Перайсьці да зьместу

Вэб-сайт

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Сайт»)

Вэб-сайт (сайт; анг. website) — сукупнасьць вэб-старонак, выяў, відэа-файлаў і іншых лічбавых сутнасьцяў, якія разьмяшчаюцца на адным альбо некалькіх вэб-сэрвэрах, і звычайна даступныя з інтэрнэту.

Вэб-старонка — гэта дакумэнт, звычайна напісаны на мове HTML, які заўжды даступны праз пратаколы HTTP альбо HTTPS, якія перадаюць інфармацыю з вэб-сэрвэра, каб паказаць яе ў браўзэры карыстальніка. Усе публічна даступныя вэб-сайты ўтвараюць Сусьветнае павуціньне. Звычайна на старонкі сайту можна трапіць з агульнага каранёвага URL-адрасу, які называецца хатняй старонкай. Звычайна старонкі аднаго сайту разьмяшчаюцца на адным фізычным сэрвэры. Адрасы старонак утвараюць зь іх пэўную герархію. Пэўныя сайты абмяжоўваюць доступ да сваіх старонак, патрабуючы рэгістрацыі ці падпіскі. Прыкладамі могуць быць бізнэс-сайты, шэраг сайтаў навінаў, унівэрсытэцкія сайты, гульнявыя сайты, вэб-інтэрфэйсы электроннай пошты, сайты сацыяльных сетак і іншыя.

Першы сайт у сьвеце зьявіўся 6 жніўня 1991 году. 30 красавіка 1993 году Эўрапейская арганізацыя ядравых дасьледваньняў (CERN), у межах якой зараджаўся HTML, зрабіла заяву, што Сеціва будзе вольным для ўсіх.[1] Першая вэб-старонка была створаная Цімам Бэрнэрсам-Лі, а паглядзець на ейную арыгінальную вэрсію можна тут. 2 лістапада 2006 году колькасьць вэб-сайтаў дасягнула 100 мільёнаў[2].

Калі вэб-сайты ўпарадкаваць па функцыях, то можна вылучыць наступныя віды:

  • асабісты вэб-сайт
  • камэрцыйны вэб-сайт
  • урадавы вэб-сайт
  • сайт некамэрцыйнай арганізацыі

Вэб-сайт можа быць створаны адной асобай альбо камэрцыйнай арганізацыяй, але звычайна ён прысьвечаны пэўнай канкрэтнай тэме. Любы вэб-сайт можа ўтрымліваць гіпэрспасылку на любы іншы вэб-сайт, таму адлегласьці маміж рознымі сайтамі могуць часам сьцірацца.

Вэб-сайты звычайна напісаныя на мове HTML, альбо могуць дынамічна канвэртавацца ў яе. Вэб-старонкі можна праглядаць пры дапамозе вялікай колькасьці кампутарных падлучаных да інтэрнэту прыладаў, абсалютна розных памераў, уключаючы настольныя кампутары, ноўтбукі, надалоньнікі і мабільныя тэлефоны.

Вэб-сайт разьмяшчаецца на кампутарнай сыстэме, вядомай як вэб-сэрвэр або HTTP-сэрвэр. Таксама гэтыя паняткі могуць адносіцца да праграмнага забесьпячэньня, якое ўсталяванае на гэтых сыстэмах і прымае запыты ад карыстальнікаў вэб-сайтаў і дастаўляе ім адказы. Найбольш шырока распаўсюджаным вэб-сэрвэрам (паводле зьвестак Netcraft) зьяўляецца Apache, але «Майкрасофт» IIS таксама выкарыстоўваецца дастаткова часта.

Вэб-сайты могуць быць статычнымі і дынамічнымі.

Статычны вэб-сайт — гэта той, вэб-старонкі якога захоўваюцца на вэб-сэрвэры ў той самай форме, у якой іх атрымлівае карыстальнік. Яны ствараюцца пры выкарыстаньні трох шырокіх катэгорыяў праграмнага забесьпячэньня:

  • Тэкставыя рэдактары. Такія як Notepad або TextEdit, дзе HTML-код пішацца прама ў самім рэдактары.
  • WYSIWYG-рэдактары, кшталту Microsoft FrontPage або Adobe Dreamweaver (раней вядомага як Macromedia Dreamweaver), дзе сайт рэдагуецца ў графічным інтэрфэйсе, а адпаведны HTML-код генэруецца рэдактарам.
  • Рэдактары, заснаваныя на шаблёнах, такія як Rapidweaver і iWeb, выкарыстаньне якіх дазваляе карыстальніку хутка стварыць і загрузіць сайт на вэб-сэрвэр, нават анічога ня ведаючы пра HTML, а проста выбраць шаблён з набору, які падабаецца, і дадаць туды тэксты і выявы, нават ня бачачы ніякага HTML-коду.

