Перайсьці да зьместу

Формула-2

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Рэклямны плякат каманды Формулы-2 Team AJS

Фо́рмула-2 альбо Формула Два (скарочана Ф2) — катэгорыя формульных гонак з адкрытымі коламі, заснаваная ў 1948 року. У 1985 замененая на Формулу-3000, але ў 2009—2012 роках МФА ладзіла чэмпіянаты Формулы-2 пад сваёй эгідай. У 2017 року колішняя сэрыя ГП2 пераўтвораная ў новы чэмпіянат Формулы-2.

У аўтамабільных гонках Формула-1 заўсёды была на вяршыні тэхнічнай думкі, але дзеля палягчэньня яе дасягненьня былі створаныя ніжэйшыя прыступкі лесьвіцы, перадапошняй зь якіх і стала Формула-2. Да Другой сусьветнай вайны ейную ролю выконвалі так званыя „малалітражныя“ гонкі(d) з удзелам меншых і слабейшых аўтамабіляў, чым гонкі сэрыі Гран-пры. Так, у малалітражныя гонкі дапускаліся аўтамабілі з нагонным(d) рухавіком аб’ёмам 1,5 л, а ў Гран-пры — з нагоннымі рухавікамі да 3 л або безнагонныя(d) да 4,5 л.

З 1947 року ўведзеныя катэгорыі гонак Формулы А і Б (пазьней 1 і 2 адпаведна). У вышэйшую Формулу дапускаліся безнагонныя рухавікі аб’ёмам 4,5 л і 1,5-літровыя нагонныя, паколькі 3-літровыя мелі б надта вялікую перавагу перад безнагоннымі. Такім чынам, для Формулы Б не засталося варыянтаў, адпаведных даваенным. Таму Міжнародная аўтамабільная фэдэрацыя пастанавіла з 1948 року ладзіць ніжэйшую Формулу для меншых і таньнейшых балідаў з двухлітровымі безнагоннымі рухавікамі ці 0,5 л нагоннымі. Паводле такіх правілаў тады адбылося, напрыклад, першае і адзінае Гран-пры Стакгольму(d). Новыя канструктары пачалі далучацца да Формулы-2, перш чым спрабаваць змагацца з такімі гігантамі найвышэйшай клясы, як, прыкладам, Альфа-Рамэо ці Мазэраці. Аказалася, што Формула-1 стала настолькі непапулярнай для канструктараў, што ўсе Гран-пры чэмпіянатаў сьвету 1952—1953 рокаў (за выняткам Індыянапалісу-500) прайшлі ў Формуле-2.

У 1954 року ў Формуле-1 былі дазволеныя 2,5-літровыя рухавікі, што нанесла вялікі ўдар па 2-й Формуле. Тады ў 1957 року для Формулы-2 былі ўсталяваныя рухавікі аб’ёмам 1,5 літра. У гэты пэрыяд дамінавалі «Купэры» з заднім разьмяшчэньнем рухавікоў. У 1958 року «Купэр» выйграў два першыя Гран-пры Формулы-1 на павялічанай вэрсіі свайго баліду Ф2, што распачало ў Ф1 эпоху рухавікоў з заднім разьмяшчэньнем.

1,5-літровая Ф2 пратрымалася нядоўга, бо да 1963 року сьпярша Формулу-3, а пасьля і яе замяніла заснаваная ў 1959 Формула Юніёр. Аднак у 1960, у чаканьні ўвядзеньня новых формульных правілаў, у Формуле-2 правялі чэмпіянаты сьвету сярод гоначнікаў і канструктараў. Асабістым чэмпіёнам стаў Джэк Брэбэм, а кубак канструктараў падзялілі Поршэ ды Купэр.

Гран-пры Формулы-2 на трасе ў Зандворце (1967)

Неўзабаве высьветлілася, што Формулу Юніёр неабходна падзяліць, таму з 1964 року зноўку зьявіліся Формулы-2 і 3. У 1967 року МФА павялічыла максымальны аб’ём рухавіка да 1600 см³, а таксама заснавала чэмпіянат Эўропы ў Формуле-2. Ягоным першым пераможцам стаў бэльгіец Жакі Ікс. У тыя часы гоначнікі нярэдка бралі ўдзел адначасна ў абодвух клясах. У 1968 року на Гокенгаймрынгу менавіта ў малодшай Формуле загінуў Джым Кларк, якога лічаць адным з найлепшых гоначнікаў у гісторыі. Праз год там сама загінуў яшчэ адзін пілёт Формулы-1 і Формулы-2 Гергард Мітэр.

У 1972 року у формульныя правілы ўнесьлі дазвол на выкарыстаньне 2-літровых рухавікоў.

У пачатку 1980-х занепадае зацікаўленасьць канструктараў да Формулы-2, і пасьля сэзону 1984 року МФА замяніла яе на новую катэгорыю Формула-3000, закліканую зьменшыць кошт удзелу. У ёй выкарыстоўваліся састарэлыя (адносна да старэйшай катэгорыі) рухавікі аб’ёмам 3000 см³. Быў заснаваны міжнародны чэмпіянат, які ладзіўся да 2004 року.

У 2009 року МФА аднавіла катэгорыю Формулы-2. Цяпер гэта былі гонкі на аднатыпных шасі з аднолькавымі рухавікамі. Камандаў як такіх не існавала — усе баліды распрацоўвала кампанія Ўільямз, рухавікі — Mountune Racing, а абслугоўваньнем займалася кампанія MotorSport Vision. Сэзон складаўся з васьмі эўрапейскіх Гран-пры, па дзьве 40-хвілінныя гонкі на кожным. Першым чэмпіёнам стаў Эндзі Соўчэк. 2012 стаў апошнім сэзонам у гэтай катэгорыі з прычыны недастатняй зацікаўленасьці гоначнікаў. Яны аддавалі перавагу ўдзелу ў канкурэнтных сэрыях ГП2 ды Формуле Renault 3.5 з больш магутнымі аўтамабілямі. Паказальна, што ніводзін з кіроўцаў Формулы-2 ня здолеў трапіць у вышэйшы кляс, пакуль у 2016 року гэта не зрабіў Джоліён Палмэр.

У пачатку 2017 року Міжнародная фэдэрацыя аўтаспорту пераўтварыла сэрыю ГП2 ў Чэмпіянат Формулы-2 МФА. Усе каманды тут ганяліся на шасі канструктара Dallara з рухавіком Mecachrome. З гэтай сэрыі ў найвышэйшую катэгорыю ўжо перайшлі такія вядомыя гоначнікі, як Шарль Леклер, Джордж Расэл, Оскар Піястры.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]