Mozilla Firefox
Mozilla Firefox | |
![]() | |
| |
Распрацоўка | Mozilla Foundation |
---|---|
Апошняя вэрсія | 117.0.1 (12 верасьня 2023 г. ) |
АС | кросплятформенная |
Тып | браўзэр |
Ліцэнзія | MPL/GPL/LGPL |
Афіцыйная старонка | www.mozilla.com |
Mozilla Firefox (па-беларуску: «Вогненая лісіца», «Мазіла Файрфокс», «Вогнеліс»; арыгінальнае вымаўленьне паводле міжнароднага фанэтычнана альфабэту: [moʊˈzɪlə ˈfaɪɹfɑks]), раней вядомы як Phoenix і Firebird — найпапулярнейшы ў Эўропе на 2009 год[1] і другі па папулярнасьці ў сьвеце браўзэр, які распаўсюджваецца пад вольнай ліцэнзыяй. Першы браўзэр з адкрытым зыходным кодам, які дамогся такой папулярнасьці. Firefox зьяўляецца нашчадкам праекту Mozilla. Вызначаецца гнуткай канфігурабельнасьцю, вялікай колькасьцю дадаткаў для вырашэньня розных задачаў карыстальніка. Мае дадаткі для фільтрацыі непажаданага зьместу, он-лайнавага перакладу, вывярэньня правапісу[2], узаемадзеяньня з блог-рухавікамі ды іншыя.
Існуюць вэрсіі для Windows, Mac OS X, Linux, OS/2, FreeBSD, NetBSD, OpenBSD, Solaris і іншых апэрацыйных сыстэмаў.
Хоць Firefox — невялікі паводле памеру браўзэр, ён зьяўляецца адным з найбольш гнуткіх браўзэраў, мае шырокія магчымасьці наладаў: карыстальнік можа ўсталёўваць дадатковыя тэмы, якія зьмяняюць зьнешні выгляд праграмы, і дадаткі, якія дадаюць новую функцыянальнасьць.
Сярод адметных асаблівасьцяў можна вылучыць:
- блякаваньне выплыўных вокнаў(en);
- падтрымку ўкладак(en) (некалькі старонак у адным вакне);
- павышаны клопат пра бясьпеку (толькі калі ў Firefox адбываецца збой, са згоды карыстальніка ў кампанію Mozilla адсылаецца паведамленьне пра непаладку зь зьвесткамі пра наведаную пры збоі старонку, апаратнае забесьпячэньне й апэрацыйную сыстэму кампутара[3]);
- убудаваную панэль пошуку ў пошукавых машынах і слоўніках;
- так званыя «Жывыя закладкі» («Live bookmarks») — мэханізм інтэграцыі RSS-струменяў;
- шырокія магчымасьці па наладзе паводзінаў і зьнешняга выгляду;
- падтрымку мноства дадаткаў;
- прылады для вэб-распрацоўніка;
- аўтаматычнае абнаўленьне як самога браўзэра, так і яго пашырэньняў (пачынаючы з вэрсіі 1.5).
Варта адзначыць, што пералічаныя асаблівасьці зьяўляюцца адметнымі, у першую чаргу, паводле словаў саміх аўтараў Firefox. Правільнасьць найменьня некаторых асаблівасьцяў «адметнымі» (эксклюзіўнымі для гэтага браўзэра, або ўпершыню ўжытыя менавіта ў ім) зьяўляецца чыньнікам спрэчак ды інтэрнэт-дыскусіяў. З убудаваным у браўзэр блякаваньнем усплывальных вокнаў карыстальнікі маглі пазнаёміцца ў Internet Explorer 6 (напрыклад, усталяваўшы абнаўленьне Service Pack 2 для Windows XP) і пры выкарыстаньні Internet Explorer 7. Выкарыстаць укладкі (некалькі старонак у адным акне) можна было яшчэ ў браўзэры Opera, а з дапамогаю дадатковых модуляў і ў Internet Explorer 6, сёмая вэрсія якога таксама забясьпечвае гэтую магчымасьць безь неабходнасьці ўсталёўваць дадатковыя модулі. З ростам папулярнасьці Firefox і павышэньнем цікавасьці хакераў, заяўленая стваральнікамі павышаная бясьпека стала нярэдка аспрэчвацца (зрэшты, некаторыя гучныя заявы на небясьпечнасьць апынуліся фікцыяй). Убудаваная панэль пошуку маецца ў Internet Explorer з вэрсіі 4.0.
За выключэньнем адладчыка DOM, здольнага паведаміць карыстальніку пра памылку ў сынтаксісе загружанае старонкі і паказаць нумар радка, якая зьмяшчае памылку, прыладаў для вэб-распрацоўніка ў базавай канфігурацыі Firefox няма. Аднак, існуе мноства пашырэньняў, якія рэалізуюць неабходную функцыянальнасьць для вэб-распрацоўнікаў. У прыватнасьці:
- JSONView — дадатак для прагляду зьнешніх файлаў старонкі
- Html Validator — дадатак для праверкі кода на адпаведнасьць стандартам W3C
- View Source Chart(недаступная спасылка) — дадатак для зручнае візуалізацыі разьметкі старонкі
- FireBug(недаступная спасылка) — шматфункцыянальны дадатак, які ўключае ў сябе адладчык, DOM-навігатар і JavaScript-кансоль
- Web Developer — дадатак, які прапануе мноства функцыяў для адладкі старонкі (існуе таксама для Chrome).
Карыстальніку інтэрнэт, у якога зьявілася цікавасьць да загрузкі і ўсталёўкі Firefox на сваім кампутары, варта назваць ня толькі плюсы, але і мінусы гэтай праграмы, якія ёсьць у яго гэтаксама, як і ў любой іншай праграмы, нават калі рэкляма сьцьвярджае зваротнае. У параўнаньні з галоўным яго канкурэнтам — Internet Explorer — у Firefox ёсьць як моцныя, так і слабыя бакі. Адлюстраваньне кантэнту адразу дазваляе камфортна працягваць сэрфінг нават пры няпоўнай загрузцы старонкі, што асабліва прыкметна пры марудным злучэньні і вялікай колькасьці ўкаранёных аб’ектаў. Пры распрацоўцы Firefox адмысловая ўвага надавалася падтрымцы стандартаў W3C.
Адкрыты зыходны код прадукта дае яму дадатковыя плюсы для карыстальніка — напрыклад магчымасьць упэўніцца (пры наяўнасьці пэўнага досьведу) у адсутнасьці «закладкаў», перарабіць браўзэр «пад сябе», і нават самастойна выправіць памылкі.
Рухавік Gecko[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Першапачаткова рухавік Gecko прызначаўся для браўзэра Netscape 6 у якасьці замены старога рухавіка Netscape Communicator 4, які выкарыстоўваўся з 1997 году. Для адладкі рухавіка была створаная адкрытая праграма Mozilla Suite, на якой і адладжвалі Gecko. У 2004 годзе Mozilla Suite была разабраная на браўзэр Mozilla Firefox, кліент электроннае пошты Mozilla Thunderbird, WYSIWYG HTML рэдактар NVU, каляндар Sunbird і IRC-кліент Chatzilla, які быў выпушчаны ў выглядзе дадатку да браўзэра Mozilla Firefox. На сёньняшні дзень стабільнай зьяўляецца вэрсія рухавіка Gecko 34.0, яе нумар адпавядае вэрсіям Mozilla Firefox, Mozilla Thunderbird і SeaMonkey 2.30, і вядзецца распрацоўка рухавіка новага пакаленьня Gecko 31.0.
Выданьні[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Першае[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Напярэдадні рэлізу вэрсіі 1.0 9 лістапада 2004 году браўзэр атрымаў ухвалу ад шматлікіх мэдыявыданьняў, у тым ліку «Форбс»[4] і «The Wall Street Journal»[5]. У першыя 99 дзён пасьля выпуску Firefox, яго спампавалі больш як 25 мільёнаў чалавек, пасьля чаго Firefox стаў адным з самых папулярных вольных прыкладаньняў з адкрытым кодам, асабліва сярод хатніх карыстальнікаў. 19 кастрычніка 2005 году Firefox быў загружаны ў стомільённы раз, усяго толькі праз 344 дня пасьля выпуску вэрсіі 1.0. Па стане на лістапад 2005 Firefox займаў ужо 9,4% на сусьветным рынку інтэрнэт-браўзэраў, а да сярэдзіны 2006 году доля Mozilla Firefox складала, паводле розных зьвестак, ад 11 да 15%, моцна пацясьніўшы пазыцыі браўзэра Internet Explorer, які выкарыстоўвае большасьць карыстальнікаў.
30 лістапада 2005 году выйшаў Firefox 1.5. Прыхільнікі Firefox сьцьвярджаюць, што ў адрозьненьне ад самага распаўсюджанага на пачатак 2005 браўзэра Internet Explorer шостай вэрсіі, убудаванага ў Windows, Firefox забясьпечвае больш высокі ўзровень бясьпекі карыстальніка, здольны абараняць яго ад дакучлівае рэклямы, валодае шэрагам новых магчымасьцяў.
