Аляксандар Дугін
Аляксандар Дугін | |
рас. Александр Гельевич Дугин | |
2020 год | |
Дата нараджэньня | 7 студзеня 1962 (62 гады) |
---|---|
Месца нараджэньня | Масква, Расейская СФСР, Савецкі Саюз |
Месца вучобы | Новачаркаская дзяржаўная мэліяратыўная акадэмія (1999, завочна, Растоўская вобласьць) |
Занятак | прапагандыст, філёзаф, геапалітык, палітоляг, прафэсар, сацыёляг, пісьменьнік, палітык, аўтар-выканаўца, сьпявак, аўтар-кампазытар, публіцыст |
Навуковая сфэра | паліталёгія |
Месца працы | Маскоўскі дзяржаўны ўнівэрсытэт (2008—2014), Дзяржаўная дума Расеі (1998—2003, 2012—2016) |
Вядомы як | ідэоляг сучаснага эўразійства ў Расеі |
Псэўданімы | Hans Zivers і Ганс Зиверс |
Сябра ў | Ізборскі клуб[d][1] |
Навуковая ступень | доктар навук (2005) |
Навуковы кіраўнік | Юры Верашчагін(ru) |
Аказалі ўплыў | Рэнэ Генон, Юліюс Эвала |
Вучні | Аляксей Юр'евіч Бяляеў-Гінтаўт[d], Уладзімер Карпец[d] і Валерый Міхайлавіч Каровін[d] |
Дзеці | Дар'я Аляксандраўна Дугіна[d][2] |
Сайт | dugin.tv |
Аляксандар Гельевіч Дугін (нар. 1962, Масква, цяпер Расея) — расейскі палітоляг.
Доктар палітычных (2005) і сацыялягічных навук (2011), кандыдат філязофскіх навук (2001). Прафэсар катэдры сацыялёгіі міжнародных дачыненьняў сацыялягічнага факультэту Маскоўскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту (2008—2014). Сябра Экспэртна-кансультацыйнай рады па праблемах нацыянальнай бясьпекі пры старшыні Дзяржаўнай думы Расеі (1998—2003, 2012—2016). Ідэоляг сучаснага эўразійства ў Расеі, як старшыня заснаванага ім у 2003 годзе ГА «Міжнародны эўразійскі рух». У 1997 годзе выдаў кнігу «Асновы геапалітыкі», якую пазьней некалькі разоў перавыдавалі і пераклалі на некалькі моваў. Агулам выдаў звыш 30 кніг[3].
Жыцьцяпіс
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Нарадзіўся ў сям'і афіцэра Галоўнай выведвальнай управы Генштабу Ўзброеных сілаў СССР(ru) Гелія Аляксандравіча Дугіна (1935—1998), які пазьней атрымаў навуковую ступеню кандыдата юрыдычных навук і вайсковую годнасьць генэрал-лейтэнанта, а ў 1990-я гады выкладаў у Расейскай мытнай акадэміі. Маці — Галіна Віктараўна Дугіна (дзяв. Ануфрыенка, 1937—2000) — працавала лекаркай і пазьней атрымала навуковую ступеню кандыдаткі мэдычных навук. У 1979 годзе паступіў у Маскоўскі авіяцыйны інстытут (МАІ). Уступіў разам з паэтам-акультыстам Яўгенам Галавіным і ісламскім паэтам Гейдарам Джамалём у акультны «Южынскі гурток» пісьменьніка Юрыя Мамлеева. У 1980 годзе ўступіў разам зь Гейдарам Джамалём у гурток «Чорны ордэн СС», які ў якасьці «райхсфюрэра» ўзначаліў Яўген Галавін, вучнем якога стаў сябе лічыць[4]. Быў адлічаны з 2-га курсу МАІ. У 1982—1984 гадох працаваў перакладнікам з ангельскай, нямецкай і францускай моваў у Інстытуце каньюнктуры і попыту. Захапляўся працамі румынскага дасьледніка шаманізму Мірчы Іліядэ, францускага філёзафа ізатэрыкі Рэнэ Генона (пераклаў «Памылку духу»), італьянскага філёзафа-ізатэрыка Юліюса Эвалы (пераклаў «Паганскі імпэрыялізм») і нямецкага містыка-ідэоляга нацызму Германа Вірта. У 1985-м у яго ў шлюбе нарадзіўся сын Артур ад на 10 гадоў старэйшай за яго пісьменьніцы Яўгеніі Грышынай, зь якой пазьней расстаўся. У 1988 годзе разам зь Гейдарам Джамалём уступіў у Нацыянальна-патрыятычны фронт «Памяць» Зьмітра Васільева. Быў пазбаўлены сяброўства ў НПФ «Памяць», бо «кантактуе з прадстаўнікамі эмігранцкіх дысыдэнцкіх колаў акультысцка-сатанінскага толку, у прыватнасьці, зь нейкім пісьменьнікам Мамлеевым». У 1988—1991 гадох быў галоўным рэдактарам выдавецтва «ЭОН», у якім зь 1990 году выпускаў ізатэрычны альманах «Мілы анёл». У 1991 годзе стварыў і стаў галоўным рэдактарам выдавецтва «Арктагея», у якім выдаў сваю 1-ю кнігу «Шляхі Абсалюту» і пачаў выпускаць часопіс «Элемэнты»[5].
