Радаслаў Астроўскі
Радаслаў Астроўскі лац. Radasłaŭ Astroŭski | |
па-беларуску: Радаслаў Казіміравіч Астроўскі | |
1-ы Прэзыдэнт Беларускай Цэнтральнай Рады | |
---|---|
сьнежань 1943 — 17 кастрычніка 1976 | |
Папярэднік: | пасада заснаваная |
Наступнік: | Нікандар Мядзейка |
Асабістыя зьвесткі | |
Нарадзіўся: |
25 кастрычніка 1887 |
Памёр: |
17 кастрычніка 1976 (88 гадоў) |
Партыя: | Беларуская Сялянска-Работніцкая Грамада (цягам 20-х і пачатку 30-х гадоў) |
Дзеці: | Віктар Астроўскі |
Род: | Астроўскія |
Адукацыя: | |
- Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Астроўскі (неадназначнасьць).
Радасла́ў Казі́мераў Астро́ўскі[1] (25 кастрычніка 1887, Запольле, Беларусь — 17 кастрычніка 1976, Бэнтан-Харбар, Мічыган, ЗША) ― беларускі палітычны актывіст і лідэр, прэзыдэнт Беларускай цэнтральнай рады, беларускага ўраду пад нямецкай адміністрацыяй у 1943—1944 гадах.
Маладосьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Радаслаў Астроўскі нарадзіўся 25 кастрычніка 1887 году ў мястэчку Запольле Слуцкага павету Менскай губэрні. У 1898—1901 навучаўся ў Слуцкай духоўнай вучэльні. У 1902 паступіў у Слуцкую ґімназію, але быў выключаны за ўдзел у Расейскай Рэвалюцыі 1905—1907 гадоў. У 1908 годзе быў прыняты на матэматычны факультэт Санкт-Пецярбурскага ўнівэрсытэту. У 1911 годзе арыштаваны за ўдзел у рэвалюцыйных хваляваньнях. Утрымліваўся ў астрогах Санкт-Пецярбургу і Пскову, пасьля адпраўлены да бацькоў у Пружанскі павет пад нагляд паліцыі[1].
Пасьля выхаду на свабоду ў 1912 годзе аднавіўся ва ўнівэрсытэце і пазьней перавёўся ў Тартускі ўнівэрсытэт, дзе скончыў фізыка-матэматычны факультэт.
Працаваў настаўнікам ў Чанстахове (Польшча) і ў Менску. З 1915 па 1917 выкладаў у Менскім настаўніцкім інстытуце. Пасьля лютаўскай рэвалюцыі 1917 году быў камісарам Часовага ўраду Слуцкага павету. У верасьні таго ж году заснаваў Слуцкую беларускую гімназію і стаў яе дырэктарам.
Астроўскі выступіў супраць кастрычніцкага перавароту 1917 году. Быў дэлеґатам Першага Ўсебеларускага Зьезду. Выступаў за беларускую незалежнасьць у прэсе. Удзельнічаў у Слуцкім паўстаньні 1920 году.
Палітычная дзейнасьць у Заходняй Беларусі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1921 годзе пераехаў у заходнюю Беларусь. З 1924 па 1936 працаваў дырэктарам Віленскае беларускай гімназіі.
У другой палове дваццатых гадоў рэзка зьмяніў свае палітычныя погляды. У лютым 1924 году стаў ініцыятарам стварэньня праўрадавага прапаґандысцкага Польска-Беларускага Таварыства. Пасьля ягонага распаду ў тым жа годзе супрацоўнічаў зь Беларускай Камуністычнай Партыяй (бальшавікоў) і з Камуністычнай Партыяй Заходняй Беларусі, курыраваў падпольны камсамол у сваёй гімназіі.
З 1925 па 1926 год быў намесьнікам старшыні Беларускай Сялянска-Работніцкай Грамады, старшынём Таварыства Беларускай Школы, і Старшынём Управы Беларускага каапэратыўнага банка ў Вільні, празь які праходзілі сродкі на фінансаваньне Грамады. Адзін з заснавальнікаў Беларускага каапэратыўнага банку[2][3]. У 1926 уступіў у Камуністычную Партыю Заходняй Беларусі, быў арыштаваны польскімі ўладамі, але апраўданы на судовым працэсе супраць Грамады. У 1928 годзе Астроўскі зноў зьмяніў палітычную арыентацыю і стаў прапаґандаваць супрацоўніцтва з польскім урадам, за што настроіў супраць сябе многіх дзеячаў заходнебеларускага нацыянальнага руху. У траўні 1934 — сьнежні 1935 яны правялі над ім грамадзкі суд.
У 1929 Астроўскі быў адным з ініцыятараў стварэньня Беларускага прафэсійнага настаўніцкага саюзу, у 1930 — Цэнтральнага саюзу беларускіх арганізацыяў. У 1930 стаў дырэктарам новаадкрытай Віленскай беларускай настаўніцкай сэмінарыі імя Багушэвіча. У 1931 годзе апублікаваў у часопісе «Беларуская думка» даклад «Беларуская справа высоўваецца на парадак дзённы польскім грамадзянствам». У другой палове 1930-х гадоў пад псэўданімам «Эра» публікаваў артыкулы ў розных беларускіх кнігах-календарох, і ў ґазэце «Родны край». У 1936 годзе вымушаны пакінуць Вільню і пераехаць на настаўніцкую працу ў Лодзь.
3 чэрвеня 1937 году Галоўная ўправа ў справах літаратуры і выдавецтваў (Галоўліт) Беларускай ССР выдала Загад № 33 «Сьпіс літаратуры, якая падлягае канфіскацыі зь бібліятэк грамадзкага карыстаньня, навучальных установаў і кнігагандлю». Паводле Загаду, «усе кнігі» Радаслава Астроўскага прадугледжвалася «спальваць»[4].
У час Другой сусьветнай вайны
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Падчас нямецкай акупацыі 1939—1945 гадоў Астроўскі актыўна супрацоўнічаў зь нямецкімі ўладамі. У 1941 годзе вярнуўся ў Менск, працаваў там у цывільнай адміністрацыі. Стварыў беларускія адміністрацыі ў Бранску, Смаленску і Магілёве, працаваў у гэтых гарадох бурґамістрам.
У 1943 годзе Радаслаў Астроўскі стаў прэзыдэнтам Беларускай цэнтральнай рады, стварэньне якой было ўрэшце рэшт дазволенае немцамі, якія пачалі цярпець паразы на ўсходнім фронце, і спадзяваліся набыць сымпатыі беларусаў, каб потым мабілізаваць іх супраць Чырвонай Арміі. Хаця рада ня мела асаблівых паўнамоцтваў, яна тым ня менш у дазволеных межах кіравала некаторымі галінамі жыцьця, напрыклад, адукацыяй.
Астроўскі быў адным з галоўных арґанізатараў Другога Ўсебеларускага Зьезду ў 1944 годзе.
На эміграцыі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Пасьля вайны, ратуючыся ад саветаў, Астроўскі ўцёк у Заходнюю Нямеччыну і жыў на вуліцы Фольксгарцэнштрасэ 1 у Лянгэнфэльдзі[5]. У 1956 годзе пераехаў у Злучаныя Штаты у Саўт-Рывэр. Актыўна ўдзельнічаў у палітычным актывізьме беларускай дыяспары, быў галоўным ідэоляґам бэцээраўскай плыні эміґрацыі.
Радаслаў Астроўскі памёр 17 кастрычніка 1976 году ў Бэнтан-Харбар, штат Мічыган[6]. Пахаваны на могілках Сьв. Эўфрасіньні ў Саўт-Рывэры[7].
Сям’я
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Меў двух дзяцей: Віктара й Галіну[8].
Крыніцы і заўвагі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б Сідарэвіч, Анатоль (18 чэрвеня 2017) Яны былі першыя. Радаслаў Астроўскі Стагодзьдзе БНР. Радыё «Свабода». Праверана 19 чэрвеня 2017 г.
- ^ Пінскі аддзел Беларускага кааператыўнага банка ў Вільні (1926–1932 гг.): утварэнне і дзейнасць А.С. ГОРНЫ, А.Л. ІЛЬІН // Известия Гомельского государственного университета имени Ф. Скорины, № 1 (94), 2016.
- ^ Горны А. Рэгіянальныя структуры беларускага нацыянальнага pyxy ў Заходняй Беларусі (1921—1939 гг.) // Беларускі гістарычны часопіс. № 6, 2021. С. 19
- ^ Алесь Лукашук. Мова гарыць (загад № 33) // Спадчына : часопіс. — 1996. — № 3. — С. 76—91. — ISSN 0236-1019.
- ^ дакумент CIA
- ^ Магільны камень надпіс
- ^ Магіла Радаслава Астроўскага. Саўт-Рывер(недаступная спасылка)
- ^ Кіт, Барыс Радаслаў Астроўскі Успаміны Барыса Кіта пра вядомых людзей. «Родныя вобразы». Праверана 8 сакавіка 2011 г.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- АСТРОЎСКІ Радаслаў Казіміравіч // Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 1. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Вікіцытатнік зьмяшчае збор цытатаў, датычных тэмы артыкула: |
- Нарадзіліся 25 кастрычніка
- Нарадзіліся ў 1887 годзе
- Нарадзіліся ў Слуцкім павеце
- Памерлі 17 кастрычніка
- Памерлі ў 1976 годзе
- Памерлі ў Мічыгане
- Выпускнікі Слуцкай гімназіі
- Выпускнікі Санкт-Пецярбурскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту
- Беларусы ў Нямеччыне
- Сябры Беларускай цэнтральнай рады
- Удзельнікі Другога ўсебеларускага кангрэсу
- Беларускія палітыкі
- Выкладчыкі Віленскай беларускай гімназіі
- Пахаваныя на Беларускіх могілках у Саўт-Рывэры
- Беларускія нацыяналісты і нацыяналісткі
- Сябры Беларускай народнай самапомачы
- Чальцы БСРГ
- Беларусы ў ЗША