага пасаду й Рынку. За часамі вайны Маскоўскай дзяржавы зь Вялікім Княствам Літоўскім у 1534—1537 гадох усходнія захопнікі зруйнавалі Мазыр[3]. На 1552 год у месьце існавалі цэрквы Сьвятога Спаса, Сьвятога Мікалая, Прачыстай Багародзіцы[3], на 1571 год — 550 будынкаў, дзеялі 5 цэркваў, працавалі шпіталь і 44 крамы, на 1576 год — 293 мяшчанскія двары[3].
28 студзеня 1577 году кароль і вялікі князь Стэфан Баторы надаў Мазыру Магдэбурскае права й герб «у блакітным полі чорны аднагаловы арол з срэбным шыльдам на грудзёх, на шыльдзе — чырвоная літара S»[4]. Вытрымка з адпаведнага вялікакняскага прывілею:
Надаем тому месту нашему печать мескую, то есть Орел з Сэм в нем вырисованым… которую урад меский на судах и иншых справах и потребах меских печатовать и того гербу ужывать мают вечные часы | ||
У 1609 годзе Мазыр пацярпеў ад вялізнага пажару. Аднак ужо ў 1613 годзе коштам ахвяраваньняў завяршылася аднаўленьне ўмацаваньняў і места было «…абнесена высокім валам з 7 вежамі, або фортамі». У 1616 годзе староста Б. Стравінскі заснаваў у Мазыры касьцёл. З пачаткам вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) у 1655 годзе маскоўскія войскі на чале з Валконскім захапілі й спустошылі места[5].
У першай палове XVIII ст. у Мазыры збудавалі базылянскі манастыр, каля места — Кімбараўскія цыстэрыянскія кляштары. З 1752 году пачаў дзеяць кляштар марыявітак. У 1723—1773 гадох пры Фарным касьцёле існавала місія езуітаў[6]. У 1726 годзе адкрылася езуіцкая школа (у 1773 годзе яе пераўтварылі ў сьвецкую вучэльню[6]). У 1750 годзе казакі спустошылі кляштар цыстэрыянак ува ўрочышчы Кімбараўцы.
На 1724 год у Мазыры існавалі Кіеўская, Оўруцкая, Сьвідоўская, Нагорная, Гончая й іншыя вуліцы. У месьце было два замкі — Верхні (Стары), які месьціўся на Замкавай гары, і Ніжні. У падножжа Замкавай гары быў Рынак, на паўночным захадзе ад яго знаходзіліся меская ратуша, пякарня й стайня. Гандаль вёўся ў 56 крамах, якія атачалі пляц. Тамака ж быў шпіталь. Паводле мескага пляну 1769 году — Пятніцкая, Слуцкая, Кіеўская, Жытомірская вуліцы й Рынак; у месьце было 211 двароў, 6 цэркваў й касьцёлаў, ратуша, 2 майстэрні для абпалу цэглы.
Пад уладай Расейскай імпэрыі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Мазыр апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе стаў цэнтрам павету Менскай губэрні. У 1796 годзе царскія ўлады даравалі месту новы расейскі герб. На 1825 год тут было 530 драўляных і 3 мураваныя будынкі, дзеялі 2 кляштары, працавалі 22 крамы й 27 корчмаў. У 1834 годзе ў Мазыры адкрылася шляхецкая вучэльня, ператвораная ў 1859 годзе ў прагімназію, потым — у гімназію. На 1862 год — 491 будынак, дзеялі 4 цэрквы, касьцёл і 2 юдэйскія малітоўныя дамы, працавала 71 крама; штогод з 6 да 27 студзеня й з 6 да 28 жніўня праводзіліся кірмашы. Месьцічы актыўна бралі ўдзел у нацыянальна-вызвольным паўстаньні (1863—1864).
На 1878 год у Мазыры дзеялі 3 царквы (у тым ліку мураваная, гвалтоўна пераробленая царскімі ўладамі з бэрнардынскага касьцёла), касьцёл і сынагога. У 1879 годзе тут заснавалі тэлеграфную станцыю, а ў 1885 годзе — запалкавую фабрыку «Маланка». Пракладаньне Палескіх чыгунак у 1880-х гадох паспрыяла далейшаму эканамічнаму разьвіцьцю Мазыру. Паводле вынікаў перапісу 1897 году, у месьце было 628 двароў, дзеялі 4 царквы, 2 капліцы, сынагога, 4 юдэйскія малітоўныя дамы, працавалі лякарня, прагімназія, 1-клясная прыходзкая й прыватная жаночая 2-клясная вучэльні, паштова-тэлеграфная кантора, бровар, майстэрня апрацоўкі скураў, 3 крупадзёркі, маслабойня, 170 крамаў, 13 заезных двароў, 8 корчмаў, 3 вінныя крамы. На 1904 год — 1210 жылых дамоў, у тым ліку 102 мураваныя, 50 газавых ліхтароў, водаправод, 2 друкарні, аптэка, 2 бібліятэкі, лясьніцтва. У верасьні 1913 году тут адбылася I сельскагаспадарчая й прамысловая выстава. Напярэдадні Першай сусьветнай вайны ў месьце было 1210 жылых будынкаў, 3 фабрыкі, 16 майстэрняў, 5 навучальных установаў, земская лякарня, мэтэастанцыя, друкарня й 2 кнігарні.
Этнограф і фальклярыст Аляксандар Сержпутоўскі засьведчыў бытаваньне на Мазыршчыне ў канцы XIX — пачатку XX стагодзьдзяў саманазвы «ліцьвіны»[a][7].
У лютым 1918 году Мазыр занялі войскі Нямецкай імпэрыі. 4 сакавіка 1918 году ўлады УНР абвясьцілі яго цэнтрам Дрыгавіцкай зямлі.
Найноўшы час
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Мазыр абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. У месьце прызначылі павятовага старшыню БНР, дзеяў рэгістрацыйны пункт тавараў Беларускай цэнтральнай гандлёвай палаты[8]. Тэрыторыя Палесься стала прадметам перамоваў паміж БНР і УНР. У пачатку траўня на адрас беларускай дэлегацыі паступілі пратэсты мазырскіх зямянаў супраць далучэньня іх да Ўкраіны, пазьней прадстаўнікі Мазырскага павету (разам з прадстаўнікамі Гомельскага і Рэчыцкага паветаў) наведалі Народны Сакратарыят БНР з пытаньнем пра пэрспэктывы беларуска-ўкраінскіх перамоваў і просьбай падтрымаць адкрыцьце беларускіх школаў[9]. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай I зьезду КП(б) Беларусі Мазыр увайшоў у склад Беларускай ССР, дзе стаў цэнтрам павету («падраёну») Гомельскага раёну[10]. З 5 сакавіка да 29 чэрвеня 1920 году места знаходзілася пад польскай уладай. У 1924 годзе Мазыр стаў цэнтрам раёну БССР (у 1926—1927 гадох места ў Слабадзкім раёне). У 1924—1930 і 1935—1938 гадох места было адміністрацыйным цэнтрам акругі. 27 верасьня 1938 году Мазыр атрымаў афіцыйны статус гораду абласнога падпарадкаваньня. У 1938—1954 гадох ён быў цэнтрам Палескай вобласьці. У Другую сусьветную вайну з 22 жніўня 1941 да 14 студзеня 1944 году места знаходзілася пад акупацыяй Трэцяга Райху.
У 1948 годзе аднавіў працу Мазырскі краязнаўчы музэй. У 1953 годзе адбыўся ўвод у эксплюатацыю рамонтава-экскаватарнага, у 1963 годзе — кабэльнага заводу. У 1958 годзе пачаўся рух на мосьце праз раку Прыпяць. У 1975 годзе адбыўся пуск першай чаргі Мазырскага нафтаперапрацоўчага заводу. У 1988 годзе пачаўся рэгулярны трамвайны рух.
Галерэя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Агульны выгляд
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]-
да 1918 г.