У 1990—1992 гадох працаваў у рассакрэчаных архівах Камітэту дзяржаўнай бясьпекі СССР, на падставе матэрыялаў якіх выдаў шэраг артыкулаў і падрыхтаваў тэлеперадачу «Таямніцы стагодзьдзя» ў верасьні 1993 году на «1-м канале Астанкіна». У 1992 годзе нарадзілася дачка Дар'я ў 2-м шлюбе ад Натальлі Мяленцьевай, якая была кіраўніцай выдавецтва «Арктагея» і выкладала філязофскія дысцыпліны ў Маскоўскім дзяржунівэрсытэце. У 1993—1995 гадох быў калюмністам газэты «Новы погляд», якая была дадаткам «Маскоўскай праўды». У 1993—1998 гадох быў ідэолягам Нацыянал-бальшавіцкай партыі (партыйнае пасьведчаньне № 2). У 1996—1997 гадох вёў перадачу «Фініс мундзі» на Радыё «101 ФМ». У 1997 годзе выдаў кнігу «Асновы геапалітыкі», якую пазьней некалькі разоў перавыдавалі і пераклалі на некалькі моваў. У 1997—1999 гадох вёў «Геапалітычны агляд» на Радыё «Вольная Расея». У 1998—2003 гадох працаваў дарадцам старшыні Дзяржаўнай думы Расеі Генадзя Селязьнёва ад Камуністычнай партыі. У 1999 годзе завочна скончыў Новачаркаскую дзяржаўную мэліяратыўную акадэмію (Растоўская вобласьць) і ўзначаліў Цэнтар геапалітычных экспэртызаў Экспэртна-кансультацыйнай рады па праблемах нацыянальнай бясьпекі пры старшыні Дзярждумы Расеі[4]. У 2000 годзе пачаў чытаць курс «Філязофія палітыкі» ў Міжнародным незалежным эколяга-паліталягічным унівэрсытэце (Паўночная адміністрацыйная акруга Масквы). Адначасна стаў ганаровым сябрам «Эканоміка-філязофскага сходу» пры Цэнтры грамадзкіх сувязяў Маскоўскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту і старшынёй грамадзкага аб'яднаньня «Эўразія». У 2001 годзе абараніў кандыдацкую дысэртацыю «Эвалюцыя парадыгмальных падставаў навукі» пад навуковым кіраўніцтвам прафэсара Юрыя Верашчагіна(ru) ў Паўночна-Каўкаскім навуковым цэнтры найвышэйшай школы (Растоў-на-Доне) і атрымаў навуковую ступеню кандыдата філязофскіх навук. У 2002—2003 гадох узначальваў палітраду партыі «Эўразія».
