Перайсьці да зьместу

Вацлаў Іваноўскі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Вацлаў Іваноўскі
лац. Vacłaŭ Ivanoŭski
па-беларуску: Вацлаў Іваноўскі
Іваноўскі ў 1904 годзе
Іваноўскі ў 1904 годзе
Сьцяг Беларусі Бурмістар Менску
17 лістапада 1941 — 7 сьнежня 1943
Папярэднік: Вітаўт Тумаш
Наступнік: Анатоль Комар
Сьцяг Беларусі Міністар асьветы БНР
верасень 1918 — сьнежань 1918
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся: 25 траўня 1880(1880-05-25)
Лябёдка, Лідзкі павет, Віленская губэрня, Расейская імпэрыя
Памёр: 7 сьнежня 1943(1943-12-07) (63 гады)
Менск, Генэральная акруга Беларусь, Райхскамісарыят Остлянд, Трэці Райх
Партыя:
Сужэнец: Сабіна Іваноўская[d]
Дзеці: Стэфан Іваноўскі[d], Вацлаў Іваноўскі[d] і Ганна Іваноўская-Карнэцкая[d]
Бацька: Леанард Іваноўскі
Маці: Ядвіга з Райхеляў[d]
Адукацыя:

Вацлаў Леанардавіч Іваноўскі (25 траўня 1880, в. Лябёдка, цяпер Шчучынскі раён — 7 сьнежня 1943, Менск) — беларускі палітычны і грамадзкі дзяяч, доктар тэхнічных навук.

Дзяцінства, адукацыя

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вацлаў Іваноўскі нарадзіўся ў фальварку Лябёдка Лідзкага павету Віленскай губэрні (цяпер у межах в. Галавічполе, Шчучынскага раёну Гарадзенскай вобл.).

Сярэднюю адукацыю атрымаў у 5-й Варшаўскай гімназіі, якую скончыў у 1898 годзе з залатым мэдалём.

У 1898 годзе паступіў у Пецярбурскі тэхналягічны інстытут на аддзяленьне хіміі, які скончыў у 1904 годзе з дыплёмам 1-й ступені. Згодна пастановы Рады Тэхналягічнага інстытуту, быў пакінуты пры інстытуце стыпэндыстам, гатовіцца да прафэсарскай работы.

У 1906 годзе быў пасланы ад Тэхналягічнага інстытуту на два гады на студыі за мяжу. Студыяваў у спэцыяльных лябараторыях і фабрыках у Капэнгагене, Гётынгене, Мюнхэне, Бэрліне. У 1909 годзе абараніў у Мюнхэне дысэртацыю «Ueber Bestimmungen des Wertes und des Preises der Brennereikartoffelschlempe».[1] Атрымаў ад Мюнхэнскай вышэйшай тэхнічнай школы дыплём доктара тэхнічных навук з прыпісам: «з адзнакаю».

Вярнуўшыся ў 1910 годзе ў Санкт-Пецярбург, Радаю Жаночага політэхнічнага інстытуту быў абраны спачатку на лябаранта пры катэдры тэхнічнай мікрабіялёгіі, пасьля быў абраны ў Тэхналягічны інстытут лябарантам тэхналёгіі харчовых прадуктаў, а з 1911 году працаваў лектарам курсу тэхнічнай мікрабіялёгіі. У гэтым жа часе ў Жаноцкім політэхнічным інстытуце быў абраны на катэдру тэхналёгіі брадзільных працэсаў.

У 1912 годзе быў прызначаны ў Міністэрства сельскай гаспадаркі старшым спэцыялістам па тэхнічнай перапрацоўцы садавіны і гародніны. Апроч гэтага, знаходзячыся ў Пецярбургу, чытаў лекціі па таваразнаўству ў Гандлёвай школе Таварыства настаўнікаў на Разьежджай вуліцы. У 1913 годзе, хочучы вярнуцца на Бацькаўщыну, прыняў месца загадчыка Гандлёва-фабрычнага аддзелу Віленскага таварыства сельскай гаспадаркі. На гэтай пасадзе знаходзіўся ў Вільні да эвакуацыі.

Дзейнасьць у беларускім руху

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Заснавальнік Беларускай рэвалюцыйнай партыі (1902). Пасьля яе расколу ў 1903 годзе ўзначаліў Круг беларускай народнай прасьветы і культуры. Займаўся выдавецкай дзейнасьцю, зрабіў апрацоўку першага буквара сучаснай беларускай мовы. У 1904—1905 гадах чалец ЦК Беларускай сацыялістычнай грамады (БСГ). Адыграў важную ролю ў арганізацыі прапагандысцкай работы БСГ, заснаваньні партыйнай друкарні ў Менску і выдавецтва «Грамада» ў Пецярбургу. На пачатку 1906 году ўзначаліў створанае ім у Пецярбургу першае беларускае выдавецтва — суполку «Загляне сонца і ў наша аконца». Адначасова супрацоўнічаў з газэтамі «Наша доля» і «Наша Ніва» (псэўданім Вацюк Тройца).

У 1913—1915 гадах В. Іваноўскі жыў у Вільні, кіраваў Беларускім выдавецкім таварыствам, садзейнічаў заснаваньню беларускай кнігарні В. Ластоўскага. У сакавіку — верасьні 1915 году старшыня Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны. У канцы 1915 адышоў ад палітычнай дзейнасьці і жыў у эвакуацыі ў Расеі. У Беларускі нацыянальны камітэт пад старшынствам Р. Скірмунта абраны завочна. Пасьля кастрычніцкага перавароту 1917 году ўключыўся ў палітычную дзейнасьць, удзельнічаў ва Ўсебеларускім зьезьдзе 1917 году ў Менску. Вырашэньне пытаньня беларускай дзяржаўнасьці зьвязваў з нацыянальнай праграмай бальшавікоў.

У 1918 годзе В. Іваноўскі стаў міністрам асьветы ва ўрадзе Беларускай Народнай Рэспублікі, які ўзначальваў А. Луцкевіч. 6 лістапада 1918 напісаў заяву ў Раду ў Менскага настаўніцкага інстытуту з прапановай чытаць там лекцыі па хіміі. У сьнежні 1918, пасьля адступленьня нямецкіх войск, застаўся ў Менску разам зь Язэпам Лёсікам, А. Уласавым і некаторымі іншымі чальцамі Рады БНР, спадзяючыся на стварэньне кааліцыйнага ўраду БССР з удзелам камуністаў і сацыял-дэмакратаў. У траўні 1919 году арыштаваны савецкімі ўладамі і інтэрнаваны ў горад Смаленск.

Пасьля вызваленьня В. Іваноўскі адмовіўся выехаць у Польшчу, вярнуўся ў Менск, дзе працаваў загадчыкам літаратурна-выдавецкага аддзелу Менскага губэрнскага камісарыяту асьветы Літоўска-Беларускай ССР.

Восеньню 1919 году, пераканаўшыся ў памылковасьці арыентацыі на Савецкую Расею, В. Іваноўскі пачаў супрацоўнічаць з польскай адміністрацыяй. У лютым — сакавіку 1920 году як упаўнаважаны Найвышэйшай Рады БНР удзельнічаў у беларуска-польскіх перамовах, імкнуўся прадухіліць падзел Беларусі, выступаў за стварэньне фэдэрацыі Польшчы і Беларусі. Адначасова займаўся пашырэньнем сеткі беларускіх школ на Меншчыне, кіраваў Менскім беларускім пэдагагічным інстытутам, арганізаваў выпуск літаратурнага штотыднёвіка «Рунь». У кастрычніку 1920 стаў дырэктарам дэпартамэнту гандлю ва ўрадзе Сярэдняй Літвы, дзе дырэктарам дэпартамэнту замежных справаў быў ягоны брат Юры Іваноўскі.

Падзел Беларусі ў выніку Рыскай мірнай дамовы пазбавіў В. Іваноўскага надзеі на ажыцьцяўленьне ідэі беларускай дзяржаўнасьці. Ён адмовіўся ад палітычнай дзейнасьці і вярнуўся да навуковай працы. У 1922—1939 займаў пасаду прафэсара Варшаўскага політэхнічнага інстытуту. Пасьля заваяваньня Польшчы нацысцкай Нямеччынай, восеньню 1939 году Іваноўскі ізноў апынуўся ў Вільні, выкладаў тут ва ўнівэрсытэце.

Дзейнасьць у часы нямецкай акупацыі Беларусі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У першыя месяцы нямецкай акупацыі Беларусі В. Іваноўскі кіраваў адноўленым Беларускім нацыянальным камітэтам. У 1942 годзе быў прызначаны нямецкімі акупацыйнымі ўладамі на пасаду бургамістра Менску. У 1943 годзе зьяўляўся старшынём Беларускай рады даверу пры генэральным камісары Беларусі В. Кубэ, адначасова быў намесьнікам старшыні Беларускага навуковага таварыства. Падтрымліваў сувязь з прадстаўнікамі Арміі Краёвай.

Магіла Вацлава Іваноўскага на Кальварыйскіх могілках

6 сьнежня 1943 году Вацлаў Іваноўскі быў цяжка паранены невядомымі на вуліцы, быў прывезены ў шпіталь, але там пакінуты бязь лекарскай дапамогі і назаўтра памёр.

Раней замах на яго прыпісвалі шэфу менскага СД Штраўху, або савецкім ці польскім партызанам, а выканаўцаў лічылі невядомымі. У наш час мяркуецца, што забойства было арганізавана — зь ведама і згоды в. а. генэральнага камісара Беларусі Курта фон ГотбэргаРадаславам Астроўскім, які спаборнічаў з Іваноўскім за ўладу ў Генэральнай акрузе «Беларусь» Райхскамісарыяту «Остлянд».

Распаўсюджаная вэрсія пра зьдзяйсьненьне замаху савецкімі партызанамі была прынятая, з розных прычын, як у пасьляваеннай савецкай гістарыяграфіі, так і ў беларускім эмігранцкім асяродку, але, відаць, была створаная і пушчаная ў абарот Готбэргам.

Вацлаў Іваноўскі пахаваны ў Менску на Кальварыйскім цьвінтары.

Бацька Вацлава Іваноўскага Леанард — інжынэр і старшыня тэхнічнага камітэту пры Міністэрстве фінансаў у Пецярбургу.

Маці — Ядвіга з роду баронаў фон Райхель.

Іваноўскі меў трох родных братоў, якія, у адрозьненьне ад яго беларускай нацыянальнай арыентацыі, абралі для сябе іншую нацыянальную ідэнтычнасьць і сталі дзеячамі польскага і літоўскага руху: Юры Іваноўскі стаў інжынэрам і польскім палітыкам, Станіслаў Іваноўскі — віленскім адвакатам, а Тадэвуш Іваноўскі увайшоў у гісторыю як літоўскі грамадзкі дзеяч і вядомы навуковец-біёляг.

У 2001 годзе жонка Іваноўскага Сабіна і дачка Ганна былі ўшанаваныя тытулам «Праведнікі народаў сьвету» за выратаваньне ў 1941 годзе, падчас нацысцкай акупацыі, дзьвюх жанчын-габрэек, сябровак Іваноўскіх.[2][3]

  • Вацлаў Іваноўскі, 1880—1943. Мн., 1990.
  • Туронак Ю. Вацлаў Іваноўскі і адраджэнне Беларусі. — Мн., 2006. ISBN 985-6530-40-7

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]