Ганарэя

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Паражэньне скуры ганакокам пры пералоі (1963 г., ЗША)

Ганарэя (грэц. γόνος + ῥέω — семянная вадкасьць + цяку) — запаленьне сьлізьніцы мочаплоцевай сыстэмы ў выніку заражэньня бактэрыямі віду ганакок.

Найчасьцей перадаецца плоцевым шляхам (вэнэрычныя хваробы), зрэдку побытавым. Інкубацыйны пэрыяд ад часу заражэньня складае ад 1 да 21 дня, найчасьцей 3—5 дзён. Пасьля перанясеньня імунітэт да хваробы не выпрацоўваецца. Віды: сьвежая (вострая, падвострая, тарпідная) і хранічная (звыш 2 месяцаў). У мужчынаў пераважае вострая. У жанчынаў схаваная (тарпідная) зь пераходам у хранічную[1]. Іншыя назвы: пералой (народная назва), ганакокавая інфэкцыя і трыпэр[2].

Праявы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Хранічная ганарэя (2016 г., Віетнам)

Запаленьне ўзьнікае ў месцах пранікненьня ў эпітэліяльныя абалонкі ганакока. Cуправаджаецца ацёкам, прылівам крыві, болем, выдзяленьнем гнойнай і серознай вадкасьці. На месцы эрозіяў утвараюцца злучальная тканка, спайкі, рубцовыя звужэньні пратокаў і прасьветаў мочаплоцевых органаў, што абумоўлівае іх непраходнасьць, парушэньне мочавыдзяленьня, узьнікненьне пазаматачнай цяжарнасьці ў жанчынаў, зьмену мэнструацыі і разьвіцьцё бясплодзьдзя. Унутрыбактэрыяльная атрута (эндатаксін), якая вылучаецца пры разбурэньні ганакокаў, пашкоджвае суставы, нэрвовую сыстэму, кляпаны і абалонкі сэрца[1].

Беларусь[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паражэньне ганакокам вачэй пры народзінах ад хворай на пералой (1976 г., ЗША)

За 2010 год у Беларусі выявілі звыш 3600 новых выпадкаў пералою, зь іх звыш 2650 (73%) сярод мужчынаў (60 выпадкаў на 100 000 мужчынаў)[3].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б Іван Дуда. Ганарэя // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1997. — Т. 5. — С. 20-21. — 576 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0090-0
  2. ^ Ганарэя // Нацыянальная бібліятэка Беларусі, 2017 г. Праверана 25 кастрычніка 2017 г.
  3. ^ Сьвятлана Барысенка. Усё, што патрабуецца ад мужчыны // Зьвязда : газэта. — 6 чэрвеня 2012. — № 106 (27221). — С. 4. — ISSN 1990-763x.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg Ганарэясховішча мультымэдыйных матэрыялаў