Электраэнэргетыка
Электраэнэрге́тыка (грэц. ἤλεκτρον + ἐνέργεια — бурштын + дзеяньне) — галіна энэргетыкі, што ахоплівае атрыманьне электраэнэргіі, перадачу яе на адлегласьць і разьмеркаваньне між спажыўцамі.
Забясьпечвае электрыфікацыю гаспадаркі і мае важнае значэньне ў прамысловасьці. Разьвіцьцё электраэнэргетыкі абумоўлена перавагамі электраэнэргіі перад іншымі відамі энэргіі — лёгкасьцю перадачы на вялікую адлегласьць, яе разьмеркаваньня і пераўтварэньня ў іншыя віды энэргіі (мэханічную, цеплавую і хімічную). Адметная рыса — адначаснасьць стварэньня і спажываньня электраэнэргіі. Асноўная частка вырабляецца на буйных электрастанцыях (цеплавых, водных і атамных), злучаных лініямі электраперадачы высокай напругі ў аўтаматызаваныя і цэнтралізавана кіраваныя электраэнэргетычныя сыстэмы. З дапамогай трансфарматарных падстанцыяў і разьмеркавальных электрычных сетак электраэнэргія дастаўляецца да спажыўцоў. Віды: ветраэнэргетыка, гідраэнэргетыка, цеплаэнэргетыка і ядзерная энэргетыка[1].
Віды
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Ветраэнэргетыка. Адмыслоўваецца на пераўварэньні кінэтычнай энэргіі руху паветраных масаў у атмасфэры ў электрычны, мэханічны, цеплавы і ўсялякі іншы від энэргіі, зручны для выкарыстаньня. Такое пераўтварэньне можа ажыцьцяўляцца ветрагенэратарам — для атрыманьня электраэнэргіі, ветраком — для пераўтварэньня энэргіі ветру ў мэханічную энэргію. Пры дапамозе ветразя можна выкарыстоўваць энэргію паветранай масы для перавозу. Ветраэнэргетычныя ўстаноўкі (ВЭУ) бываюць некалькіх відаў паводле: 1) магутнасьці генэратара, 2) памеру, 3) колькасьці лопасьцяў, 4) разьмяшчэньня восі кручэньня лопасьцяў (вэртыкальна- і гарызантальнавосевыя). Каб ветраўстаноўка выпрацоўвала электраэнэргію паводле найбольшай (намінальнай) магутнасьці, пры выбары мясцовасьці ўлічваюць: 1) наяўнасьць адкрытай прасторы з адсутнасьцю перашкодаў для руху ветру, 2) вышыню пляцоўкі над узроўнем мора, 3) сярэднегадавую хуткасьць ветру на вышыні ротара ВЭУ. Зьменлівасьць наяўнасьці ветру вызначае пераменлівасьць выпрацоўкі ВЭУ электраэнэргіі. На 2013 год ветраўстаноўкі мелі здольнасьць да выпрацоўкі электраэнэргіі пры хуткасьці ветру ад 2—3 мэтраў за сэкунду. Цана 1 кілявату ўсталяванай магутнасьці гарызантальнавосевай ВЭУ невялікай магутнасьці складала каля 1—2 тыс. даляраў ЗША. Паводле зьвестак дзяржаўнай сеткі гідрамэтэаралягічных назіраньняў Беларусі, сярэднегадавы фонавы вецер у краіне на вышыні ўсталёўкі чуйнікаў напрамку і хуткасьці ветру (10—12 мэтраў) складаў 3—4 мэтры за сэкунду.
- Гідраэнэргетыка.
- Сонечная энэргетыка. Грунтуецца на пераўтварэньні сонечнай энэргіі ў пастаянны электрычны ток. Сонечная батарэя ёсьць злучэньнем фотаэлетрычных пераўтваральнікаў (фотаэлемэнтаў) у выглядзе паўправадніковых прыладаў. Атрыманая энэргія можа: 1) выкарыстоўвацца наўпрост спажыўцамі пастаяннага току, 2) назапашвацца ў акумулятарных батарэях для далейшага выкарыстаньня або пакрыцьця пікавай нагрузкі, 3) пераўтварацца ў зьменны ток напругай 220 вольт для сілкаваньня падлучаных спажыўцоў зьменнага току, 4) выкарыстоўвацца для падагрэву вады і сушкі ў сельскай гаспадарцы і побыце пры дапамозе сонечнага воданагравальніка і геліяўстаноўкі. На 2013 год цана сонечнай электрастанцыі вагалася ў межах 1,5—5 даляраў ЗША за 1 ват усталяванай магутнасьці. Паводле мэтэаралягічных зьвестак, у Беларусі ў сярэднім на год было 30 ясных дзён, 185 — зь пераменнай воблачнасьцю і 150 — пахмурных. Сярэднегадавое паступленьне сонечнай энэргіі на зямную паверхню з улікам начэй і воблачнасьці складала 243 калёрыі на см² за содні. Гэта адпавядала 2,8 кіляват/м² за содні, што з улікам каэфіцыенту карыснага дзеяньня каля 12% складала 0,3 кіляват/м² за содні[2].
- Цеплаэнэргетыка.
- Ядзерная энэргетыка.
Беларусь
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]27 сьнежня 2010 году А.Лукашэнка падпісаў Закон Рэспублікі Беларусь «Аб узнаўляльных крыніцах энэргіі», паводле 16-га артыкула якога: «Вытворцы энэргіі з узнаўляльных крыніцаў энэргіі маюць права на: ... гарантаванае набыцьцё дзяржаўнымі энэргазабясьпечвальнымі арганізацыямі ўсёй прапанаванай энэргіі,... пастаўленай імі ў дзяржаўныя энэргетычныя сеткі». Згодна з 20-м артыкулам «Расцэнкі на энэргію, вырабленую з аднаўляльных крыніцаў энэргіі і набытую дзяржаўнымі энэргазабясьпечвальнымі арганізацыямі (ДВА «Белэнэрга»), усталёўваюцца на ўзроўні расцэнак на электраэнэргію для прамысловых... спажыўцоў з далучанай магутнасьцю да 750 кілявольт·ампэр з прымяненьнем павышальных каэфіцыентаў, адрозных у залежнасьці ад віду ўзнаўляльных крыніцаў энэргііі, у першыя 10 гадоў з дня ўводу ў эксплёатацыю ўстаноўкі». 30 чэрвеня 2011 году Міністэрства эканомікі Рэспублікі Беларусь зацьвердзіла Пастанову № 100 «Аб тарыфах на электрычную энэргію, вырабленую з узнаўляльных крыніцаў энэргіі...», паводле якой у першыя 10 гадоў выкарыстоўваецца каэфіцыент 1,3 для ветраўстановак і 3 для сонечных установак. Пагатоў расцэнкі індэксуюцца на зьмяненьне курсу беларускага рубля ў адносінах да даляра ЗША[2].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Электраэнэргетыка // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 2004. — Т. 18. Кніга 1. — С. 94. — 472 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0295-4
- ^ а б Сяргей Расолька. Як набыць ветрагенэратар ці сонечную батарэю // Зьвязда : газэта. — 27 жніўня 2013. — № 159 (27524). — С. 5. — ISSN 1990-763x.
Гэта — накід артыкула. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |