Mozilla Firefox

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Mozilla Firefox
Mozilla Firefox logo 2013.svg
Firefox 48 на Linux Mint
Распрацоўка Mozilla Foundation
Апошняя вэрсія 48.0 (02.08.2016)
АС кросплятформенная
Тып браўзэр
Ліцэнзія MPL/GPL/LGPL
Афіцыйная старонка www.mozilla.com

Mozilla Firefox (па-беларуску: «Вогненая лісіца», «Мазіла Файрфокс», «Вогнеліс»), раней вядомы як Phoenix і Firebird — найпапулярнейшы ў Эўропе па стане на 2009 год[1] і другі па папулярнасьці ў сьвеце браўзэр, які распаўсюджваецца пад вольнай ліцэнзыяй. Першы браўзэр з адкрытым зыходным кодам, які дамогся такой папулярнасьці. Firefox зьяўляецца нашчадкам праекту Mozilla. Вызначаецца гнуткай канфігурабельнасьцю, вялікай колькасьцю дадаткаў для вырашэньня розных задачаў карыстальніка. Мае дадаткі для фільтрацыі непажаданага зьместу, он-лайнавага перакладу, вывярэньня правапісу[2], узаемадзеяньня з блог-рухавікамі ды іншыя.

Існуюць вэрсіі для Windows, Mac OS X, Linux, OS/2, FreeBSD, NetBSD, OpenBSD, Solaris і іншых апэрацыйных сыстэмаў.

Хоць Firefox — невялікі паводле памеру браўзэр, ён зьяўляецца адным з найбольш гнуткіх браўзэраў, мае шырокія магчымасьці наладаў: карыстальнік можа ўсталёўваць дадатковыя тэмы, якія зьмяняюць зьнешні выгляд праграмы, і дадаткі, якія дадаюць новую функцыянальнасьць.

Сярод адметных асаблівасьцяў можна вылучыць:

  • блякаваньне ўсплывальных вокнаў (pop-up);
  • падтрымку ўкладак (tabbed browsing) (некалькі старонак у адным вакне);
  • павышаны клопат пра бясьпеку (толькі калі ў Firefox адбываецца збой, са згоды карыстальніка ў кампанію Mozilla адсылаецца паведамленьне пра непаладку зь зьвесткамі пра наведаную пры збоі старонку, апаратнае забесьпячэньне й апэрацыйную сыстэму кампутара[3]);
  • убудаваную панэль пошуку ў пошукавых машынах і слоўніках;
  • так званыя «Жывыя закладкі» («Live bookmarks») — мэханізм інтэграцыі RSS-струменяў;
  • шырокія магчымасьці па наладзе паводзінаў і зьнешняга выгляду;
  • падтрымку мноства дадаткаў;
  • прылады для вэб-распрацоўніка;
  • аўтаматычнае абнаўленьне як самога браўзэра, так і яго пашырэньняў (пачынаючы з вэрсіі 1.5).

Варта адзначыць, што пералічаныя асаблівасьці зьяўляюцца адметнымі, у першую чаргу, паводле словаў саміх аўтараў Firefox. Правільнасьць найменьня некаторых асаблівасьцяў «адметнымі» (эксклюзіўнымі для гэтага браўзэра, або ўпершыню ўжытыя менавіта ў ім) зьяўляецца чыньнікам спрэчак ды інтэрнэт-дыскусіяў. З убудаваным у браўзэр блякаваньнем усплывальных вокнаў карыстальнікі маглі пазнаёміцца ў Internet Explorer 6 (напрыклад, усталяваўшы абнаўленьне Service Pack 2 для Windows XP) і пры выкарыстаньні Internet Explorer 7. Выкарыстаць укладкі (некалькі старонак у адным акне) можна было яшчэ ў браўзэры Opera, а з дапамогаю дадатковых модуляў і ў Internet Explorer 6, сёмая вэрсія якога таксама забясьпечвае гэтую магчымасьць без неабходнасьці ўсталёўваць дадатковыя модулі. З ростам папулярнасьці Firefox і павышэньнем цікавасьці хакераў, заяўленая стваральнікамі павышаная бясьпека стала нярэдка аспрэчвацца (зрэшты, некаторыя гучныя заявы на небясьпечнасьць апынуліся фікцыяй). Убудаваная панэль пошуку маецца ў Internet Explorer з вэрсіі 4.0.

За выключэньнем адладчыка DOM, здольнага паведаміць карыстальніку пра памылку ў сынтаксісе загружанае старонкі і паказаць нумар радка, якая зьмяшчае памылку, прыладаў для вэб-распрацоўніка ў базавай канфігурацыі Firefox няма. Аднак, існуе мноства пашырэньняў, якія рэалізуюць неабходную функцыянальнасьць для вэб-распрацоўнікаў. У прыватнасьці:

  • JSONView — дадатак для прагляду зьнешніх файлаў старонкі
  • Html Validator — дадатак для праверкі кода на адпаведнасьць стандартам W3C
  • View Source Chart — дадатак для зручнае візуалізацыі разьметкі старонкі
  • FireBug — шматфункцыянальны дадатак, які ўключае ў сябе адладчык, DOM-навігатар і JavaScript-кансоль
  • Web Developer — дадатак, які прапануе мноства функцыяў для адладкі старонкі (існуе таксама для Chrome).

Карыстальніку інтэрнэт, у якога зьявілася цікавасьць да загрузкі і ўсталёўкі Firefox на сваім кампутары, варта назваць ня толькі плюсы, але і мінусы гэтай праграмы, якія ёсьць у яго гэтаксама, як і ў любой іншай праграмы, нават калі рэкляма сьцьвярджае зваротнае. У параўнаньні з галоўным яго канкурэнтам — Internet Explorer — у Firefox ёсць як моцныя, так і слабыя бакі. Адлюстраваньне кантэнту адразу дазваляе камфортна працягваць сэрфінг нават пры няпоўнай загрузцы старонкі, што асабліва прыкметна пры марудным злучэньні і вялікай колькасьці ўкаранёных аб’ектаў. Пры распрацоўцы Firefox адмысловая ўвага надавалася падтрымцы стандартаў W3C.

Адкрыты зыходны код прадукта дае яму дадатковыя плюсы для карыстальніка — напрыклад магчымасьць упэўніцца (пры наяўнасці пэўнага досьведу) у адсутнасьці «закладкаў», перарабіць браўзэр «пад сябе», і нават самастойна выправіць памылкі.

Рухавік Gecko[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першапачаткова рухавік Gecko прызначаўся для браўзэра Netscape 6 у якасьці замены старога рухавіка Netscape Communicator 4, які выкарыстоўваўся з 1997 году. Для адладкі рухавіка была створаная адкрытая праграма Mozilla Suite, на якой і адладжвалі Gecko. У 2004 годзе Mozilla Suite была разабраная на браўзэр Mozilla Firefox, кліент электроннае пошты Mozilla Thunderbird, WYSIWYG HTML рэдактар NVU, каляндар Sunbird і IRC-кліент Chatzilla, які быў выпушчаны ў выглядзе дадатку да браўзэра Mozilla Firefox. На сёньняшні дзень стабільнай зьяўляецца вэрсія рухавіка Gecko 34.0, яе нумар адпавядае вэрсіям Mozilla Firefox, Mozilla Thunderbird і SeaMonkey 2.30, і вядзецца распрацоўка рухавіка новага пакаленьня Gecko 31.0.

Выданьні[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першае[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Напярэдадні рэлізу вэрсіі 1.0 9 лістапада 2004 году браўзэр атрымаў ухвалу ад шматлікіх мэдыявыданьняў, у тым ліку «Форбс»[4] і «The Wall Street Journal»[5]. У першыя 99 дзён пасьля выпуску Firefox, яго спампавалі больш як 25 мільёнаў чалавек, пасьля чаго Firefox стаў адным з самых папулярных вольных прыкладаньняў з адкрытым кодам, асабліва сярод хатніх карыстальнікаў. 19 кастрычніка 2005 году Firefox быў загружаны ў стомільённы раз, усяго толькі праз 344 дня пасьля выпуску вэрсіі 1.0. Па стане на лістапад 2005 Firefox займаў ужо 9,4% на сусьветным рынку інтэрнэт-браўзэраў, а да сярэдзіны 2006 году доля Mozilla Firefox складала, паводле розных зьвестак, ад 11 да 15%, моцна пацясьніўшы пазыцыі браўзэра Internet Explorer, які выкарыстоўвае большасьць карыстальнікаў.

30 лістапада 2005 году выйшаў Firefox 1.5. Прыхільнікі Firefox сьцьвярджаюць, што ў адрозненьне ад самага распаўсюджанага на пачатак 2005 браўзэра Internet Explorer шостай вэрсіі, убудаванага ў Windows, Firefox забясьпечвае больш высокі ўзровень бясьпекі карыстальніка, здольны абараняць яго ад дакучлівае рэклямы, валодае шэрагам новых магчымасьцяў.

