Перайсьці да зьместу

Дынастыя Тан

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Танская імпэрыя
唐朝

618—907
 

Месцазнаходжаньне Танскай імпэрыі

Танская імпэрыя каля 663 году

Афіцыйная мова кітайская
Сталіца Чанань (618—904),
Лоянь (904—907)

Дынастыя Тан (па-кітайску: 唐朝) — кітайская імпэратарская дынастыя, якая кіравала тэрыторыяй Кітаю з 618 па 907 гады. Заснавальнікам дынастыі лічыцца Лі Юань. Ягоны сын, Лі Шымінь, пасьля канчатковага падаўленьня сялянскіх паўстаньняў і сэпаратызму фэадалаў пачаў праводзіць прагрэсіўную палітыку. Менавіта эпоха панавьня дынастыі Тан лічыцца ў Кітаі пэрыядам найвышэйшай магутнасьці краіны, калі яна апярэджвала ўсе краіны сьвету па сваім разьвіцьці.

Дынастыя Тан была ў значнай ступені пэрыядам прагрэсу й стабільнасьці, за выключэньнем паўстаньня Шы й заняпаду цэнтральнай улады ў другой палове часоў панаваньня дынастыі. Як і папярэдняя дынастыя Суй, Тан падтрымлівала сыстэму дзяржаўнай службы шляхам прызначэньня службовых асобаў з выкарыстаньнем стандартызаваных экзамэнаў і рэкамэндацыяў на пасаду. Гэты грамадзкі парадак быў падарваны ростам рэгіянальных ваенных губэрнатараў у IX стагодзьдзі. Кітайская культура квітнела ў эпоху Тан, гэты час лічыцца ўзростам кітайскай паэзіі[1]. Два з самых вядомых паэтаў Кітаю, Лі Бо й Ду Фу, жылі ў часы панаваньня дынастыі Тан, як і многія вядомыя мастакі, Хан Ган, Чжан Сюань і Чжоў Фан. Быў складзены багаты збор гістарычнай літаратуры навукоўцамі, а таксама энцыкляпэдыі й геаграфічныя працы.

Было шмат і прыкметных новаўвядзеньняў падчас панаваньня дынастыі Тан, у тым ліку разьвіцьцё гравюрнага друку. Будызм аказаў значны ўплыў на кітайскую культуру, але пазьней ён перасьледваўся з боку дзяржавы й пазнаў зьніжэньне ўплыву. Нягледзячы на тое, што дынастыя й цэнтральны ўрад былі ў заняпадзе ў IX стагодзьдзі, мастацтва й культура працягвалі квітнець.

Мір і парадак у краіне дазволіў засяродзіць усе сілы народа на карысьць Кітаю. Квітнелі сельская гаспадарка, |саматужныя рамёствы й гандаль. Новых посьпехаў дасягнулі тэхналёгіі ткацкіх рамёстваў, фарбавальнай справы, ганчарнай вытворчасьці, мэталюргія, караблебудаваньне. Уся краіна пакрылася сеткай сухапутных і водных шляхоў зносінаў. Кітай устанавіў шырокія эканамічныя й культурныя сувязі зь Японіяй, Карэяй, Індыяй, Пэрсіяй, Арабіяй і многімі іншымі дзяржавамі пры Тайцзуне. Па ўсёй краіне распаўсюдзілася традыцыя ўжываньня гарбаты. Сфармавалася асаблівае стаўленьне да гарбаты: гарбатавае мастацтва (Ча І, 茶艺), дзякуючы якому былыя лекі й кулінарны прадукт ператварыўся ў ключавы элемэнт кітайскай культуры ў самым шырокім сэнсе гэтага слова.

Прычыны заняпаду дынастыі Тан пэўна не ўсталяваны, аднак сэрыя паўстаньняў і вайсковых паразаў у VIII стагодзьдзі пазначыла распачатае паслабленьне цэнтральнай улады. Да 40-х гадоў арабы з Харасана — на той час правінцыі халіфата Абасыдаў — замацаваліся ў Фэрганскай даліне й Сагдыяне. У ходзе Таласкай бітвы 751 году наёмныя атрады кітайскага войска пакінулі поле бою, што прымусіла камандуючага Гао Сяньчжы даць сыгнал да адступленьня. Неўзабаве пасьля гэтага вялікае паўстаньне Ань Шы 756—761 гадох зруйнавала росквіт, які стваралі многія гады. Дынастыя была паслаблена, і пасьля ўжо ніколі не дасягала ранейшай славы й велічы. Імпэрыя Тан страціла кантроль над Сярэдняй Азіяй, і кітайскі ўплыў у гэтым рэгіёне спыніўся да аб’яднаньня абедзьвюх краінаў манголамі пры дынастыі Юань.

Адным са сьледзтваў паўстаньня Ань Шы стаў паступовы рост уплыву правінцыйных вайсковых губэрнатараў-цзэдушы, якія з часам сталі сапернікамі цэнтральнай улады. Танскі ўрад спадзяваўся на гэтых губэрнатараў і іхныя войскі ў справе падаўленьня ўзброеных паўстаньняў на месцах. Узамен урад прызнаваў правы гэтых губэрнатараў на ўтрыманьне войска, збор падаткаў, і нават перадачы свайго тытула па спадчыне. Падзеньне прэстыжу цэнтральнага ўрада ў правінцыях адбілася й у зьяўленьні вялікай колькасьці бандытаў і рачных піратаў, якія, аб’ядноўваючыся ў групы па сто й больш чалавек, беспакарана рабавалі паселішчы па берагах Янцзы, не сустракаючы адпору з боку ўладаў.

Танскі залачоны срэбраны кубачак з кветкавым матывам

У 858 годзе жахлівая паводка ў раёне Вялікага Канала затапіла шырокія раўніны Паўночнага Кітаю й прывяла да гібелі дзясяткаў тысячаў людзей. Вера кітайцаў у богаабранасьць дынастыі пахіснулася ў выніку гэтых стыхійных бедзтваў, распаўсюдзілася перакананьне ў тым, што дынастыя Тан ўгневала нябёсы й страціла правы на трон. Затым, у 873 годзе, краіну спасьцігнуў катастрафічны неўраджай, у некаторых раёнах атрымалася сабраць ледзьве палову звычайнага ўраджаю; дзясяткі тысячаў людзей загінулі ў выніку голаду. У раньні пэрыяд дынастыі Тан урад быў здольны прадухіляць катастрафічныя наступствы неўраджаю дзякуючы назапашваньню значных запасаў збожжа па ўсёй краіне, але ў IX стагодзьдзі ён апынуўся бездапаможным у барацьбе з падобнымі бедзтвамі.

У апошні пэрыяд валадараньня дынастыі Тан назіралася паслабленьне цэнтральнай улады й узмацненьне правінцыйных вайсковых губэрнатараў, якія сталі паводзіць сябе амаль як незалежныя кіраўнікі. Некампэтэнтнасьць імпэратараў і карупцыя сярод чыноўнікаў у спалучэньні зь неспрыяльнымі прыроднымі ўмовамі — засухамі й голадам — ​​паслужылі чыньнікамі шэрагу паўстаньняў. Канчаткова панаваньне дынастыі было падарвана паўстаньнем ачоленым Хуан Чао й ягоных пасьлядоўнікаў і барацьбой паміж рознымі групоўкамі пануючай клясы. Паўстанцы захапілі й разрабавалі абедзьве сталіцы, Чанань і Лоянь. Падаўленьне паўстаньня заняло больш за 10 гадоў, але дынастыя ўжо не змагла акрыяць ад такога ўдару. Апошняга імпэратара дынастыі Лі Чжу зрынуў у 907 годзе вайсковы дзяяч Чжу Вэнь, у мінулым адзін з кіраўнікоў сялянскіх паўстанцаў, які зьмяніў Хуан Чао й які перайшоў потым на бок дынастыі Тан. Чжу Вэнь заснаваў новую дынастыю й прыняў храмавае імя Тайцзы. Пераварот Чжу Вэня азнаменаваў пачатак пэрыяду Пяці дынастыяў і дзесяці царстваў 907—960 гадох.

Палітычнае й адміністратыўнае ўладкаваньне

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першапачатковыя рэформы

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Танская архітэктура ў Сіяне

Прыйшоўшы да ўлады, Тай-цзун вырашыў правесьці рэформы, якія дапамаглі бы дынастыі справіцца з унутранымі праблемамі. Абапіраючыся на Суйскі кодэкс, ён выдаў крымінальны кодэкс які, у рэфармаваным выглядзе выкарыстоўваўся ў Кітаі, а таксама Віетнаме, Карэі й Японіі. У 653 годзе крымінальны кодэкс набыў сваю вядомую форму: 500 артыкулаў, падзеленыя па злачынствам і пакараньням, пакараньні вар’яваліся ад 10 удараў лёгкай палачкай да 100 удараў цяжкай, высылкі, катаргі й пакараньні[2]. Кодэкс ўсталёўваў сацыяльнае нераўнапраўе: цяжар пакараньня залежаў ад сацыяльнага й палітычнага становішча злачынца[3]. Напрыклад, калі слуга забіваў гаспадара, то пакараньне было цяжкім, а калі спадар слугу, то лягчэйшым, тое ж датычалася й да старэйшых і малодшых сваякоў. Танскі кодэкс рэфармаваўся й выкарыстоўваўся, як аснова для крымінальных кодэксаў наступных дынастыяў, як то раньні мінскі кодэкс 1397 году. Цікавы й навацыі дынастыі Сун у галіне пашырэньня маёмасных правоў жанчынаў.

Кіраваньнем займаліся тры з шасьці міністэрства-«Шэна» (省,sheng), якія распрацоўвалі праекты, займаліся ўзгадненьнем рашэньняў, выданьнем прававых актаў і наглядам за іхным выкананьнем. Таксама існавала шэсьць упраўленьняў-«бу» (部,bu), якія вырашалі больш канкрэтныя задачы. Танская сыстэма шэнаў і бу была даволі зручнай і, хоць і перажываючы значныя зьмены, праіснавала да падзеньня Цын у 1912 годзе[4]. Нягледзячы на тое, што заснавальнікі Тан арыентаваліся на слаўную дынастыю Хань, танская кіраўнічая сыстэма была заснавана на распрацоўках эпохі Паўднёвых і Паўночных дынастыяў. Бэй Чжоў стварыла сыстэму тэрытарыяльных дружынаў (фубін) і Тан актыўна выкарыстала гэтую сыстэму, што дазваляла трымаць вялікую армію зь мінімальнымі выдаткамі, паколькі жаўнеры служылі пазьменна, а ў астатні час працавалі на сваіх фэрмах. Раўнапольная сыстэма Бэй Вэй таксама была прынятая, але са зьменамі.

У танскую эпоху стала больш грамадзянскіх пагадненьняў, якія афармлялі падпісаньнем кантракту, бо цэнтральныя й мясцовыя органы ўлады імкнуліся кантраляваць усе пагадненьні зь зямлёй, баючыся зьніжэньня паступленьня падаткаў. Кантракт, які быў падпісаны бакамі, сьведкамі й пісцом, быў доказам і пры судовых спрэчках. Наогул зачаткавая дагаворная культура паўстала яшчэ пры Хань, але пры Тан дагаворы сталі звычайнай працай, што адбілася ў літаратуры.

Сталіцай імпэрыі быў горад Чанань (сучасны Сіянь), дзе месьціўся імпэратарскі палац, у якім ўладкоўваліся пышныя прыёмы паслоў з музыкай, спартовымі змаганьнямі, акрабатычнымі выступамі, паэзіей, жывапісам, і тэатральнымі прадстаўленьнямі. Велізарная колькасьць багацьцяў і рэсурсаў захоўвалася ў скарбніцах і складах. Калі кітайскія мясцовыя чыноўнікі прыехалі, у 643 годзе, на штогадовы імпэратарскі прыём, Тай-цзун даведаўся, што многія не змаглі знайсьці кватэру ў горадзе й здымалі пакоі ў гандляроў. Тады імпэратар загадаў міністэрствам стварыць у сталіцы дзяржаўныя асабнякі для разьмяшчэньня чыноўнікаў-дэлегатаў, каб кожны атрымліваў жыльлё па свайму ведамству.

Імпэратарскія экзамэны

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Тан Сюань-цзун ў шапачцы навукоўца
Танская статуя грамадзкага чыноўніка

Паводле прыкладу дынастыі Суй імпэратары Тан ўзяліся за пашырэньне экзамэнацыйнай сыстэмы, замест дзевяцірангавай[5]. Студэнты-канфуцыянцы рыхтаваліся да здачы дзяржаўных экзамэнаў, і пасьля маглі прэтэндаваць на пасады мясцовых, рэгіянальных і сталічных чыноўнікаў. Іспыты ставіліся да тыпаў мінцзын (кіт. 明 经) «разуменьне канону» й цзыньшы (кіт. 进士) «экзамэны ўступленьня ў навукоўцы»[6]. На мінцзыне правяралася здольнасьць разьбірацца ў канфуцыянскай клясыцы, дзе для праверкі прапаноўвалася цытаваць шырокі набор тэкстаў. На цзыньшы правяралася здольнасьць экзамэнуемага напісаць адказ-эсэ па дзяржаўнаму кіраваньню й палітыцы, а таксама здольнасьці ў паэзіі[7]. Таксама важна было мець прыгожую выправу, зьнешнасьць, гаворку, почырк, гэта ацэньвалася суб’ектыўна й часта больш дагледжаныя і тыя, хто займаўся рыторыкай, арыстакраты атрымлівалі перавагу. Такім чынам, экзамэны не давалі рэальнай роўнасьці: нашчадкі арыстакратаў займалі большасьць важных пастоў. У экзамэнах мог прыняць удзел любы мужчына, чый бацька ня быў рамесьнікам ці гандляром[8], багацьце або высакароднае паходжаньне не былі абавязковымі. Урад заахвочваў адукацыю, будаваўшы школы й выдаваўшы «У Цзын» з камэнтарамі.

Дзяржава была зацікаўлена ў прыцягненьні да кіраваньня самых таленавітых, але імпэратары моцна залежалі ад арыстакратаў, а потым і генэрал-губэрнатараў, якія не жадалі падпарадкоўвацца бязродным чыноўнікам, якія ня маюць зямель і арміяў. Спадчыннае права ўсталёўвала роўную спадчыну для ўсіх дзяцей, што давала некаторую сацыяльную мабільнасьць, перашкаджаючы назапашваньню ў руках чыноўнікаў занадта шматлікіх маёнткаў. Чыноўнікі мелі кантакты ў мясцовых супольнасьцях, празь якія ажыцьцяўлялася сувязь простых людзей у правінцыі зь імпэрскім цэнтрам. З танскіх часоў да 1912 году навукоўцы-бюракраты былі пасярэднікамі паміж простымі людзьмі й урадам. Зрэшты, пашырэньне экзамэнацыйнай сыстэмы пры Тан яшчэ не дасягнула мяжы, толькі пры Сун чыноўнікі канчаткова зрасьліся з экзамэнацыйнай сыстэмай і сталі сапраўды кіруючым клясам[9][10].

Усё ж, пры Суй і Тан склалася тая сыстэма дзяржаўнай службы, і паўстала абраная кляса навукоўцаў-чыноўнікаў.

Рэлігія й палітыка

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

З самага пачатку рэлігія гуляла важную ролю ў танскай палітыцы. У сваім маніфэсьце Лі Юань сьцьвярджаў, што зьяўляецца нашчадкам сьвятога Даосы Ляо-Цзы[11]. Грамадзкім установам дазвалялася ўтрымліваць будыйскіх манахаў, якія ўзамен маліліся аб дабрабыце сваіх дарыльнікаў. Да пачатку перасьледу будызму ў IX стагодзьдзі, будызм і даасізм былі роўныя ў правах, а імпэратар Тан Сюань-цзун запрасіў манахаў абодвух рэлігіяў да свайго двара. У той жа час, Сюань-цзун пасьмяротна ўзнагародзіў Ляо-цзы многімі тытуламі, напісаў камэнтар на даоскі тэкст Ляо-Цзы, стварыў школы для падрыхтоўкі да даоскага іспыту на веданьне канонаў і запрасіў індыйскага манаха Ваджрабадгі для выкананьня тантрычных рытуалаў, з мэтай спыніць засуху 726 году. У 742 годзе Сюань-цзун асабіста трымаў курыльню падчас рытуалу ланкійскага манаха Амагхаваджра, калі ён чытаў «містычныя загаворы, каб забясьпечыць перамогу войскаў Тан». Тады як рэлігія гуляла важную ролю ў палітыцы, палітыка таксама гуляла важную ролю ў рэлігіі. У 714 годзе Сюань-цзун забараніў гандлярам і ўладальнікам крамаў у Чанане прадаваць копіі будыйскіх сутраў, каб толькі будыйскае духавенства магло распаўсюджваць сутры сярод вернікаў[12]. У папярэднім, 713 годзе, імпэратар Сюань-цзун ліквідаваў прыбытковую Бясконцую Скарбніцу, якой кіраваў важны будыйскі манастыр Чананя. Гэты манастыр сабраў велізарныя сумы грошай, шоўку, і скарбаў у якасьці дарункаў ад ананімных дарыльнікаў, якія аддавалі каштоўнасьці «на ўтрыманьне манастыра» у знак пакаяньня[13]. Хоць манастыр і сам актыўна раздаваў ахвяраваньні, імпэратар Сюань-цзун выключыў скарбы ў казну як атрыманыя на падставе незаконных банкаўскіх апэрацыяў, махлярства, і забраўшы скарбы ў казну, разьмеркаваў іх паміж іншымі будыйскімі й даоскімі кляштарамі, выдаткаваў на рамонт статуяў, заляў, мастоў і дарог[13].

