Робэрт Эдўард Лі
Робэрт Эдвард Лі Robert Edward Lee | |
19 студзеня 1807[1][2][3][…] — 12 кастрычніка 1870[1][2][3][…] (63 гады) | |
Фатаздымак Робэрта Лі (1864) | |
Мянушка |
|
---|---|
Месца нараджэньня | |
Месца сьмерці | |
Прыналежнасьць |
|
Род войскаў | Узброеныя сілы ЗША Узброеныя сілы КША |
Гады службы | 1829—1861 (ЗША) 1861—1865 (КША) |
Званьне | палкоўнік (ЗША) генэрал (КША) |
Камандаваў | |
Бітвы/войны | |
Сувязі | Генры Лі III (бацька) |
Ро́бэрт Э́двард Лі (па-ангельску: Robert Edward Lee; 19 студзеня 1807, Стрэтфард Гол, Вірджынія — 12 кастрычніка 1870, Лексынгтан, Вірджынія) — амэрыканскі генэрал, галоўнакамандуючы арміяй Канфэдэрацыйных Штатаў у часе грамадзянскай вайны ў ЗША.
Жыцьцяпіс
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Маладыя гады
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Робэрт Эдвард Лі нарадзіўся ў сям’і генэрал-маёра Генры Лі III (1756—1818), губэрнатара Вірджыніі, і ягонай другой жонкі Ганны Гіл Картэр (1773—1829). Агулам мелі шасьцёх дзяцей.
У 1809 сям’я пераехала ў Александрыю. У 1812 року Генры Лі III быў паранены ў забурэньнях у Балтымары і зьехаў на лекаваньне ў Вэст-Індыю, дзе й памер.
Робэрт Лі навучаўся ў Фокірскай школе, пасьля ў Александрыйскай акадэміі, а ў 1825 дзякуючы хадайніцтву сваяка трапіў у Вэст-Пойнцкую Вайсковую акадэмію. Па сканчэньні ў 1829 року атрымаў пазачарговае званьне(en) другога лейтэнанта Інжынэрных войскаў. Займаўся будаўніцтвам форту Пуласкага ў Джорджыі, форту Манро на Вірджыніі.
На службе Зьвязу
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1834 Лі быў пераведзены ў Вашынгтон памочнікам генэрала Шарля Грат’ё (анг. Charles Gratiot). У 1836 атрымаў званьне першага лейтэнанта, а дзякуючы інжынэрнай працы на Місысыпі і Мізуры павышаны да капітана. Каля 1842 року прызначаны інжынэрам у форт Гэмілтан.
Робэрт Лі вызначыўся ў часе Мэксыканска-амэрыканскай вайны 1846—1848 рокаў, арганізаваўшы некалькі перамогаў як афіцэр штабу ў мясьцінах, дзе мэксыканцы не чакалі атакі з-за непраходнай тэрыторыі. Пасьля бітвы пад Сэра Горда ў 1847 атрымаў пазачарговае званьне маёра; ваяваў таксама пад Кантрэрасам, Чурубуска, Чапультэпэкам, дзе быў паранены. Па сканчэньні вайны служыў у форце Кэрал у званьні капітана.
У 1852 прызначаны супэрінтэндантам Вайсковай акадэміі ў Вэст-Пойнце. У 1855 року атрымаў доўгачаканае павышэньне да намесьніка камандуючага 2-га кавалерыйскага палку ў Тэхасе, што азначала пераход з інжынэрных войскаў у палявыя ўмовы. Аднак у 1857 року памёр ягоны цесьць Джордж Ўошынгтан Парк Кастыс, які пакінуў, акрамя вялікіх земля- і рабаўладаньняў, таксама і вялікія даўгі. Робэрт Лі быў вымушаны сысьці ў двухгадовы адпачынак, каб кіраваць плянтацыямі. Паводле запавету цесьця ён вызваліў рабоў напрыканцы пяцігадовага тэрміну пасьля сьмерці Кастыса, у 1862 року.
У 1859 року Робэрт Лі на загад прэзыдэнта Джэймза Б’юкэнэна здушыў бунт Джона Браўна, які з групай іншых абаліцыяністаў захапіў збройны арсэнал у Гарпэрс Фэры (Заходняя Вірджынія), спадзеючыся ўзьняць паўстаньне рабоў.