-
да 1918 г.
-
да 1918 г.
-
да 1918 г.
-
да 1930 г.
-
1918 г.
-
1918 г.
-
1927 г.
Замчышча
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]-
1906 г.
-
да 1918 г.
-
да 1918 г.
Пятніцкая царква
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]-
1912 г.
-
1918 г.
-
1918 г.
Фарны касьцёл
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]-
да 1918 г.
-
1914 г.
-
да 1930 г.
-
1927 г.
Касьцёл і кляштар бэрнардынаў
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]-
1915 г.
-
да 1918 г.
-
да 1918 г.
-
да 1918 г.
Рынак
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]-
1911 г.
-
да 1918 г.
-
да 1918 г.
-
да 1918 г.
-
1924 г.
-
1927 г.
-
1928 г.
-
1927 г.
-
1927 г.
-
1927 г.
Вуліцы места
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]-
Калінік
-
Калінік
-
Калінік
-
Калінік
-
Кіеўская
-
Кіеўская
-
Міхалкаўскі
-
Міхалкаўскі
-
Набярэжная
-
Оўруцкая
-
Слуцкая
-
Слуцкая
-
Слуцкая
-
Сьвідоўская
-
Сьвідоўская
-
Жытомірская
Кімбараўка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]-
1885 г.
-
да 1918 г.
-
1916 г.
-
1916 г.
-
1916 г.
-
1916 г.
-
1916 г.
-
1916 г.
-
1916 г.
-
1916 г.
-
1916 г.
-
1916 г.
-
1916 г.
-
да 1918 г.
-
Клябанаўка каля Кімбараўкі
Сядзіба Кяневічаў
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]-
да 1918 г.
-
да 1918 г.
-
да 1918 г.
-
да 1918 г.
Прыпяць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]-
да 1918 г.
-
1918 г.
-
1918 г.
-
1918 г.
-
1918 г.
Заўвагі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ рас. «Мало известные нам племена, жившие по берегам Припяти и ее левых притоков составили в исторические времена большой народ, который теперь принято называть белорусами. Сами себе они дают другие названия: живующих в малолесных полевых местах называют палевиками или лицьвинами, а занимающих полесскую часть Беларуси — палешуками»
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Аўсяная М., Насевіч В., Пазднякоў В. Мазыр // ЭГБ. — Мн.: 1999 Т. 5. С. 36.
- ^ Аўсяная М., Насевіч В., Пазднякоў В. Мазыр // ЭГБ. — Мн.: 1999 Т. 5. С. 37.
- ^ а б в ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 258.
- ^ Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў. — Менск, 1998.
- ^ История, Мозырский районный исполнительный комитет
- ^ а б ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 259.
- ^ Сержпутовский А. Земледельческие орудия белорусского Полесья // Материалы по этнографии России. Т. 1. — СПб., 1910. С. 45.
- ^ Вялікі гістарычны атлас Беларусі. У 4 т. Т. 4. — Мінск, 2018. С. 19.
- ^ Лебедзева В. Дыпламатычная місія БНР у перамовах з Украінай (1918 г.) // Беларускі Гістарычны Зборнік — Białoruskie Zeszyty Historyczne nr 15.
- ^ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 1999. — Т. 9: Кулібін — Малаіта. — 560 с. — ISBN 985-11-0155-9
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0
- Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 2, кн. 2. Гомельская вобласць / С.В. Марцэлеў; рэдкал.: Г.П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.]. — Менск: БелЭн, 2005. — 520 с.: іл. ISBN 985-11-0330-6.
- Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў / Маст. А. Бажэнаў. — Менск: «Полымя», 1998. — 287 с.: іл. ISBN 985-07-0131-5.
- Харэўскі С. Маршруты па Беларусі: мазырскае барока // «Наша Ніва», 24 красавіка 2009 г.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1999. — Т. 5: М — Пуд. — 592 с. — ISBN 985-11-0141-9
- Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom VI: Malczyce — Netreba. — Warszawa, 1885.