Другое[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
25 кастрычніка 2006 году выйшаў Firefox 2.0, які ў 2008 годзе заняў 18% сусьветнага рынка браўзэраў[6]. Ён быў пабудаваны на базе ўдасканаленага рухавіка Firefox 1.5 — Gecko 1.8.1. Першапачаткова плянавалася дадаць сучасную сыстэму закладак пад назовам Places, але з-за цяжкасьцяў у яе адладцы яе ўлучылі толькі ў Firefox 3.0. Другое выданьне выйшла зь перакладам на 35 моваў[7] (у тым ліку на беларускую) і наступнымі дасканаленьнямі:
- папярэджаньне пры запыце старонкі, адкрыцьцё якой прыводзіць да вывуджваньня (фішынгу) асабістых дадзеных (Beta 1; распрацоўка кампаніі Google);
- прапановы пры ўводзе тэкста ў поле пошуку;
- падтрымка ўзнаўленьня ўкладак, зачыненых пры выхадзе з азіральніка, пры наступным яго запуску;
- вывярэньне правапісу пры ўводзе тэксту ў вэб-форму;
- абнаўленьне падказак да закладак;
- мажлівасьць перамяшчаць укладкі;
- аднаўленьне зачыненае ўкладкі (спалучэньнем клявішаў Ctrl+Shift+T)[8];
- кнопка зачыненьня на кожнае ўкладцы (з Beta 2)[9];
- падтрымка стваральнікаў, паўтаральнікаў, сьпісавых выразаў, блёкавых вобласьцяў і разьбіральнага прысвойваньня ў яваскрыптах вэрсіі 1.7;
- падтрымка разьмяшчэньня тэкста крывой лініяй у двухвымернае графіцы[10];
- падтрымка стужкі навінаў (з Alpha 1).
Мазіла спыніла падтрымку другога выданьня 19 сьнежня 2008 году[11].
Трэцяе[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Гэта вэрсія выйшла 17 чэрвеня 2008 году. За першыя суткі праграму загрузілі 8 002 530 чалавек, што сталася сусьветным рэкордам, які засьведчылі прадстаўнікі выданьня «Сусьветныя рэкорды Гінэса»[12]. Колькасьць запамповак выданьня 3.0.11 за першыя суткі, 16 чэрвеня 2009 году, пераваліла за 150 мільёнаў[13]. Для новае вэрсіі значна перапрацавалі рухавік, на зьмену Gecko 1.8.1 прыйшла вэрсія 1.9, якая праходзіць тэст Acid2. У новай вэрсіі:
- зьменены мэтад высновы фрэймаў;
- рэалізаванае выкананьне блёкаў object без атрыбуту type;
- спыненая падтрымка апэрацыйных сыстэмаў Windows 9x, а таксама апэрацыйнае сыстэмы Mac OS X 10.2;
- падтрымка дадаваньня пашыраных фільтраў у закладкі;
- адбор дадзеных па ключавых словах, тэгах і тэмах;
- доступ да нядаўна наведаных сайтаў (сыстэма Places);
- магчымасьць дадаваць сайты ў закладкі адной клявішай;
- дапампоўка ў выпадку абрыву злучэньня;
- аўтаматычны ўвод дадзеных (лагінаў, пароляў, адрэсаў электроннай пошты і іншыя рэквізыты) у формы;
- блякаваньне сайтаў інтэрнэт-ашуканцаў, што зьмяшчаюць вірусы й траяны[14].
30 чэрвеня 2009 году Мазіла выпусьціла Firefox 3.5 зь перакладам на 65 моваў і наступнымі зьменамі:
- падтрымка перадачы відэа і гуку паводле HTML5;
- падтрымка адасобленага азіраньня, што дазваляе пазьбегнуць захаваньня на кружэлцы вестак аб наведаных сайтах[15];
- рухавік вырысоўваньня сеціўных старонак Gecko 1.9.1, што ўдвая павысіла хуткасьць адлюстраваньня старонак параўнальна з Firefox 3.0;
- яваскрыпт-рухавік TraceMonkey;
- падтрымка месцавызначэньня карыстальніка;
- падтрымка «роднага» аб’ектнага запісу ў JavaScript;
- падтрымка пампаваных шрыфтоў;
- падтрымка сэлектараў чаргі JavaScript-запытаў;
- падтрымка трансфармацыяў двухвымернай графікі[16];
- мажлівасьць захаваньня відэа[17].
Чацьвёртае[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Наступнай галоўнай вэрсіяй пасьля 3.6 стала вэрсія 4.0, якая была выпушчаная 22 сакавіка 2011 г.[18]
- Падтрымка больш за 80 моваў
- Уведзены новы рухавік для JavaScript — JägerMonkey, які працуе ў шэсьць разоў хутчэй за рухавік вэрсіі 3.6
- Падтрымка загалоўку «не адсочваць» (па-анґельску: Do Not Track («DNT»)), якая дапамагае карыстальнікам пазьбегнуць кантэкстнай рэклямы
- Па змоўчваньні ўключаецца мэханізм сынхранізацыі («Firefox Sync»), які дапамагае бясьпечна праводзіць сынхранізацыю паміж некалькімі кампутарамі і мабільнымі прыладамі
- Шэраг апэрацыяў прамалёўкі графікі цяпер ажыцьцяўляецца з дапамогай апаратнага паскарэньня Direct3D 9 у Windows XP, Direct3D 16 у Windows Vista ды OpenGL на Mac OS
- Апаратнае паскарэньне Direct2D цяпер па змоўчваньні ўключанае толькі ў Windows 7
- Уключэньне WebGL на ўсіх плятформах, якія маюць графічную карту з абноўленымі драйвэрамі.
- Убудаваная падтрымка відэа фармату HD HTML5 WebM з апаратным паскарэньнем, калі яно магчымае
- У Windows Vista ды Windows 7 новы выгляд кнопкі Firefox
- Рэжым «укладкі наверсе»[19]
- Зьявілася магчымасьць шукаць ды пераключацца на адчыненую ўкладку ў Разумнай Location Панэлі
- Кнопкі спыненьня і перазагрузкі аб’яднаныя ў адну ў Windows, Mac OS X ды Linux
- Панэль закладак па змоўчваньні замененая на кнопку закладак
- Абарона ад падзеньняў у Windows, Linux ды Mac OS X, калі падзеньне выкліканае плагінамі Adobe Flash, Apple Quicktime ці Microsoft Silverlight
- Можна ператварыць любую ўкладку ў «Праграмную ўкладку»
- Абноўлены дызайн хатняй старонкі
Пятае[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
21 чэрвеня 2011 году выйшла Mozilla вэрсіі 5.0[20]. Гэта была першая вэрсія г. зв. паскоранага цыклю выпускаў (па-анґельску: Rapid release)[21]. У гэтай вэрсіі дадалася падтрымка анімацыі CSS, загалоўвак «не адсочваць» быў зьменены, каб палепшыць магчымасьць выяўленьня, наладжаная лёгіка пасіўнага злучэньня па пратаколе HTTP для паскарэньня хуткадзейнасьці, паляпшэньне прамалёўкі канвы, працы з JavaScript, памяцьцю ды сецівам. Палепшаная падтрымка стандартаў HTML5, XHR, MathML, SMIL ды канвы. Палепшаная праверка правапісу для некаторых моваў. Палепшаная інтэграцыя з асяродзьдзем у Linux. Забароненая магчымасьць кантэнту, які выкарыстоўвае тэхналёгію WebGL, загружаць тэкстуры з чужых дамэнаў. Для фонавых укладак значэньне парамэтраў setTimeout ды setInterval зьмененае да 1000 мс для паляпшэньня хуткадзейнасьці. Выпраўленыя некалькі праблем са стабільнасьцю.
Шостае[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Firefox вэрсіі 6 выйшаў 16 жніўня 2011[22]. У шостай вэрсіі пачаў падсьвечвацца дамэн у адрасным радку. Паменшаны час запуску з выкарыстаньнем Panorama.
Сёмае[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Firefox вэрсіі 7.0 выйшаў 27 верасьня 2011[23]. Палепшаная апрацоўка памяці. Дададзены новы мэханізм рэндэрынгу для паскарэньня апэрацыяў з канвой у сыстэмах, якія працуюць пад Windows. Зьмены закладак ды пароляў цяпер амаль імгненна сынхранізуюцца, калі выкарыстоўваецца Firefox Sync. Цяпер прэфікс http:// URL па змоўчаньні схаваны. Дададзеная падтрымка для text-overflow: ellipsis. Дададзеная падтрымка для спэцыфікацыі Web Timing. Палепшаная падтрымка MathML. Пратакол WebSocket абноўлены ад вэрсіі 7 да вэрсіі 8. Дададзеная сыстэма добраахвотнай перадачы інфармацыі пра хуткадзейнасьць Mozilla для паляпшэньня наступных вэрсіяў Firefox. Выпраўленыя некалькі праблем са стабільнасьцю.
Восьмае[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Выйшла 8 лістапада 2011[24]. Адключаная падтрымка ад-онаў, усталяваных іншымі праграмамі, па змоўчваньні.
Падтрымка беларускай мовы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
З 2 лістапада 2003 году, ад выданьня 0.7, ажыцьцяўляўся саматужны пераклад праграмы на беларускую мову[25]. З чэрвеня 2007 году, ад выданьня 2.0.0.4, яна афіцыйна падтрымліваецца па-беларуску[26]. З студзеня 2017 году, ад выданьня 51.0, яна афіцыйна не падтрымліваецца па-беларуску[27].
Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- ^ Firefox 3 стаў самым папулярным браўзэрам у Еўропе// Беларускія навіны ІТ. 31 сакавіка 2009
- ^ Беларускі клясычны слоўнік 0.1.1(недаступная спасылка) // Дадаткі да Вогнеліса. Дата доступу: 19 жніўня 2009
- ^ «Цікаўныя» браўзэры шпіёняць за карыстачамі// Беларускія навіны ІТ. 24 красавіка 2009
- ^ (анг.)Arik Hesseldahl. Better Browser Now The Best// Форбс. 29 верасьня 2004
- ^ How to Protect Yourself From Vandals, Viruses If You Use Windows (анг.).
- ^ Firefox хутка зойме 20% рынка вэб-браўзэраў// Беларускія навіны ІТ. 6 чэрвеня 2008
- ^ (анг.)Judi Palmer, Alex Guerra. Mozilla Releases Major Update to Firefox and Raises the Bar for Online Experience// Мазіла. 24 кастрычніка 2006
- ^ (анг.)Robert Vamosi. Mozilla Firefox 2// Computer Networks Australia. 25 кастрычніка 2006
- ^ (анг.)Brian Krebs. Mozilla Releases Firefox 2.0// Вашынгтон Пост. 25 кастрычніка 2006
- ^ (анг.)Mozilla Firefox 2 Release Notes// Мазіла. Дата доступу: 16 верасьня 2009
- ^ Павел Міхайлаў. Mozilla выпусціла Firefox 3.0.5 і восем патчаў для Firefox 2.0.0.19// Беларускія навіны ІТ. 19 сьнежня 2008
- ^ Mozilla ўручаны афіцыйны сертыфікат, які сведчыць пра трапленне Mozilla Firefox у Кнігу Рэкордаў Гінэса// Беларускія навіны ІТ. 14 ліпеня 2008
- ^ Колькасьць загрузак Firefox 3.0.11 за першыя суткі перавысіла 150 млн // Беларускія навіны ІТ. 16 чэрвеня 2009
- ^ Выйшла фінальная версія Firefox 3// Беларускія навіны ІТ. 18 чэрвеня 2008
- ^ Mozilla выпусціла браўзэр Firefox 3.5// Беларускія навіны ІТ. 30 чэрвеня 2009
- ^ Адбыўся фінальны рэліз вэб-браўзэра Firefox 3.5// Беларускія навіны ІТ. 1 ліпеня 2009
- ^ Адбыўся рэліз Mozilla Firefox 3.5// Беларускія навіны ІТ. 2 ліпеня 2009
- ^ Mozilla Firefox 4 Release Notes (Заўвагі да выпуску Mozilla Firefox вэрсіі 4)(анг.)
- ^ Alex Faaborg. Why Tabs are on Top in Firefox 4(анг.)
- ^ Mozilla Firefox Release Notes(анг.)
- ^ Johnathan Nightingale (18 ліпеня 2011) Every Six Weeks(анг.) Firefox Channels
- ^ Mozilla Firefox Release Notes(анг.)
- ^ Mozilla Firefox Release Notes(анг.)
- ^ Mozilla Firefox Release Notes(анг.)
- ^ Загрузка змесцавання Жар-Ліса// Мазіла па-беларуску. Дата доступу: 22 жніўня 2009
- ^ Ягор Шумскі. Firefox па-беларуску// Наша Ніва. 25 чэрвеня 2007
- ^ Mozilla Firefox Release Notes(анг.)
Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Афіцыйная старонка праекту Firefox(анг.)
- Старонка спампоўкі Firefox
- Мазіла па-беларуску (не абнаўляецца)
- Ru.Mozilla — фіданэтаўская эхаканфэрэнцыя аб дзейнасьці Mozilla Foundation(рас.)
- Firefox FAQ на расейскай мове (у фармаце CHM) 2006 год