Паўлаўская рэспубліка
Па́ўлаўская рэспу́бліка (па-польску: Rzeczpospolita Pawłowska, па-летувіску: Paulavos respublika) — маёнтак Паўлава ў былым Віленскім павеце Рэчы Паспалітай (цяпер Летува), у якім у другой палове XVIII ст. быў зьдзейсьнены шэраг кардынальных сацыяльна-эканамічных рэформаў, у выніку чаго ў маёнтку было створана мясцовае самакіраваньне. Тэрыторыя рэспублікі складала больш за тры тысячы га, у самакіраваньня існавалі ўласная канстытуцыя, герб, грошы, сойм, скарб, касы самадапамогі і школа[1].
Сыстэма самакіраваньня ў Паўлаве праіснавала агулам 25 гадоў.
Гістарычны агляд
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1767 годзе віленскі ксёндз Павал Ксавэры Бжастоўскі набыў маёнтак Мерач (Мяркіне)(lt)[2], які ў свой гонар назваў Паўлава. Новы ўладальнік, прытрымліваючыся ідэяў Асьветніцтва, правёў шырокія рэформы, мэтаю якіх было паляпшэньне жыцьця сялянаў. У 1769 року зь іх згоды новы ўладальнік выдаў Статут, згодна зь якім сялянам надавалася ўласная вольнасьць і права пакінуць маёнтак пры ўмове выплочваньня пазыкаў і знаходжаньня для сябе замены. Сяляне маёнтку падзяляліся на чатыры катэгорыі: пяняжнікі, баяры, цяглыя ды ектнікі, зь якіх першыя тры катэгорыі атрымалі буйныя гаспадаркі, за якія несьлі грашовую, грашова-адпрацоўвальную і адпрацоўвальную віннасьці адпаведна.
У 1786 року адбыўся працэс падзелу практычна ўсёй фальварачнай зямлі паміж мясцовымі сялянамі (у выніку чаго была ліквідаваная цераспалосіца), пры гэтым адпрацоўвальная віннасьць замянялася грашоваю — чыншам. Сяляне таксама атрымлівалі права на вольнае выкарыстоўваньне Мерацкай пушчай, распараджэньне ўласнаю маёмасьцю (у тым ліку, часткова, і зямлёю), заняцьце рамёствам і гандлем[3].
Самакіраваньне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У маёнтку быў створаны інстытут мясцовага самакіраваньня паводле ўзору дзьвюхпалатнага парлямэнту, вядомы як сойм. Гэтая сыстэма абапіралася на спэцыяльна распрацаванае Бжастоўскім заканадаўства, апублікаванае ім у 1771 годзе. Парлямэнт рэспублікі прыняў назву «Паўлаўская рэспубліка», 4 красавіка 1791 року ў маёнтку была прынятая Канстытуцыя.
Верхнюю палату мясцовага парлямэнту складалі губэрнатар, намесьнік (пісар), цівун і арэндатар, якія прызначаліся ўласна Бжастоўскім, а таксама выбарныя прадстаўнікі ад сялянаў: цэнзар, бурмістар, абодва лаўнікі, абодва лясьнічых, абодва мастаўнічыя ды дзясятнікі. Па ліквідацыі фальварку прызначаныя ўласьнікам асобы страцілі значэньні й былі выведзеныя са складу палаты, у якой паводле стану на 1791 рок засядалі цэнзар, падцэнзар, па чарыры стражнікі й дзясятнікі (войты), бурмістар, паддзясятнікі, два мастаўнікі (будаўнікі), а таксама чацьвёра лясьнічых; для паседжаньня верхняе палаты існаваў адмыслова адбудаваны дом.
Ніжняя палата складалася з усіх самастойных гаспадароў надзелаў у маёнтку. Паседжаньні гэтае палаты праходзілі пад старшынством губэрнатара і асобна ад верхняй. У 1791 годзе Павал Ксавэры Бжастоўскі замяніў гэты парлямэнт на камісію з 12 чыноўнікаў і 8 дэпутатаў, апошнія зь якіх прызначаліся Бжастоўскім кожныя чатыры гады зь ліку сялянаў[3].
Паводле Статуту 1769 году ў маёнтку ўводзіўся суд, задачай якога было разгляданьне спрэчак між сялянамі, сам суд складаўся з губэрнатара, пісара, цівуна ды двух лаўнікаў, якія абіраліся сялянамі. Была ўстаноўленая каса, якая прадастаўляла сялянам грошы, зерне й працоўную скаціну, у 1788 року было вылучана 30 тыс. злотых на падтрымку мясцовага фэльчара ды аптэкі. Праз тры гады, у 1791 року, суд быў пераўтвораны ў штотыднёвы, а сам суд сталі складаць абраныя лаўнікі. На ягоныя рашэньні магла быць пададзеная апэляцыя ў другі суд, які складаўся з трох гаспадароў надзелу.