Другое[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

25 кастрычніка 2006 году выйшаў Firefox 2.0, які ў 2008 годзе заняў 18% сусьветнага рынка браўзэраў[6]. Ён быў пабудаваны на базе ўдасканаленага рухавіка Firefox 1.5 — Gecko 1.8.1. Першапачаткова плянавалася дадаць сучасную сыстэму закладак пад назовам Places, але з-за цяжкасьцяў у яе адладцы яе ўлучылі толькі ў Firefox 3.0. Другое выданьне выйшла з перакладам на 35 моваў[7] (у тым ліку на беларускую) і наступнымі дасканаленьнямі:

  1. папярэджаньне пры запыце старонкі, адкрыцьцё якой прыводзіць да вывуджваньня (фішынгу) асабістых дадзеных (Beta 1; распрацоўка кампаніі Google);
  2. прапановы пры ўводзе тэкста ў поле пошуку;
  3. падтрымка ўзнаўленьня укладак, зачыненых пры выхадзе з азіральніка, пры наступным яго запуску;
  4. вывярэньне правапісу пры ўводзе тэксту ў вэб-форму;
  5. абнаўленьне падказак да закладак;
  6. мажлівасьць перамяшчаць укладкі;
  7. аднаўленьне зачыненае ўкладкі (спалучэньнем клявішаў Ctrl+Shift+T)[8];
  8. кнопка зачыненьня на кожнае ўкладцы (з Beta 2)[9];
  9. падтрымка стваральнікаў, паўтаральнікаў, сьпісавых выразаў, блёкавых вобласьцяў і разьбіральнага прысвойваньня ў яваскрыптах вэрсіі 1.7;
  10. падтрымка разьмяшчэньня тэкста крывой лініяй у двухвымернае графіцы[10];
  11. падтрымка стужкі навінаў (з Alpha 1).

Мазіла спыніла падтрымку другога выданьня 19 сьнежня 2008 года[11].

Трэцяе[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гэта вэрсія выйшла 17 чэрвеня 2008 года. За першыя суткі праграму загрузілі 8 002 530 чалавек, што сталася сусьветным рэкордам, які засьведчылі прадстаўнікі выданьня «Сусьветныя рэкорды Гінэса»[12]. Колькасьць запамповак выданьня 3.0.11 за першыя суткі, 16 чэрвеня 2009 года, пераваліла за 150 мільёнаў[13]. Для новае вэрсіі значна перапрацавалі рухавік, на зьмену Gecko 1.8.1 прыйшла вэрсія 1.9, якая праходзіць тэст Acid2. У новай вэрсіі:

  1. зьменены мэтад высновы фрэймаў;
  2. рэалізаванае выкананьне блёкаў object без атрыбуту type;
  3. спыненая падтрымка апэрацыйных сыстэмаў Windows 9x, а таксама апэрацыйнае сыстэмы Mac OS X 10.2;
  4. падтрымка дадаваньня пашыраных фільтраў у закладкі;
  5. адбор дадзеных па ключавых словах, тэгах і тэмах;
  6. доступ да нядаўна наведаных сайтаў (сыстэма Places);
  7. магчымасьць дадаваць сайты ў закладкі адной клявішай;
  8. дапампоўка ў выпадку абрыву злучэньня;
  9. аўтаматычны ўвод дадзеных (лагінаў, пароляў, адрэсаў электроннай пошты і іншыя рэквізыты) у формы;
  10. блякаваньне сайтаў інтэрнэт-ашуканцаў, што зьмяшчаюць вірусы й траяны[14].

30 чэрвеня 2009 года Мазіла выпусьціла Firefox 3.5 з перакладам на 65 моваў і наступнымі зьменамі:

  1. падтрымка перадачы відэа і гуку паводле HTML5;
  2. падтрымка адасобленага азіраньня, што дазваляе пазьбегнуць захаваньня на кружэлцы вестак аб наведаных сайтах[15];
  3. рухавік вырысоўваньня сеціўных старонак Gecko 1.9.1, што ўдвая павысіла хуткасьць адлюстраваньня старонак параўнальна з Firefox 3.0;
  4. яваскрыпт-рухавік TraceMonkey;
  5. падтрымка месцавызначэньня карыстальніка;
  6. падтрымка «роднага» аб’ектнага запісу ў JavaScript;
  7. падтрымка пампаваных шрыфтоў;
  8. падтрымка сэлектараў чаргі JavaScript-запытаў;
  9. падтрымка трансфармацыяў двухвымернай графікі[16];
  10. мажлівасьць захаваньня відэа[17].

Чацьвёртае[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Новая кнопка Firefox, якая зьявілася ў вэрсіі 4.0

Наступнай галоўнай вэрсіяй пасьля 3.6 стала вэрсія 4.0, якая была выпушчаная 22 сакавіка 2011 г.[18]

  • Падтрымка больш за 80 моваў
  • Уведзены новы рухавік для JavaScript — JägerMonkey, які працуе ў шэсьць разоў хутчэй за рухавік вэрсіі 3.6
  • Падтрымка загалоўку «не адсочваць» (па-ангельску: Do Not Track («DNT»)), якая дапамагае карыстальнікам пазьбегнуць кантэкстнай рэклямы
  • Па змоўчваньні ўключаецца мэханізм сынхранізацыі («Firefox Sync»), які дапамагае бясьпечна праводзіць сынхранізацыю паміж некалькімі кампутарамі і мабільнымі прыладамі
  • Шэраг апэрацыяў прамалёўкі графікі цяпер ажыцьцяўляецца з дапамогай апаратнага паскарэньня Direct3D 9 у Windows XP, Direct3D 16 у Windows Vista ды OpenGL на Mac OS
  • Апаратнае паскарэньне Direct2D цяпер па змоўчваньні ўключанае толькі ў Windows 7
  • Уключэньне WebGL на ўсіх плятформах, якія маюць графічную карту з абноўленымі драйвэрамі.
  • Убудаваная падтрымка відэа фармату HD HTML5 WebM з апаратным паскарэньнем, калі яно магчымае
  • У Windows Vista ды Windows 7 новы выгляд кнопкі Firefox
  • Рэжым «укладкі наверсе»[19]
  • Зьявілася магчымасьць шукаць ды пераключацца на адчыненую укладку ў Разумнай Location Панэлі
  • Кнопкі спыненьня і перазагрузкі аб’яднаныя ў адну ў Windows, Mac OS X ды Linux
  • Панэль закладак па змоўчваньні замененая на кнопку закладак
  • Абарона ад падзеньняў у Windows, Linux ды Mac OS X, калі падзеньне выкліканае плагінамі Adobe Flash, Apple Quicktime ці Microsoft Silverlight
  • Можна ператварыць любую ўкладку ў «Праграмную ўкладку»
  • Абноўлены дызайн хатняй старонкі

Пятае[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

21 чэрвеня 2011 году выйшла Mozilla вэрсіі 5.0[20]. Гэта была першая вэрсія г. зв. паскоранага цыклю выпускаў (па-ангельску: Rapid release)[21]. У гэтай вэрсіі дадалася падтрымка анімацыі CSS, загалоўвак «не адсочваць» быў зьменены, каб палепшыць магчымасьць выяўленьня, наладжаная лёгіка пасіўнага злучэньня па пратаколе HTTP для паскарэньня хуткадзейнасьці, паляпшэньне прамалёўкі канвы, працы з JavaScript, памяцьцю ды сецівам. Палепшаная падтрымка стандартаў HTML5, XHR, MathML, SMIL ды канвы. Палепшаная праверка правапісу для некаторых моваў. Палепшаная інтэграцыя з асяродзьдзем у Linux. Забароненая магчымасьць кантэнту, які выкарыстоўвае тэхналёгію WebGL, загружаць тэкстуры з чужых дамэнаў. Для фонавых укладак значэньне парамэтраў setTimeout ды setInterval зьмененае да 1000 мс для паляпшэньня хуткадзейнасьці. Выпраўленыя некалькі праблем са стабільнасьцю.

Шостае[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Firefox вэрсіі 6 выйшаў 16 жніўня 2011[22]. У шостай вэрсіі пачаў падсьвечвацца дамэн у адрасным радку. Паменшаны час запуску з выкарыстаньнем Panorama.

Сёмае[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Firefox вэрсіі 7.0 выйшаў 27 верасьня 2011[23]. Палепшаная апрацоўка памяці. Дададзены новы мэханізм рэндэрынгу для паскарэньня апэрацыяў з канвой у сыстэмах, якія працуюць пад Windows. Зьмены закладак ды пароляў цяпер амаль імгненна сынхранізуюцца, калі выкарыстоўваецца Firefox Sync. Цяпер прэфікс http:// URL па змоўчаньні схаваны. Дададзеная падтрымка для text-overflow: ellipsis. Дададзеная падтрымка для спэцыфікацыі Web Timing. Палепшаная падтрымка MathML. Пратакол WebSocket абноўлены ад вэрсіі 7 да вэрсіі 8. Дададзеная сыстэма добраахвотнай перадачы інфармацыі пра хуткадзейнасьць Mozilla для паляпшэньня наступных вэрсіяў Firefox. Выпраўленыя некалькі праблем са стабільнасьцю.

Восьмае[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Выйшла 8 лістапада 2011[24]. Адключаная падтрымка ад-онаў, усталяваных іншымі праграмамі, па змоўчваньні.

Падтрымка беларускай мовы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

З 2 лістапада 2003 году, ад выданьня 0.7, ажыцьцяўляўся саматужны пераклад праграмы на беларускую мову[25]. З чэрвеня 2007 году, ад выданьня 2.0.0.4, яна афіцыйна падтрымліваецца па-беларуску[26]. З студзеня 2017 году, ад выданьня 51.0, яна афіцыйна не падтрымліваецца па-беларуску[27].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Firefox 3 стаў самым папулярным браўзэрам у Еўропе// Беларускія навіны ІТ. 31 сакавіка 2009
  2. ^ Беларускі клясычны слоўнік 0.1.1 // Дадаткі да Вогнеліса. Дата доступу: 19 жніўня 2009
  3. ^ «Цікаўныя» браўзэры шпіёняць за карыстачамі// Беларускія навіны ІТ. 24 красавіка 2009
  4. ^ (анг.)Arik Hesseldahl. Better Browser Now The Best// Форбс. 29 верасьня 2004
  5. ^ How to Protect Yourself From Vandals, Viruses If You Use Windows (анг.).
  6. ^ Firefox хутка зойме 20% рынка вэб-браўзэраў// Беларускія навіны ІТ. 6 чэрвеня 2008
  7. ^ (анг.)Judi Palmer, Alex Guerra. Mozilla Releases Major Update to Firefox and Raises the Bar for Online Experience// Мазіла. 24 кастрычніка 2006
  8. ^ (анг.)Robert Vamosi. Mozilla Firefox 2// Computer Networks Australia. 25 кастрычніка 2006
  9. ^ (анг.)Brian Krebs. Mozilla Releases Firefox 2.0// Вашынгтон Пост. 25 кастрычніка 2006
  10. ^ (анг.)Mozilla Firefox 2 Release Notes// Мазіла. Дата доступу: 16 верасьня 2009
  11. ^ Павел Міхайлаў. Mozilla выпусціла Firefox 3.0.5 і восем патчаў для Firefox 2.0.0.19// Беларускія навіны ІТ. 19 сьнежня 2008
  12. ^ Mozilla ўручаны афіцыйны сертыфікат, які сведчыць пра трапленне Mozilla Firefox у Кнігу Рэкордаў Гінэса// Беларускія навіны ІТ. 14 ліпеня 2008
  13. ^ Колькасьць загрузак Firefox 3.0.11 за першыя суткі перавысіла 150 млн // Беларускія навіны ІТ. 16 чэрвеня 2009
  14. ^ Выйшла фінальная версія Firefox 3// Беларускія навіны ІТ. 18 чэрвеня 2008
  15. ^ Mozilla выпусціла браўзэр Firefox 3.5// Беларускія навіны ІТ. 30 чэрвеня 2009
  16. ^ Адбыўся фінальны рэліз вэб-браўзэра Firefox 3.5// Беларускія навіны ІТ. 1 ліпеня 2009
  17. ^ Адбыўся рэліз Mozilla Firefox 3.5// Беларускія навіны ІТ. 2 ліпеня 2009
  18. ^ Mozilla Firefox 4 Release Notes (Заўвагі да выпуску Mozilla Firefox вэрсіі 4)(анг.)
  19. ^ Alex Faaborg. Why Tabs are on Top in Firefox 4(анг.)
  20. ^ Mozilla Firefox Release Notes(анг.)
  21. ^ Johnathan Nightingale (18 ліпеня 2011) Every Six Weeks(анг.) Firefox Channels
  22. ^ Mozilla Firefox Release Notes(анг.)
  23. ^ Mozilla Firefox Release Notes(анг.)
  24. ^ Mozilla Firefox Release Notes(анг.)
  25. ^ Загрузка змесцавання Жар-Ліса// Мазіла па-беларуску. Дата доступу: 22 жніўня 2009
  26. ^ Ягор Шумскі. Firefox па-беларуску// Наша Ніва. 25 чэрвеня 2007
  27. ^ Mozilla Firefox Release Notes(анг.)

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg  Mozilla Firefoxсховішча мультымэдыйных матэрыялаў