Інтэрнэт-залежнасьць

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Інтэрнэт-залежнасьць — навязьлівае імкненьне ды залішне працяглага, найчасьцей шматгадзіннага выкарыстаньня Сеціва, што перашкаджае паўсядзённаму жыцьцю.

У 1995 г. панятак увёў амэрыканскі псыхатэрапэўт Іван Голдбэрг[1]. На 2009 г. сеткавую залежнасьць мелі да 10% карыстальнікаў пэрсанальных кампутараў[2]

Папярэджаньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Прадухіленьню залежнасьці спрыяе разьмяшчэньне кампутара ў пакоі, даступным для ўсіх чальцоў сям’і (у зале). Таксама варта скласьці сьпіс карысных сайтаў у закладках браўзэра і старацца абмяркоўваць атрыманыя ў Сеціве зьвесткі ў жывых зносінах з блізкімі людзьмі[3].

Чыньнікі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Узьнікненьню інтэрнэт-залежнасьці спрыяе нястача ўвагі з боку бацькоў у дзяцінстве, цкаваньне ў школе з боку аднагодкаў, няўпэўненасьць у сабе і крайняя сарамлівасьць у міжасабовых зносінах, празьмернае імкненьне трымацца апошніх кірункаў у модзе. Пагатоў доступ да Сеціва аблягчае атрыманьне грамадзкай падтрымкі, стварэньне ўласнага вобразу і атрыманьне хуткай прыемнасьці і плоцевага задавальненьня[4].

Праявы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Да душэўных праяваў залежнасьці ад Сеціва належаць:

  • Узбуджэньне напярэдадні падлучэньня. Прагнае чаканьне і прыемнае адчуваньне ад ажыцьцяўленьня доступу да кампутара.
  • Сындром адмены. Трывожнае адчуваньне адзіноты і адарванасьці ад жыцьця пры адсутнасьці доступу да Сеціва.
  • Страта кіраваньня часам. Шматгадзінная захопленасьць увагі Сецівам прыводзіць да адкладаньня працоўных і сямейных справаў, сустрэчаў і дамоўленасьцяў.
  • Адмова жывых зносінаў на карысьць сеціўных. Сядзеньне перад маніторам забясьпечвае пераважную колькасьць забаваў. Электронныя сябры замяняюць выхад у людзі і стасункі з жыцьцёвымі сябрамі.
  • Пастаянная падлучанасьць. Штогадзінная праверка рахунку ў сацыяльнай сетцы і электроннай пошты для падліку ўпадабаньняў і паведамленьняў.
  • Бязмэтавасьць. Штатгадзінныя зносіны на форуме і ў чаце ды працяглы агляд сайту бяз пошуку патрэбных зьвестак.
  • Марнатраўства. Хаваньне істотных выдаткаў на кампутарныя праграмы і прылады ад блізкіх.
  • Скаргі ад блізкіх. Абурэньне навакольных надта частым знаходжаньнем у Сеціве выклікае выкрутлівае тлумачэньне патрэбнасьці доступу да кампутара.
  • Раздражненьне. Пачуцьцёвае абурэньне пры спробе перапыніць доступ да Сеціва.
  • Дакучлівасьць. Штодзённае шматкратнае абмеркаваньне Сеціва і кампутараў са знаёмымі.
  • Складанасьці ў справах. Правал на працы і ў навучаньні праз парушэньне засяроджанасьці на выкананьні задачы.
  • Паўтаральнасьць (рэцыдыў). Поўнае вяртаньне залежнасьці пры першым жа доступе да кампутара пасьля перапынку[5].

Да цялесных праяваў залежнасьці адносяць:

  • Сухасьць у вачах і пагаршэньне зроку (блізарукасьць).
  • Галаўны боль і боль у сьпіне ад шматгадзіннага сядзеньня за маніторам.
  • Грэбаваньне і забыцьцё побытавых дзеяньняў: прыёму ежы і душу, чысткі зубоў.
  • Схільнасьць да абжорства каля экрана.
  • Недасып ад засынаньня глыбокай ноччу ці пад ранак у сувязі зь перашкодай сну ў выглядзе расчуленасьці шматлікімі зьвесткамі.
  • Прыдалоневы сындром (боль) празь перанапругу цягліцаў у кісьцях рук.
  • Бледнасьць і кругі пад вачыма ад нястачы сьвежага паветра.
  • Хуткая цялесная стамляльнасьць.
  • Дыхавіцу праз надта малы прыток паветра.
  • Дэпрэсію і трывожнасьць ад незадаволенасьці сваім грамадзкім жыцьцём[5].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Марына Валасар. Адпачыць ад інтэрнэту // Авэ, Марыя : часопіс. — Жнівень 2017. — № 7-8 (268-269).
  2. ^ Вольга Цыбульская. 5 сымптомаў залежнасьці ад інтэрнэту // Краіна здароўя. — 10 чэрвеня 2009. — № 19 (133). — С. 5.
  3. ^ Інтэрнэт-залежнасьць у падлеткавым узросьце // Беларускі псыхалягічны партал, 2017 г. Праверана 2 сьнежня 2017 г.
  4. ^ Сьвятлана Стахоўская. Гульні ўяўленьня (прычыны інтэрнэт-залежнасьці) // Партал «Здаровыя людзі» Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь, 29 красавіка 2017 г. Праверана 2 сьнежня 2017 г.
  5. ^ а б Сьвятлана Стахоўская. На «віртуальнай ігле» (прыкметы інтэрнэт-залежнасьці) // Партал «Здаровыя людзі», 29 красавіка 2017 г. Праверана 2 сьнежня 2017 г.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]