Кітайскія вершнікі

У імпэрыі Тан была створана досыць арганізаваная для свайго часу вайсковая сыстэма, якая атрымала назву «фу бін» («сыстэма ваенных акругаў») і была запазычаная ў імпэрыі табгачоў. Не парушаючы звычайнага адміністрацыйнага дзяленьня, у краіне ўстанаўліваліся своеасаблівыя ваенныя акругі. Яны маглі быць трох разрадаў: вышэйшыя, якія пастаўлялі да 1200 жаўнераў, сярэднія — 1000 і ніжэйшыя — 800 жаўнераў. Колькасьць вайсковых акругаў у імпэрыі Тан вагалася ад 600 да 800, што азначала практычна сталую гатоўнасьць войска ў 400—800 тысячаў чалавек.

Перавага такой арганізацыі заключаліся ў тым, што яна не патрабавала ад дзяржавы прыкметных расходаў на ўтрыманьне войска, паколькі ў мірны час рэкруты займаліся земляробствам, а падчас паходаў павінны былі забясьпечваць сябе сваімі сродкамі, не дазваляла ўзмацніцца вышэйшаму вайсковаму камандваньню, якое ў мірны час ня мела войскаў, гэта жа рабіла войска таксама й зручным сродкам падаўленьня беспарадкаў на месцах, нарэшце, гэтая вайсковая арганізацыя добра ўпісвалася ў надзельную сыстэму землекарыстаньня[14]. Сярод прывілеяў існавала палажэньне аб сельскагаспадарчых земляў і жыльля для сем’яў, якія суправаджалі жаўнераў на мяжы. У выпадку неабходнасьці ўлада зьвярталася да паслугаў коньніцы качэўнікаў.

Кожны танскі воін валодаў мастацтвам бою, быў здольны да фэхтаваньня й верхавой язды. Да 742 году войска Тан павялічылася да 500 тысячаў чалавек. Вайсковыя падразьдзяленьні несьлі службу як ля сталіцы, гэтак і ў правінцыі. Імпэратарскі палац і сталіцу ахоўвалі гвардзейцы. Войска забясьпечвала імпэрыі посьпех у буйных заваявальных паходах[15].

Сельская гаспадарка

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Пастух працы Хан Гану

Дзяржаўная надзельная сыстэма, плянавасьць гаспадаркі забясьпечылі эканамічны ўздым. Цэнтар дзяржавы з басэйна Хуанхэ паступова перамясьціўся ў басэйн ракі Янцзы, дзе насельніцтва хутка расло дзякуючы посьпехам у вырошчваньні рысу й градавай сыстэме земляробства. Паляпшаліся мэтады апрацоўкі й угнаеньні зямлі. Сяляне пасьпяхова ўжывалі ўдасканаленую сельскагаспадарчую тэхніку: карысталіся адзінаццацьцю тыпамі плугоў, а таксама паліўным колам, які прыводзіўся ў рух працоўным быдлам. Гэта былі своеасаблівыя тэхнічныя прыстасаваньні пры арашэньні зямлі. Усё гэта давала магчымасьць вырошчваць да 900 кг збожжа на чалавека ў год. Рысаводзтва, разьвітае на поўдні, прасоўвалася й на поўнач. Пачаўся выраб трысьняговага цукру, пачалі разводзіць шаўкапрадаў. З VIII стагодзьдзя вырошчваецца гарбата. Паўсюдна працавалі вадзяныя млыны[16].

