Перайсьці да зьместу

Георгі Канстанцінавіч Жукаў

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Георгі Жукаў
рас. Георгий Константинович Жуков
Масква, 1 верасьня 1941 г.
Масква, 1 верасьня 1941 г.
2-і міністар абароны СССР
9 лютага 1955 — 29 кастрычніка 1957
Прэм’ер-міністар Мікалай Булганін
Папярэднік М. Булганін
Наступнік Радзівон Маліноўскі
Камандзір Уральскай вайсковай акругі(ru)
4 лютага 1948 — сакавік 1953
Папярэднік Фёдар Кузьняцоў
Наступнік Міхаіл Казакоў(ru)
Галоўны камандзір Групы савецкіх акупацыйных войскаў у Нямеччыне(ru)
10 чэрвеня 1945 — сакавік 1946
Наступнік Васіль Сакалоўскі
Камандзір 1-га Беларускага фронту
лістапад 1944 — 10 чэрвеня 1945
Папярэднік Канстанцін Ракасоўскі
Камандзір Заходняга фронту
10 кастрычніка 1941 — 26 жніўня 1942
Папярэднік Сямён Цімашэнка
Наступнік Іван Конеў
Начальнік Генэральнага штаба Чырвонай арміі
14 студзеня — 29 ліпеня 1941
Папярэднік Кірыл Мерацкоў
Наступнік Барыс Шапашнікаў
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся1 сьнежня 1896
вёска Стралкоўка(ru), Малаяраславецкі павет(ru), Калуская губэрня, Расейская імпэрыя
Памёр18 чэрвеня 1974 (77 гадоў)
Масква, Расейская СФСР, СССР
ПартыяКПСС (з 1 сакавіка 1919 г.)
АдукацыяКурсы ўдасканаленьня каманднага складу(ru) (Ленінград, 1925 г.)
Сужэнец 1) Аляксандра Жукава(ru) (1953—1965), 2) Галіна Жукава(ru) (1965—1973)
Дзеці Эра Жукава (нар. 1928), Маргарыта Жукава (1929—2010), Эла Жукава (1937—2009), Марыя Жукава (нар. 1957)
Бацька Канстанцін Арцем’евіч Жукаў (1844—1921)
Маці Усьціньня Арцем'еўна Жукава (1860—1944)
Узнагароды
Мэдаль Залатая Зорка
Мэдаль Залатая Зорка
Ордэн «Перамога»
Ордэн «Перамога»
Ордэн Леніна
Ордэн Леніна
Ордэн Кастрычніцкай Рэвалюцыі
Ордэн Кастрычніцкай Рэвалюцыі
Ордэн Чырвонага Сьцягу
Ордэн Чырвонага Сьцягу
Ордэн Суворава 1 ступені
Ордэн Суворава 1 ступені
Мэдаль «За абарону Масквы»
Мэдаль «За абарону Масквы»
Мэдаль «За перамогу над Нямеччынай у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.»
Мэдаль «За перамогу над Нямеччынай у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.»
Герой Мангольскай Народнай Рэспублікі
Герой Мангольскай Народнай Рэспублікі
Кавалер Вялікага Крыжа ордэна «За вайсковую доблесьць»
Ордэн Крыж Грунвальду 1 клясы
Ордэн Крыж Грунвальду 1 клясы
Кавалер Вялікага Крыжа ордэна Ганаровага легіёну
Кавалер Вялікага Крыжа ордэна Ганаровага легіёну
Подпіс

Георгі Канстанцінавіч Жукаў (1 сьнежня [ст. ст. 19 лістапада] 1896, в. Стралкоўка, цяпер Жукаўскі раён, Калуская вобласьць, Расея — Масква, цяпер Расея) — савецкі палкаводзец, Маршал Савецкага Саюза (з 1943), міністар абароны СССР (1955—1957). У 1922—1939 гадах, больш за 17 гадоў, служыў у Беларускай вайсковай акрузе (БВА)[1]. Стаў найбольш вядомым палкаводцам Вялікай Айчыннай вайны, з імем якога ў савецкі час зьвязвалася большасьць самых гучных перамог у вайне. Чатырохразовы Герой Савецкага Саюзу, кавалер двух ордэнаў «Перамога», мноства іншых савецкіх і замежных ордэнаў і мэдаляў.

Дзяцінства і 1-я сусьветная вайна

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нарадзіўся ў расейскай сялянскай сям’і. Скончыў 3-клясную царкоўна-прыхадзкую школу з пахвальным лістом. Затым стаў вучнем кушнерскай майстэрні ў Маскве. Адначасна скончыў 2-гадовыя вечаровыя курсы гарадзкой вучэльні. 7 жніўня 1915 году ў Малаяраслаўцы (Калуская губэрня) стаў рэкрутам 5-га запаснога кавалерыйскага палка ў Балаклеі (Харкаўская губэрня, цяпер Харкаўская вобласьць, Украіна). Увесну 1916 году пачаў навучаньне на кавалерыйскага ўнтэр-афіцэра. У канцы жніўня патрапіў у 10-ы драгунскі полк(ru) на Паўднёва-Заходні фронт 1-й сусьветнай вайны. За ўзяцьцё ў палон нямецкага афіцэра атрымаў Георгіеўскі крыж 4-й ступені. У кастрычніку ў выніку падрыву на міне атрымаў кантузію і пашкодзіў слых, за што атрымаў Георгіеўскі крыж 3-й ступені. Адправіўся на лячэньне ў Харкаўскі вайсковы шпіталь.

Грамадзянская вайна

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У сьнежні 1917 году пасьля роспуску эскадрону вярнуўся ў Маскву. Затым хварэў на тыф у бацькоўскай вёсцы. У жніўні паступіў на службу ў Чырвоную армію. 1 сакавіка 1919 году ўступіў у Расейскую камуністычную партыю (бальшавікоў). У траўні—чэрвені ў складзе 1-й Маскоўскай кавалерыйскай дывізіі ваяваў супраць ўральскіх казакоў(ru) каля чыгуначнай станцыі Шыпава(ru) (Уральская вобласьць, цяпер Казахстан). У чэрвені—жніўні браў удзел у баях за Ўральск. Затым ваяваў пад Мікалаеўскам(ru) (Самарская губэрня, цяпер Сатараўская вобласьць). У верасьні — кастрычніку браў удзел у абароне Царыцына(ru). Пад Сярэдняй Ахтубай(ru) (Царыцынская губэрня, цяпер Валгаградзкая вобласьць) атрымаў раненьне асколкам гранаты. У жніўні 1920 году пад Кацярынадарам браў удзел у баях супраць дэсанта Ўлагая(uk). Увосень скончыў Разанскія кавалерыйскія курсы і атрымаў прызначэньне камандзірам узводу, пазьней — эскадрону. У сьнежні 1920 — жніўні 1921 году ўдзельнічаў у здушэньні Тамбоўскага сялянскага паўстаньня(ru), за што атрымаў ордэн Чырвонага Сьцяга.

Пры канцы траўня 1923 году стаў камандзірам 39-га палка 7-й кавалерыйскай дывізіі(ru), разьмешчанай са сьнежня 1921 г. у Менску (Беларуская ССР). У 1924 годзе атрымаў накіраваньне на Вышэйшыя кавалерыйскія курсы ў Ленінград (Расейская СФСР), якія скончыў праз год у складзе кавалерыйскіх Курсаў удасканаленьня каманднага складу(ru). У 1925 годзе вярнуўся ў Менск за 7 сутак на конях празь Віцебск, Воршу і Барысаў, праехаўшы 963 км. У 1926—1931 гадах выкладаў на вайсковай катэдры Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту вайскова-дазакліковую падрыхтоўку. У 1929 годзе скончыў у Ленінградзе Курсы вышэйшага начальніцкага складу Чырвонай арміі. У траўні стаў камандзірам 2-й брыгады 7-й кавалерыйскай дывізіі. Пры канцы году — памочнікам інспэктара кавалерыі Чырвонай арміі. У 1933—1937 гадах — камандзір 4-й кавалерыйскай дывізіі(ru) (Слуцак, Беларуская ССР). Затым — камандзір 5-га і 6-га кавалерыйскіх корпусаў. 22 лютага 1938 году загадам Народнага камісарыяту абароны СССР(ru) (НКА СССР) № 0170 «датэрмінова і па-за чаргой» займеў званьне камдыў (камандзір дывізіі). У ліпені 1938 году стаў намесьнікам камандзіра Беларускай вайсковай акругі.

2-я сусьветная вайна

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

З 11 чэрвеня 1939 году — камандзір 57-ага асобнага корпусу(en) Чырвонай арміі ў Мангольскай Народнай Рэспубліцы (Улан-Батар). 31 ліпеня атрымаў званьне камкор (камандзір корпусу). 28 жніўня — званьне героя Савецкага Саюзу (Залатая зорка № 435) за перамогу ў бітве(en) на рацэ Халхін(en). Таксама атрымаў мангольскі ордэн Чырвонага Сьцягу. У траўні 1940 году атрымаў званьне генэрал арміі. 7 чэрвеня загадам НКА СССР № 02469 атрымаў прызначэньне камандзірам Кіеўскай вайсковай акругі. 28 чэрвеня дырэктывай № А00149 загадаў захапіць румынскую «тэрыторыю Букавіны і Бэсарабіі» (Бэсарабска-Букавінскі паход(uk)). 3 ліпеня ў якасьці камандзіра Паўднёвага фронту прыняў савецкі парад на Саборнай плошчы Кішынёва (цяпер Малдова).

14 студзеня 1941 году Пастановай Палітбюро Цэнтральнага камітэту ЎКП(б) «Аб начальніку Генэральнага штаба і камандзірах войскамі вайсковых акругаў» атрымаў прызначэньне на пасаду начальніка Генэральнага штаба Чырвонай арміі, якую займаў да ліпеня. 23 чэрвеня, на 2-і дзень нямецкага ўварваньня ў СССР, стаў сябрам Стаўкі галоўнага камандаваньня(ru). 14 верасьня — 10 кастрычніка быў камандзірам Ленінградзкага фронту. 10 кастрычніка 1941 — 26 жніўня 1942 году ў якасьці камандзіра Заходняга фронту загадваў абаронай Масквы(en) і наступным контрнаступам. 26 жніўня 1942 г. стаў намесьнікам вярхоўнага галоўнага камандзіра, на пасадзе якога ўзгадняў узаемадзеяньне франтоў. 27 жніўня стаў 1-м намесьнікам народнага камісара абароны СССР. 18 студзеня 1943 году 1-м з пачатку вайны атрымаў званьне маршала Савецкага Саюзу. У сакавіку — траўні 1944 г. загадваў 1-м Украінскім фронтам, за што 10 красавіка атрымаў найвышэйшы вайсковы ордэн «Перамога» за № 1. Улетку 1944 г. узгадняў дзеяньні франтоў у наступальнай апэрацыі «Багратыён», у ходзе якой Чырвоная армія заняла Беларусь і Летуву. Зь лістапада 1944 году да канца нямецка-савецкай вайны загадваў 1-м Беларускім фронтам. 8 траўня 1945 году а 22:43 (паводле маскоўскага часу 9 траўня а 0:43) у Бэрліне прыняў паўторную нямецкую капітуляцыю ад генэрал-фэльдмаршала Вільгельма Кейтэля.

Палітычная кар'ера

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

З 10 чэрвеня 1945 году па сакавік 1946 году быў галоўным камандзірам Групы савецкіх акупацыйных войскаў у Нямеччыне(ru). У сакавіку — чэрвені 1946 году займаў пасаду галоўнага камандзіра Сухапутных войскаў СССР, на якой вывеў палітычныя аддзелы(ru) са складу сухапутных войскаў. 9 чэрвеня 1946 г. яго накіравалі камандзірам Адэскай вайсковай акругі (Украінская ССР). У лютым 1948 — сакавіку 1953 г. быў камандзірам Уральскай вайсковай акругі. У сакавіку 1953 г., адразу пасьля атручаньня Сталіна, заняў пасаду 1-га намесьніка міністра абароны СССР. 26 чэрвеня падчас паседжаньня Прэзыдыюма ЦК КПСС затрымаў міністра ўнутраных справаў СССР Лаўрэнція Берыю на загад старшыні ўраду СССР Георгія Малянкова. У ліпені стаў сябрам ЦК КПСС.

14 верасьня 1954 г. правёў Тоцкія вайсковыя вучэньні (Арэнбурская вобласьць, Расейская СФСР) з выкарыстаньнем ядравай зброі пры ўдзеле 45 тыс. савецкіх жаўнераў. 9 лютага 1955 — 29 кастрычніка 1957 году займаў пасаду міністра абароны СССР, на пасадзе якога задушыў Вугорскую рэвалюцыю ў кастрычніку — лістападзе 1956 году. У чэрвені 1957 г. Пленум Цэнтральнага камітэту (ЦК) КПСС абраў яго на пасаду сябра Прэзыдыюму ЦК КПСС, зь якой зьняў 29 кастрычніка за «ліквідацыю кіраўніцтва і кантролю над арміяй і Вайскова-марскім флётам з боку партыі». У той самы дзень, 29 кастрычніка 1957 г., Прэзыдыюм Вярхоўнага Савету СССР зьняў яго з пасады міністра абароны СССР.

Улетку 1966 году зьняўся ў 2 з 7 сэрыяў дакумэнтальнага фільму Віктара Магатаева «Старонкі Сталінградзкай бітвы». У сакавіку 1969 году выдаў кнігу «Успаміны і развагі»(ru), якую пачаў пісаць у 1958 годзе. Пры канцы 1973 году зь ім здарыўся інфаркт. 30 траўня 1974 году ўпаў у кому ў Крамлёўскай лякарні. 18 чэрвеня памёр, не вярнуўшыся да прытомнасьці. Насуперак перадсьмяротнаму пажаданьню аб пахаваньні ў зямлі і адпаведнай просьбы сваякоў яго цела спалілі, заклаўшы ўрну з попелам у Крамлёўскую сьцяну.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Георгі Канстанцінавіч Жукаўсховішча мультымэдыйных матэрыялаў