Перайсьці да зьместу

Ерусалім

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Ерусалім
Ерусалім
Герб Ерусаліму Сьцяг Ерусаліму
Дата заснаваньня: IV тысячагодзьдзе да н. э.
Краіна: Ізраіль
Мэр: Машэ Ліён[d]
Плошча: 125,156 км²
Вышыня: 754 м н. у. м.
Насельніцтва (2012)
колькасьць: 933 113 чал.
шчыльнасьць: 7455,6 чал./км²
Часавы пас: UTC+2
летні час: UTC+3
Тэлефонны код: 2
Паштовы індэкс: 91000–91999
Геаграфічныя каардынаты: 31°46′44″ пн. ш. 35°13′32″ у. д. / 31.77889° пн. ш. 35.22556° у. д. / 31.77889; 35.22556Каардынаты: 31°46′44″ пн. ш. 35°13′32″ у. д. / 31.77889° пн. ш. 35.22556° у. д. / 31.77889; 35.22556
Ерусалім на мапе Ізраілю
Ерусалім
Ерусалім
Ерусалім
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы
www.jerusalem.muni.il

Ерусалі́м, Ерузалем (на іўрыце: יְרוּשָׁלַיִם, Yerushalayim, па-арабску: القُدس, al-Quds‎) — сталіца й самы буйны горад Ізраілю. Насельніцтва на 2009 год складала 763 600 жыхароў. Ерусалім, у мінулым быў сталіцай старажытнага Юдэйскага царства. Горад ляжыць на водападзеле паміж Міжземным і Мёртвым морамі, на вышыні 650—840 мэтраў. Зьяўляецца адным з самых старажытных гарадоў сьвету — ягоны ўзрост больш за 3500 гадоў[1]. Ерусалім зьяўляецца цэнтрам дзьвюх рэлігіяў — юдаізму й хрысьціянства. Немалаважнае значэньне горад мае й для ісламу, ўяўляючы сабой такім чынам сумесь помнікаў гісторыі, культураў і народаў зь вялікай колькасьцю славутасьцяў.

За сваю доўгую гісторыю, Ерусалім быў разбураны двойчы, абложаны 23 разы, атакаваны 52 разоў, і ўзяты й адбіты 44 разоў[2]. Старая частка гораду была заселеная ў 4 тысячагодзьдзі да нашай эры, што робіць Ерусалім аднім з найстарэйшых гарадоў у сьвеце. Старая сьцяна гораду ёсьць аб’ект Сусьветнай спадчыны. Горад традыцыйна дзеліцца на чатыры кварталы, аднак імёны, якія выкарыстоўваюцца сёньня, армянскі, хрысьціянскі, юдэйскі й мусульманскі кварталы былі ўведзеныя на пачатку XIX стагодзьдзя[3].

Як Ізраіль, так і Палестынская аўтаномія лічаць Ерусалім сваей сталіцаю, не прызнаючы правоў за другой стараною. Ізраільскі сувэрэнітэт афіцыйна не быў прызнаны ААН і значнай часткаю сусьветнага згуртаваньня. Органы ўлады Палестынскай аўтаноміі ніколі не знаходзіліся ў Ерусаліме.

Статус Ерусаліму — прадмет гарачай дыскусіі. Рэзалюцыя Генэральнай Асамблеі ААН № 181 ад 29 лістапада 1947 году, вядомая пад назваю «Рэзалюцыя аб падзеле Палестыны», прадугледжвала, што сусьветная супольнасьць возьме пад свой кантроль горад пасьля сканчэньня брытанскага мандату (15 траўня 1948).

У 1950 годзе Ізраіль аб’явіў Ерусалім сваею сталіцаю. У горадзе знаходзіцца Кнэсэт (ізраільскі парлямэнт), а таксама ўсе дзяржаўныя й ўрадавыя ўстановы Ізраілю. У 1948—1967 гадох горад быў акупаваны Ярданіяй, таму статус сталіцы распаўсюджваўся толькі на заходнюю частку гораду.

