Францішак Смуглевіч
Францішак Смуглевіч | |
Юзэф Пешка. Партрэт Францішка Смуглевіча. 1790—1800 гг. | |
Імя пры нараджэньні | Franciszek Smuglewicz |
---|---|
Дата нараджэньня | 6 кастрычніка 1745[1][2][3] |
Месца нараджэньня | |
Дата сьмерці | 18 верасьня 1807[1][2][3] (61 год) |
Месца сьмерці | |
Месца пахаваньня | |
Занятак | маляр, прафэсар унівэрсытэту |
Месца працы | |
Францішак Смуглевіч (па-польску: Franciszek Smuglewicz, па-летувіску: Pranciškus Smuglevičius, 6 кастрычніка 1745, Варшава — 18 верасьня 1807, Вільня) — польскі мастак, заснавальнік беларускай і літоўскай нацыянальнай школы жывапісу.
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Першымі настаўнікамі былі бацька мастак Лукаш Смуглевіч (апроч Францішка, яшчэ чатыры яго сыны зьвязаны з выяўленчым мастацтвам) і сваяк Шыман Чаховіч. У 1763—1764 гадах вучыўся ў Рыме ў Антоня Марона(ru), з 1765 году як стыпэндыят караля Станіслава Аўгуста ў рымскай Акадэміі сьвятога Лукі. У Рыме працаваў над інтэр’ерам касьцёла Сьвятога Станіслава(en), таксама супрацоўнічаў з Вінчэнца Брэна пры інвэнтарызацыі палаца Нерона (Domus Aurea(ru)). У адукацыйных мэтах капіяваў творы майстроў. У 1784 годзе вярнуўся ў Варшаву. У 1785 годзе й, пасьля перапынку, з 1797 году жыў і працаваў у Вільні, у 1786—1797 гадах у Варшаве, дзе заснаваў прыватную школу жывапісу. Заснаваў катэдру жывапісу й рысунка ў Галоўнай віленскай школе, у 1803 годзе ператворанай у імпэратарскі Віленскі ўнівэрсытэт, і кіраваў ёю; прафэсар (1797). Гэта быў пачатак так званай віленскай школы жывапісу. Яго вучнямі былі, сярод іншага: Ёсіф Аляшкевіч, Юзэф Пешка, Мацей Тапольскі(pl) і Матэвуш Такарскі(pl). У 1800—1801 гадах па запрашэньні расейскага імпэратара Паўла І жыў і працаваў у Санкт-Пецярбургу, у прыватнасьці афармляў інтэр’еры Міхайлаўскага замку. Быў пахаваны на могілках Роса (Расу) у Вільні. Аднак дакладнае месца яго пахаваньня было невядома ўжо ў канцы XІX стагодзьдзя.
Творчасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Малярства па сваім характары клясыцыстычны (пераважна карціны на тэмы старажытнай гісторыі й Бібліі, партрэты; алегарычныя й бытавыя сцэны), з элемэнтамі барока. Пісаў карціны для касьцёлаў Варшавы й іншых гарадоў Польшчы. У віленскім касьцёле Сьвятых Пятра й Паўла знаходзіцца адно з палотнаў Смуглевіча на рэлігійную тэму — «Разьвітаньне свв. Пятра й Паўла» (1804).
Аўтар цыкла акварэляў з краявідамі архітэктурных помнікаў Вільні (1785; Мастацкі музэй Літвы), якія маюць значэньне крыніцы каштоўнай іконаграфічнай інфармацыі пра былыя ці незваротна перабудаваныя збудаваньні. Дзякуючы шматлікім рэпрадукцыям шырока вядомыя акварэлі Смуглевіча, якія зафіксавалі браму віленскай гарадзкой сьцяны й разваліны каралеўскага замка ў Вільні.
У 1790 годзе пачаў незавершаную сэрыю малюнкаў і літаграфій па польскай гісторыі ў сто гравюр, якія ілюстравалі гісторыю польскай нацыі, напісаную Адамам Нарушэвічам.
Не грэбаваў заказамі на выпадковыя працы — «Павал Ксавэрый Бжастоўскі аб’яўляе Статут сялянам Паўлава», 1795 год.
З братам Антоніем Смуглевічам малявалі фрэскі палацаў у Дабжыцы(pl), Сьмілаве(pl) і Любострані(pl). Таксама ў 1802 годзе яны разам дэкаравалі залю пасяджэньняў у Галоўнай віленскай школе, цяпер Заля Смуглевіча Віленскага ўнівэрсытэту (чытальная заля рэдкай кнігі бібліятэкі Віленскага ўнівэрсытэту(lt)). Фрэскі ў зале пасяджэньняў прадстаўлялі 12 антычных пэрсанажаў: Сакрата, Плютарха, Піндара, Анакрэонта, Гесыёда, Геракліта, Арыстотэля, Эўрыпіда, Дыягена, Гамэра, Архімэда й Плятона
Творчасьць аказала вялікі ўплыў на разьвіцьцё літоўскага выяўленчага мастацтва.
-
Партрэт сям’і Прозар. 1789 г. (Нацыянальны музэй, Варшава).
-
Прысяга Тадэвуша Касьцюшкі на кракаўскім рынку. 1797 г. (Нацыянальны музэй, Познань).
Вядомыя творы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- «Літоўскія сяляне» (Віленская карцінная галерэя(lt) Мастацкага музэя Летувы)
- «Смерць Віргініі» (Віленская карцінная галерэя(lt) Мастацкага музэя Летувы)
- «Скіфскія паслы ў Дарыя» (Віленская карцінная галерэя(lt) Мастацкага музэя Летувы)
- «Партрэт сям’і Прозар» (1789, Нацыянальны музэй, Варшава)
- «Прысяга Касьцюшкі» (1797, Нацыянальны музэй, Познань)
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б Franciszek Smuglewicz (нід.)
- ^ а б Ryszkiewicz A. Franciszek Smuglewicz // Smuglewicz, Franciszek (анг.) // Grove Art Online / J. Turner — [Oxford, England], Houndmills, Basingstoke, England, New York: OUP, 2018. — doi:10.1093/GAO/9781884446054.ARTICLE.T079377
- ^ а б Franciszek Smuglewicz // Польскі біяграфічны інтэрнэт-слоўнік (пол.)
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Дробаў Л. Н. // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т.. — Мн.: 2002 Т. 15: Следавікі — Трыо. — С. Смуглевіч Францішак, с. 62.
- Дробов Л. Н. Живопись Белоруссии XIX — начала XX в. — Мн.: «Навука і тэхніка»,1974. (рас.)
- Гісторыя беларускага мастацтва: У 6-ці т. Т. 3: Канец XVIII — пач. XX ст. / Рэдкал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш.; рэд. тома Л. М. Дробаў, П. А. Карнач. — Мн.: «Навука і тэхніка», 1989.
- Pranciškus Smuglevičius ir jo epocha. Vilnius: Vilniaus dailės akademijos leidykla, 1997. ISBN 1392-0316-10.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Францішак Смуглевіч — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
- Смуглевіч Францішак на бачыне анляйнавай энцыкляпэдыі «Беларусь у асобах і падзеях»
- Professor Pranciskus Smuglevicius Архівавана 26 лістапада 2004.
- Pages using the JsonConfig extension
- Нарадзіліся 6 кастрычніка
- Нарадзіліся ў 1745 годзе
- Нарадзіліся ў Варшаве
- Памерлі 18 верасьня
- Памерлі ў 1807 годзе
- Памерлі ў Вільні
- Пахаваныя на могілках Росы
- Выкладчыкі Віленскага ўнівэрсытэту
- Нарадзіліся 18 верасьня
- Нарадзіліся ў 1807 годзе
- Польскія мастакі і мастачкі
- Летувіскія мастакі і мастачкі
- Беларускія мастакі