За свае ўласныя сродкі Бжастоўскі забясьпечваў працу двух настаўнікаў для дзяцей і дарослых, а пазьней адкрыў школу. У ёй ажыцьцяўлялася выкладаньне чытаньню, пісьмовасьці, арытмэтыцы, рэлігіі, геаграфіі краю, асновам сельскае гаспадаркі, таксама наведвальнікі школы навучаліся сьпяваньню і некаторым практычным ведам (у тым ліку, хатняга рамёства), зь цягам часу навучаньне асновам сельскагаспадарчай навукі было пашыранае. У 1770 годзе Бжастоўскім быў выдадзены падручнік «Пра земляробства для выгоды гаспадароў, якія пражываюць у Паўлаве», а таксама падручнік пра хваробы й лёкі для сялянаў, прычым «Пра земляробства для выгоды гаспадароў, якія пражываюць у Паўлаве» стаў першым падручнікам па сельскай гаспадарцы ў Рэчы Паспалітай[3].
Маёнтак наведваў тагачасны кароль Рэчы Паспалітай Станіслаў Аўгуст Панятоўскі, які ўзнагародзіў Бжастоўскага ордэнам Белага Арла.
Зь сялянаў-мужчынаў было арганізаванае войска з мэтай яго выкарыстоўваньня для абароны дзяржавы. Войска забясьпечвалася мундырамі й зброяй аднаго калібру, якія захоўваліся ў сялянскіх хатах. Паўлава войска брала ўдзел у паўстаньні Тадэувша Касьцюшкі (1794), у чэрвені гэтага ж году яго іспэктаваў і высока адзначыў Якуб Ясінскі. 3 й 24 красавіка маёнтак штурмавалі расейскія войскі, якія ў выніку ў канцы месяцу ўзялі Паўлава. У канцы 1794 року Павал Ксавэры Бжастоўскі быў вымушаны эміграваць у Саксонію і прадаць маёнтак Ф. Машынскаму паводле ўмоваў захаваньня ягонага статусу. Пазьней маёнтак перайшоў ва ўладаньне іншых уласьнікаў, якія істотна падвысілі віннасьці і скарацілі правы сялянаў, аднак Паўлава яшчэ на працягу доўгага часу прытрымлівалася асноўных палажэньняў Статуту[3].
Рэформы спрыялі разьвіцьцю капіталістычных адносінаў і росту якасьці жыцьця сялянаў. Большасьць абшарнікаў тагачаснай Рэчы Паспалітай паставіліся да іх варожа, між тым іх прыводзілі ў якасьці прыкладу прагрэсіўна накіраваныя колы. Асобныя палажэньні Статуту маёнтку мелі паралелі таксама ў маёнтках і іншых абшарнікаў (прыкладам, маёнтак Шчорсы Яўхіма Храптовіча), аднак збольшага становішча рэспублікі зьяўлялася ўнікальным[3].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Leszek Wątrobski „Rzeczpospolita Pawłowska”, The Sumit Times, Vol. 9, Issue No. 26/2002.
- ^ Zygmunt Józef Przychodzeń: Brzostowski Paweł Ksawery ks.
- ^ а б в г д Пазднякоў В. Паўлаўская рэспубліка // Вялікае Княства Літоўскае. Энцыклапедыя у 3 т. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя імя П. Броўкі, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — С. 410—411. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0
- Brzostowski P. K. Pawłów od r. 1767 do r. 1795 od jednego domowego przyjaciela opisany. — Wiln-Warszawa, 1811.
- Ustawy stosujące się do dobrego porządku i powinności osiadłych ludzi w dobrach Pawłowie czyli Mereczu. — Wilno, 1771, 1791 (II wyd.).
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Кітурка І. Ф. Асветніцтва і аграрныя рэформы ў Вялікім Княстве Літоўскім у другой палове XVIII ст.(недаступная спасылка) // Arche. — 2011. — № 6. — С.203—230.
- Bartyś J. Rzeczpospolita Pawłowska na tle reform włościańskich w Polsce w XVIII wieku. — Warszawa: Iskry, 1982. — ISBN 83-207-0412-X.
- Obst J. Rzeczpospolita Pawłowska // Litwa i Ruś. — 1913. — Z. III. — S. 129—145.
- Rostworowski E. Reforma pawłowska Pawła Ksawerego Brzostowskiego // Przegląd Historyczny. — No. 1—2. — 1953.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Hanna Widacka. Rzeczpospolita Pawłowska // Muzeum Pałac w Wilanowie. (пол.)