Дынамічны вэб-сайт — той, які ўтрымлівае інфармацыю, што часта мяняецца, альбо зьбірае інфармацыю тады, калі старонка запытваецца. Напрыклад, ён зьвяртаецца па разнастайныя кавалачкі інфармацыі з базы зьвестак і зьбірае іх разам у загадзя вызначаны фармат, каб аддаць карыстальніку суцэльную старонку. Такі сайт узаемадзейнічае з карыстальнікам разнастайнымі шляхамі, уключаючы чытаньне маркёраў (бірак), што дазваляе вызначыць папярэднюю гісторыю карыстальніка, выкарыстаньне зьменных сэсій, сэрвэрных зьменных і інш. або шляхам прамога ўзаемадзеяньня (з элемэнтамі старонкі, рухамі курсора). Сайт можа паказваць бягучы стан пэўнага аб’екта, адсочваць інфармацыю, якая зьмяняецца, або прадастаўляць зьвесткі, пэрсаналізаваныя згодна з запытамі канкрэтнага карыстальніка.

Існуе вялікая колькасьць праграмнага забесьпячэньня для стварэньня дынамічных вэб-сыстэм і дынамічных сайтаў. Гэта такія праграмы і тэхналёгіі, як JSP, PHP, мовы праграмаваньня Perl, ASP, CFM. Сайты таксама могуць уключаць зьмесьціва, якое атрымліваецца з адной альбо некалькіх базаў зьвестак альбо з выкарыстаньнем тэхналёгіяў, заснаваных на XML, напрыклад, RSS.

Статычнае зьмесьціва таксама можа генэравацца дынамічна, напрыклад, з пэўным пэрыядам часу, альбо калі адбудуцца пэўныя падзеі.

Для пашырэньня здольнасьцяў і магчымасьцяў вэб-браўзэраў, ужываюцца плагіны, якія выкарыстоўваюцца для паказу актыўнага зьмесьціва. Звычайна выкарыстоўваюцца плагіны, якія рэалізуюць падтрымку тэхналёгіяў Flash, Shockwave альбо аплетаў, напісаных на Java. Дынамічны HTML таксама прадастаўляе карыстальнікам інтэрактыўнасьць і магчымасьць абнаўленьня элемэнтаў вэб-старонкі ў рэжыме рэальнага часу (то бок старонкі ня трэба перазагружаць, каб убачыць зьмены), пераважна выкарыстоўваючы DOM і JavaScript, якія падтрымлівае большасьць сучасных браўзэраў.

Вэб-сайты для бізнэсу

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Выкарыстаньне сайтаў як крыніцы даходаў — звычайная практыка для вэб-распрацоўнікаў і ўладальнікаў вэб-сайтаў. Існуюць некалькі мэтадаў для пераўтварэньня сайту ў пляцоўку, якая прыносіць грошы, але іх можна падзяліць на дзьве шырокія катэгорыі.

1. Сайты, дзе асноўным зьяўляецца зьмест

Пэўныя сайты прыносяць даход ад продажу рэклямных пляцовак на сайтах.

2. Сайты, якія прадстаўляюць прадукты ці паслугі

Пэўныя сайты прыносяць даход, прапаноўваючы прадукты альбо паслугі. У выпадку вэб-сайтаў, якія займаюцца электроннай камэрцыяй, прадукты ці паслугі можна набыць на самім сайце, аплаціўшы іх крэдытнай карткай або іншымі сродкамі электронных плацяжоў.

Часам бывае і так, што вэб-сайты могуць камбінаваць абодва спосабы. Напрыклад, вэб-сайт, які зьяўляецца он-лайн-аўкцыёнам, можа прадастаўляць платныя паслугі выстаўленьня на аўкцыён тавараў, і апроч таго, паказваць на сайце рэкляму пабочнай кампаніі, за што ён атрымлівае дадатковы прыбытак.

Існуе вялікая колькасьць тыпаў вэб-сайтаў, кожны зь якіх спэцыялізуецца на пэўным тыпе зьмесьціва, і якія могуць быць падзеленыя на вялікую колькасьць катэгорыяў. Пэўныя клясыфікацыі могуць уключаць:

