Перайсьці да зьместу

MacOS

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
OS X
Выява лягатыпу
Распрацоўнік
«Apple» (ЗША)
Выпускі
Сямейства АС BSD/Darwin/NEXTSTEP
Апошні стабільны рэліз [+/−]
Мовы праграмаваньня C++, Objective-C, Swift, C
Плятформы x86, x86-64, PowerPC
Тып ядра гібрыднае ядро
Стандартны інтэрфэйс GUI (Aqua)
Ліцэнзія прапрыетарная
Вэб-сайт apple.com
Бягучы стан
актуальны

OS X, раней Mac OS X — апэрацыйная сыстэма фірмы «Apple computers», закрыты і значна перапрацаваны варыянт BSD-UNIX унівэрсытэту Бэрклі, выпускаецца для кампутараў Macintosh на базе працэсараў PowerPC і «Інтэл».

Mac OS X значна адрозьніваецца ад папярэдніх вэрсіяў Mac OS. Аснова сыстэмы — Darwin. Darwin — вольнае праграмнае забесьпячэньне з адкрытымі выточнымі кодамі. Яго ядром зьяўляецца XNU (акронім ад «Xnu Not Unix» — «Xnu значыць ня Юнікс»), у якім выкарыстоўваецца мікраядро Mach і стандартныя сэрвісы BSD (якія паходзяць з FreeBSD 5). Усе магчымасьці Unix'у даступныя праз кансоль. Па-над гэтай асноваю «Apple» распрацавала шмат уласьніцкіх кампанэнтаў, такіх як Quartz Composer і Finder.

Mac OS X уключыла мноства магчымасьцяў, якія робяць яе больш стабільнай за папярэднюю вэрсію Mac OS 9. Mac OS X выкарыстоўвае шматзадачнасьць і абарону памяці, якія дазваляюць запускаць некалькі працэсаў, якія ня змогуць перапыніць або пашкодзіць адзін аднаго. На архітэктуру Mac OS X паўплываў OPENSTEP, які быў задуманы як партабэльная апэрацыйная сыстэма. Да прыкладу, NEXTSTEP быў партаваны з арыгінальнае 68k плятформы NeXT кампутара да таго, як NEXTSTEP быў набыты «Apple». Так і OPENSTEP быў партаваны на PowerPC у рамках праекту Rhapsody.

Найбольш прыкметнай зьменаю была тэма Aqua. Выкарыстаньне закругленых кутоў, паўпразрыстых колераў і сьветлых палосаў гэтак сама паўплывала і на вонкавы выгляд апаратнага забесьпячэньня першых iMac'аў. Некаторым карыстальнікам гэта не спадабалася — яны ўважалі гэта за непрафэсійныя ўласьцівасьці[1]. Іншыя былі задаволеныя і лічылі гэта новым крокам наперад[1]. Пасьля выданьня першае вэрсіі Mac OS X іншыя распрацоўнікі таксама сталі выкарыстоўваць дызайн Aqua. Каб пазьбегчы выкарыстаньня гэтага дызайну на іншых плятформах, «Apple» скарысталася паслугамі юрыстаў[2].

Mac OS X таксама ўлучае асяродзьдзе распрацоўваньня праграмнага забесьпячэньня — Xcode. Xcode дазваляе распрацоўваць праграмы на некалькіх мовах, у тым ліку C, C++, Objective-C і Java. Яно падтрымлівае кампіляцыю ў так званыя «тоўстыя праграмы» (fat binaries, у прэс-рэлізах Universal Binary), якія можна выконваць на некалькіх плятформах (x86, PowerPC).

Праграмнае забесьпячэньне

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Для забесьпячэньня бестурботнага пераходу з Mac OS 9 на Mac OS X быў створаны Carbon. Праграмы, напісаныя з дапамогаю Carbon, можна выконваць на абедзьвюх АС адначасова. Зь іншага боку, як было сказана вышэй, Mac OS X атрымлівае ў спадчыну шмат што з OPENSTEP, які зваротна несумяшчальны зь іншымі вэрсіямі Mac OS. «Apple» цяпер рэкамэндуе гэты API, які завецца Cocoa. Гэтая спадчына добра відочная для распрацоўнікаў на Cocoa: назвы многіх клясаў пачынаюцца з NS (NSObject, NSArray; NS расшыфроўваецца як NEXTSTEP).

Гэтак сама Mac OS X падтрымвае Java. Гэта значыць, што праграмы, напісаныя на Java і якія выкарыстоўваюць Swing, выглядаюць так сама, як праграмы, якія выкарыстоўваюць Cocoa. Традыцыйна праграмы пад Cocoa распрацоўваюць на Objective C альбо на Java. Аднак 25 ліпеня «Apple» абвесьціла, што далейшыя пашырэньні ў Cocoa ня будуць перанесеныя ў Java.

Mac OS X, у адрозьненьне ад папярэднікаў, заснаваная на грунце UNIX. Гэта значыць, што бальшыня праграмаў, напісаных для BSD, Linux ды іншых UNIX-падобных сыстэмаў, скампілююцца і будуць працаваць на Mac OS X амаль бязь зьменаў (часам наогул бязь зьменаў). Для зручнага ўсталяваньня такіх праграмаў распрацаваныя кіраўнікі пакункаў, такія як Fink і MacPorts (раней DarwinPorts). Яны падобныя да apt у Debian або ports у FreeBSD.

Пачынаючы з вэрсіі 10.3 таксама распаўсюджваецца X11.app — адаптаваная вэрсія X-сэрвэра. Гэта дазваляе выконваць на Mac OS X праграмы, распрацаваныя для X11 (напрыклад, для gtk, QT/X11 (вэрсія 4 падтрымлівае Mac OS X)). Для рысаваньня X11.app выкарыстоўвае Quartz. Аднак X11.app мае пэўныя праблемы, напрыклад, нястачу стылю для Mac OS X і дрэнную падтрымку некаторых моваў інтэрфэйсу. Першыя вэрсіі могуць уключаць X-сэрвэр пры дапамозе XDarwin.

Апаратнае забесьпячэньне

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першыя вэрсіі Mac OS X падтрымлівалі ўсе кампутары Macintosh (ноўтбукі, дэсктопы і сэрвэры) на працэсарах PowerPC G3, G4 і G5. Пазьнейшыя вэрсіі Mac OS больш не падтрымліваюць старое абсталяваньне: напрыклад, Panther не падтрымлівае старыя G3, Tiger не падтрымлівае сыстэмы без FireWire портаў, бэта-вэрсія Leopard, прэзэнтаваная на WWDC, не падтрымлівае G3 наогул. Аднак ёсьць службовыя праграмы, напрыклад, XPostFacto, і латкі для інсталяцыйнага дыску, распрацаваныя збочнымі асобамі, для ўсталяваньня новых вэрсіяў Mac OS X на абсталяваньні, якое афіцыйна не падтрымлівае «Apple», у тым ліку на некаторыя сыстэмы, ранейшыя за G3. Акрамя некаторых магчымасьцяў, якія вымагаюць пэўнага абсталяваньня (напрыклад, графічнае паскарэньне, DVD-запіс), апэрацыйная сыстэма прапаноўвае аднолькавую функцыянальнасьць на ўсім абсталяваньні, якое падтрымлівае гэтая сыстэма.

PowerPC-вэрсія Mac OS X застаецца сумяшчальнаю з старымі праграмамі для Mac OS праз сымуляцыю так званай Classic-сыстэмы, якая дазваляе карыстальнікам выконваць сыстэму Mac OS 9 як працэс у Mac OS X, таму многія старыя праграмы выконваюцца, нібы ў старой апэрацыйнай сыстэме. Classic не падтрымлівае кампутары з працэсарамі «Інтэл».

У красавіку 2002 eWeek распаўсюдзіў чутку пра тое, што «Apple» мае вэрсію Mac OS X з кодавай назваю Marklar, якая выконваецца на працэсарах «Інтэл x86». Ідэя Marklar была ў пераходзе Mac OS X на альтэрнатыўную плятформу, якая дазволіць «Apple» пераадолець праблемы разьвіцьця плятформы PowerPC. Чуткі не былі пацьверджаныя да траўня 2005, калі ў файлаабменных сетках зьявілася вэрсія Mac OS X для працэсараў «Інтэл».

6 чэрвеня 2005 Стыў Джобс пацьвердзіў чуткі і паведаміў на канфэрэнцыі WWDC, што на працягу двух гадоў «Apple» пяройдзе з працэсараў PowerPC на «Інтэл». Да гэтага «Apple» мяняла плятформу з Motorola 68K на IBM/Motorola PowerPC — «Apple» дадала сымулятар Motorola 68K у новую АС, якая дазваляла выконваць бальшыню праграмаў для 68K. «Apple» падтрымлівала сымулятар на працягу 11 гадоў; аднак пры пераходзе на «Інтэл» ён быў выдалены. У новую сыстэму ўлучылі сымулятар PowerPC, які называецца Rosetta. Гэтак сама новая вэрсія XCode і адпаведныя кансольныя службовыя праграмы дазваляюць распрацоўваць унівэрсальныя праграмы (universal binaries, fat binaries) — двайковыя файлы, якія могуць працаваць на некалькіх плятформах (ppc, ppc64, i386 і г. д.)

Цяпер большасьць праграмаў даступная толькі для PowerPC і падтрымліваецца пры дапамозе Rosetta. Аднак «Apple» просіць распрацоўнікаў ствараць унівэрсальныя праграмы для абедзьвюх плятформаў. Унівэрсальныя праграмы працуюць хутчэй на кампутарах «Інтэл», чым на PowerPC. Некаторыя праграмы для PowerPC, напрыклад, пашырэньні ядра і ўбудовы для сыстэмных наладаў (System Preferences) не падтрымліваюцца на кампутарах «Інтэл».

У час, калі «Макінтэлы» могуць выконваць праграмы для PowerPC, x86 і ўнівэрсальныя праграмы, PowerPC Мак могуць выконваць толькі ўнівэрсальныя праграмы і праграмы для PowerPC. Падтрымка плятформы PowerPC застанецца ў 10.5. Джобс таксама пацьвердзіў чутку, маўляў, новая вэрсія Mac OS X працавала на працэсарах «Інтэл» амаль увесь час свайго існаваньня. Рэч у тым, што міжплятформавасьць ужо была ў Mac OS X; OPENSTEP быў перанесены на мноства плятформаў, у тым ліку на x86, і Darwin дадаў падтрымку PowerPC і x86. «Apple» абвесьціла, што Mac OS X ня будзе працаваць на пэрсанальных кампутарах «Інтэл», якія не былі зробленыя «Apple», аднак зламаныя вэрсіі Mac OS X працуюць на іншым абсталяваньні x86. Іх распрацоўвае супольнасьць OSx86, і яны даступныя ў файлаабменных сетках.

Сыстэма грунтуецца на:

  • падсыстэме з адкрытым кодам — Darwin (мікраядро Mach, набор службовых праграмаў BSD).
  • асяродзьдзі праграмаваньня Core Foundation (Carbon API, Cocoa API і Java API);
  • графічным асяродзьдзі Aqua (QuickTime, Quartz Extreme і OpenGL);
  • тэхналёгіях CoreImage, CoreAudio і CoreData.

Вэрсіі Mac OS X:

  • 10.0 Public Beta — 2000.
  • 10.0 Cheetah (Гепард) — 2001.
  • 10.1 Puma (Пума) — 2002.
  • 10.2 Jaguar (Ягуар) — 2003.
  • 10.3 Panther (Пантэра) — 2004.
  • 10.4 Tiger (Тыгр) — 2005.
  • 10.5 Leopard (Леапард) — 26 кастрычніка 2007.
  • 10.6 Snow Leopard — 28 жніўня 2009.
  • 10.7 Lion — 20 ліпеня 2011.
  • OS X 10.8 Mountain Lion — 25 ліпеня 2012.
  • OS X 10.9 Maverics — 22 кастрычніка 2013.
  • OS X 10.10 Yosemite — 16 кастрычніка 2014.
  • OS X 10.11 El Capitan — восень 2015 (анансаваная 8 чэрвеня 2015[3]).

Ёсьць і сэрвэрныя вэрсіі Mac OS X: 10.4 Tiger Server, 10.5 Leopard Server.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]