Перайсьці да зьместу

Хімік Наваполацак

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Хімік
Заснаваны 1993
Адкуль Наваполацак, Беларусь
Пляцоўка Палац спорту і культуры
Зьмяшчальнасьць: 1200
Фарм-клюб Нафтахімік
Генэральны дырэктар Андрэй Ільлін
Чэмпіянат Экстраліга
Клюбныя колеры               
hchimik.by (рас.)

«Хі́мік» — беларускі клюб па хакеі з шайбай з Наваполацку. Выступае ў Беларускай экстралізе. Клюб зьяўляецца сталым удзельнікам айчыннага першынства, двойчы станавіўся чэмпіёнам Беларусі ў 1996 і 1997 гадох. Наваполацак ёсьць стабільным дастаўнікам хакеістаў у нацыянальную зборную Беларусі. У склад зборнай Беларусі ўваходзілі выхаванцы мясцовай спартовай школы Андрэй ды Сяргей Касьціцын. Раней за зборную выступаў таксама брамнік Аляксандар Шумідуб. Пасьля заканчэньня кар’еры ён ад 2000 да 2001 году працаваў у трэнэрскім штабе наваполацкай каманды.

Першы хакейны матч у Наваполацку адбыўся 23 лютага 1960 году, аднак першы клюб, які прадстаўляў нафтаапрацоўчы завод быў створаны ў 1964 годзе пад назовам «Нафтавік». Адразу пасьля стварэньня клюб браў удзел у чэмпянатах БССР. У 1973 годзе была створана каманда «Дзьвіна», якая адносілася да вытворчага прадпрыемства «Палімір». На наступны год клюб атрымаў назву «Хімік».

19 лютага 1989 году «Хімік» згуляў свой першы міжнародны матч супраць польскага клюбу «Сталь». А ў 1990 годзе клюб стаў пераможцам чэмпіянату БССР па хакеі, атрымаўшы такім чынам правы на ўдзел клюбу ў другой лізе чэмпіянату СССР. Пасьля распаду СССР клюб стаў удзельнічаць у чэмпіянаце Беларусі. 11 жніўня 1994 году адчыніў свае дзьверы Палац спорту і культуры з закрытай лядовай арэнай і трыбунамі на 1400 чалавек. З 1995 году каманда пачала называцца «Палімір». Найбольшых посьпехаў наваполацкі клюб дасягнуў пад кіраўніцтвам Уладзімера Меленчука менавіта ў той час. У 1995 годзе «Палімір» узяў удзел у навастворанай Усходне-эўпарейскай хакейнай лізе. У 1996 і 1997 гадох каманда дасягнула свайго найвялікшага посьпеху — перамогі ў чэмпіянаце Беларусі. У тых жа гадох клюб станавіўся трэцім у розыгрышах УЭХЛ. У 1998 і 1999 гадох клюб зноўку стаў бронзавым прызэрам міжнароднай УЭХЛ.

Пагаршэньне вынікаў

[рэдагаваць | рэдагаваць код]

Посьпехі 1990-х гадоў, аднак, некалькі дэвальвуюцца малой колькасьцю ўдзельнікаў. Гэтак з 1996 па 2000 гады ў чэмпіянаце Беларусі бралі ўдзел толькі чатыры ўдзельнікі. Зь цягам часу з павелічэньнем колькасьці ўдзельнікаў чэмпіянату клюбныя вынікі пачалі пагаршацца. Апошнім разам толькі ў сэзоне 2000—2001 гадоў клюб апошнім разам станавіўся прызэрам айчыннага першынства. У наступныя гады клюб зусім не трапляў у плэй-оф ці адразу без аніякіх шанцаў сканчваў розыгрыш у першым раўндзе. Выключэньнем быў сэзон 2006—2007 гадоў, калі «Хімік-СКА» агулам няблага гуляў у рэгулярным турніры, а ў чвэрцьфінале плэй-оф здолеў адужыць магілёўскае «Хімвалакно». Тым ня менш, ува ўсіх трох матчаў сэрыі паўфіналу супраць сталічнага «Кераміну» навапалачане трывалі паразы. У той сэзон дружыну ўзмацнілі расеец Дзьмітры Кіріленка, які меў досьвед гульні ў матчах найвышэйшага дывізіёну чэмпіянату Расеі, Арцём Сянкевіч, Дзяніс Тыднюк, які стаў лідэрам клюбу на наступане дзесяцігодзьдзе. Свае трэці і другі сэзоны адпаведна праводзілі ў клюбе маладыяя гульцы Павал Чарнавок і Аляксандар Жыдкіх.

У наступныя два гады «Хімік» яшчэ выходзіў у першы раўнд плэй-оф, але з зыходам лідэраў вынікі пагоршыліся. У 2010 годзе наваполацкі клюб замыкнуў выніковую табліцу. У наступным «Хімік-СКА» не фінішаваў апошнім, але яму бракавала моцы прасунуцца ў плэй-оф. Фінансавы стан навапалачанаў быў крытычным, клюб ня меў мажлівасьць запрасіць добрых гульцоў, але губляў важных хакеістаў[1]. Зьмены намеціліся ў 2013 годзе. «Хімік-СКА» няблага пачаў сэзон, перамогшы 11 верасьня салігорскі «Шахцёр», дзякуючы галявому дублю Віталя Валуя[2]. Праз два дні хакеісты з Наваполацку, саступаючы менскаму «Юнацтву» зь лікам 0:2, здолелі здабыць перамогу зь лікам 4:2. Каманда згуляла неблагі сэзон, трапіўшы ў групу А другога этапу. У чвэрцьфіналу плэй-оф, аднак, «Хімік-СКА» саступіў жлобінскаму «Мэталюргу».

