Нікі Ляўда
Нікі Ляўда | |
Niki Lauda | |
Нарадзіўся | 22 лютага 1949[1][2][3][…] |
---|---|
Памёр | 20 траўня 2019[1][2][3][…] (70 гадоў) |
Кар’ера ў Формуле-1 | |
Грамадзянства | |
Гады дзейнасьці | 1971—1979, 1982—1985 |
Каманды | |
Удзелаў | 177 (171 старт) |
Чэмпіёнстваў | 3 (1975, 1977, 1984) |
Перамогаў | 25 |
П’едэсталаў | 54 |
Пунктаў | 420.5 |
Стартавых лідэрстваў | 24 |
Першая гонка | Гран-пры Аўстрыі 1971 году |
Першая перамога | Гран-пры Гішпаніі 1974 году |
Апошняя перамога | Гран-пры Нідэрляндаў 1985 году |
Апошняя гонка | Гран-пры Аўстраліі 1985 году |
Узнагароды | |
Андрэ́ас Нікаля́ўс «Ні́кі» Ля́ўда (па-нямецку: Andreas Nikolaus «Niki» Lauda; 22 лютага 1949, Вена, Аўстрыя — 20 траўня 2019, Цюрых, Швайцарыя) — аўстрыйскі гоначнік, прадпрымальнік. Трохразовы чэмпіён Формулы-1 (1975, 1977, 1984) і адзіны гоначнік у гісторыі Формулы-1, які заваёўваў чэмпіёнства для двух найбольш пасьпяховых канструктараў: Фэрары і Макларэну.
Жыцьцяпіс
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Нікі Ляўда пачаў удзел у гонках зь Mini, пасьля ў Формуле Ві, адкуль хутка перасеў на Поршэ і Шэўрон. У 1971 року выкупіў сабе месца ў маладой камандзе Формулы-2 Марч.
У 1972 яго ўжо прынялі ў Формулу-1, але ён працягнуў спалучаць выступы і ў Формуле-2. Дэбютны сэзон за Марч у першай Формуле стаў катастрафічным. У 1973 року Нікі выкупіў сабе месца ў БРМ. Гоначнік паказваў неблагія посьпехі на трасе, аднак падводзіла надзейнасьць аўтамабілю. На яго зьвярнуў вагу ўласьнік Фэрары, і ў 1974 року абодва пілёты БРМ (другім быў Клэй Рэгацоні) перайшлі ў італьянскую стайню.
У першай жа гонцы сэзону 1974 року Нікі Ляўда трапіў на 2-е месца. Усяго праз тры гонкі, на Гран-пры Гішпаніі, ён здабыў сваю першую перамогу і першую для Фэрары з 1972 року. Тым ня меней, праз брак досьведу і мэханічныя праблемы Ляўда скончыў сэзон на 4-м месцы ў агульным заліку.
Першыя чатыры гонкі сэзону 1975 року прайшлі для гоначніка ня надта пасьпяхова, але затым ён выйграў у чатырох зь пяці Гран-пры. Ён загадзя заваяваў чэмпіёнства ў асабістым заліку, а разам з Рэгацоні прынёс Фэрары першую за 11 гадоў перамогу ў Кубку канструктараў.
1976 рок пачаўся значна лепей, чым леташні: перамогамі ў чатырох з шасьці першых гонак, а ў астатніх дзьвюх другімі месцамі. Пасьля гэтага ён больш як удвая апярэджваў паводле балаў бліжэйшых супернікаў, і здабыцьцё чарговага чэмпіёнства здавалася лёгкай задачай. Аднак у наступным Гран-пры на Нюрнбургрынгу 1 жніўня Нікі Ляўда трапіў у аварыю: ягоная «Фэрары» вылецела з трасы, ударылася ў агароджу, загарэлася і сутыкнулася з Сэртыс-Фордам Брэта Ланджэра. Перш чым ён здолеў выбрацца з абломкаў, атрымаў значныя апёкі твару і рук, а таксама атручэньне чадным газам. Выбрацца яму дапамаглі пасьпелыя гоначнікі Артура Мэрцарыё, Гай Эдвардз і Гаральд Эртль. Пасьля здарэньня Нікі трапіў у кому і ў шпіталі нават адсьпяваны, аднак выжыў. Ён страціў большасьць правага вуха, спаліў бровы і павекі, а твар зьнявечыў шнарамі. Пасьля ён быў вымушаны насіць кепку. У камандзе яго замяніў аргентынец Карляс Ройтэман, але ўсяго на дзьве гонкі: на Гран-пры Італіі Нікі Ляўда выступіў усё яшчэ ў бінтах і фінішаваў чацьвертым. Перад апошнім Гран-пры Японіі Джэймз Гант скараціў адрыў ад Ляўды да трох пунктаў. Гант стартаваў другім, а Ляўда трэцім; аднак у дзень гонкі пайшла залева, і аўстрыйскі гоначнік сышоў пасьля дзьвюх колаў, асьцерагаючыся за сваё жыцьцё. Гант фінішаваў трэцім і абышоў у канчатковым заліку чэмпіянату Ляўду на адзін пункт.
Пасьля выбыцьця з Гран-пры Японіі стасункі Ляўды з камандай пагоршыліся, а новы гоначнік Карляс Ройтэман, які летась падмяняў яго ў гонках, пілёту не спадабаўся. Тым ня менш, Нікі загадзя выйграў наступны чэмпіянат і сышоў з «Фэрары», нават не дачакаўшыся сканчэньня сэзону: апошняй кропляй стала запрашэньне ў каманду трэцім гоначнікам невядомага тады Жыля Вільнёва.
На сэзон 1978 року Нікі Ляўда перайшоў у Брэбгэм-Альфа-Рамэо, аднак з тэхнічных прычынаў быў вымушаны сыходзіць у 9 з 16 гонак. Запомніўся хіба што ягоны выступ на Гран-пры Швэцыі ў «фанацкім аўтамабілі» Brabham BT46B, які пасьля гэтага ў выніку пратэстаў супернікаў быў зьняты з удзелу; аднак перамога Нікі Ляўдзе была залічаная. У астатніх 6 гонках ён перамог яшчэ аднойчы, тройчы заняў 2-е і двойчы 3-е месцы і скончыў сэзон 4-м.
Сэзон 1979 року зноў быў азмрочаны сыходамі і благімі вынікамі. Падчас трэніроўкі да Гран-пры Канады ён спыніў заезд і паведаміў уласьніку каманды Бэрні Эклстоўну пра намер сысьці проста цяпер. Ён вярнуўся ў Аўстрыю кіраваць уласнай чартэрнай авіякампаніяй «Lauda Air».
У 1982 року Нікі Ляўда вярнуўся ў аўтагонкі, далучыўшыся да каманды Макларэн. У гэтым сэзоне перад ім стаяла галоўным чынам задача давесьці сваю здольнасьць перамагаць, што ён і зрабіў ужо ў трэцяй гонцы ў Лонг-Бічы. Акрамя таго, перад Гран-пры Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі Ляўда зладзіў так званы «штрайк гоначнікаў» супраць умоваў новай супэрліцэнзіі Міжнароднай фэдэрацыі аўтаспорту. З гоначнікаў штрайк не падтрымаў толькі Тэа Фабі, і яны дабіліся сваіх вымогаў. Сэзон Ляўда скончыў 5-м.
1983 рок быў для «Макларэнаў» пераходным з рухавікоў Ford-Cosworth на TAG-Porsche, і Ляўда ня здолеў здабыць ніводнай перамогі. Найлепшым вынікам для яго стала 2-е месца ў Лонг-Бічы пасьля паплечніка Джона Ўотсана. У асабістым заліку Нікі стаў 10-м.
Чэмпіянат 1984 року Нікі Ляўда выйграў, усяго на паўпункты апярэдзіўшы свайго сукамандніка Алена Проста. Перамога ў Гран-пры Аўстрыі застаецца адзінай перамогай аўстрыйскіх гоначнікаў Формулы-1 на роднай глебе. Сьпярша Ляўда не жадаў бачыць у камандзе Проста, асьцерагаючыся канкурэнцыі, але за два сэзоны яны пасябравалі. У 1984 іхняя пара здабыла 12 з 16 перамогаў, прычым Ляўда перамог у пяці. Аднак усё вырашылася ў апошнім Гран-пры Партугаліі, дзе Ляўда, кваліфікаваўшыся 11-м, здолеў прыйсьці на фініш другім, чаго хапіла для таго, каб заваяваць трэці чэмпіёнскі тытул, хоць у гонцы перамог Прост.
Сэзон 1985 року стаў для Ляўды расчараваньнем: ён сышоў у адзінаццаці гонках з чатырнаццаці, у якіх браў удзел. Адзіная перамога на Гран-пры Нідэрляндаў стала апошняй у ягонай кар’еры: ён абвясьціў пра сыход па сканчэньні сэзону. Першае ў гісторыі Гран-пры Аўстраліі стала для яго апошняй гонкай; на 57-м коле ў балідзе канчаткова адмовілі гальмы, і Нікі ня здолеў фінішаваць.
Па гоначнай кар’еры Нікі Ляўда вярнуўся да кіраўніцтва сваёй авіякампаніяй «Lauda Air». У 1993 року вярнуўся ў Формулу-1 у якасьці кансультанта каманды Фэрары. У 1993—1996 працаваў гоначным камэнтатарам на канале RTL.
У 1999 року прадаў акцыі авіякампаніі «Lauda Air» «Аўстрыйскім авіялініям».
У сярэдзіне 2001 року стаў кіраўніком каманды «Ягуар». Ня здолеўшы дабіцца посьпеху, каманда звольніла яго і яшчэ 70 ключавых фігураў у канцы 2002 року.
У 2003 року заснаваў новую авіякампанію, «Niki», якую ў 2011 року прадаў нямецкай «Air Berlin».
У 2012 року заняў пасаду невыканаўчага старшыні Mercedes-AMG Petronas Motorsport, на якой у 2013 року браў удзел у падпісаньні кантракту з Льюісам Гэмілтанам.
У 2016 року выкупіў чартэрную авіякампанію «Amira Air» і пераназваў у «LaudaMotion». Пасьля неплацежаздольнасьці кампаніі «Air Berlin» вярнуў сабе брэнд «Niki». Атрымаў ліцэнзію пілёта і часам уласнаручна кіраваў самалётамі сваёй авіялініі.
Напісаў пяць кніг, прысьвечаных гонкам.
Памёр у сне ў 70-гадовым веку. На бліжэйшым Гран-пры Манака 2019 году ягоную памяць ушанавалі хвілінай маўчаньня, а фанаты і кіроўцы апраналі чырвоныя кепкі. На пахаваньне ў венскай катэдры сьвятога Стэфана прыйшло мноства знакамітых дзеячоў Формулы-1 (Гергард Бэргер, Джэкі Ст’юарт, Ален Прост, Нэльсан Піке, Жан Алезі, Сэбастыян Фэтэль, Льюіс Гэмілтан, Дэйвід Култгард, Ніка Розбэрг, Вальтэры Ботас, Рэнэ і Ганс Біндэры, Рэнэ Раст), Арнольд Шварцэнэгер і шматлікія аўстрыйскія палітыкі, у тым ліку прэзыдэнт Аляксандар ван дэр Бэлен. Пахавалі Нікі на Гайлігенштацкіх могілках Вены.
Памяць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1993 року уведзены ў Міжнародную залю славы матаспорту.
У 2005 року Аўстрыйская пошта выдала марку ў ягоны гонар.
Спаборніцтва Ляўды з Гантам у сэзоне-1976 стала сюжэтам фільму 2013 року «Гонка». У канцы стужкі здымаўся сам Ляўда.
Сям’я
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1976 року Нікі Ляўда ажаніўся з аўстрыйскай чылійкай Марленай Кнаўс, зь якой мелі дваіх дзяцей: Матыяса, таксама гоначніка, і Люкаса. Пара разьвялася ў 1991 року.
У 2008 Нікі ажаніўся зь Біргіт Вэтцынгер, сьцюардэсай ягонай авіякампаніі. Яна ў 2005 року стала ягонай донаркай ныркі пасьля таго, як адмовіла нырка, перасаджаная яму ад брата. У 2009 року ў іх нарадзіліся блізьняты.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б в Le « Robot » Niki Lauda, triple champion du monde de formule 1, est mort
- ^ а б Nikolaus Lauda // Энцыкляпэдыя Бракгаўза (ням.)
- ^ а б Niki Lauda // Gran Enciclopèdia Catalana (кат.) — Grup Enciclopèdia, 1968.
- ^ F1 star Niki Lauda's family reveal he died surrounded by close relatives at Swiss clinic days after he was hospitalised for dialysis
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Нікі Ляўда на бачыне „Find a Grave“ (анг.)
- Нарадзіліся 22 лютага
- Нарадзіліся ў 1949 годзе
- Нарадзіліся ў Вене
- Памерлі 20 траўня
- Памерлі ў 2019 годзе
- Памерлі ў Цюрыху
- Аўстрыйскія лётчыкі
- Аўстрыйскія гоначнікі Формулы-1
- Аўстрыйскія аўтагоначнікі
- Аўстрыйскія рыма-каталіцкія дзеячы
- Кіроўцы „Брэбгэму“ ў Формуле-1
- Кіроўцы БРМ у Формуле-1
- Кіроўцы „Фэрары“ ў Формуле-1
- Чэмпіёны Формулы-1
- Пераможцы Гран-пры Формулы-1
- Кіраўнікі камандаў Формулы-1
- Уведзеныя ў Міжнародную залю славы матаспорту
- Кіроўцы „Марчу“ ў Формуле-1
- Кіроўцы „Макларэну“ ў Формуле-1
- Гоначнікі Сусьветнага чэмпіянату спартовых аўтамабіляў