Тоцкія вучэньні
Тоцкія вучэньні (апэрацыя «Сьняжок») — вайсковыя вучэньні Савецкай арміі з выкарыстаньнем ядзернай зброі, якія ўпершыню правялі 14 верасьня 1954 году на Тоцкім палігоне (Арэнбурская вобласьць, Расейская СФСР) у Паўднёва-Ўральскай вайсковай акрузе[1].
Падрыхтоўка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]29 верасьня 1953 году Савет міністраў СССР зацьвердзіў загад аб правядзеньні вучэньняў, што мелі ўлучаць «прарыў тактычна падрыхтаванай абароны праціўніка з выкарыстаньнем атамнай зброі». Кіраўніцтва вучэньнямі даручылі 1-му намесьніку міністра абароны СССР Георгію Жукаву. Увесну 1954 г. група на чале з начальнікам кіраўніцтва апэратыўнай падрыхтоўкі Генштаба Іванам Глебавым прызнала Тоцкі палігон на захазе Арэнбурскай вобласьці прыдатным для правядзеньня вучэньняў. У траўні 1954 г. Георгі Жукаў загадаў адправіць зь Берасьця (Беларуская ССР) ў Арэнбурскую вобласьць (Расейская СФСР) 2 дывізіі — 12-ю гвардзейскую мэханізаваную і 50-ю гвардзейскую стралковую. У закрытым горадзе Арзамас-16 (Горкаўская вобласьць, Расейская СФСР) пад кіраўніцтвам заснавальніка Інстытуту атамнай энэргіі Ігара Курчатава і чальца-карэспандэнта Акадэміі навук СССР Кірыла Шчолкіна вырабілі для вучэньняў 40-кілятонную атамную бомбу «РРС-2» (Рэактыўны рухавік спэцыяльны; рас. РДС-2)[2].
20 чэрвеня 1954 году 12-я гвардзейская мэханізаваная дывізія выехала зь Берасьця чыгункай і прыбыла да месца прызначэньня ў сяло Тоцкае праз 5 дзён. Паступова ў Тоцкі раён прыбыў увесь корпус: 12-я гв.мэх.дывізія, 50-я гвардзейская стралковая дывізія і дапаможныя часьці корпуса (авіяцыя, артылерыя, інжынэрныя войскі і войскі сувязі). У сярэдзіне ліпеня 1954 году ў Тоцкіх лягерах пачалі адпрацоўку вучэньня. Жаўнерам паведамілі, што Міністэрства абароны СССР правядзеньне вучэньні корпуса з выкарыстаньнем атамнай зброі. Корпус падзялілі на 2 умоўныя групоўкі — «заходнюю» і «ўсходнюю». У раёне наступу «ўсходняй» групоўкі ўзьвялі 188 км траншэяў і хадоў зносінаў, 264 падбруствэрныя бліндажы, 91 лёгкае сховішча, 385 акопаў для артылерыі і мінамётаў, звыш 420 акопаў і ўмацаваньняў для танкаў і самаходна-артылерыйскіх установак (САУ). У раёне «заходняга» боку абароны абсталявалі 195 км траншэяў. Камандны пункт разьмясьцілі ў бліндажы за 11 км ад эпіцэнтру выбуха. Паводле содневай ведамасьці дзёньніка штаба тылу корпуса на 12 верасьня 1954 году на вучэньне прыбылі 50 139 чалавек, у тым ліку звыш 45 000 саміх удзельнікаў[3].
Войскі разьмясьцілі ў 4-11 км ад эпіцэнтру выбуху. На баявыя пазыцыі ўсталявалі 600 танкаў і САУ, 500 гарматаў і мінамётаў, 600 баявых машынаў пяхоты (БМП), 320 самалётаў і 6000 цягачоў і аўтамабіляў. Паводле содневай ведамасьці ў вучэньнях 14 верасьня 1954 году ўдзельнічалі 52 250 чалавек, зь іх 46 500 (89%) мабілізаваных з дывізіяў Берасьця[2].