Вяртаньне да гістарычнай назвы

[рэдагаваць | рэдагаваць код]

Улетку 2016 году зьявіліся зьвесткі, што хакейны клюб мае фінансавыя праблемы, празь цяжкае фінансавае становішча заводу Нафтан[3]. Існавала мажлівасьць ліквідацыя клюбу, але каманда пачала працэс рэарганізацыі клюбнай структуры[4]. Акрамя перахожу на балянс гораду, клюб зьмяніў назву на «Хімік», а каманду ачоліў колішні нападнік клюбу Тыднюк. «Хімік» працягнуў выступы ў Экстралізе і нават дасягнуў чвэрцьфіналу плэй-оф у 2018 годзе. Па рэарганізацыі чэмпіянату Беларусі перад пачаткам сэзону 2018—2019 гадоў «Хімік» далучыўся да Экстралігі Б, дзе некалькі сэзонаў быў лідэрам гэтага дывізіёну, здабыўшы перамогу ў 2021 годзе. Яшчэ ў траўні 2019 году галоўным трэнэрам клюбу быў прызначаны Алег Хмыль[5]. З 2021 году Экстраліга зноўку была адноўленая ў звыклым фармаце, дзякуючы чаму наваполацкі клюб вярнуўся да эліты.

Улетку 2023 году пасьля паўтара дзесяцігодзьдзя да родных наваполацкіх шыхтаў вярнуўся шматразовы чэмпіён краіны Аляксандар Жыдкіх, які ня толькі пасьпеў згуляць за «Гомель», «Нёман», «Шахцёр» ды іншыя клюбы, але і ўсталяваў рэкорд у 1100 матчаў у Экстралігі[6]. У першым матчы сэзону 2023—2024 гадоў у тым ліку дзякуючы дзеям Жыдкіх, які закінуў шайбу і зарабіў асыстэнцкі пункт, «Хімік» перамог «Дынама-Маладэчна»[7].

  • да 1994 году — «Хімік»
  • 1994—2003: «Палімір»
  • 2003—2016: «Хімік-СКА»
  • з 2017 году — «Хімік»

Чэмпіянат БССР

  • 1 Чэмпіёны (1): 1990
  • 2 2-е месца (3): 1986, 1987, 1989
  • 3 3-е месца (4): 1980, 1981, 1983, 1985

Чэмпіянат Беларусі

  • 1 Чэмпіёны (2): 1996, 1997
  • 2 2-е месца (2): 1995, 1998
  • 3 3-е месца (4): 1993, 1994, 1999, 2001

Паводле стану на 26 верасьня 2025 году

Брамнікі
42 Сьцяг Расеі Артур Малкоў 1996 70 Сьцяг Беларусі Вадзім Вашкевіч 1999
Сьцяг Беларусі Вадзім Бяляўскі 2004
Абаронцы
5 Сьцяг Беларусі Мікіта Тарлецкі 1997 31 Сьцяг Беларусі Дзяніс Марэцкі 2007
44 Сьцяг Беларусі Аляксей Садовік Edit this on Wikidata 1990 47 Сьцяг Беларусі Іван Андрасенка 2004
59 Сьцяг Расеі Ільяс Сітдыкаў Edit this on Wikidata 2000 65 Сьцяг Беларусі Кірыл Гусараў Edit this on Wikidata 1999
71 Сьцяг Беларусі Максім Камянкоў Edit this on Wikidata 1992 93 Сьцяг Беларусі Аляксей Храпавіцкі 1996
98 Сьцяг Беларусі Максім Чуканаў 2007
Нападнікі
9 Сьцяг Беларусі Аляксей Кацялоўскі Edit this on Wikidata 2000 13 Сьцяг Расеі Даніл Фёдараз 2001
15 Сьцяг Беларусі Аляксандар Жыдкіх Edit this on Wikidata 1984 21 Сьцяг Беларусі Іван Засько 2005
22 Сьцяг Беларусі Уладзіслаў Герасімаў Edit this on Wikidata 2001 26 Сьцяг Беларусі Аляксей Вярцінскі Edit this on Wikidata 2003
53 Сьцяг Расеі Павал Чарноў Edit this on Wikidata 1990 54 Сьцяг Расеі Валянцін Макараў 1997
55 Сьцяг Беларусі Міхей Новік 2003 75 Сьцяг Расеі Кірыл Баброўскіх 2004
81 Сьцяг Беларусі Ягор Калугін Edit this on Wikidata 1998 88 Сьцяг Беларусі Станіслаў Катовіч 2004
91 Сьцяг Беларусі Уладзіслаў Радчанка Edit this on Wikidata 1998 96 Сьцяг Беларусі Арцём Зямлянкін Edit this on Wikidata 1993
97 Сьцяг Беларусі Глеб Лазарэвіч 2005 Сьцяг Беларусі Мікіта Фаніцкі 2006
Сьцяг Беларусі Арсень Ігнацкі 2005

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць код]