Грамадзянская вайна
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1860 прыбыў у форт Браўн на дапамогу маёру Самуэлю Гайнцэльману. Пасьля выхаду Тэхасу з складу Зьвязу генэрал Дэйвід Эман’юэл Тўігз падначаліў увесь амэрыканскі кантынгент у штаце тэхасцам і сам перайшоў на бок канфэдэратаў. Робэрт Лі вярнуўся ў Вашынгтон, дзе 28 сакавіка быў пастаўлены палкоўнікам 1-га палку кавалерыі Зьвязу. Аднак 18 красавіка адмовіўся ад прапановы ўзначаліць абарону Вашынгтону і перайшоў ва ўзброеныя сілы Вірджыніі. Ягоныя самыя блізкія таксама перайшлі на бок канфэдэратаў, хоць большасьць сваякоў, як і 40% вірджынскіх афіцэраў, засталіся адданымі Зьвязу.
Сьпярша Лі камандаваў усімі войскамі Вірджыніі, аднак пасьля ўтварэньня ўзброеных сілаў Канфэдэрацыйных Штатаў стаў адным зь пяці генэрал-маёраў. Ягоным першым прызначэньнем стала камандаваньне сіламі канфэдэратаў у Заходняй Вірджыніі, дзе ён прайграў бітву пад гарой Чыт і быў абвінавачаны ў няўдачы. Пасьля гэтага яго накіравалі на падрыхтоўку берагавой абароны на ўзьбярэжжы Караліны і Джорджыі. За чатыры месяцы ён грунтоўна ўмацаваў форт Пуласкага на рацэ Саване і форт Джэксана, што запаволіла прасоўваньне фэдэралаў па Саване і вызваліла войскі Джорджыі для ўдзелу ў кампаніі на паўвостраве. Тым ня меней, пераважныя сілы Фэдэрацыі 11 красавіка 1862 року ўзялі Пуласкі форт. Горад Савана быў узяты толькі ў сьнежні 1864 року пасьля добраахвотнай здачы ягонымі жыхарамі.
Нягледзячы на крытыку ў прэсе за страты канфэдэратаў, Робэрт Лі быў пастаўлены вайсковым дарадцам прэзыдэнта Канфэдэрацыі Джэфэрсана Дэвіса. У Рычмандзе Лі атрымаў жартоўную мянушку «штыковага караля» за рыцьцё траншыяў вакол сталіцы. Напрыканцы вайны гэтыя траншыі выканалі ключавую ролю. Яшчэ адна мянушка, «бабуля Лі», дасталася яму за дзіклівы стыль камандаваньня.
У чэрвені 1862 пасьля раненьня генэрала Джозэфа Джонстана Робэрт Лі быў пастаўлены галоўнакамандуючым Вірджынскай арміі, якую ён перайменаваў у Армію Заходняй Вірджыніі ў адрозьненьне ад арміі Зьвязу. Канфэдэрацкія газэты раскрытыкавалі гэтае прызначэньне, сьцьвярджаючы, што «бабуля Лі» будзе пасіўна чакаць нападу Зьвязу; сапраўды, першыя тры тыдні чэрвеню Робэрт Лі займаўся ўмацаваньнем абароны Рычманду. Аднак пасьля ён зьдзейсьніў шэраг адважных атакаў на сілы генэрала МакКлэлана і, нягледзячы на пераўзыходзтва Зьвязу ў сіле і вялікія страты, адкінуў часткі МакКлэлана і сарваў ягоныя пляны. Гэтая перамога цалкам узьняла дух Канфэдэрацыі і зьмяніла стаўленьне да Лі, а Джордж МакКлэлан быў вымушаны спыніць кампанію на паўвостраве. Ад Сямідзённых бітваў да канца вайны падначаленыя паважліва называлі Робэрта Лі «Марсам Робэртам».
