Перайсьці да зьместу

Гамэр

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Гамер»)
Гамэр
Ὅμηρος
Бюст Гамэра ў Брытанскім музэі
Бюст Гамэра ў Брытанскім музэі
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся каля IX стагодзьдзе да н. э.[1]
  • невядома
Памёр каля VIII стагодзьдзе да н. э.
Бацькі Kretheis[d]
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці паэт, аўтар, пісьменьнік
Жанр эпас
Мова старажытнагрэцкая мова

Гамэ́р (па-грэцку: Ὅμηρος, Hómēros) — легендарны першы грэцкі паэт і рапсод, якому прыпісваецца аўтарства эпічных паэм «Іліяда» і «Адысэя». Ягоныя эпасы ляжаць у аснове заходніх канонаў літаратуры, аказаўшы велізарны ўплыў на гісторыю літаратуры. Час жыцьця Гамэра зьяўляецца спрэчным пытаньнем. Герадот лічыў, што Гамэр жыў за 400 гадоў да часоў самога Герадота, адносячы такі чынам гады ягонага жыцьця да 850 году да н. э., у той жа час іншыя старажытныя крыніцы сьцьвярджаюць, што ён жыў значна бліжэй да часоў Траянскай вайны, у пачатку XII стагодзьдзя да н. э.[2].

Уплыў гамэраўскага эпасу аказаў значны ўнёсак у фармаваньне грэцкай культуры было шырока прызнана, і Гамэр быў ахарактарызаваны як настаўнік Грэцыі[3]. Фрагмэнтамі гамэраўскіх твораў лічыцца амаль палова ўсіх ідэнтыфікаваных старажытнагрэцкіх літаратурных папірусаў[4]. Ягонае імя было прынята інтэрпрэтаваць як «закладнік» альбо «сьляпак». За права звацца радзімай Гамэра змагаліся сем гарадоў: Сьмірна, Хіёс, Каляфон, Салямін, Родас, Аргас, Атэны.

Пра Гамэра і ягонае жыцьцё няма ніякіх пэўных сьведчаньняў ці доказаў, што аўтарства паэмаў належыць аднаму чалавеку, а ня групе людзей. У антычныя часы былі вядомыя дзевяць больш-менш падрабязных жыцьцяпісаў Гамэра, якія, аднак, не ўяўляюць істотнай цікавасьці, паколькі ўсе яны выдуманыя падчас панаваньня рымскага імпэратара Актавіяна Аўгуста. Гэтак жа мала значэньня маюць шматлікія малюнкі Гамэра, якія захаваліся да нашых дзён. Бюст Гамэра часьцяком малююць ва ўмоўнай ідэалізаванай форме, у выглядзе сьляпога старца.

Ані месца, ані час нараджэньня Гамэра антычная традыцыя гэтак жа ня ведала. Нават у стагодзьдзі, у якім жыў паэт, старажытныя аўтары часьцяком вельмі разыходзяцца. Частка грэцкіх пісьменьнікаў адносілі яго да эпохі Траянскай вайны, якая нібыта мела месца ў пэрыяд 1194—1184 гадоў да н. э., датавалі рознымі іншымі міталягічнымі падзеямі ад 1130 да 910 гадоў да н. э. Кратэт Пэргамскі сьцьвярджаў, што Гамэр жыў да перасяленьня Гэраклідаў; гісторык Эфар Кімскі адносіў яго да эпохі спартанскага легендарнага заканадаўцы Лікурга; Тэопамп — да часоў уварваньня кімэрыйцаў, а Эўфарыён сьведчыць, што ён жыў на 500 гадоў пазьней за Траянскую вайну. Такім чынам, паміж найбольш раньнім часам, да якога адносяць жыцьцё Гамэра, і позьнім утвараецца прамежак ня менш чым у 460 гадоў. Верагодным лічыцца разьлік Герадота, які пісаў, што Гамер нарадзіўся за 400 гадоў да ягонага часу, такім чынам, каля 850 году да н. э.

Беларускія пераклады

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На беларускую мову «Іліяду» пераклаў Браніслаў Тарашкевіч (да нас дайшлі фрагмэнты), урывак вядомы ў перакладзе Юльяна Дрэйзіна. Новы пераклад у 2024 г. зрабіў Лявон Баршчэўскі[5]. Над перакладам «Адысэі» працавалі Міхайла Грамыка і Юльян Дрэйзін (пераклад ня знойдзены), урывак са свайго перакладу апублікаваў Анатоль Клышка.

  1. ^ Bibliothèque nationale de France Record #11907688f // BnF catalogue général (фр.)Paris: BnF.
  2. ^ Graziosi, B. The Invention of Homer. — Cambridge, 2002. — P. 98–101.
  3. ^ Heubeck, A.; West, S.; Hainsworth, J. B. A Commentary on Homer's Odyssey. — Oxford: Oxford University Press, 1988. — P. 3. — ISBN 0-19-814047-9
  4. ^ Finley, M. The World of Odysseus. — New York: New York Review of Books, 2002. — P. 11–2. — ISBN 978-1-59017-017-5
  5. ^ Гамер Іліяда. — Менск: Энцыкляпэдыкс, 2024. — ISBN 978-985-7247-82-0

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]