Правядзеньне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Ранкам 14 верасьня 1954 году пілёт Васіль Кутырчаў скінуў са стратэгічнага бамбавіка «Ту-4» на вышыні 8000 мэтраў атамную бомбу «РРС-2» (рас. РДС-2) магутнасьцю 40 кілятонаў у тратылавым эквіваленце. А 9:33:45 нізкі паветраны ядзерны выбух адбыўся на вышыні 350 мэтраў з адхіленьнем ад цэлі на 280 мэтраў на паўночны захад. Успышка выбуха была бачнай на адлегласьці звыш 100 км. Воблака дыма было грыбападобным з чорнай асновай (ножкай) і сьветлай верхавінай (капелюшом). Верхавіна воблака марудна сышла на поўдзень у бок Казаскай ССР (Акцюбінская вобласьць). Праз 5 хвілінаў пасьля выбуху пачалі артылерыйскую падрыхтоўку з закрытых пазыцыяў, якая доўжылася 19 хвілінаў. Кожная гармата ў сярэднім страляла аднойчы на 2 сэкунды[3]. Таксама правялі бамбаваньне звычайнымі боепрыпасамі з самалётаў, некаторыя зь якіх перасякалі аснову воблака дыма ад выбуху[4]. Дазімэтрысты пасьля вымярэньня ўзроўня радыяцыі бліжэй да эпіцэнтру ўстанавілі паказальнікі ў 300 рэнтген/гадзіна[3].
У вучэньнях разбурылі 67% акопаў і зьнішчылі 47% цэляў. Жывёлы ў радыюсе 1200 мэтраў ад эпіцэнтра загінулі. У радыюсе да 4000 мэтраў жывёлы атрымалі апёкі. Пасьля выбуху ў эпіцэнтар скінулі 46 зьняволеных, якія выставілі сьцяжкі з узроўнем радыяцыі. Іх камандзір стаў інвалідам[2]. А 10:10, калі ножка грыбападобнага воблака выбуха зьнікла, вайскоўцам умоўнай групоўкі «ўсходніх» загадалі ісьці наперад[4]. У выніку выбуху тэмпэратура паветра ўзьнялася з +12°C да +45 °C. Таму жаўнеры здымалі супрацьгазы і гумовыя плашчы ды працягвалі бег у летнім абмундзіраваньні. На загад Жукава ўсе этапы ядзернага выпрабаваньня зьнялі на кінастужку[2].
Пасьля вучэньняў з вайскоўцаў узялі падпіску аб неразгалошваньні дзяржаўнай і ваеннай таямніцы цягам 25 гадоў (да 1979 году)[4]. Па вяртаньні ў Берасьце жаўнераў адразу дэмабілізавалі. Цягам году ўсіх афіцэраў перавялі ў вайсковыя часткі за межамі Беларускай ССР[2].
Наступствы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У траўні 1991 году ў Ленінградзе (Расейская СФСР) адбылася Ўсесаюзная канфэрэнцыя вэтэранаў падразьдзяленьняў асаблівай рызыкі[5], пасьля якой удзельнікаў вучэньняў прыраўнялі ў правах да ліквідатараў Чарнобыльскай аварыі. На той час, праз 37 гадоў, большасьць удзельнікаў вучэньняў ужо памерла[2]. Да верасьня 2001 г. дажыло звыш 1000 удзельнікаў. У Беларускім камітэце вэтэранаў падразьдзяленьняў асаблівай рызыкі 70% сябраў былі ўдзельнікамі Тоцкага вучэньня[3].
Памяць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1994 г. на Тоцкім палігоне ўсталявалі стэлу ў памяць пра пацярпелых ад радыяцыі ўдзельнікаў вучэньня. 19 жніўня 2008 году на спадарожнікавым тэлеканале «Белсат» (Варшава, Польшча) упершыню паказалі паўгадзінны дакумэнтальны фільм «Атамны полк», прысьвечаны вучэньням[6].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Тоцкія вайсковыя вучэньні // Нацыянальная бібліятэка Беларусі, 2015 г. Праверана 23 траўня 2017 г.
- ^ а б в г д е Фільм «Атамны полк» (2008 г.) // Тэлеканал «Белсат», 12 ліпеня 2012 г. Архіўная копія ад 28 ліпеня 2014 г. Праверана 24 траўня 2017 г.
- ^ а б в г Аляксандар Грачоў. «Атамныя» салдаты неаб'яўленай вайны // Зьвязда : газэта. — 15 верасьня 2001. — № 191-192 (24307-24308). — С. 3. — ISSN 1990-763x.
- ^ а б в Сьвятлана Самадзелава, газэта «Маскоўскі камсамолец» (№ 1270 ад 29 жніўня 2001 г.). Апэрацыя «Сьняжок», рэпэтыцыя Чарнобыля // Партал «Народная перамога», 28 красавіка 2015 г. Архіўная копія ад 1 траўня 2015 г. Праверана 24 траўня 2017 г.
- ^ В.І. Гардзейчык. Тоцкія выпрабаваньні // Сайт «Мая Хойніччына», 22 лютага 2016 г. Праверана 24 траўня 2017 г.
- ^ «Атамны полк» на «Белсаце» // Газэта «Наша ніва», 19 жніўня 2008 г. Праверана 24 траўня 2017 г.
Гэта — накід артыкула. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |