Ямайка
Ямайка лац. Jamajka Jamaica (ангельская) Jumieka (ямайскае патуа) | |||||
| |||||
Нацыянальны дэвіз: Out of many, one people | |||||
Дзяржаўны гімн: «Jamaica, Land We Love» | |||||
Каралеўскі гімн: «God Save the King» | |||||
Афіцыйная мова | ангельская, ямайская крэольская | ||||
Сталіца | Кінгстан | ||||
Найбуйнейшы горад | Кінгстан | ||||
Форма кіраваньня | Садружнасьць Карл III Патрык Ален Портыя Сымпсан-Мілер | ||||
Плошча • агульная • адсотак вады |
166-е месца ў сьвеце 10 991 км² 1,5% | ||||
Насельніцтва • агульнае (2010) • шчыльнасьць |
133-е месца ў сьвеце 2 847 232 252 чал/км² | ||||
Катайконім | ямаец, ямайка, ямайцы | ||||
СУП • агульны (2011) • на душу насельніцтва |
138-е месца ў сьвеце $24,75 млрд $9029 | ||||
Валюта | Ямайскі даляр (JMD) | ||||
Незалежнасьць — ад Вялікабрытаніі |
6 жніўня 1962 | ||||
Дамэн верхняга ўзроўню | .jm | ||||
Тэлефонны код | +876 |
Яма́йка (па-ангельску: Jamaica, ямайскае патуа: Jumieka, [dʒʌˈmʲeːka]) — дзяржава, разьмешчаная на аднайменым востраве ў Карыбскім моры, адным зь Вялікіх Антыльскіх астравоў, 240 кілямэтраў у даўжыню і 80 у шырыню. За 630 кілямэтраў ад кантынэнтальнай Цэнтральнай Амэрыкі, за 150 кілямэтраў ад Кубы на поўначы, і за 180 кілямэтраў ад Гаіці на ўсходзе.
Этымалёгія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Слова «хаймака» з мовы індзейцаў таіна перакладаецца як «краіна вады й лесу» ці «зямля крыніц»[1].
Прырода
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Востраў Ямайка мае вульканічнае паходжаньне. Вылучаюцца тры ляндшафтныя рэгіёны: вапняковае плято ў цэнтральнай частцы вострава; Блакітныя горы (Blue Mountains) і горы Джон-Кроў на паўночным захадзе; прыбярэжныя раўніны. Найвышэйшы пункт Блу-Маўнтын-Пік — 2256 м над узроўнем мора. Вапняковы карст займае дзьве трэція вострава. Для яго характэрныя ўзгорыстыя й грэбневыя ўзьняцьці, гроты і пячоры, віры, у якіх губляюцца рэкі. На паўночным усходзе карст падыходзіць да самага ўзьбярэжжа. Паўночнае ўзьбярэжжа прадстаўлена доўгай вузкай прыбярэжнай раўнінай зь белымі пляжамі. Дзякуючы каралаваму рыфу мора тут заўсёды спакойнае. Заходняе й паўднёвае ўзьбярэжжа сфармавана шырокімі далінамі. На заходнім узьбярэжжы вылучаецца вялікая пяшчаная каса ў раёне курорта Негрыл.
Астатнія астравы каралавага паходжаньня, невялікія й ня маюць пастаяннага насельніцтва.
Клімат Ямайкі трапічны, пасатны. Тэмпэратурны рэжым амаль нязьменны на працягу году: 25 — 30 °C на раўнінах і 15 — 20 °C у гарах. На паўночна-заходнім узьбярэжжы заўсёды дзьмуць сьвежыя брызы. Сярэдняя колькасьць ападкаў — 1960 мм у год, на поўдні — 762 мм у год. На наветраных схілах гор Джон-Кроў на паўночным усходзе вострава выпадае да 7600 мм. У летнія месяцы часта завітваюць моцныя ўраганы. У зімовыя месяцы на поўдні вострава зрэдку здараюцца засухі.
Самая доўгая рака — Міньё 93 км). Суднаходная на значную адлегласьць рака Блэк-Рывер — невялікія судны могуць падымацца па ёй на 48 км ад вусьця.
У канцы XV ст., калі Ямайка была адкрыта эўрапейцамі, большая частка вострава была пакрыта густымі лясамі і саваннамі. Некаторыя дзікарослыя расьліны (какосавая і саламяная пальма, тытунь, бавоўна, какава, ямайскі перац і інш.) актыўна выкарыстоўваліся чалавекам. У наш час расьлінны полаг у асноўным мае другасны характар. Сёньня лясамі пакрыта толькі 20 % вострава. Карэнная лясная расьліннасьць часткова захавалася на паўночным усходзе. У лясох распаўсюджаныя зарасьнікі бамбуку, папараці, шыпшыны, чырвонага і чорнага дрэваў, сейбы, дальбэргіі. На поўдні сустракаюцца месцы з паўпустыннай жорсткалісьцевай расьліннасьцю й кактусамі.
Жывёльны сьвет Ямайкі таксама моцна зьмяніўся пад уплывам чалавека. Частка эндэмічных жывёлін (чырвоны ара, ямайскі голуб, кайман і інш.) была зьнішчана. У астатнім захавалася тыповая для карыбскіх краінаў фаўна: яшчаркі, рэптыліі, мноства птушак, у тым ліку папугаі, калібры, зязюлі і пласкадзюбы. Прыбярэжныя воды багатыя рыбай. Прыродаахоўныя тэрыторыі вострава ўключаюць у сябе Какпіт-Кантры, лясныя запаведнікі Хелшайр-Хілс і Літчфілд. У 1992 годзе быў арґанізаваны першы марскі парк у бухце Мантэга плошчай 15 кв.км. У 1993 былі створаны нацыянальныя паркі ў гарах Блу-Маўнтынс і Джон-Кро.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У старажытнасьці Ямайку засялялі індзейцы. Выспа была адкрыта Хрыстафорам Калюмбам у 1494 годзе. Калюмб назваў яе ў гонар каралеўскай пары выспай Фэрдынанда і Ізабэлы. Гэта назва не прыжылася, выспа захавала мясцовую назву — Ямайка. Сваё першае паселішча на высьпе гішпанцы заснавалі ў 1509 г.
Да прыходу гішпанцаў Ямайку засялялі індзейцы аравакі, іх колькасьць магчыма дасягала прыкладна 60 тысячаў чалавек. За пэрыяд гішпанскага панаваньня індзейцы на Ямайцы зьніклі амаль цалкам. Ужо да 1611 г. на востраве налічвалася ўсяго 74 індзейцы.
У якасьці працоўнай сілы гішпанцы ўжо ў пачатку XVI стагодзьдзя сталі завозіць на Ямайку нэграў-рабоў з Афрыкі. Аднак гішпанцы за паўтара стагодзьдзя калянізавалі востраў не занадта актыўна, і ў 1655 годзе яго захапілі ангельцы (афіцыйна Ямайка была абвешчаная ангельскай калёніяй ў 1670 годзе).
На беразе шырокай натуральнай гавані, недалёка ад цяперашняга Кінгстану, ангельцы ўзьвялі форт. Каля форта стаў расьці горад Порт-Раял. Неўзабаве ён набыў славу «самага грэшнага гораду ва ўсім хрысьціянскім сьвеце», так як туды з вострава Тартуга перамясьцілася «сталіца» марскіх разбойнікаў. У канцы XVII стагодзьдзя ў горадзе Порт-Раял было 8 тысячаў жыхароў, зь іх — паўтары тысячы піратаў.
Піраты рабавалі гішпанскія караблі, звозілі здабычу ў Порт-Раял, і горад рос, багацеў і весяліўся. Аднак 7 чэрвеня 1692 г. вялікая частка гэтага «распуснага Бабілёну» ў выніку землятрусу зьнікла ў марской бездані. Усьцешаная царква каталіцкай Гішпаніі пасьпяшалася паведаміць, што «Бог пакараў бязбожны горад за грахі».
