Перайсьці да зьместу

Алесь Салавей

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Алесь Салавей
лац. Aleś Sałaviej
Асабістыя зьвесткі
Імя пры нараджэньні Альфрэд Радзюк
Псэўданімы Алесь Вясновы, Алесь Вясёлка, Алесь Салавей
Нарадзіўся 1 траўня 1922
в. Крысава Койданаўская воласьць, Менскі павет, БССР
Памёр 22 студзеня 1978
Мэльбурн, Аўстралія
Пахаваны
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці паэт
Гады творчасьці 1937—1952
Мова беларуская мова[1]
Дэбют 1937
Творы на сайце Knihi.com

Алесь Салавей, сапр. Альфрэд Радзюк, у эміграцыі Альберт Кадняк (1 траўня 1922, в. Крысава Койданаўская воласьць Менскі павет, БССР — 22 студзеня 1978, Мэльбурн, Аўстралія) — беларускі паэт.

Бацька Альфрэда, Васіль Раманавіч, меў вышэйшую сельскагаспадарчую адукацыю, працаваў у вёсцы Самахвалавічы на Чэрвеньшчыне, у вёсцы Вялікія Навасёлкі (Койданаўшчына), з 1934 году — загадчыкам гандлёвага аддзелу Койданаўскага райспажыўсаюзу, куды пераехала іхняя сям’я. У жніўні 1937 году ён, а таксама два малодшыя браты і сястра Альфрэда Радзюка, арыштаваныя. Бацька быў расстраляны ў Менску 10 студзеня 1938 году, маці асуджаная на 10 гадоў зьняволеньня.

У першую клясу Альфрэд Радзюк пайшоў у Натальеўску (былы Ігуменскі павет, сёньня Чэрвеньскі раён). Пачатковую школу скончыў у Вялікіх Навасёлках (Койданаўшчына), у Койданаве — васьмігодку, дзе вучыўся разам зь вядомым у будучым гісторыкам Міколам Ермаловічам. Пасьля трагедыі сям’і яму давялося ўладкавацца на працу на торфараспрацоўках, вывазцы лесу, разгрузцы вагонаў. У верасьні 1937 году паступіў вучыцца ў Менскую пэдагагічную вучэльню, якую ня скончыў з-за кепскіх жыцьцёвых умоваў. Да пачатку вайны нейкі час працаваў у рэдакцыі лагойскай раённай газэты «Чырвоная Лагойшчына». На фронт яго не ўзялі з прычыны хворага сэрца і кепскага зроку.

Увосень 1941 году паэт пакінуў Лагойск, пераехаў у Менск, дзе пры дапамозе беларускага паэта Ўладзімера Дудзіцкага ўладкаваўся на працу ў рэдакцыю «Беларускай газэты», дзе працавала паэтка Натальля Арсеньнева. Пасьля працаваў у павятовай управе ў Ільлі (Вялейскі раён Менскай вобласьці), з кастрычніка 1942 па жнівень 1944 г. — намесьнікам рэдактара беларускага часопісу «Новы шлях» (Рыга).

Падчас наступу савецкіх войскаў зьехаў у Беласток, Бэрлін, пасьля ў Прагу. У 1945—1949 гг. жыў у Зальцбургу (Аўстрыя). Тут ён ажаніўся зь Зінаідай Кадняк, зь якой мелі сына Міхася і дачку Ганну. Удзельнічаў у выданьні часопісаў «З беларускага жыцьця», «Пагоня», вёў вялікую перапіску зь беларусамі ў Нямеччыне, займаўся перакладамі з украінскай мовы.

У 1949 г. разам зь сям’ёй выехаў у Аўстралію. Жыў у Адэлаідзе (Заходняя Аўстралія), Мэльбурне (Вікторыя), працаваў на фабрыцы. Тут у іх нарадзіўся яшчэ адзін сын Юрка.

Памёр 22 студзеня 1978 году ў Мэльбурне ад разрыву сэрца падчас купаньня ў акіяне. Пахаваны тамсама на беларускай частцы могілак Фолкнэр.

Вершы хлопчык пачаў складаць з васьмігадовага ўзросту. У 1937 годзе ягоныя першыя вершы («На сенажаці», «Шылава гара», «Ты», «Выйдзі, паслухай») зьявіліся на старонках часопісу «Піянер Беларусі» і раённай газэты «Ударнік Дзяржыншчыны».

Друкаваўся ў часопісе «Шлях моладзі».

Падчас нямецкай акупацыі друкаваўся ў «Беларускай газэце», «Голасе вёскі» пад псэўданімамі Алесь Вясновы, Алесь Вясёлка. Упершыню пад псэўданімам Алесь Салавей у 1942 годзе зьмешчаны верш «Радасьць жыцьця». Шмат вершаў прысьвяціў Усяславу Чарадзею, Францыску Скарыну, Сымону Буднаму, Максіму Багдановічу, уславіў мясьціны, дзе давялося яму пабываць (Менск, Лагойск, Вільня, Маладэчна, Койданаў).

Падчас працы ў часопісе «Новы шлях» выдаў зборнік вершаў «Мае песьні» (1944), напісаў першую вялікую паэму «На хуткіх крыльлях вольнага Пэгаса» (1943), напісаную санэтнай страфою. Наступны зборнік паэзіі «Сіла гневу» (1948) ўбачыў сьвет у Зальцбургу.

Жывучы ў Аўстраліі, у 1952 годзе падрыхтаваў да друку рукапісы яшчэ двух зборнікаў: «Вянкі» і «Несьмяротнасьць», якія выйшлі ў сьвет ужо пасьля ягонае сьмерці.

  • «Мае песьні» (1944, Менск[2])
  • «Сіла гневу» (1948, Зальцбург)
  • «Нятускная краса» (1982, Мэльбурн)
  • Алесь Салавей. Мае песьні. Сіла. Гневу. Вянкі. Зь вершаў розных годоў. / Укладаньне, прадмова, біяграфічны даведнік: Барыса Сачанкі // Туга па радзіме. Паэзія беларускай эміграцыі : анталёгія. — Менск: Мастацкая літаратура, 1992. — С. 542—611. — ISBN 5-340-01086-6.
  • Творы: паэзія, проза, лісты [укладаньне, прадмова і камэнтар М. Скоблы]. Мінск. Лімарыус. 2010. 559, [1] с., [4] л. іл. — (Галасы Айчыны). 400 экз.

Крыніцы і заўвагі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]