Ахема
Каардынаты: 55°5′7″ пн. ш. 24°19′50″ у. д. / 55.08528° пн. ш. 24.33056° у. д.
лет. Achema | |
Тып | акцыянэрнае таварыства |
---|---|
Заснаваная | 9 лютага 1965 (59 гадоў таму) |
Уласьнікі | канцэрн «Ахема» (95%) |
Краіна | Летува |
Разьмяшчэньне | Ковенскі павет |
Адрас | Янаўскі раён, Рукласкае староства(d), Яналаўкі(d), д. 1[1] |
Ключавыя фігуры | Рамунас Міляўскіс (генэральны дырэктар), Эвалдас Венцкус[2] |
Галіна | прамысловасьць |
Прадукцыя | азотныя ўгнаеньні, аміяк, смолы, тлен і фармалін |
Абарачэньне | ▼374,965 млн эўра (2020 год) |
Апэрацыйны прыбытак | ▲69,205 млн эўра (2020 год) |
Чысты прыбытак | ▲61,435 млн эўра (2020 год)[3] |
Лік супрацоўнікаў | 1324 (2021 год) |
Матчына кампанія | канцэрн «Ахема» (Вільня) |
Даччыныя кампаніі | «Газхема» |
Аўдытар | «КПМГ» |
«Ахема» — хімічнае прадпрыемства Летувы, заснаванае ў лютым 1965 году ў Яналаўках(d) (Ковенскі павет).
На 2022 год пераважна вырабляла азотныя ўгнаеньні, вадкія ўгнаеньні, аміяк, азотную кісьлю, фармалін, смолы, вугальную кісьлю, тлен, азот і рашчыну сульфату алюміну. На прадпрыемстве працавала звыш 1300 чалавек. У 2021 годзе вытворчасьць угнаеньняў склала 2,47 млн тонаў[4]. Зь іх 76 % паставілі за мяжу, у тым ліку 18 % — у Францыю, 10 % — у Вялікабрытанію, 10 % — у Польшчу, 8 % — у Бэльгію, 7 % — у Нямеччыну, 5 % — у Швэцыю і па 3 % — у Аўстралію, Данію, Украіну і Чэхію. Большасьць паставак у краіны Эўропы ажыцьцяўлялі праз 4 даччыныя ТАА: «Літфэрт» у Францыі (Рэн, край Брэтань), «Літэксімп» у Польшчы (Просткі, Вармінска-Мазурскае ваяводзтва), «Агра Балтыка» у Нямеччыне (Ростак, зямля Мэкленбург — Пярэдняя Памяранія) і «Аграхема» у Латвіі (Ецаўская воласьць, Баўскі край). Агулам выпускалі 40 відаў вырабаў[5]. Звыш 38 % супрацоўнікаў мелі найвышэйшую асьвету[6].
Вытворчасьць і дастаўка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На 2022 год «Ахема» выкарыстоўвала ў асноўным прыродны газ для вытворчасьці аміяку і звыш 40 відаў угнаеньняў. Спадарожна выраблялі яшчэ 75 хімічных рэчываў і 18 дапаможных хімічных злучэньняў. Большасьцю ў ходзе кампутарызаванай вытворчасьці выпускалі: 5 відаў угнаеньняў — мачавіну, аміячную салетру, вадкую мачавінна-аміячную салетру (МАС), кальца-аміячную салетру (КАС) і азотныя ўгнаеньні зь серкай; 5 відаў іншых хімічных злучэньняў — аміяк, азотную кісьлю, дызэльную выхлапную вадкасьць (ДВВ), фармалін і мачавінна-фармальдэгідную смалу. Вытворчая магутнасьць прадпрыемства складала 1,65 млн тонаў азотнай кісьлі за год, 1,346 млн тонаў мачавінна-аміячнай салетры (МАС), 1,117 млн тонаў аміяку, 785 000 тонаў мачавіны, 651 000 тонаў аміячнай салетры, 540 000 тонаў кальца-аміячнай салетры (КАС), 160 000 тонаў дызэльнай выхлапной вадкасьці (ДВВ) з мачавінай, 125 000 тонаў мачавінна-фармальдэгіднай смалы, 100 000 тонаў фармаліну і 12 000 тонаў сульфату алюміну[7].
Большасьць угнаеньняў пастаўлялі за мяжу чыгункай у незамярзальны Клайпедзкі порт за 290 км на захад ад Янава. Пры гэтым, выкарыстоўвалі паслугі 6 прадпрыемстваў для дастаўкі ўгнаеньняў.
