Перайсьці да зьместу

Віленскія замкі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Горні замак (Вільня)»)
Помнік абарончай архітэктуры
Віленскія замкі
лац. Vilenskija zamki

лет. Vilniaus pilys
Віленскія замкі
Віленскія замкі
Краіна Летува
Места Вільня
Каардынаты 54°41′12″ пн. ш. 25°17′27″ у. д. / 54.68667° пн. ш. 25.29083° у. д. / 54.68667; 25.29083Каардынаты: 54°41′12″ пн. ш. 25°17′27″ у. д. / 54.68667° пн. ш. 25.29083° у. д. / 54.68667; 25.29083
Першае згадваньне 1323
Статус Ахоўная зона
Віленскія замкі на мапе Летувы
Віленскія замкі
Віленскія замкі
Віленскія замкі
Віленскія замкі на Вікісховішчы

Віленскія замкі — помнік гісторыі і архітэктуры XIV—XVIII стагодзьдзяў у Вільні, рэзыдэнцыя гаспадароў Вялікага Княства Літоўскага ў XV—XVII стагодзьдзях. Знаходзіцца ў Старым Месьце, на левым беразе Вяльлі пры ўтоку ў яе ракі Вільні. Твор архітэктуры позьняй готыкі, рэнэсансу, раньняга барока і клясыцызму. Аб’ект Рэгістру культурных каштоўнасьцяў Летувы.

Комплекс складаўся зь Верхняга, Ніжняга і Крывога замкаў, а таксама Старога і Новага Арсэналаў. Крывы замак у 1390 годзе дашчэнту спалілі крыжакі і ён больш не аднаўляўся[1]. Па трэцім падзеле Рэчы Паспалітай улады Расейскай імпэрыі загадалі зьнішчыць Ніжні замак, у 2009 годзе скончылася яго адбудова. Частка Нацыянальнага музэю Летувы, аднаго з найбуйнейшых музэяў краіны.

Вялікае Княства Літоўскае

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Плян Віленскіх замкаў (на 1740 год):
Верхні замак: 1. Заходняя вежа; 2. Паўднёвая вежа (захаваліся падмуркі); 3. Княскі палац (захаваліся руіны)
Ніжні замак: 4. Брама і мост у места (Замкавая вуліца); 5. Дарога і мост да Маставой вуліцы; 6. Катэдра; 7. Палац Галоўнага Трыбуналу; 8. Палац біскупаў; 9. Каралеўскі палац; 10. Палацавы сад; 11. Новы арсэнал; 12. Паўночна-ўсходняя вежа і брама Старога арсэналу; 13. Двор Старога арсэналу

Згодна з археалягічнымі дасьледаваньнямі, у XI—XII стагодзьдзях каля падэшвы Замкавай гары існаваў горад, заснаваны крывічамі ў сутоцы рэк, які паводле славянскай традыцыі атрымаў назву ад меншай ракі Вільні. Не пазьней за другую палову XII ст. ён стаў сталіцаю ўдзельнага княства Полацкай зямлі. Тут валадарылі князі з полацкай дынастыі: у 1070 годзе — Расьціслаў Рагвалодавіч, а па 1129 годзе — ягоныя сыны[2].

Упершыню Віленскія замкі ўпамінаюцца ў пасланьні вялікага князя Гедзіміна да Нямецкага ордэну і Рыгі ад 2 кастрычніка 1323 году. Мяркуецца, што мураваныя сьцены на Верхнім замку збудавалі ў першай палове XIV стагодзьдзя[3]. За часамі вялікага князя Аляксандра збудавалі мураваны Дольны замак[4].

За часамі вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) у 1655 годзе Віленскімі замкамі ўпершыню ў іх гісторыі авалодала варожае войска[5]. Замкі атрымалі моцныя пашкоджаньні, у выніку чаго страцілі сваю значнасьць.

Пад уладай Расейскай імпэрыі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Па трэцім падзеле Рэчы Паспалітай (1795 год), калі Вільня апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, у 1800—1801 гадох расейскія ўлады зьнішчылі палац вялікіх князёў. Па здушэньні вызвольнага паўстаньня 1830—1831 гадоў муры і шмат пабудоваў на тэрыторыі Дольняга замку зруйнаваньні дзеля будаваньня расейскай цытадэлі. Па здушэньні нацыянальна-вызвольнага паўстаньня 1863—1864 гадоў расейскія ўлады збаяліся паломніцтва да магілы Кастуся Каліноўскага, таму яго таемна разам зь яшчэ 20 пакаранымі сьмерцю паўстанцамі пахавалі на тэрыторыі Горага замка, за мурамі расейскага вайсковага гарнізону.

У 1879 годзе расейцы надумалі прыбраць цытадэль з цэнтру Вільні. У пачатку ХХ ст. праводзілася кансэрвацыя руінаў Горнага замка.

У 1948—1950 гадох праводзілася рэстаўрацыя вежы Гедзіміна, дзе ў 1960 годзе адкрыўся музэй Віленскіх замкаў[6].

У 2002—2009 гадох вялася адбудова Дольнага замка.

Мураваны Горны, або Верхні замак, распачаў будаваць вялікі князь Гедзімін адначасна зь пераносам у Вільню сталіцы Вялікага Княства Літоўскага. За часамі Вітаўта збудавалі гатычны палац і скончылі будаваньне мураваных муроў і вежаў, зь якіх да сёньня захавалася толькі заходняя вежа, вядома цяпер як вежа Гедзіміна, ад астатніх пабудоваў засталіся толькі рэшткі.

Дольны, або Ніжні замак — найбольш разьвіты абарончы і рэпрэзэнтацыйны комплекс Вялікага Княства Літоўскага. Палацы вялікіх князёў, Трыбуналу Вялікага Княства Літоўскага і віленскіх біскупаў, а таксама Катэдральны касьцёл, якія месьціліся на замкавай тэрыторыі, падкрэсьлівалі яго цэнтральнае значэньне ў палітычным жыцьці Вялікага Княства Літосўкага.

Гэта быў складаны комплекс абарончых, сакральных і цывільных пабудоваў, абнесены амаль кілямэтровай сьцяною з магутнымі вежамі. Да нашага часу ад яго захаваліся будынкі Старога і Новага арсэналаў а таксама адна з абарончых вежаў, прыстасаваная пазьней пад званіцу Катэдральнага касьцёла.

Гістарычная графіка

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  1. ^ Kuncevičius A. Lietuvos pilys ir jų panaudojimo kultūriniam turizmui galimybės // Lietuvos muziejai. Nr. 1, 2004.
  2. ^ Ткачоў М., Таляронак С., Ліс А., Сакалова М., Шаўцоў Ю. Вільня // ЭГБ. — Мн.: 1994 Т. 2. С. 293.
  3. ^ Дзярновіч А. Віленскія замкі // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 438.
  4. ^ Fischinger A. Pałac króla Aleksandra na Wawelu // Rocznik Krakowski. Nr. 56, 1990. S. 79—93.
  5. ^ Šapoka A. Lietuvos istorija. — Vilnius, 1989. P. 326.
  6. ^ Дзярновіч А. Віленскія замкі // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 439.