Эпоха Асьветніцтва
Эпоха Асьветніцтва (па-француску: siècle des Lumières, па-нямецку: Aufklärung) — адна з ключавых эпохаў у гісторыі эўрапейскае культуры, зьвязаная з разьвіцьцём навуковае, філязофскае і грамадзкае думкі. У аснове гэтага інтэлектуальнага руху ляжалі рацыяналізм, вольнадумства і гуманізм. Пачаўшыся ў Ангельшчыне, гэты рух распаўсюдзіўся на ўсю Эўропу, уключаючы Расею. Асабліва ўплывовым былі францускія асьветнікі. Прынцыпы Асьветніцтва былі пакладзеныя ў аснову амэрыканскай Дэклярацыі незалежнасьці і францускай Дэклярацыі правоў чалавека і грамадзяніна. Інтэлектуальны і філязофскі рух гэтае эпохі аказаў вялікі ўплыў на пазьнейшыя зьмяненьні ў этыцы і сацыяльным жыцьці Эўропы і Амэрыкі, барацьбу за нацыянальную незалежнасьць амэрыканскіх калёніяў эўрапейскіх краінаў, адмену рабства, фармаваньне правоў чалавека. Акрамя таго, яно пахіснула аўтарытэт арыстакратыі і ўплыў царквы на сацыяльнае, інтэлектуальнае і культурнае жыцьцё.
Тэрмін асьветніцтва прыйшоў у беларускую мову, як і ў ангельскую (The Enlightenment) і нямецкую (Zeitalter der Aufklärung) з францускай (siècle des lumières) і пераважна адносіцца да філязофскага кірунку XVIII стагодзьдзя. Разам з тым, ён не зьяўляецца найменьнем пэўнай філязофскай школы, паколькі погляды філёзафаў Асьветніцтва нярэдка істотна адрозьніваліся спаміжсобку і супярэчылі адно аднаму. Пагэтаму асьветніцтва лічаць ня столькі комплексам ідэяў, колькі вызначаным кірункам філязофскае думкі. У аснове філязофіі Асьветніцтва ляжала крытыка існуючых у той час традыцыйных інстытутаў, звычаяў і маралі[1].
Адносна датыроўкі гэтага кірунка адзінага меркаваньня не існуе. Адныя гісторыкі адносяць пачатак гэтае эпохі да канца XVII ст., іншыя — да сярэдзіны XVIII ст[2]. У XVII ст. асновы рацыяналізма засноўваў Дэкарт у сваёй працы «Развагі аб мэтадзе» (1637 г.). Канец эпохі Асьветніцтва нярэдка зьвязваюць са сьмерцю Вальтэра (1778 г.) ці з пачаткам Напалеонаўскіх войнаў (1800—1815 гг.)[3]. Адначасова існуе меркаваньне аб прывязцы межаў эпохі Асьветніцтва да дзвух рэвалюцыяў: «Слаўнай рэвалюцыі» ў Ангельшчыне (1688 г.) і Вялікай француская рэвалюцыі (1789 г.).
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Hackett, Louis The age of Enlightenment (1992).
- ^ Hooker, Richard The European Enlightenment (1996).
- ^ Frost, Martin The age of Enlightenment (2008).