- «Клайпедзкая кампанія марскіх грузаў»(d). Тэрміналы на 120 000 тонаў сыпкіх угнаеньняў і 90 000 тонаў вадкіх угнаеньняў, а таксама склады на 20 000 тонаў фасаваных угнаеньняў. Магутнасьць перагрузкі да 2-х млн тонаў за год.
- «Агра Балтыка» (Нямеччына). Зь 2005 году працаваў тэрмінал у Любэку (зямля Мэкленбург — Пярэдняя Памяранія) на 30 000 тонаў вадкіх угнаеньняў з магчымасьцю перавалкі да 150 000 тонаў за год.
- «Фэртыгент» (Бэльгія). Са сьнежня 2006 году тэрмінал у Генце (правінцыя Ўсходняя Фляндрыя) прымаў да 30 000 тонаў вадкіх угнаеньняў.
- «Трансахема». Мела ўласныя бункерныя вагоны, вагоны-цыстэрны і паўвагоны для перавозкі ўгнаеньняў чыгункай.
- «Эўрога». Фрахтавала і суправаджала караблі.
- «Ахемпак». Вырабляла поліпрапіленавыя кантэйнэры для сыпкіх угнаеньняў[8].
Вырабы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На 2022 год «Ахема» вырабляла:
- 8 відаў азотных угнаеньняў — аміячную салетру, кальца-аміячную салетру, азотныя ўгнаеньні з кальцам і зь серкай, мачавіну, стабілізаваную мачавіну, мачавіну з гуматам калю і вадкія азотныя ўгнаеньні[9];
- 10 відаў вадкіх угнаеньняў — для збожжа, кветак, лісьцевых расьлінаў, хвойных дрэваў, кактусаў, лазы, ружаў, герані, архідэяў, травы, аздабленчых расьлінаў, парасткаў, квітненьня і агародніны[10];
- 9 відаў прамысловых хімікатаў — аміяк, рашчыну сульфату алюміну, аміячную рашчыну, рашчыну аміячнай салетры, фармалін, мачавінна-фармальдэгідную смалу (МФС), мэлямін-мачавінна-фармальдэгідную смалу (ММФС), рашчыну мачавіны і рашчыну азотнай кісьлі[11];
- 8 відаў прамысловых газаў і іх сумесяў — вадкі азот, пакавальныя газавыя сумесі (азот і тлен, азот і вуглякіслы газ), сухі лёд, вадкі вуглякіслы газ, вадкі і газападобны тлен, звадкаваны аргон[12];
- звадкаваны мэдычны тлен[13].
Мінуўшчына
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1962 годзе каля мястэчка Янава ў Летувіскай ССР пачалі ўзводзіць завод азотных угнаеньняў, які разьмясьцілі пры ўпадзеньні Сьвятой ракі ў Вяльлю. Побач месьціліся чыгунка і аўтамагістраль, якія злучалі прадпрыемства з буйнымі гарадамі і Клайпедзкім портам. 9 лютага 1965 году запусьцілі вытворчасьць сынтэтычнага аміяку. У 1968 годзе адчынілі вытворчасьць мэтанолю. У 1971-м стварылі 2-ю вытворчасьць аміяку і вытворчасьць мачавіны. У 1972 годзе запусьцілі 1-ю лінію вытворчасьці азотнай кісьлі. У 1973-м пачалі вытворчасьць аміячнай салетры, мачавінна-фармальдэгіднай смалы (МФС) і полівінілацэтатнай (ПВА) дыспэрсіі. У 1975-м адчынілі 2-ю лінію вытворчасьці азотнай кісьлі. У 1978-м запусьцілі 3-ю вытворчасьць аміяку. У 1979-м пачалі вытворчасьць фармаліну. У 1985-м запусьцілі 3-ю лінію вытворчасьці азотнай кісьлі. У 1987 годзе адчынілі вытворчасьць вадкіх азотна-фосфарна-калійных угнаеньняў. У 1989 годзе прадпрыемства стала сябрам Міжнароднага аб'яднаньня ўгнаеньняў (Францыя)[14].