Пасьля перамогі ў Шасьцідзеннай вайне 1967 году Ізраіль атрымаў кантроль над усім Ерусалімам. Законам аб Ерусаліме 30 ліпеня 1980 году Ізраіль абвесьціў горад сваёй адзінай і непадзельнай сталіцаю.

ААН не прызнала аднабаковай анэксіі Ўсходняга Ерусаліму. Пасьля таго, як 15 жніўня 2006 году ўрад Коста-Рыкі абвесьціў аб пераносе сваёй амбасады зь Ерусаліму ў Тэль-Авіў, а 25 жніўня ўрад Сальвадору ўзяў прыклад з Коста-Рыкі, у Ерусаліме не засталося ніводнай дыпляматычнай місіі замежнай дзяржавы. Амаль усе краіны разьмяшчаюць свае амбасады ў Вялікім Тэль-Авіве, за выключэньнем Балівіі й Парагваю, чые амбасадарствы разьмяшчаюцца ў прыгарадзе Ерусаліму Мавасэрэт-Ціён. Кангрэс ЗША яшчэ ў 2000 годзе прыняў пастанову аб пераносе амбасады ў Ерусалім, аднак урад ЗША адкладвае выкананьне свайго рашэньня. На цяперашні час амбасада ЗША знаходзіцца ў Тэль-Авіве, аднак у Ерусаліме знаходзіцца Генэральнае консульства ЗША.

Ва Ўсходнім Ерусаліме знаходзяцца консульства ЗША й некаторых іншых краін, якія ажыцьцяўляюць кантакты з Палестынскай аўтаноміяй.

Ерусалім напачатку XX стагодзьдзя

Ерусалім разьмешчаны на паўднёвых адгор’ях плято ў Юдэйскіх гарах, якія ўключаюць у сябе Аліўкавая гара (на ўсходзе) й гару Скопус (на паўночным-сходзе). Вышыня старога гораду складае каля 760 мэтраў. Увесь Ерусалім акружаны далінамі й высушанымі рэчышчамі рэк. Даліны Кідрон, Эном і Тырапаэон перасякаюцца ў раёне на поўдзень ад Старога гораду Ерусаліму. Даліна Кідрон ляжыць да ўсходу ад Старога гораду, Аліўкавая гара аддзяляе яе ад уласна гораду. Уздоўж паўднёвага боку старога Ерусаліму месьціцца даліна Эном, якая вядома па біблейская эсхаталёгіі «Геена вогненая» альбо пекла. Даліна Тырапаэон пачынаецца на паўночным захадзе паблізу Дамаскай брамы й цягнецца далей на паўднёвы ўсход праз цэнтар старога гораду да сажалкі Сылоэм, дзе падзяляецца на дзьве часткі, каля двух узгоркаў ля храмавай гары на ўсходзе, і на астатняй частцы гораду на захадзе (ніжняя й верхняя частка гораду была апісана Ёсіфам Флявіюсам). Сёньня, гэтая даліна месьціць руіны, якія былі назапашаны на працягу стагодзьдзяў.

У біблейскія часы, Ерусалім быў акружаны лясамі мігдалаў, алівы й хвоямі. На працягу стагодзьдзяў войнаў і нядбайнасьці, гэтыя лясы былі зьнішчаны. Фэрмэры ў рэгіёне Ерусаліму будавалі каменныя тэрасы на схілах такім чынам, каб стрымаць глебы, надаюць гарадзкому ляндшафту пэўную асаблівасьць.

Вада заўсёды была асноўнай праблемай у Ерусаліме, аб чым сьведчыць разгалінаваная сетка старажытных вадаправодаў, тунэлі, басэйны й цыстэрны знаходзяцца ў горадзе. Ерусалім знаходзіцца ў 60 км на ўсход ад Тэль-Авіву й Сярэдземнага мора, а таксама ў 35 км на захад ад Мёртвага мора, які зьяўляецца самым нізкім вадаёмам на Зямлі. Суседнія гарады ёсьць Бэтлеем і Бэйт-Джаля на поўдзень, Абу-Дыс і Маале-Адумім на ўсход, Мэвасэрэт Цыён на захад, і Рамала й Гіват Зэеў на поўнач.

