Сыстэма кіраваньня зьместам

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку

Сыстэма кіраваньня зьместам, сыстэма кіраваньня кантэнтам або кантэнт-мэнэджар (па-ангельску: Content management system, CMS) — рухавік вэб-бачыны, які дазваляе кіраваць тэкставым і графічным зьместам вэб-бачыны, гэта значыць, зьмяняць ейнае інфармацыйнае напаўненьне, не клапоцячыся пра ўнутраны механізм пабудовы вэб-старонак. Некаторыя віды сайтаў падтрымліваць без сыстэмы кіраваньня зьместам вельмі цяжка.

Цяпер існуе мноства ўжо распрацаваных кантэнт-мэнэджараў, у тым ліку і бясплатных. Іх можна падзяліць на тры тыпы па спосабе працы:

  1. Генэрацыя старонак па запыце. Кантэнт-мэнэджары такога тыпу працуюць на аснове зьвязку «Модуль рэдагаваньня → База зьвестак → Модуль пада́ньня». Модуль паданьня генэруе старонку са зьместам пры запыце на яго на аснове інфармацыі з базы зьвестак. Інфармацыя ў базе зьвестак зьмяняецца з дапамогай модулю рэдагаваньня. Старонкі зноўку ствараюцца серверам пры кожным запыце, а гэта стварае нагрузку на сістэмныя рэсурсы. Нагрузка можа быць шматкроць паніжаная пры выкарыстаньні сродкаў кэшаваньня, якія маюцца ў сучасных вэб-серверах.
  2. Генэрацыя старонак пры рэдагаваньні. Кантэнт-мэнэджары гэтага тыпу па сутнасьці ёсьць праграмамі для рэдагаваньня старонак, якія пры занясеньні зьменаў у зьмест сайта ствараюць набор статычных старонак. Пры такім спосабе ахвяруецца інтэрактыўнасць паміж наведвальнікам і зьмесцівам сайта.
  3. Зьмяшаны тып. Як вынікае з назову, спалучае ў сабе перавагі першых двух. Можа быць рэалізаваны шляхам кэшаваньня: модуль паданьня генэруе старонку адзін раз, у далейшым яна ў разы хутчэй падгружаецца з кэша. Кэш можа абнаўляцца як аўтаматычна, па заканчэньні некаторага тэрміну часу, або пры занясеньні зьменаў у вызначаныя падзелы сайта, так і ўручную па камандзе адміністратара.

Іншы падыход — захаваньне вызначаных інфармацыйных блёкаў на этапе рэдагаваньня сайту і зборка старонкі з гэтых блёкаў пры запыце адпаведнай старонкі карыстальнікам.

Тэрмін «кантэнт-мэнэджар» можа таксама азначаць род чалавечай дзейнасьці (рэдактар сайту).

Вялікая частка сучасных сыстэм кіраваньня зьместам рэалізуецца з дапамогай візуальнага рэдактара — праграмы, якая стварае html-код з адмысловай спрошчанай разьметкі, якая дазваляе карыстальніку прасьцей фарматаваць тэкст. Прыкладам апошняй зьяўляецца вікі-тэкст.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg Сыстэма кіраваньня зьместамсховішча мультымэдыйных матэрыялаў