Перайсьці да зьместу

Альбрэхт Дурэр

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Альбрэхт Дзюрэр»)
Альбрэхт Дурэр
Дата нараджэньня 21 траўня 1471[1][2][3][…]
Месца нараджэньня
Дата сьмерці 6 красавіка 1528[1][7][2][…] (56 гадоў)
Месца сьмерці
Месца пахаваньня
Занятак маляр, мастак-гравэр, матэматык, ілюмінатар рукапісаў, гравэр па медзі, тэарэтык мастацтва, малявальнік, ілюстратар, экслібрысіст
Навуковая сфэра малярства
Жанры партрэт, рэлігійны жывапіс[d][6], алегорыя[d][6], гістарычны жывапіс[6], міталягічнае малярства[d][6], жанравае малярства[d][6], аўтапартрэт[d][6], анімалістычнае малярства[d][6] і пэйзаж[6]
Плынь нямецкае Адраджэньне[d][8]
Пад уплывам Міхаэль Вольгемут[d][9] і Якапа дэ Барбары[d][10]

А́льбрэхт Ду́рэр (па-нямецку: Albrecht Dürer, 21 траўня 1471, Нюрнбэрг — 6 красавіка 1528, там жа) — нямецкі мастак і графік, тэарэтык мастацтва, лічыцца найвыбітнейшым мастаком эпохі нямецкага Рэнэсансу. Нарадзіўшыся ў Нюрнбэргу, Дурэр здабыў добрую рэпутацыю і ўплыў ва ўсёй Эўропе яшчэ да свайго 30-годзьдзя, дзякуючы якасным гравюрам на дрэве. Мастак кантактаваў з выбітнымі італьянскімі мастакамі свайго часу, у тым ліку з Рафаэлем, Джаваньні Бэліні і Леанарда да Вінчы. З 1512 году апекаваўся імпэратарам Максімілянам I. Вялікі аб’ём работаў Дурэра ўключаюць гравюры, пераважную тэхніку ў ягоных пазьнейшых творах, алтарныя выявы, партрэты і аўтапартрэты, акварэльныя творы і кнігі. Сэрыя працаў дрэварытаў ёсьць больш гатычнымі за ўсе астатнія ягоныя творы. Самымі вядомымі Дурэравымі гравюрамі ёсьць «Рыцар, сьмерць і д’ябал» (1513), «Сьвяты Геранім у кельлі» (1514) і «Мэлянхолія» (1514). Улучэньне Дурэрам клясычных матываў у паўночнае мастацтва, дзякуючы веданьню працаў італьянскіх мастакоў і напрацовак нямецкіх гуманістаў, замацавала ягоную рэпутацыю адной з найважнейшых фігураў Паўночнага Адраджэньня. Усё гэта падмацоўваецца ягонымі тэарэтычнымі трактатамі, якія ўключаюць прынцыпы матэматыкі, пэрспэктываў і ідэальных прапорцыяў.

Бацька Дурэра, таксама Альбрэхт, нарадзіўся ў вугорскай вёсцы Эйтас. У 1455 годзе пераехаў у Нюрнбэрг, дзе стаў залатаром. У 1467 годзе ён ажаніўся з Барбарай Гольпэр, дачкой свайго настаўніка. З васемнаццаці дзяцей, Альбрэхт быў трэцім. Ягоны брат, Ганс Дурэр, так сама прысьвяціў жыцьцю мастацтву, працаваў пры двары польскага караля і вялікага князя літоўскага Жыгімонта Старога ў Кракаве. Альбрэхт Дурэр (бацька), навучыў залатарству і маляваньню малога Альбрэхта ўжо ў дзяцінстве. У выніку таго, што бацька сам навучаўся ў нідэрляндзкіх майстроў, малады Альбрэхт ўжо тады даведаўся мастацтву Яна ван Эйка і Рагіра ван дэр Вэйдэна, якія значна паўплывалі на разьвіцьцё мастацкага таленту Альбрэхта. У гэты час ўзьніклі ягоныя першыя малюнкі, якія Альбрэхт намаляваў, калі яму было 13 гадоў «Альбэртына» (1484) і «Мадонна з двума анёламі» (1485). Не зважаючы на тое, што бацька хацеў, каб сын працягнуў навучаньне на залатара, у малога Альбрэхта выявіўся такі заўчасны талент у маляваньні, што ён пачаў вучыцца ў Міхаэля Вольгемута ва ўзросьце пятнаццаці гадоў з 1486 году. На той час Вольгемут быў вядучым мастаком Нюрнбэрга зь вялікай уласнай майстэрняй, дзе вырабляліся розныя творы мастацтва, у прыватнасьці ксыляграфіі да кнігаў. Нюрнбэрг тады быў важным і квітнеючым горадам, цэнтрам выдавецкай справы, маючы непарыўныя сувязі з Італіяй, асабліва з Вэнэцыяй, якая знаходзіцца на адносна невялікай адлегласьці праз Альпы.

Першы маляваны фарбамі аўтапартрэт Дурэра (1493), які сёньня захоўваецца ў Люўры.

Па сканчэньні навучаньня ў майстра паводле старажытнай нямецкай традыцыі Дурэр павінен быў выправіцца як вандроўнік-чаляднiк у іншыя рэгіёны дзеля атрыманьня ведаў і навычак ад іншых майстроў. Малады мастак накіраваўся ў Эльзас, каб сустрэцца ў папрацаваць пад кіраўніцтвам Мартына Шонгаўэра, выбітнага графіка таго часу, аднак, мастар сканаў 2 лютага 1491 году як толькі Дурэр прыбыў у Кальмар. Дурэр быў сустрэты братамі нябожчыка залатарамі Каспарам і Паўлем і мастаком Людвігам. Астатні маршрут Дурэравага падарожжа на сёньня невядомы, але верагодна ён наведаў Франкфурт і Нідэрлянды. У 1493 годзе Дурэр наведаў Страсбург, дзе навучаўся скульптуры ў Нікаляўса Гергарта. У гэты час быў напісаны першы маляваны фарбамі аўтапартрэт Дурэра, які сёньня захоўваецца ў Люўры, верагодна, дзеля адпраўкі яго сваёй нявесьце ў Нюрнбэрг. На пачатку 1492 году Дурэр выправіўся ў Базэль, дзе спыніўся ў яшчэ аднаго брата Мартына Шонгаўэра, залатара Георга. Аднак, у вельмі хуткім часе ў ліпені 1494 году Альбрэхт вярнуўся ў Нюрнбэрг, каб ажаніцца з Агнес Фрэй, паводле дамоўленасьці, якая была зробленая падчас ягонай адсутнасьці. Агнес была дачкой вядомага ў горадзе латуньніка. Аднак у шлюбе не было дзяцей, як мяркуецца, гэты шлюб быў нешчасьлівым, пра што сьведчаць лісты Дурэра, дзе ён распавядае пра жонку у надзвычай грубым тоне.

На працягу наступных некалькіх гадоў пасьля шлюбу да 1500 году Альбрэхт Дурэр намаляваў акварэльлю сэрыю невялікіх пэйзажаў, на якія яго натхніў родны Нюрнбэрг, а таксама вандроўка ў Вэнэцыю, якая пачалася восеньню 1494 году, а скончылася ў траўні 1495 году. У 1497 годзе Дурэр набыў вядомасьць. У гэты пэрыяд сваёй мастацкай дзейнасьці ён стварыў некалькі партрэтаў, а таксама два аўтапартрэты. 1500 годам датуецца стварэньне карцінаў «Хрыстос на крыжы», «Марыя зь немаўлятам» і «Крыжаваньне Хрыста». Аднак большасьць часу Дурэр прысьвячаў гравюрам і малюнкам да кнігаў.

Восеньню 1505 году Дурэр выправіўся ў другое сваё падарожжа да Вэнэцыі, дзе ў гэты час працавалі выбітныя мастакі вэнэцыянскай школы. На Дурэра асабліва паўплывала мастацтва Джаваньні Бэліні. Да свайго майстэрства, тут Дурэр дадаў пачуцьцё рэальнасьці, у Вэнэцыі ён дасканала вывучыў калярыстыку. Тым ня менш, восеньню 1506 году ён пакінуў Італію і вярнуўся ў Нюрнбэрг. Першай працай Дурэра па ягоным вяртаньні з Італіі быў партрэт немаўляці (1507) і страчаная зараз карціна «Адам і Ева ў раі». У 1507 і 1508 гадах, Дурэр заняўся карцінай замоўленай князем Фрыдрыхам Мудрым, дзеля сваёй калекцыі, тэмай якой былі пакуты дзесяці тысячаў хрысьціянаў праз пэрсыдзкага цара Сапора. У 1511—1513 гадах Дурэр намаляваў некалькі партрэтаў Карла Вялікага па замове кіраўніцтва Нюрнбэргу. У 1520 годзе мастак зьдзейсьніў падарожжа ў Нідэрлянды, дзе захварэў невядомай хваробай, ад якой пакутаваў да канцы жыцьця. Памёр Дурэр 6 красавіка 1528 году ў Нюрнбэргу.

Зорная і геаграфічная мапы

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1515 годзе Дурэр выканаў тры знакамітыя гравюры на дрэве, з малюнкам мапаў паўднёвага і паўночнага паўшар’яў зорнага неба і ўсходняга паўшар’я Зямлі. Гэтыя творы мастацтва зьяўляюцца адначасова найкаштоўнейшымі помнікамі навукі. Праца над гравюрамі праходзіла ў супрацоўніцтве з бачнымі нямецкімі навукоўцамі Ёганэсам Стабіюсам (ініцыятар праекту) і Конрадам Гайнфогелем. Мапа зорнага неба Дурэра, якая стала першай у гісторыі аддрукаванай друкарскім спосабам, была падрыхтаваная, імаверна, да 1512 году. Накід мапы з градуснай сеткай, відаць, зрабіў Стабіюс. Згодна з гэтымі зьвесткамі, паводле сьведчаньня Ёгана Допэльмайра, Гайнфогель «рупліва вырабіў на роўніцы» разьмяшчэньне зорак, «прыцягваючы ўжывальны яшчэ ў той час каталёг нерухомых зорак Пталемэя, якое затым Альбрэхт Дурэр забясьпечыў належнымі фігурамі… і для карысьці аматараў астраноміі прадставіў у гравюры на дрэве». На двух аркушах мапы зорнага неба фігуры сузор’яў намаляваныя паводле грэцкай міталягічнай традыцыі. Малюнкі двух паўшар’яў дадзеныя ў стэрэаграфічныя праекцыі з цэнтрамі ў палюсах экліптыкі. У левым верхнім куце аркуша з паўднёвым паўшар’ем зьмешчаны герб кардынала Лянга, у правым — тэкст прысьвячэньня, а ўнізе зьлева разьмешчаныя гербы Стабіюса, Гайнфогеля і самога Дурэра і надпіс на латыні: «Ёганас Стабіюс накіраваў — Конрад Гайнфогель разьмясьціў зоркі — Альбрэхт Дурэр запоўніў кола малюнкамі». У чатырох кутах карты паўночнага паўшар’я намаляваныя ў фантастычных адзеньнях выбітныя старажытныя астраномы: Арат з Сол (зьлева ўверсье), Кляўдыюс Пталемэй (справа ўверсе), Марк Маніліюс (зьлева ўнізе) і Ас-Суфі (справа ўнізе)[11].

На геаграфічнай мапе Дурэра, таксама выкананай у супрацоўніцтве з Стабіюсам і Гайнфогелем, намаляваны «Стары Сьвет» — Эўропа, Азія і Афрыка, гэта значыць тыя жа вобласьці, якія былі картаграфаваныя Пталемэем. Сам Дурэр таксама прымаў удзел у шматгадовай падрыхтоўцы выданьня «Геаграфіі Пталемэя» на лацінскай мове. Нягледзячы на традыцыйныя рысы, мапа ўтрымоўвае шмат новых асаблівасьцяў, якія адлюстроўваюць узровень разьвіцьця геаграфічных ведаў у эпоху Адраджэньні. На геаграфічнай мапе Стабіюса—Гайнфогеля—Дурэра дзеля перадачы шарападобнай Зямлі была ўжытая пэрспэктыўная праекцыя з пунктам гледжаньня, зьмешчанай па-за глёбусам на адлегласьці патроенага дыямэтра, зь якой кропкі зямной паверхні спраектаваныя на роўніцу рысунку. Распрацоўкай мэтадаў праектаваньня Дурэр цікавіўся ўжо як мастак. Мапа зьяўляецца, акрамя таго, і несумнеўным узорам мастацтва гравюры. Па баках карты прыведзеныя майстэрні малюнкі некалькіх дуючых на Зямлю вятроў[12].

Дурэр быў першым нямецкім мастаком, які пачаў працаваць адначасова ў абодвух відах гравюры — на дрэве і на медзі. Незвычайнай выразнасьці ён дасягнуў у гравюры на дрэве, зьмяніўшы традыцыйны стыль працы, выкарыстаўшы стылі працы гравюры на мэтале. У канцы 1590-х, Дурэр стварыў шэраг выдатных ксыляграфіяў, у тым ліку і адзін з шэдэўраў — сэрыю гравюраў на дрэве «Апакаліпсіс» (1498). У 1513—1514 гады Дурэр старыў тры графічных ліста, якія ўвайшлі ў гісторыю мастацтва пад назвай «Майстэрскія гравюры»: «Рыцар, сьмерць і д’ябал», «Сьвяты Геранім у кельлі» і «Мэлянхолія». Шэдэўрам разцовай гравюры на мэтале лічыцца гравюра «Адам і Ева» (1904).

  1. ^ а б Web umenia (славац.)
  2. ^ а б Itaú Cultural Albrecht Dürer // Энцыкляпэдыя Ітау Культурал (парт.)São Paulo: Itaú Cultural, 2001. — ISBN 978-85-7979-060-7
  3. ^ Albrecht Dürer // Geneological database Merkel-Zeller
  4. ^ а б Дюрер Альбрехт // Большая советская энциклопедия (рас.): [в 30 т.] / под ред. А. М. Прохорова — 3-е изд. — Москва: Советская энциклопедия, 1969.
  5. ^ а б Union List of Artist Names (анг.)
  6. ^ а б в г д е ё ж з і RKDartists (нід.)
  7. ^ Albrecht Dürer // SIKART — 2006.
  8. ^ https://fristartmuseum.org/exhibition/albrecht-durer-at-the-frist-art-museum/
  9. ^ https://objektkatalog.gnm.de/objekt/Gm1160
  10. ^ https://www.ernst-von-siemens-kunststiftung.de/objekt/zuwachs-für-das-reformationskabinett-im-gotischen-haus.html
  11. ^ Матвиевская Г. П. Альбрехт Дюрер — ученый. — М.: Наука, 1987. С.180-196
  12. ^ Там жа, с.196-197

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]