Горад характарызуецца міжземнаморскім кліматам, з гарачым, сухім летам і мяккай вільготнай зімой. Сьнег як правіла выпадае раз ці два на зіму, нягледзячы на тое, што ў горадзе праходзіць вялікі сьнегапад кожныя тры-чатыры гады. Студзень самы халодны месяц у годзе, калі сярэдняя тэмпэратура складае 9,1 °C; ліпень і жнівень зьяўляюцца самымі гарачымі месяцамі, зь сярэдняй тэмпэратурай 24,2 °C . Улетку, як правіла, ападкаў няма. Сярэднегадавая колькасьць ападкаў складае каля 550 мм. Дажджы маюць месца амаль выключна ў пэрыяд з кастрычніка па травень. Ерусалім мае 3400 гадзінаў сонечнага надвор'я на год.

Многія галоўныя вуліцы ў Ерусаліме былі пабудаваны без уліку існаваньня вялікага аб'ёму гарадзкога транспартага трафіку, што прывяло да перагружанасьці трафіку й большага забруджваньня гарадзкога паветра. Прамысловае забруджваньне ў межах гораду зьяўляецца рэдкім, але выкіды з заводаў на ізраільскіх міжземнаморскіх узбярэжжах маюць месца быць.

 Кліматычныя зьвесткі для Ерусаліму 
Паказьнік Сту Лют Сак Кра Тра Чэр Ліп Жні Вер Кас Ліс Сьн Год
Абсалютны максымум t, °C 23,4 25,3 27,6 35,3 37,2 36,8 40,6 44,4 37,8 33,8 29,4 26 44,43
Сярэдні максымум t, °C 11,8 12,6 15,4 21,5 25,3 27,6 29,0 29,4 28,2 24,7 18,8 14,0 21,5
Сярэдняя t, °C 9,1 9,5 11,9 17,1 20,5 22,7 24,2 24,5 23,4 20,7 15,6 11,2 17,5
Сярэдні мінімум t, °C 6,4 6,4 8,4 12,66 15,7 17,8 19,4 19,5 18,6 16,6 12,3 8,4 13,5
Абсалютны мінімум t, °C −6,7 −2,4 −0,3 0,8 7,6 11 14,6 15,5 13,2 9,8 1,8 0,2 −6,7
Норма ападкаў, мм 133,2 118,3 92,7 24,5 3,2 0 0 0 0,3 15,4 60,8 105,7 554,1
Крыніца: Israel Meteorological Service

Цэнтар трох рэлігіяў

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Сьцяна плачу
Мячэт Аль-Акса
Храм Труны Гасподняй

Ерусалім мае цалкам асаблівы статус для прыхільнікаў аўраамічных рэлігіяў як месца разьмяшчэньня святыняў юдаізму, хрысьціянства й ісламу. Сьвятынямі для габрэяў зьяўляецца Храмавая гара й заходняя сьцяна Ерусалімскага храмуСьцяна плачу; для мусульманаў — мячэці на храмавай гары (рэлігійны архітэктурны комплекс Аль-Харам аль-Шарыф); для хрысьціянаў усіх канфэсій — Храм Уваскрэшэньня Хрыстова й мноства цэркваў, збудаваных на месцах, дзе ступаў Ісус.

Ерусалім у юдэйстве

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У габрэйскіх традыцыйных крыныцах слова «Ерусалім» згадваецца больш за 600 разоў[4]. У 960 годзе да н. э. цар Саламон паставіў на гары Морыя Першы Храм, які быў разбураны ў 586 годзе да н. э. царом Бабілёну Навухаданосарам. Вярнуўшыся з бабілёнскага палону, юдэі збудавалі Другі Храм, які праіснаваў звыш 500 гадоў і цалкам перабудаваны царом Ірадам (у 34-7 гадох да н. э.). Ерусалімскі храм, які быў аднім з самых пышных збудаваньняў свайго часу, стаў сымбалем Ерусаліму, увасабленьнем ягонай моцы й велічы. Найвялікшая габрэйская сьвятыня была цалкам разбураная ў 70 годзе рымскім імпэратарам Тытусам. У 1534 годзе ў Ерусаліме нарадзіўся Іцхак Лурыя Ашкеназі, стваральнік лурыянскай кабалы.