Неўзабаве Лі перамог іншую армію Зьвязу на чале з генэралам Джонам Поўпам на рацэ Бул Ране. Усяго праз 90 дзён ад пачатку камандаваньня ён адкінуў МакКлэлана з паўвостраву і адсунуў лінію фронту з 10 км ад Рычманду да 30 км ад Вашынгтону. Пасьля гэтага ён рушыў у Мэрылэнд і Пэнсыльванію ў спадзеве захапіць падмацаваньне на тэрыторыі Зьвязу. 17 верасьня ягонае войска сустрэлася пад Шарпсбургам зь сіламі МакКлэлана, дзе ў самай крывапралітнай аднадзённай бітве Грамадзянскай вайны абодва бакі панесьлі велізарныя страты; Лі, ледзь здолеўшы адбіць атакі Зьвязу, наступнага дня вярнуўся ў Вірджынію. Пасьля гэтай бітвы прэзыдэнт Абрагам Лінкальн вырашыў падпісаць праклямацыю аб вызваленьні рабоў, што паставіла Канфэдэрацыю ў нявыгаднае становішча.
Прызначаны замест Джорджа МакКлэлана галоўнакамандуючы арміяй Патамаку Эмбраўз Бэрнсайд рушыў уздоўж ракі Рапаганак на Фрэдэрыксбэрг. Аднак затрымка зь пераправай дазволіла арміі Робэрта Лі падрыхтаваць абарону, і лабавая атака Зьвязу 13 сьнежня 1862 року сталася для Бэрнсайда разгромам. Замест яго прэзыдэнт Лінкальн прызначыў галоўнакамандуючым арміі Патамаку Джозэфа Гукера.
У траўні 1863 року Гукер прыйшоў пад Чэнсэларсвіль, дзе быў нечакана атакаваны сьмелым манэўрам корпусу Стоўнўола Джэксана. Робэрт Лі зноў дабіўся перамогі над пераўзыходнымі сіламі Зьвязу, аднак коштам вялікіх стратаў, у тым ліку і самога Джэксана, выпадкова забітага ўласнымі жаўнерамі. Ва ўмовах паразаў на заходнім фронце, дзе разрозьненыя арміі канфэдэратаў не маглі супрацьстаяць наступу генэрала Ўлісэса Гранта на Віксбэрг, Лі пераканаў Дэвіса саступіць Віксбэрг і распачаць яшчэ адно ўварваньне на Поўнач з мэтай захопу прадуктаў у пладавітых фэрмэрскіх раёнах Пэнсыльваніі; а ў доўгатэрміновай пэрспэктыве схіліць Поўнач да замірэньня.
Улетку 1863 року Робэрт Лі рушыў праз заходні Мэрылэнд у паўднёва-цэнтральную Пэнсыльванію, дзе сустрэў сілы Зьвязу пад даводзтвам Джорджа Міда. Бітва разгортвалася ў адсутнасьць кавалерыйскага корпусу Джэба Ст’юарта, з удзелам маладых і яшчэ недасьведчаных на полі бою падначаленых, і самога хворага Лі. Трохдзённая бітва стала самай крывапралітнай у Грамадзянскай вайне. У першы дзень перавага была на баку канфэдэратаў, хоць Рычард Эвэл і ня здолеў захапіць ключавыя пазыцыі на полі бітвы. На другі дзень канфэдэраты ня здолелі прарваць пазыцыі Зьвязу; на трэці дзень генэрал Лі вырашыў правесьці лабавую цэнтральную атаку, нягледзячы на пярэчаньні ягонага найлепшага камандуючага генэрала Лонгстрыта. Атака апынулася катастрафічнай для канфэдэратаў, якія былі адкінутыя зь вялізнымі стратамі і вымушаныя былі адступіць. Пасьля гэтай паразы Робэрт Лі адаслаў прэзыдэнту Дэвісу заяву на звальненьне, аднак быў пакінуты на пасадзе.
Увосені Лі зноў сутыкнуўся зь Мідам у дзьвюх нязначных бітвах. Войска канфэдэратаў ня здолела аднавіцца пасьля трохдзённай бітвы ў паўднёвай Пэнсыльваніі.
У 1864 року новы генэрал-аншэф Зьвязу Ўлісэс Грант, карыстаючыся перавагай у жывой сіле і матэрыяльных рэсурсах, вырашыў адолець Робэрта Лі вайной на зьнясіленьне, трымаючы войскі канфэдэратаў на абароне Рычманду. Лі пасьпяхова адбіваў атакі Грантавай кампаніі, аднак сілы Зьвязу паступова прасоўваліся на паўднёвы ўсход уздоўж Джэймзу. Адбіўшы спробы Зьвязу захапіць Пітэрсбэрг, істотны чыгуначны вузел да Рычманду, сілы Лі акапаліся вакол места. Аблога Пітэрсбэргу цягнулася з чэрвеня 1864 да сакавіка 1865 року, і сілы канфэдэратаў паступова таялі.