  • Асабістая старонка: створаны пэўнай асобай альбо невялікай групай (напрыклад, сям’ёй) сайт, які зьмяшчае інфармацыю альбо любое зьмесьціва, якое асоба захоча выкласьці.
  • Архіў: выкарыстоўваецца для захоўваньня разнастайнай электроннай інфармацыі.
  • Affiliate: сайт, які прадастаўляе зьмесьціва ад іншых сайтаў за пэўны азначаны кошт.
  • Блог: сайт, які звычайна выкарыстоўваецца для разьмяшчэньня там он-лайн-дзёньніка, і можа ўключаць у сябе мэханізмы абмеркаваньняў.
  • Warez-сайт: сайт, створаны нелегальна разьмяшчаць і загружаць матэрыялы, акія ахоўваюцца аўтарскім правам.
  • Вэб-партал: сайт, які прадастаўляе пачатковую кропку альбо шлях да іншых рэсурсаў у інтэрнэце ці інтранэце.
  • Wiki-сайт: сайт, які напаўняецца і рэдагуецца сумеснай працай наведвальнікаў.
  • Геадамэнны сайт: сайт, які мае дамэннае імя такое ж, як і пэўны геаграфічны назоў, і ўтрымлівае інфармацыю пра гэты геаграфічны аб’ект.
  • Гульнявы сайт: сайт, які сам зьяўляецца гульнёй, або дзе можна гуляць у гульні.
  • Забаўляльны сайт: сайт, які ўтрымлівае гумар, сатыру, пародыі.
  • Інфармацыйны сайт: утрымлівае зьмесьціва, накіраванае на прадастаўленьне інфармацыі, але не абавязкова ў камэрцыйных мэтах.
  • Камэрцыйны сайт: выкарыстоўваецца, каб набываць разнастайныя тавары.
  • Карпаратыўны вэб-сайт: выкарыстоўваецца для прадастаўленьня інфармацыі пра кампанію або паслугі.
  • Каталёг: сайт, які зьмяшчае разнастайнае зьмесьціва, падзеленае на катэгорыі і падкатэгорыі.
  • Навінны сайт: падобны да інфармацыйнага сайту, але прысьвечаны пераважна навінам і камэнтарам.
  • Наймальны сайт: дазваляе тым, хто шукае працу, разьмяшчаць зьвесткі пра сябе, а працадаўцам — зьвесткі пра вольныя вакансіі.
  • Палітычны сайт: сайт, дзе наведвальнікі могуць спавядаць палітычныя погляды.
  • Парнаграфічны сайт: сайт, які ўтрымлівае парнаграфічную інфармацыю.
  • Пошукавыя сайты: сайт, які прадастаўляе агульную інфармацыю і выкарыстоўваецца для пошуку іншых сайтаў.
  • Рэйтынг: сайты, дзе карыстальнікі могуць галасаваць за ці супраць папулярных матэрыялаў.
  • Сайт аглядаў: сайт, дзе разьмяшчаюцца агляды прадуктаў ці паслуг.
  • Сайт базы зьвестак: сайт, чыя галоўная функцыя палягае ў пошуку і прадастаўленьні спэцыфічнай інфармацыі з базы зьвестак.
  • Сайт для распрацоўнікаў: сайты, чыё прызначэньне — прадастаўленьне інфармацыі і рэсурсаў, зьвязаных з распрацоўкай праграмнага забесьпячэньня, вэб-дызайнам і падобных.
  • Сайт загрузкі: выкарыстоўваецца строга для загрузкі электроннага зьмесьціва, такога як праграмнае забесьпячэньне, дэманстрацыйныя вэрсіі гульняў або, напрыклад, шпалераў для працоўнага стала.
  • Сайт з карысным зьмесьцівам: сайты, чый бізнэс палягае ў стварэньні і распаўсюдзе арыгінальнага зьмесьціва.
  • Сайт крытыкі: сайт, прысьвечаны крытыцы асобы, месца, карпарацыі, ураду ці пэўнай арганізацыі.
  • Сайт-люстэрка: поўная копія пэўнага сайту.
  • Сайт-супольнасьць: сайт, дзе асобы з аднолькавымі зацікаўленасьцямі камунікуюць адно з адным, часта чаты альбо форумы.
  • Сайт школы: сайты, дзе настаўнікі альбо адміністрацыя могуць разьмяшчаць інфармацыю пра падзеі, зьвязаныя зь іхнай школай.
  • Фішынг-сайт: сайт, адмыслова створаны для выкраданьня асабістай інфармацыі, кшталту пароляў і нумара крэдытнай карткі, шляхам маскаваньня пад вядомы сайт, якому можна давяраць.
  • Фэн-сайт: сайт, які створаны і падтрымліваецца прыхільнікамі пэўнай знакамітасьці, у супрацьпастаўленьне сайту, які кантралюецца знакамітасьцю асабістым вэбмайстрам за грошы.
  • Шакуючыя сайты: утрымліваюць малюнкі альбо іншае зьмесьціва, якое можа быць непрыемным альбо шакаваць карыстальніка.

Пэўныя сайты могуць быць уключаныя ў некалькі катэгорыяў адразу.

  1. ^ Робэрт Каё, Кароткая гісторыя Сеціва (па-ангельску)
  2. ^ Сто мільёнаў адрасоў // Зьвязда : Газэта. — 3 лістапада 2006. — № 239 (25828). — ISSN 1990-763x.