Ерусалім у ісламе

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 638 годзе Ерусалім быў заваяваны мусульманамі. У ісламе Храмавая гара зьвязана з гісторыяй пра начное ўшэсьце прарока Мухамада. Незразумела, ці было гэта бачаньнем, сном або зьявай чыста псыхічнай ўласцівасьці, вядома толькі, што Прарок быў разбуджаны й перанесены на чарадзейнай жывёліне ў Ерусалім. Над месцазнаходжаньнем старажытнага юдэйскага Храма адчыніліся нябёсы й адкрыўся шлях, які прывёў Мухамада да трона Госпада, аднак ні яму, ні ягонаму спадарожніку, анёлу Джыбрылю (Гаўрыілу) не было дазволена ўступіць у залімітавыя вобласьці. Многія не паверылі Прароку, калі ён распавёў гэтую гісторыю, аднак тыя, хто былі ў Ерусаліме і ведалі, што Прарок там ніколі не бываў, сталі ў дэталях распытваць яго аб гэтым горадзе, і калі ён у дакладнасьці апісаў ім гэтае месца, то ўсе пераканаліся ў праўдзівасьці ягоных словаў. Кажуць таксама, што ён сустракаўся й гутарыў зь іншымі прарокамі мінулага, як то Ісай (Ісус), Мусай (Майсей) і Ібрагімам (Абраамам)[5].

Ерусалім у хрысьціянстве

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паводле Бібліі, у Ерусаліме адбываліся шматлікія падзеі. У прыватнасьці, галоўныя зь іх — Укрыжаваньне Хрыстова на прылеглай да гораду гары Галгофе й Уваскрасеньне Гасподняе. У выніку гэтага Ерусалім лічыцца галоўным сьвятым горадам хрысьціянаў[6].

Зь сярэдзіны IV стагодзьдзя й да VII стагодзьдзя ў Ерусаліме пачынаецца эпоха бізантыйскага панаваньня. У гэты пэрыяд была пабудавана вялікая колькасьць катэдральных сабораў, храмаў і манастыроў па ўсёй акрузе гораду. Былі адчынены тэалягічныя катэдры, сэмінарыі й іканапісныя школы ў самым сьвятым для хрысьціянаў горадзе. У прыватнасьці менавіта тады было ўзьведзена першае комплекснае архітэктурнае збудаваньне вакол пахавальнай пячоры Труны Гасподняй, Галгофы, Каменя памазаньня й ўздоўж усёй вуліцы Віа Далярозы. Тады ўвесь гэты комплекс называўся «Святыя сады». На кожным сьвятым месцы было ўзьведзена па храме, кляштару ці капліцы. Так былі ўзьведзены манастыры ў гонар першых хрысьціянскіх пакутнікаў і сьвятых Старога Запавету: прарока Ільлі, прарока Яна Хрысьціцеля, сьвятой Ганны, сьвятога Харлампія, сьвятога Стэфана, Брата Ісуса Хрыста сьвятога Якава, манастыр Успеньня Багародзіцы, манастыр сьвятых Канстантына й Алены, манастыр Сумленнага Крыжа, і многіх іншых. Таксама быў пабудаваны комплексны манастыр «Сьвяты Мудрасьці» на храмавай гары, дзе знаходзіўся разбураны Ерусалімскі храм.

У 1099—1187 гадах, а таксама з 1229 па 1244 гады Ерусалімам валодалі эўрапейскія крыжакі. Менавіта яны пабудавалі ў Старым горадзе большасьць цэркваў і храмаў і значна перабудавалі тыя, што ўжо былі ў тых месцах, якія зьвязаны зь біблейскімі падзеямі. У 1173 годзе ў Ерусаліме памерла Эўфрасіня Полацкая. Пасьля кананізацыі яна стала лічыцца заступніцай Полацку, а пазней і ўсёй Беларусі[7].

