Перайсьці да зьместу

Гіпэртанія

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Артэрыяльная гіпэртэнзія»)
Таномэтар

Гіпэртанія (артэрыяльная гіпэртэнзія) — устойлівае падвышэньне артэрыяльнага ціску ад 140/90 мм рт. сл. і вышэй. Эсэнцыяльная гіпэртанія складае 90—95% выпадкаў хваробы. У астатніх выпадках дыягнастуюць другасныя, сымптаматычныя гіпэртаніі: нырачныя (нэфрагенныя) 3—4%, эндакрынныя 0,1—0,3%, гемадынамічныя, нэўралягічныя, стрэсавыя, абумоўленыя прыёмам некаторых рэчываў і АГ цяжарных, пры якіх павышэньне ціску крыві зьяўляецца адным з сымптомаў асноўнага захворваньня. Ад ускладненьняў хваробы ўзьнікаюць сардэчная астма(en), кровазьліцьцё ў мозаг (інсульт) і нырачная недастатковасьць(en), паралюш[прыбраць шаблён] аднаго з бакоў цела(en) і гіпэртанічны крыз(en). Ад хваробы пакутуе траціна дарослых ва ўсім сьвеце[1]. У 2009 годзе павышаны ціск мелі 1,3 млн жыхароў Беларусі[2]. На красавік 2012 г. лік хворых на гіпэртанію вырас да 1,815 млн чалавек (19,2% насельніцтва Беларусі)[3].

Прадухіленьне хваробы ўлучае адмаўленьне паленьня(en) і ўжываньня сьпіртовых напояў, устойлівы расклад працы і адпачынку(en), 9-гадзінны начны сон і дзённы сон на працягу 1,5 гадзіны, жвавы адпачынак у выхадныя дні і паўсядзённае разьмінаньне, уніканьне ўжываньня жывёльных тлушчаў і тлустага мяса (найперш сьвініны), выключэньне багатай на халестэрын ежы (вяршкі, ікра(be), курыны жаўток(be), мазгі(be), масла, ныркі, печань і сьмятана) і абмежаваньне спажываньня солі 4 грамамі ў суткі. Таксама мэтазгодна спажываць ежу, багатую на ёд (кальмары, крабы, крыветкі(be) і марская капуста(be)), каль (гародніна, какава, садавіна і ягады) і магн (гарох, зялёны гарошак(be), інжыр(en), кукуруза, курага, разынкі, соя, фасоля(be) і фінікі(en)).

Хваробе спрыяе тытунепаленьне, нэрвовае напружаньне, страх, няўпэўненасьць і нявырашаны ўнутраны канфлікт, залішні шум і гучная музыка, тлустая, салёная і вострая ежа, маларухомы лад жыцьця(en), ужываньне стэроідаў і трыцыклічных антыдэпрэсантаў[4].

Пры пачатковай ступені хваробы назіраецца галаўны боль, пачашчанае сэрцабіцьцё і адчуваньне цяжкасьці ў патыліцы(en). Пры ўстойлівай ступені зьяўляецца запамарока, боль у вобласьці сэрца, «аняменьне» рук і ног(en), мільганьне «мушак» перад вачыма, пагаршаецца зрок. Таксама адзначаецца разлад сну(en), хуткая стамляльнасьць і раздражняльнасьць. У трэцяй ступені хваробы ўзьнікае моташнасьць(en) і слабасьць, ацёкі(en) і задышка[5].

  1. ^ Што варта ведаць пра гіпэртанію // Радыё «Свабода», 5 красавіка 2013 г. Праверана 16 красавіка 2013 г.
  2. ^ Вольга Швайко, БелТА. Аднымі мэдыкамэнтамі артэрыяльную гіпэртэнзію не перамагчы // Зьвязда : газэта. — 16 красавіка 2009. — № 71 (26429). — С. 5. — ISSN 1990-763x.
  3. ^ Сьвятлана Барысенка. Сучасны лад жыцьця шкодны для сасудаў // Зьвязда : газэта. — 14 красавіка 2012. — № 73 (27188). — С. 8. — ISSN 1990-763x.
  4. ^ Сьвятлана Барысенка. Лячылі нос — павысілі ціск // Зьвязда : газэта. — 4 верасьня 2009. — № 166 (26524). — С. 5. — ISSN 1990-763x.
  5. ^ Вольга Шаўко. Нэрвовасьць і раздражняльнасьць — спадарожнікі гіпэртаніі // Зьвязда : Газэта. — 24 чэрвеня 2004. — № 154 (25167). — ISSN 1990-763x.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]