Аднак да таго часу ангельцы ўжо моцна атабарыліся на Ямайцы, ператварыўшы выспу ў буйную «цукровую» калёнію — на Ямайцы інтэнсіўна разьвіваліся плянтацыі цукровага трысьнёга. Пераважная частка плянтацыі разьмяшчалася на раўнінах поўдня выспы. Унутраныя раёны Ямайкі выкарыстоўваліся для выпасу жывёлы. Прамысловасьць Ямайкі вырабляла цукар-сырэц, патаку-меласы і знакаміты ямайскі ром.
Ангельцам дастаўлялі немалы непакой паўстаньні нэграў-рабоў. За прыкладна 150 гадоў, да пачатку XIX стагодзьдзя, было ня менш за 30 такіх паўстаньняў. Ужо ў другой палове XVII стагодзьдзя ў найбольш аддаленых горна-лясістых раёнах Ямайкі атабарыліся мароны — беглыя нэгры-рабы і іх нашчадкі, якія стварылі штосьці накшталт уласнай дзяржавы. Яны рабілі набегі з мэтай захопу жывёлы і іншых рабаваньняў, і ў выніку ангельцы ў канцы XVIII стагодзьдзя правялі дэпартацыю марунаў у Афрыку (у Сьера-Леонэ, дзе яны заснавалі горад Фрытаўн).
У XIX стагодзьдзі, пасьля адмены рабства ў 1833 годзе, для ангельскіх плянтатараў на Ямайцы наступілі «дрэнныя часы». Вызваленьне нэграў-рабоў істотна падарвала плянтацыйную гаспадарку Ямайкі. Завоз працоўных-кантрактнікаў з Індыі і Кітаю ня выправіў сытуацыю. Вытворчасьць цукру на Ямайцы рэзка скарацілася. Да таго ж павялічылася канкурэнцыя з-за росту выпрацоўкі бураковага цукру ў Эўропе і павелічэньня вытворчасьці цукру на Кубе і Яве.
У XX стагодзьдзі эканамічная сытуацыя на Ямайцы істотна зьмянілася ў выніку інвэстыцыяў з ЗША. Амэрыканскія кампаніі арганізавалі на Ямайцы буйную экспартную вытворчасьць бананаў, а таксама какава, кава і какосаў. Амэрыканцы заняліся і разьвіцьцём інфраструктуры Ямайкі (чыгуначная сетка і т. п.).
У 1943 годзе на Ямайцы было ўведзена ўсеагульнае выбарчае права, у 1944 — частковае самакіраваньне. У 1959 годзе Ямайка атрымала ўнутранае самакіраваньне, у жніўні 1962 г. Брытанія дала Ямайцы незалежнасьць.
Геаграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Ямайка — трэцяя па плошчы выспа (10 991 км²) у складзе Вялікіх Антыльскіх выспаў, разьмешчаны на поўдзень ад Кубы і да захаду ад Гаіці. Працягласьць выспы з захаду на ўсход 225 км, з поўначы на поўдзень — ад 35 да 82 км, даўжыня берагавой лініі — 1022 км. Клімат трапічны пасатны. Сярэдняя тэмпэратура студзеня 24—25 °C, ліпеня 26—27 °C. Сярэдне гадавая колькасьць ападкаў памяншаецца ад 5000 мм на паўночных наветраных схілах гор да 800 мм на паўднёвым узьбярэжжы. Адпаведна мяняюцца і прыродныя зоны ад сэзону вільготных вечназялёных трапічных лясоў на паўночна-ўсходніх схілах гор і ў цэнтры выспы да саваны поўдня і захаду.
Дзяржаўнае кіраваньне й палітыка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Ямайка — незалежная краіна, уваходзіць у брытанскую Садружнасьць. Палітычны лад — канстытуцыйная манархія. Згодна Канстытуцыі 1962 г., глава дзяржавы — кароль Велікабрытаніі, які афіцыйна мае тытул караля Ямайкі. Ён са згоды ўраду прызначае генэрал-губэрнатара, пры якім дзейнічае Патаемная рада з 10 чалавек (звычайна ў яе склад уваходзяць прадстаўнікі заканадаўчай, выканаўчай і судовай улады). Заканадаўчая ўлада належыць двухпалатнаму парламэнту. У ніжэйшую Палату прадстаўнікоў (House of Representatives) уваходзіць 60 членаў, выбраных грамадзянамі Ямайкі ў час галасаваньня па партыйных сьпісах. Прадстаўнікі партыі, што набрала большасьць галасоў, прызначаюць сьпікера Палаты й прэмʼер-міністра. Астатнія прадстаўнікі фармуюць апазыцыю. Вышэйшая палата — Сэнат, у склад якога генэрал-губэрнатар па радзе прэмʼер-міністра й лідара апазыцыі прызначае частку прадстаўнікоў ніжэйшай Палаты (усяго 21 член, якія разьмяркоўваюцца прапарцыянальна складу ніжэйшай Палаты). Выканаўчую ўладу прадстаўляе ўрад, прызначаны генэрал-губэрнатарам па рэкамэндацыі прэмʼер-міністра. Судовую ўладу прадстаўляе Сход Правасудзьдзя (Court of Justice), члены якога прызначаюцца генэрал-губэрнатарам. Большую частку ўзброенных сілаў складаюць прафэсійныя Ямайскія сілы самаабароны (Jamaica Defense Force). Акрамя таго дзейнічаюць агульнадзяржаўныя Ямайскія сілы службы канстэбляў (Jamaica Constabulary Force), якія выконваюць ваенныя й паліцэйскія функцыі. Ахову грамадзкага парадку зьдзейсьняюць парафіяльная паліцыя й дабраахвотная міліцыя. На Ямайцы дзейнічае 51 палітычная арґанізацыя, аднак большасьць галасоў традыцыйна зьбіраюць Лейбарысцкая партыя (лідар Брус Голдынг, з 2007 — кіруе) і Народная Нацыянальная партыя (лідар Портыя Сімпсан-Мілер). Абедзьве партыі ня маюць істотных адрозьненьняў у праґрамах і дэкляруюць прынцыпы пабудовы сацыяльна-арыентаванага грамадзтва й незалежнай зьнешняй палітыкі.
Культура й адукацыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Традыцыйная культура Ямайкі ўвабрала ў сябе многія рысы эўрапейскай, афрыканскай і ў меншай ступені азіяцкай культурных традыцыяў. На аснове ангельскай мовы пад уплывам афрыканскіх і раманскіх моваў на Ямайцы сфармавалася новая крэольская мова патва (patwa), на ёй штодзённа гаворыць большасьць ямайцаў. У ёй вылучаюць рад гаворак (мантэга патва, раста-крэоль, марун-крэоль і г. д.). З канца XIX ст. ямайская патва ўжывалася ў літаратуры. У вусным фальклёры распаўсюджаны калядныя казкі й легенды, цыкл казак пра павука Энэнсі (Anansi), міты й паданьні аб стварэньні сьвету, духах і прывідах. Найбольш вядомыя англамоўныя пісьменьнікі ямайскага паходжаньня: Клод Мак-Кі (Claude McKay), Хэзл Кэмпбел (Hazel Campbell), актор і паэт Люіс Бенет-Коверлі (Louise Bennett-Coverly). На востраве жылі й працавалі пісьменьнікі Ян Флемінг і Дэрак Вэйлкот (ляўрэат Нобэлеўскай прэміі па літаратуры 1993 г.). У краінах Паўночнай Амэрыкі й Карыбскага басэйну вядомы журналіст, філёзаф і палітык ямайскага паходжаньня, барацьбіт за правы нэгрыцянскага насельніцтва ў ЗША, Маркус Гарві (Marcus Harvey).