31 студзеня 1865 Робэрт Лі атрымаў званьне генэрала-аншэфа арміі канфэдэратаў. 2 красавіка 1865 року Пітэрсбэрг быў узяты войскамі Зьвязу, а Лі адышоў на захад. Падчас спробы аб’яднацца з арміяй Джозэфа Джонстана ў Паўночнай Караліне Робэрт Лі быў акружаны і 9 красавіка 1865 року здаўся пасьля бітвы пад Апаматаксам. Іншыя арміі наступавалі ягонаму прыкладу.
Паваеннае жыцьцё
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Пасьля вайны Робэрт Лі ня быў арыштаваны і асуджаны, хоць страціў права галасаваць і некаторую маёмасьць. Даваенны дом Лі быў заняты войскамі Зьвязу і пераўтвораны ў Арлінгтанскія нацыянальныя могілкі, хоць пасьля сьмерці генэрала канфіскацыя будынку была прызнаная незаконнай, і дзяржава выплаціла кошт будынку нашчадкам.
29 траўня 1865 року прэзыдэнт Эндру Джонсан абвясьціў амністыю ўдзельнікам паўстаньня супраць Злучаных Штатаў Амэрыкі, аднак за выняткам чатырнаццаці тыпаў паўстанцаў, сярод якіх апынуўся і Робэрт Лі. Гэтыя асобы мусілі зьвярнуцца па амністыю да прэзыдэнта асабіста. Свой зварот Лі адаслаў 13 чэрвеня 1865 року, аднак не атрымаў адказу. У 1868 року Джонсан абвясьціў другую амністыю для ўсіх удзельнікаў вайны без выняткаў.
У 1865 року Робэрт Лі прыняў прапанову заняць пасаду прэзыдэнта коледжу Вашынгтона ў Лексынгтане і працаваў у ім да скону.
Лі стаяў на пазыцыях дэмакратаў у пытаньні скасаваньня карных мераў супраць Поўдню. На нацыянальным узроўні ён стаў сымбалем прымірэньня Поўначы і Поўдню і рэінтэграцыі колішняй Канфэдэрацыі ў нацыянальнае будаўніцтва. Падтрымліваў сыстэму бясплатных школаў для чорных, аднак адмаўляў ім у праве на ўдзел у галасаваньнях. Таксама ён рэкамэндаваў дэпартаваць неграў зь Вірджыніі. На пасадзе дырэктара коледжу Вашынгтона абараняў неграў усутыч да выключэньня белых студэнтаў, якія нападалі на іх.
28 верасьня 1870 у Робэрта Лі здарыўся паралюш, і ён сканаў 12 кастрычніка 1870 ад пнэўманіі. Пахаваны пад капліцай Лі ў коледжы Вашынгтона (цяпер Унівэрсытэт Вашынгтона і Лі).
Сям’я
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1831 року, падчас службы ў форце Манро, ажаніўся зь сяброўкай дзяцінства Мэры Кастыс. Зь ёй мелі трох сыноў і чатырох дачок. Усе дзеці пахаваныя разам з бацькамі ў капліцы сям’і Лі ўнівэрсытэту Вашынгтона і Лі.
Ушанаваньне памяці
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Сярод прыхільнікаў Канфэдэрацыі Лі стаў больш шанаваным пасьля здачы, чым падчас вайны, у якой асноўным героем быў Стоўнўол Джэксан. Пасьля сьмерці ягоная слава працягвала расьці і ў канцы XIX стагодзьдзя дасягнула Поўначы.
Вайсковыя гісторыкі адзначаюць ягонае тактычнае майстэрства і манэўранасьць на полі бітвы.
Маркі ЗША з выявамі Робэрта Эдварда Лі выходзілі прынамсі пяць разоў з 1936 року. У 1925 року была выбітая памятная манэта з выявамі Стоўнўола Джэксана і Робэрта Лі на Каменнай гары.
У 1975 року Сэнат ЗША ухваліў закон «Аб поўным пасьмяротным аднаўленьні правоў генэрала Лі», 5 верасьня таго ж году зацьверджаны прэзыдэнтам Джэралдам Фордам.