Адмова Асманскай імпэрыі даць права Расеі распараджацца хрысьціянскімі храмамі ў Ерусаліме й Бэтлееме паслужыла падставай да Крымскай вайны[8].

На працягу апошніх ста гадоў перад стварэньнем дзяржавы Ізраіль габрэі складалі большасьць насельніцтва Ерусаліму:

  • Паводле зьвестак за пэрыяд Брытанскага мандата, разьмеркаванне насельніцтва Ерусаліму было наступным: 60% — юдэі, 20% — мусульмане, 20% — хрысьціяне.
  • У 1961 годзе насельніцтва гораду складалася з 72% юдэяў, 22% мусульманаў і 5% хрысьціянаў.
  • На 2006 год у Ерусаліме пражываюць 729 900 жыхароў, зь якіх 65% — юдэі, 32% — мусульмане, 2% — хрысьціяне.
Арабскі квартал

У адпаведнасьці з плянам ААН па падзеле Палестыны (ад 1947 году) Ерусалім павінен быў стаць міжнароднай тэрыторыяй. У 1950 годзе Ўсходні Ерусалім быў анексаваны Ярданіяй[9], аднак гэтую анэксію прызналі толькі Вялікабрытанія, Пакістан і СССР.

Пасьля ўсталяваньня кантролю ў ходзе Шасьцідзённай вайны ў 1967 годзе над Усходнім Ерусалімам і Старым горадам Ізраіль распаўсюдзіў свой ​​сувэрэнітэт на ўсю тэрыторыю Ерусаліму. Усім жыхарам было прапанавана ізраільскае грамадзянства; спачатку большасьць зь іх адмовілася ад гэтага, спадзяючыся на вяртаньне пад уладу Ярданіі, але з цягам часу многія яго прынялі. У 1980 годзе Ізраіль аб’яднаў Заходні й Усходні Ерусалім у адміністрацыйным стаўленьні й абвесьціў увесь горад цалкам сталіцай Ізраілю. Рада бясьпекі ААН у сваёй «рэзалюцыі 478», аднак, не прызнала гэты ўчынак законным. Тэрыторыя Ўсходняга Ерусаліму ўключана ў Ерусалімскую выбарчую акругу ў Палестынскую заканадаўчую раду — парлямэнт Палестынскай аўтаноміі.

Пад Старым горадам маецца на ўвазе гістарычная частка Ерусаліму, якая акружана сьцяной. Менавіта тут адбываліся ўсе гістарычныя падзеі, зьвязаныя зь Ерусалімам, і тут знаходзяцца практычна ўсе гістарычныя месцы гораду, у тым ліку сьвятыя месцы трох сусьветных рэлігіяў.

Стары горад гістарычна падзелены на габрэйскую, армянскую, хрысьціянскую й мусульманскую часткі. У ходзе распачатай ў 2000 годзе інтыфады Аль-Акса, якая праходзіць пад мусульманскімі лёзунгамі, арабы-хрысьціяне на Заходнім беразе ракі Ярдан падвяргаюцца перасьледу з боку палестынскіх тэрарыстычных арганізацыяў, што спарадзіла іх масавую эміграцыю, у тым ліку й са Старога гораду.

У 1892 годзе да Ерусаліму была праведзена чыгуначная лінія, якая зьвязала яго зь Яфай. Лінія была зачынена ў 1998 годзе, і на працягу некаторага часу Ерусалім заставаўся без чыгуначнага злучэньня. 9 красавіка 2005 году ўчастак лініі паміж Ерусалімам і Бэйт-Шэшэмам быў адчынены зноўку. У цяперашні час Ерусалім зьвязаны прамым чыгуначным паведамленьнем з Тэль-Авівам.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Ерусалімсховішча мультымэдыйных матэрыялаў