Для ямайскай музычнай і танцавальнай культуры характэрна спалучэньне шматлікіх тутэйшых і зьнешніх традыцыяў. У міжваенны пэрыяд у ЗША й некаторых эўрапейскіх краінах папулярным быў ямайскі джаз. У другой палове ХХ ст. на Ямайцы ўзьнік музычны стыль рэгі (reggae). Найбольш вядомыя выканаўцы — Боб Марлі (Bob Marley), Джымі Кліф (Jimmy Cliff) і Пітар Тош (Peter Tosh). Акрамя рэгі на Ямайцы ёсьць многа іншых мясцовых стыляў і напрамкаў. Дзейнічае Ямайская Танцавальная асацыяцыя, якая праводзіць штогадовыя конкурсы й фэстывалі. З запазычаных стыляў найбольш папулярныя — рок, ска, рэп, джангл. Многія ямайскія музыкі й сьпевакі працуюць у ЗША, Велікабрытаніі й Канадзе.
У сярэдзіне ХХ ст. сфармаваўся «ямайскі» стыль жывапісу. Вядомыя прадстаўнікі: Эдна Мэнлі (Edna Manley), Альбэрт Хʼю (Albert Huie), Капо (Kapo).
Ва ўсім сьвеце добра вядома ямайскае кулінарнае мастацтва (галоўным чынам, алькагольныя напоі, кандытарскія вырабы й стравы на аснове ямайскага перцу).
Найбольш папулярныя віды спорту: футбол, лёгкая атлетыка, крыкет, бабсьлей. На Алімпійскіх гульнях у Пекіне (2008 г.) нацыянальная зборная Ямайкі атрымала 6 залатых мэдалёў, зь якіх 3 на рахунку лёгкаатлета Усейна Болта.
Хаця абавязковая пачатковая адукацыя была ўведзена ў краіне ў 1860—1870-ых гг., да другой паловы ХХ ст. не было адзінай сыстэмы адукацыі. Рэформы 1972—1976 і 1982 гг. стварылі сыстэму, набліжаную да амэрыканскай. На яе разьвіцьцё траціцца каля 11 % дзяржаўнага бюджэту. Працуе 6 вышэйшых навучальных установаў.
Турызм
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Ямайка — сусьветна вядомы кліматычны курорт. Большасьць турыстаў наведваюць яго для адпачынку на моры. Найбольш папулярныя пляжы на заходняй і паўночнай частках вострава (так званая Ямайская Рыўера). У Спаніш-Таўне захаваўся стары каляніяльны горад, пабудаваны ў XVII — пачатку ХХ стст. У Кінгстане працуе рад музэяў, у тым ліку Гістарычны музэй і музэй Боба Марлі. Іншыя цікавыя месцы: вадапады на рацэ Дэнс-Рывер, гістарычны нацыянальны парк на месцы плянтацыі Бельведэра й інш. На працягу году праводзяцца фэстывалі, у тым ліку штогадовы забаўляльны карнавал. Грамадзянам Беларусі для наведваньня Ямайкі абавязковая віза. Турыстычную візу (бяз права да працы) да 30 дзён можна аформіць прыбыўшы (пры ўмове забраніраванага жыльля).
Цікавыя факты
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Многія ямайцы азіяцкага паходжаньня сталі сусьветна вядомымі: мадэль Наомі Кэмпбэл, жакей Шон Брыдгмахан, канадзкі мільярдэр Мішэль Ле Чын.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Carnegie Ch. V. Garvey and the Black Transnation. // Small Axe, No 5, vol.3, 1999. — p. 48 — 66 Chevannes B. Rastafari: Roots and Ideology. — Syracuse: Syracuse University Press, 1994.
- Jamaica: A Plantation Community in Slavery and Freedom. / Higman B. W., Aarons G. A., Karklins K., Reitz E. J. — Barbados: University of West Indies Press, 1998
- Maroon Heritage: Archaeological, Ethnographic, and Historical Perspectives. / Ed. E. K. Agorsah. — Barbados: Canoe Press, University of West Indies Press, 1994
- Senior O. The Encyclopedia of Jamaican Heritage. — Kingston: Twin Guinep Publishers Ltd, 2004