Хвіліна маўчаньня

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Хвіліна маўчаньня ў Радзе Мадрыду (Гішпанія) ў памяць ахвяраў тэрактаў у Магадышу 14 кастрычніка 2017 року

Хвілі́на маўча́ньня — пэрыяд цішыні, сузіраньня, малітвы, рэфлексіі ці мэдытацыі. Ужываецца ў выпадках смутку па нядаўна памерлых ці памяці пра трагічныя падзеі мінуўшчыны. Звычайна цягнецца 60 сэкундаў, але можа вар’явацца ў залежнасьці ад рашэньня арганізатараў. Падчас гэтага пэрыяду ўдзельнікі традыцыйна схіляюць галовы, здымаюць галаўныя ўборы, не размаўляюць і застаюцца нерухомымі.

Паходжаньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першы занатаваны выпадак афіцыйнага пэрыяду маўчаньня адбыўся ў Партугаліі 13 лютага 1912 року. Партугальскі Сэнат зладзіў 10-хвіліннае маўчаньне ў памяць барона Рыў-Бранку і міністра замежных справаў Бразыліі Жазэ Параньяса, памерлага за тры дні да гэтага[1]. У тым жа годзе на вялікім абшары Злучаных Штатаў Амэрыкі ладзіліся цырымоніі маўчаньня ў памяць загінулых на караблёх Мэйн ды Тытанік[2].

Прыклады[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Мноства грамадзянаў Садружнасьці нацыяў штогод а 11:00 11 лістапада (Дзень замірэньня) трымаюць дзьве хвіліны маўчаньня ў памяць ахвяраў вайскоўцаў і цывільных асобаў Першай сусьветнай вайны. У Вялікабрытаніі дзьвуххвіліннае маўчаньне ладзіцца дадаткова ў другую нядзелю лістапада (Памінальная нядзеля(en)); па тэлевізіі ў гэты час трансьлюецца гадзіньнік Біг-Бэну, які адстуквае ўдары.

У Аўстраліі ды Новай Зэляндыі хвіліна маўчаньня ладзіцца ранкам 25 красавіка (Дзень АНЗАК) у памяць пра службоўцаў, палеглых у Першай сусьветнай і наступных войнах.

У Ізраілі хвіліны маўчаньня ладзяцца ў памяць ахвяраў Галакосту на Ём ха-Шоа і ў памяць пра палеглых жаўнераў ды ахвяраў тэрарыстаў за дзень перад сьвятам Незалежнасьці.

У Японіі хвіліна маўчаньня з тэлетрансьляцыяй ладзіцца штожнівень у местах Хірасіма і Нагасакі ў памяць пра іх атамныя бамбаваньні[3].

Хвіліна маўчаньня перад футбольным матчам

Часта хвіліны маўчаньня ладзяцца перад рознымі масавымі мерапрыемствамі накшталт спартовых спаборніцтваў, каб ушанаваць ахвяраў нацыянальных ці міжнародных здарэньняў ці ўдзельнікаў гэтых спаборніцтваў.

Маўклівая малітва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Правобраз малітвы маўчаньня вядомы яшчэ ў Бібліі (малітва ў сэрцы сваім[4]), і жыды маліліся такім чынам цягам тысячагодзьдзяў.

Квакеры практыкавалі маўклівую малітву больш як 300 гадоў, лічачы, што ўсе людзі маюць унутры сябе Божае сьвятло, і для размовы зь Ім непатрэбны ўдзел сьвятара. Квакерскія маўклівыя служэньні ў зборах цалкам ціхія; асобныя вернікі могуць прамаўляць, калі іх вядзе Дух.

Квакерскі звычай распаўсюдзіўся ў ЗША як спосаб супольнай малітвы без патрэбы разуменьня розных моваў ці іншых культураў. У наш час гэта таксама спосаб пазьбегнуць рэлігійных разыходжаньняў.

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Debates Parlamentares - Diário 039, p. 2 (1912-02-13) debates.parlamento.pt Праверана 2016-01-01 г.
  2. ^  Maitland, Sara A book of silence. — Berkeley, Ca: Counterpoint, 2010. — ISBN 9781619021426
  3. ^ Hiroshima Peace Memorial Ceremony (анг.) Праверана 2022-02-28 г. Архіўная копія ад 17 September 2009 г.
  4. ^ Першая кніга Царстваў, 1:13.