Вялікая мастацкай каштоўнасьцю зьяўляюцца вырабы кітайскіх рамесьнікаў, якія сваю прафэсію перадавалі з пакаленьня ў пакаленьне. Рамесьнікі асвоілі вытворчасьць паперы, вынайдзенай яшчэ ў старажытнасьці, але якая не атрымала шырокага распаўсюджваньня. Вырабляліся каштоўныя гатункі шаўковых тканінаў, колькасьць колераў у адной тканіне даходзіла да 20. Шаўкаводзтва са старажытных часоў лічылася асаблівым рытуалам, прыдворныя дамы былі адказныя за правядзеньне штогадовай цырымоніі збору тутавага лісьця й вырабу шоўку. Разьвівалася вытворчасьць мэталічных вырабаў, з вынаходзтвам кнігадрукаваньня пачала разьвівацца поліграфічная вытворчасьць. Кітайскае суднабудаваньне дасягнула высокай ступені разьвіцьця. Быў вынайдзены порах. Адбываліся зьмены й у ваеннай тэхніцы, выкліканыя паляпшэньнем тэхналёгіі вытворчасьці. Павысілася якасьць броні, ня толькі для воінаў, але й для коней. Бурна разьвівалася вежавая архітэктура, зьявіліся першыя вырабы з фарфору.

  1. ^ Yu, Pauline (December 1998), «Charting the Landscape of Chinese Poetry», Chinese Literature: Essays, Articles, Reviews (CLEAR), pp. 71–87
  2. ^ Patricia Buckley Ebrey. «The Cambridge Illustrated History of China». Cambridge University Press, 1999 ISBN 0-521-66991-X pp 111-112
  3. ^ Patricia Buckley Ebrey. «The Cambridge Illustrated History of China». Cambridge University Press, 1999 ISBN 0-521-66991-X p. 112
  4. ^ John King Fairbank, Merle Goldman. «China: A New History, Second Enlarged Edition». Belknap Press of Harvard University Press, 2006 ISBN 0-674-01828-1 p. 78
  5. ^ Ebrey, Patricia Buckley; Walthall, Anne; Palais, James B. (2006), «East Asia: A Cultural, Social, and Political History», Boston: Houghton Mifflin, p. 96. ISBN 0-618-13384-4
  6. ^ Ebrey, Patricia Buckley; Walthall, Anne; Palais, James B. (2006), «East Asia: A Cultural, Social, and Political History», Boston: Houghton Mifflin, pp. 91–92 ISBN 0-618-13384-4
  7. ^ Ebrey, Patricia Buckley; Walthall, Anne; Palais, James B. (2006), «East Asia: A Cultural, Social, and Political History», Boston: Houghton Mifflin, p. 92 ISBN 0-618-13384-4
  8. ^ Gascoigne, Bamber; Gascoigne, Christina (2003), The Dynasties of China: A History, New York: Carroll and Graf Publishers, an imprint of Avalon Publishing Group, p. 95 ISBN 0-7867-1219-8
  9. ^ Fairbank, John King; Goldman, Merle (2006) [1992], China: A New History (2nd enlarged ed.), Cambridge: MA; London: The Belknap Press of Harvard University Press, p. 95. ISBN 0-674-01828-1
  10. ^ Adshead, S. A. M. (2004), T'ang China: The Rise of the East in World History, New York: Palgrave Macmillan, p. 54. ISBN 1-4039-3456-8
  11. ^ Graff, David Andrew (2000), «Dou Jiande's dilemma: Logistics, strategy, and state», in van de Ven, Hans, Warfare in Chinese History, Leiden: Koninklijke Brill, pp. 79, ISBN 90-04-11774-1
  12. ^ Benn, Charles (2002), «China's Golden Age: Everyday Life in the Tang Dynasty», Oxford University Press, p. 57. ISBN 0-19-517665-0
  13. ^ а б Benn, Charles (2002), «China's Golden Age: Everyday Life in the Tang Dynasty», Oxford University Press, p. 61. ISBN 0-19-517665-0
  14. ^ Хабаева Р.В. (отв. ред.) «История Востока». Том 2. Восток в средние века, Восточная литература, 1995
  15. ^ Лев Гумилев. «Конец и вновь начало». Популярные лекции по народоведению
  16. ^ Рубель В.А. «Історія Середньовічного Сходу», Київ, Либідь, 2002 ст. 51

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]