Шыман Марцін Казлоўскі
Шыман Марцін Казлоўскі (па-польску: Szymon Marcin Kozłowski; 5 лістапада 1819, Аліта, Троцкі павет — 14 лістапада 1899, Санкт-Пецярбург) — рымска-каталіцкі дзяяч, біскуп луцка-жытомірскі, арцыбіскуп магілёўскі, бібліст, папулярызатар тэалёгіі.
Сын Яна й Магдалены зь Лянкевічаў Казлоўскіх. Скончыў шляхецкую школу ў Кейданах, у 1839 паступіў у Віленскую духоўную сэмінарыю, ад 1841 у Віленскай духоўнай акадэміі, якую скончыў у Пецярбургу. Высьвечаны на сьвятара ў 1844. Майстар тэалёгіі ад 22 чэрвеня 1845. У 1845—1848 выкладчык у ковенскай гімназіі, прафэсар маральнае тэалёгіі й гамілетыкі ў Віленскай духоўнай сэмінарыі. У 1848—1851 выкладаў гісторыю касьцёлу й кананічнае права, у 1851—1863 рэктар сэмінарыі. Ад 1852 канонік, ад 1862 прэлат-кусташ віленскае катэдральнае капітулы. Ад 1866 асэсар Духоўнага калегіюму, а ад 1877 рэктар Духоўнае акадэміі ў Пецярбургу.
У 1883 прызначаны луцка-жытомірскім біскупам, быў вымушаны вырашаць праблемы, што паўсталі ў выніку 13-гадовае ссылкі папярэдняга біскупа. Хоць і быў ляяльны да расейскіх уладаў, у 1884 пазбавіў пасады пробашча, які прыняў у касьцёле праваслаўнага мітрапаліта; за што быў пазбаўлены ўладамі (да 1885) паловы пэнсіі. Ад 1891 арцыбіскуп магілёўскі. У 1892 спрычыніўся да канфлікту з расейскімі ўладамі праз сваё нежаданьне ўводзіць дадаткровыя набажэнствы на расейскай мове.
Быў адным з найпладавіцейшых рэлігійных аўтараў Расейскае імпэрыі. Аўтар падручнікаў рэлігіі. Папулярызаваў дзеі Каталіцкага Касьцёлу. Хоць і ня быў навукоўцам у 1862 стаў доктарам honoris causa Духоўнае акадэміі ў Пецярбургу. Да ХХ ст. уся моладзь навучалася на ягоных кніжках. Папулярызаваў тэкст «Вульгаты» ў перакладзе Якуба Вуйка, вядомы як «Біблія Казлоўскага». Рабіў вялікі націск на тое, каб ксяндзы чыталі Біблію й цікавіліся літургіяй. Пахаваны на Выбарскіх могілках у Пецярбургу.
Папярэднік Каспар Бароўскі |
Луцкія біскупы 1883-1891 |
Наступнік Цырыл Любавідзкі |
Папярэднік Аляксандар Гінтаўт-Дзевалтоўскі |
Магілёўскія арцыбіскупы 1891-1899 |
Наступнік Баляслаў Геранім Клапатоўскі |
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Ks. Witold Józef Kowalów, Arcybiskup Szymon Marcin Kozłowski (1883—1891), [w:] «Wołanie z Wołynia» nr 1 (20) ze stycznia-lutego 1998 r., s. 33-34.
- Krzysztof Rafał Prokop, Sylwetki biskupów łuckich, Biały Dunajec — Ostróg 2001, s. 182—186.
- Інна Шостак. Луцько-Житомирська Римо-Католицька дієцезія наприкінці XVIII — у першій половині XIX століття, Білий Дунаєць — Острог 2005.