7 ліпеня 1994 году дзяржаўнае прадпрыемства «Азот» пераўтварылі ў акцыянэрнае таварыства «Ахема». У 1995-м пачалі вырабляць рашчыну мачавінна-аміячнай салетры (МАС). У 1999 годзе сталі вырабляць сульфат алюміну і пачалі сэрыйную вытворчасьць мачавінна-фармальдэгіднай смалы (МФС). У 2001 годзе пасьля зьліцьця з даччынымі прадпрыемствамі стварылі холдынг «Ахема». У 2004 годзе запусьцілі 4-ю лінію вытворчасьці азотнай кісьлі і ачышчальнік кандэнсату, а таксама пачалі вытворчасьць кальца-аміячнай салетры. Сярод іншага, стварылі 1-ю кагенэрацыйную электрастанцыю. У 2004-м заснавалі падразьдзяленьне «Газхема» і набылі 50 % паёў нямецкага збытавога прадпрыемства «Агра Балтыка». У 2005 годзе магутнасьць цэху мачавінна-аміячнай салетры (МАС) павялічылі да 1,336 млн тонаў за год. У 2006-м магутнасьць цэху мачавіны нарасьцілі да 445 500 тонаў за год, а таксама адчынілі новае ізатэрмічнае сховішча аміяку. Сярод іншага, магутнасьць вытворчасьці мачавінна-фармальдэгіднай смалы (МФС) павялічылі да 75 000 тонаў на год. У 2007-м запусьцілі вытворчасьць вадкага вуглякіслага газу. У 2008 годзе адчынілі новую вытворчасьць мэтанолю і вытворчасьць газавых сумесяў. У 2009-м пачалі сэрыйную вытворчасьць мэлямін-мачавіннафармальдэгіднай смалы. У 2011-м запусьцілі 2-ю кагенэрацыйную газавую электрастанцыю магутнасьцю 47 мэгават і пераабсталявалі 2 цэхі азотнай кісьлі, што скараціла на 85 % выкіду двухвокісу азоту. У верасьні 2015 году ўвялі ў дзеяньне паветрараскладальнік, што дазволіла вырабляць для лякарняў вадкія азот, аргон і тлен, а таксама газападобныя чысты азот і тэхнічны тлен. У лістападзе 2015 году запусьцілі агрэгат для павылічэньня вытворчасьці азотнай кісьлі да 240 000 тонаў за год[14]. У 2016 годзе выручка «Ахемы» скарацілася ў 562 млн эўра да 359 млн эўра. У 2017 годзе яна склала 423 млн эўра[15].
-
Панарама прадпрыемства (2019 год)
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Кантакты (лет.) // АТ «Ахема», 2022 г. Праверана 24 сакавіка 2022 г.
- ^ Кіраўніцтва (лет.) // АТ «Ахема», 2022 г. Праверана 24 сакавіка 2022 г.
- ^ Юозас Тунайціс, Ніёла Стракаўскеня. Высновы незалежнага аўдытара і фінансавая справаздача за 2020 год (лет.) // АТ «Ахема», 24 лютага 2021 г. Праверана 24 сакавіка 2022 г.
- ^ Уводзіны (лет.) // АТ «Ахема», 2022 г. Праверана 24 сакавіка 2022 г.
- ^ Продажы і маркетынг (лет.) // АТ «Ахема», 2022 г. Праверана 24 сакавіка 2022 г.
- ^ Пэрсанал (лет.) // АТ «Ахема», 2022 г. Праверана 24 сакавіка 2022 г.
- ^ Вытворчасьць (лет.) // АТ «Ахема», 2022 г. Праверана 24 сакавіка 2022 г.
- ^ Дастаўка (лет.) // АТ «Ахема», 2022 г. Праверана 24 сакавіка 2022 г.
- ^ Азотныя ўгнаеньні (лет.) // АТ «Ахема», 2022 г. Праверана 24 сакавіка 2022 г.
- ^ Вадкія мяшаныя ўгнаеньні (лет.) // АТ «Ахема», 2022 г. Праверана 24 сакавіка 2022 г.
- ^ Прамысловасьць (лет.) // АТ «Ахема», 2022 г. Праверана 24 сакавіка 2022 г.
- ^ Прамысловыя газы і газавыя сумесі (лет.) // АТ «Ахема», 2022 г. Праверана 24 сакавіка 2022 г.
- ^ Мэдычныя газы (лет.) // АТ «Ахема», 2022 г. Праверана 24 сакавіка 2022 г.
- ^ а б Гісторыя (лет.) // АТ «Ахема», 2016 г. Праверана 24 сакавіка 2022 г.
- ^ Гаспадарчыя паказьнікі (лет.) // АТ «Ахема», 2018 г. Праверана 24 сакавіка 2022 г.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- «Газхема» (лет.)
Гэта — накід артыкула па эканоміцы. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |