Перайсьці да зьместу

Галоўчыцы (Гомельская вобласьць)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Галоўчыцы (Нараўлянскі раён)»)
Галоўчыцы, трансьліт. Hałoŭčycy
Населены пункт
Краіна Беларусь
Вобласьць Гомельская
Раён Нараўлянскі
Сельсавет Галоўчыцкі
Першыя згадкі XVIII стагодзьдзе
Дата заснаваньня перад 1585 годам
Часавы пас
Каардынаты 51°43′13″ пн. ш. 29°20′02″ з. д.HGЯO
Насельніцтва
Колькасьць
  • 379 чал. (2019)
Лічбавыя ідэнтыфікатары
Тэлефонны код +375 2355
Паштовы індэкс 247816
СААТА 3238808021
Нумарны знак 3
Галоўчыцы на мапе Беларусі ±
Галоўчыцы
Галоўчыцы
Галоўчыцы
Галоўчыцы
Галоўчыцы
Галоўчыцы

Гало́ўчыцы[1] — вёска ў Беларусі. Цэнтар сельсавету ў Нараўлянскім раёне Гомельскай вобласьці.

Вялікае Княства Літоўскае

[рэдагаваць | рэдагаваць код]
Ліст Ф. Кміты сьвятару С. Пашкевічу. 1585 г.

Як бы не ўпершыню вёска Галоўчыцы згаданая сярод добраў смаленскага ваяводы Філона Кміты Чарнабыльскага ў лісьце ад 24 верасьня 1585 году[a]. Тады настаяцель антонаўскай царквы Зьвеставаньня Найсьвяцейшай Багародзіцы Сэбасьцян Пашкевіч займеў ад пана ваяводы права на штогадовае атрыманьне ад жыхароў Антонава, Смалегавічаў, Завайці і Галоўчыцаў па паўвядра жыта і па пяць вёдраў мёду прэснага з кожнага дыму. Але ў самыя ўгодзьдзі названых сёлаў сьвятар уступацца ня мусіў. У Галоўчыцах на той час налічвалася 23 дымы[3].

Вёскі Галоўчыцы і Дзямідавічы Антонаўскага маёнтку ў 1604 г.
Падданыя з Антонава (рэшта), Смалігавічаў, Завайці і Галоўчыцаў[c] у інвэнтары 1628 г.

Названыя Галоўчыцы ў судовым дэкрэце ад 26 ліпеня 1604 году, складзеным паводле скаргі пана Будылы да суседа пана Лукаша Сапегі. Падаўца абвінаваціў пазванага ў насланьні падданых зь вёсак Галоўчыцы і Дзямідавічы маёнтку Антонава на вёску Дабрынь пацярпелага і забраньне адтуль збожжа, авечак, валоў, коней[4].

У 1627 годзе Андрэй Сапега за 3 500 злотых саступіў «wieczystem prawem» ленныя добры Антонаў з аднайменнай вёскай, а таксама Дзямідавічамі, Карпавічамі, паловай Галоўчыцаў і іншымі ў Мазырскім павеце пану Юзафу Корсаку, старосьце дзісьненскаму[5]. У інвэнтары 1628 г. ці не ўпершыню названыя па імёнах і прозьвішчах падданыя вёскі Галоўчыцы[6].

5 траўня 1659 году, калі ішла цяжкая вайна паміж Рэччу Паспалітай і Масковіяй, кароль Ян Казімер пацьвердзіў вялебнаму Феафану Крэхавецкаму пасаду галавы Оўруцкай архімандрыі, атрыманую ад мітрапаліта Сыльвэстра Косава, а разам і валоданьне прыналежнымі да яе вёскамі Галоўчыцы і Дзямідавічы ў Мазырскім павеце. 12 верасьня 1682 году тое ж пацьвердзіў наступнаму архімандрыту вялебнаму Сыльвэстру Твароўскаму кароль Ян Сабескі[7].

Пастанова Генэральнай Канфэдэрацыі Кароны і ВКЛ на канвакацыі Варшаўскай 1764 г.[8]

Канвакацыйны сойм 1764 году прызнаў ленны маёнтак Нароўля зь вёскамі Антонаў, Галоўчыцы, Карпавічы, Мухаеды, Вуглы «y dalszemi wszystkiemi attynencyami» Рафала Алаізія Аскеркі, маршалка Мазырскага павету, яго дзедзічным уладаньнем[9].

Пад уладай Расейскай імпэрыі

[рэдагаваць | рэдагаваць код]
Галоўчыцы, Дзямідавічы, Смалегавічы на схематычным пляне Рэчыцкага павету 1800 г.

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Галоўчыцы апынуліся ў межах Расейскай імпэрыі, ад 3 траўня 1795 году ў адноўленым Мазырскім павеце Менскага намесьніцтва, з 12 сьнежня 1796 губэрні, з 29 жніўня 1797 году далучаны да Рэчыцкага павету той самай Менскай губэрні.

У парэформавы пэрыя вёска Галоўчыцы адміністрацыйна належала да Нараўлянскай воласьці.

9 лютага 1918 году, яшчэ да падпісання Берасьцейскага міру з бальшавіцкай Расеяй (3 сакавіка), Нямеччына перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Галоўчыцы ў складзе Нараўлянскай воласьці, аднак, апынуліся ў часова створанай 15 чэрвеня Палескай губэрні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка — у Мазыры. З 18 траўня тут дзейнічала «варта Украінскай Дзяржавы» гэтмана Паўла Скарападзкага[10].

  • Палацава-паркавы комплекс Горватаў (сядзібны дом, парк, уязная брама) XIX ст.
  1. Не з XVIII ст., як пісаў С. В. Марцэлеў[2]
  2. Косьцюк Хвастовіч названы і сярод падданых Смалігавічаў.
  3. На наступнай старонцы дакумэнту названыя яшчэ Лецка Галяк і Косьцюх Хвастовіч[b].
  1. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4. (pdf) С. 243.
  2. Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 2, кн. 2. Гомельская вобласць / С.В. Марцэлеў; рэдкал.: Г.П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.]. — Менск: БелЭн, 2005. — 520 с.: іл. ISBN 985-11-0330-6. С. 138–139
  3. Аrchiwum Główne Akt Dawnych w Warszawie. Archiwum Roskie. Dział III. Sygn. 1050. S. 3
  4. Źródła dziejowe. T. XXI. Polska XVI wieku pod względem geograficzno-statystycznym. T. X. Ziemie ruskie. Ukraina (Kijów — Bracław) / Opisane przez Aleksandra Jabłonowskiego. — Warszawa, 1894. S. 474
  5. Sapiehowie: materjały historyczno-genealogiczne i majątkowe. T. 2. – Petersburg, 1891. S. 69
  6. АGAD. ARos. Dz. III. Sygn. 1051. S. 36-37
  7. Архив Юго-Западной России. Ч. 1. Т. 4. Акты об унии и состоянии православной церкви с половины XVII века (1648–1798). – Киев, 1871. С. 15 – 18
  8. Konfederacya Generalna omnium ordinum Regni et Magni Ducatus Lituaniae na Konwokacyi Główney Warszawskiey uchwalona, dnia siodmego miesiąca maja, roku Pańskiego tysiącznego siedmsetnego szesćdziesiątego czwartego. (Konstytucye Wielkiego Xięstwa Litewskiego…)
  9. Volumina Legum. Tom VII. — Petersburg: Nakładem i drukiem Józafata Ohryzki, 1860. S. 87
  10. Ціхаміраў А. В. Станаўленне і развіццё беларуска-украінскіх адносін у 1918—1920 гг. // Веснік БДУ. Сер. 3. 2005. № 3. С. 28 — 32; Грицкевич А. П. Борьба за Украину, 1917—1921 / А. П. Грицкевич; под науч. ред. А. Е. Тараса. — Минск: Современная школа, 2011. С. 92 — 93; Ільїн, О. Західне Полісся в Українській Державі гетьмана Скоропадського (Історія в документах) / О. Ільїн // Над Бугом і Нарвою : український часопис Підляшшя. — 2014. № 3. С. 42; Валентина Метлицька. Тимчасова німецька окупація та її вплив на долю східного Білоруського Полісся (березень 1918 — січень 1919 рр.). // Україна та Німеччина: міждержавні відносини: збірник наукових праць / ред. кол. Владислав Верстюк (гол.), Степан Віднянський, Руслан Пиріг, Ірина Матяш, Дмитро Вєдєнєєв, Володимир Бойко, Дмитро Казіміров. — Чернігів: Сіверський центр післядипломної освіти, 2018. С. 286—296 (артыкул беларускамоўны)