Альбрэхт Радзівіл (староста рэчыцкі)
Альбрэхт Радзівіл. З альбома «Выявы роду Радзівілаў». Нясьвіж, 1758 | |
Герб «Трубы» | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | 25 сакавіка 1717 або 1717[1][2] |
Памёр | 1790, 1791[1] або 1762 |
Род | Радзівілы |
Бацькі | Мікалай Фаўстын Радзівіл Барбара з Завішаў |
Жонка | Ганна Кунегунда з Халецкіх |
Дзеці | Дамінік |
Дзейнасьць | палітык, староста |
А́льбрэхт Радзіві́л (25 сакавіка 1717, маёнтак Зьдзецел Наваградзкага ваяводзтва — 1790, места Глуск) — дзяржаўны дзяяч Вялікага Княства Літоўскага. Староста рэчыцкі (1734—1773), генэрал-маёр войскаў Вялікага Княства Літоўскага (з 1755).
Валодаў Крожамі ў Жамойці, Глускам і Хальчам у Рэчыцкім павеце й інш.
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Зь нясьвіскай лініі роду Радзівілаў гербу «Трубы», сын Мікалая Фаўстына і Барбары з Завішаў. Меў братоў Ульдарыка Крыштапа, Юрыя і Станіслава.
Па сьмерці караля і вялікага князя Аўгуста Моцнага (1733) выступаў разам з бацькам і братамі за абраньне на сталец Аўгуста Саса. Быў паслом на пацыфікацыйны сойм 1736, дзе падпісаў дыплём пра абраньне Аўгуста Саса. У 1750 абіраўся маршалкам Трыбуналу Вялікага Княства Літоўскага. У 1740-х быў палкоўнікам літоўскай панцырнай кавалерыі, з 1754 — палкоўнікам гусарскага знаку ў харугве каралевіча Фрыдэрыка.
У часе бескаралеўя (1763) быў супраціўнікам Чартарыйскіх, выступаў супраць абраньня на сталец Станіслава Аўгуста Панятоўскага. У 1768 далучыўся да Барскай канфэдэрацыі і быў адным з кандыдатаў на пасаду яе маршалка ў Вялікім Княстве Літоўскім; у 1770 абіраўся маршалкам канфэдэрацыі ў Рэчыцкім павеце. У 1771 распрацаваў плян «вялізнай дывэрсіі», паводле якога канфэдэрацыя мусіла распаўсюдзіцца на ўсю тэрыторыю сучаснай Беларусі. Па захопе галоўных замкаў дзяржавы літоўскае войска мусіла сабрацца ў Бабруйску і адтуль выправіцца маршам у Каралеўства Польскае.
Па паразе канфэдэрацыі выехаў у Сылезію, потым у Італію. У 1777 вярнуўся і прымірыўся з каралём.
У шлюбе з Ганнай Кунегундай Халецкай меў 3 дачкі і сына Дамініка (1754—1798), старосту кнышынскага[3].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2001. — Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая. — 591 с. — ISBN 985-11-0214-8