У 2003 годзе атрымаў годнасьць ганаровага прафэсара Эўразійскага нацыянальнага ўнівэрсытэту (Астана) у Казахстане. 20 лістапада 2003 году заснаваў ГА «Міжнародны эўразійскі рух». У 2003—2004 гадох працаваў калюмністам часопісу «Сельская моладзь» і аўтарам рубрыкі «Ацэфал» у «Літаратурнай газэце». У 2004 годзе абараніў доктарскую дысэртацыю «Трансфармацыя палітычных інстытутаў і структураў у працэсе мадэрнізацыі традыцыйных грамадзтваў» пад кіраўніцтвам Верашчагіна ў Растоўскім юрыдычным інстытуце МУС Расеі. У 2005 годзе атрымаў навуковую ступеню доктара палітычных навук і сустрэўся ў Вашынгтоне з амэрыканскім палітолягам Зьбігневам Бжазінскім. У 2005—2006 гадох працаваў калюмністам расейскага выданьня амэрыканскага музчасопіса «Rolling Stone» і вёў геапалітычную перадачу «Вяхі» на тэлеканале «Спас» Маскоўскай патрыярхіі РПЦ. У 2007 годзе стаў сябрам рады ГА «Сусьветны расейскі народны сабор», які паводле статуту ўзначальваў маскоўскі патрыярх. У 2007—2008 гадох вёў перадачу «Расейская рэч» на Радыё «Расейская служба навінаў». У сакавіку 2008 году ў Бялградзе сустрэўся са старшынёй ураду Сэрбіі Ваіславам Каштуніцай. Зь верасьня 2008 году па чэрвень 2014 году працаваў прафэсарам сацыялягічнага факультэту Маскоўскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Першы год быў кіраўніком Цэнтру кансэрватыўных дасьледаваньняў, а ў далейшым выконваў абавязкі загадніка катэдры сацыялёгіі міжнародных дачыненьняў. У 2011 годзе абараніў 2-ю доктарскую дысэртацыю «Сацыяльныя структуры грамадзтва ў тэарэтыка-мэтадалягічным кантэксьце сацыялёгіі ўяўленьня» пад кіраўніцтвам Юрыя Рыгоравіча Воўкава ў Паўднёвым фэдэральным унівэрсытэце (Растоў-на-Доне) і атрымаў навуковую ступеню доктара сацыялягічных навук. У сакавіку 2012 году стаў сябрам Экспэртна-кансультацыйнай рады пры старшыні Дзярждумы Расеі Сяргеі Нарышкіне (2011—2016)[4].
У 2014 годзе вугорскі ўрад Віктара Орбана забараніў Дугіну ўезд у краіну, у выніку чаго яму забаранілі ўезд ва ўсе краіны Эўразьвязу ў сувязі з заклікам да расейскага ўварваньня ва Ўкраіну. У 2015 годзе да гэтай забароны далучыліся ўрады ЗША і Канады. У 2016—2017 гадох Дугін працаваў галоўным рэдактарам тэлеканала «Царград ТБ».
Ацэнкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У сакавіку 2014 году доктар філязофіі Пётар Рудкоўскі зазначыў: «Навуковая вартасьць ягоных твораў неаднаразова была аб'ектам выказваньняў як расейскіх, так і замежных навукоўцаў. Дугін ёсьць «філёзафам» або «сацыёлагам» прыкладна ў тым жа сэнсе, у якім Сталін быў «выбітым філёлягам» або Лысенка «выбітным біёлагам». Дугін — гэта жрэц-акультыст, які з маладых гадоў жыва цікавіцца рознага роду містычнымі вучэньнямі і практыкамі, арыентаванымі на змрочныя бакі чалавечай экзыстэнцыі. Яго «філязофія» зводзіцца да апантанасьці культам Сілы — брутальнай і зьнявольваючай Сілы, якая не пакідае права выбару і магчымасьці новага шанцу»[4].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ https://izborsk-club.ru/11021
- ^ https://www.bbc.com/news/world-europe-62621509
- ^ Дугін Аляксандар Гельевіч (рас.) // Інтэлектуальная сыстэма тэматычнага дасьледаваньня навукамэтрычных дадзеных (ІСТДНД) Маскоўскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, 2018 г. Праверана 18 траўня 2022 г.
- ^ а б в г Пётра Рудкоўскі. Сёньня мы ўсе ўкраінцы // Газэта «Наша ніва», 3 сакавіка 2014 г. Праверана 23 красавіка 2022 г.
- ^ Жыцьцяпіс (рас.) // Партал Дугіна, 2011 г. Праверана 18 траўня 2022 г.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Аляксандар Дугін (рас.) // «Ізборскі клюб»(ru), 17 траўня 2022 г. Праверана 17 траўня 2022 г.
- Александр Штернберг (Дугин), «Браво, Марк!».
Гэта — накід артыкула пра біяграфію асобы. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |
- Нарадзіліся 7 студзеня
- Нарадзіліся ў 1962 годзе
- Нарадзіліся ў Маскве
- Акультысты
- Выпускнікі расейскіх ВНУ
- Расейскія філёзафы
- Кандыдаты філязофскіх навук
- Расейскія палітолягі
- Дактары палітычных навук
- Расейскія тэлевядучыя
- Выкладчыкі Маскоўскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту
- Дактары сацыялягічных навук
- Тэарэтыкі кансьпіралёгіі
- Нацыянал-бальшавізм
- Геапалітыка
- Эўразійства
- Стараверства