Найбольш выбітны помнік генэралу Робэрту Лі вышынёй 18 м быў пастаўлены ў Нью-Арлеане ў 1884 року. 5-мэтровая статуя Лі вагой 3200 кг стаяла на калёне зь белага мармуру пасярод транспартнага кальца. 19 траўня 2017 статуя была зьнесеная ў межах кампаніі па зносе помнікаў канфэдэратам.
У сядзібе Кастыс-Лі ў Арлінгтане, дзе жыла сям’я Лі, у 1955 року створаны нацыянальны помнік, на ягонай тэрыторыі адкрытыя Арлінгтанскія нацыянальныя могілкі.
Постаць Лі выбітая разам з Стоўнўолам Джэксанам і Джэфэрсанам Дэвісам на барэльефе Каменнай гары ля Атланты.
Дзень народзінаў Робэрта Лі адзначаецца ў Вірджыніі, Тэхасе, Алабаме, Арканзасе і Місысыпі.
Імем Лі названы ўнівэрсытэт у Лексынгтане (Вірджынія) і коледж у Бэйтаўне (Тэхас).
У 1900 бюст Робэрта Лі быў зьмешчаны ў Залю славы вялікіх амэрыканцаў Нью-Ёрскага ўнівэрсытэту. У 2017 бюст выдалены.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б в Gallagher G. W. Robert E. Lee // Encyclopædia Britannica (анг.)
- ^ а б в Lundy D. R. General Robert Edward Lee // The Peerage (анг.)
- ^ а б в Robert Edward Lee // Энцыкляпэдыя Бракгаўза (ням.)
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Blassingame, John W. Slave Testimony: Two Centuries of Letters, Speeches, Interviews, and Autobiographies. — Louisiana State University Press, July 1977. — ISBN 0-8071-0273-3
- Davis, William C. The Commanders of the Civil War. — London: Salamander Books Ltd, 1999. — ISBN 1-84065-105-9
- Fellman, Michael [books The Making of Robert E. Lee]. — Random House, 2000. — ISBN 0-679-45650-3
- Freeman, Douglas S. [home.html R. E. Lee, A Biography]. — Charles Scribner's Sons, 1934.
- Nathaniel C., Jr. Hughes, St. John R. Liddell. Liddell's Record. — Louisiana State University Press, 1997. — ISBN 978-0-8071-2218-1
- Korda, Michael Clouds of Glory: The Life and Legend of Robert E. Lee. — HarperCollins Publishers, 2013. — ISBN 978-0-06-211629-1
- Lee, Edmund Jennings Lee of Virginia 1642—1892. — Genealogical Publishing Company, 1983. — ISBN 0-8063-0604-1
- McPherson, James M. Tried by War: Abraham Lincoln as Commander in Chief. — Penguin Press, 2008. — ISBN 978-1-4406-5245-5
- Nolan, Alan T. Lee Considered: General Robert E. Lee and Civil War History. — University of North Carolina Press, 1991. — ISBN 0-8078-4587-6
- Thomas, Emory M. Robert E. Lee. — W.W. Norton & Co., 1995. — ISBN 978-0-393-31631-5
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Жыцьцяпіс у энцыкляпэдыі Эпэлтана (анг.)
- Нэкралёг па Робэрту Лі (анг.) ў «The New York Times» (13 кастрычніка 1870)
- Нарадзіліся 19 студзеня
- Нарадзіліся ў 1807 годзе
- Памерлі 12 кастрычніка
- Памерлі ў 1870 годзе
- Нарадзіліся ў Вірджыніі
- Памерлі ў Вірджыніі
- Амэрыканскія генэралы
- Удзельнікі амэрыканска-мэксыканскай вайны
- Фэрмэры ЗША
- Рабаўладальнікі ЗША
- Робэрт Эдўард Лі
- Удзельнікі Грамадзянскай вайны ў ЗША
- Вайскоўцы Канфэдэрацыйных Штатаў Амэрыкі
- Памерлі ад пнэўманіі
- Заля славы вялікіх амэрыканцаў
- Памерлі ў Лексынгтане (Вірджынія)
- Асобы без грамадзянства
- Амэрыканскія вайскоўцы
- Выпускнікі Вайсковай акадэміі ЗША