Перайсьці да зьместу

Вінцэнт Ключынскі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Вінцэнт Ключынскі (па-польску: Wincenty Kluczyński; 30 верасьня 1847, Шаркаўшчына23 лютага 1917, Алупка, цяпер Рэспубліка Крым, Украіна) — рымска-каталіцкі сьвятар, з 1910 па 1914 — магілёўскі арцыбіскуп.

Сын Адольфа й Францішкі з Корсакаў. Бацька, які працаваў пісарам у гміне, памёр рана. Вінцэнта выправілі на выхаваньне сваякам у Дынабург. Пасьля сканчэньня там шасьці клясаў гімназіі ён накіраваўся ў 1865 у Віленскую духоўную сэмінарыю. Ён аказаўся адзіным клерыкам у сэмінарыі, да таго ж там быў толькі адзін выкладчык — ксёндз Даўкша. У 1867 Вінцэнта накіравалі на далейшую вучобу ў Пецярбурскую духоўную акадэмію, якую ён скончыў у 1871 з ступеньню майстра тэалёгіі. Вінцэнт вяртаецца ў Вільню і 30 верасьня 1871 у Коўне атрымлівае сьвятарскае пасьвячэньне. Сваю прыміцыйную імшу ён адправіў у Вострай Браме. 28 гадоў выкладаў у Віленскай сэмінарыі дагматыку, Сьвятое Пісаньне, маральную тэалёгію.

У 1889 у Вільні заснаваў Кангрэгацыі сясьцёр ад Анёлаў. Сёстры супольнасьці ня носяць габітаў. Менавіта гэта і дапамагло паўстаць новаму ордэну ў надзвычай складаных умовах перасьледу каталіцтва.

У 1897 пасьля таго, як рэктар сэмінарыі Стафан Аляксандар Зьвяровіч стаў віленскім біскупам, касьцёльныя ўлады прапанавалі на вызваленую пасаду кандыдатуру Ключынскага, але расейскі ўрад, празь нязгоду таго з патрабаваньнем увесьці расейскую мову ў дадатковыя набажэнствы, гэтае прапановы не падтрымаў. Неўзабаве Вінцэнт Ключынскі быў пераведзены ў Пецярбург як дэлегат Віленскае гімназіі. Напачатку ён займаў пасаду асэсара духоўнае калегіі, а ад 1906 — сябра рыма-каталіцкай калегіі. У Пецярбурзе Ключынскі атрымаў званьне доктара тэалёгіі. Працягваў актыўнае супрацьстаяньне царызму, які часам у сваіх абвінавачваньнях каталіцтва даходзіў да абсурду. Напрыклад, Ключынскаму давялося абараняць біскупа Данісевіча толькі за тое, што ён нібыта прайшоўся па вуліцы ў капелюшы ў той час, калі ў праваслаўнай царкве адбывалася набажэнства. Ключынскі выправіўся ў падарожжа ў Сьвятую Зямлю. Тады ж Ключынскі наведаў і Паўночны Эгіпет.

7 красавіка 1910 Папскім дэкрэтам прызначаны магілёўскім арцыбіскупам. 29 траўня 1910 у касьцёле сьвятой Кацярыны ў Пецярбургу адбылася ўрачыстая кансэкрацыя. Ён жа адначасна прызначаўся і адміністратарам Менскай дыяцэзіі. Новы арцыбіскуп зьвярнуўся да свайго духавенства з просьбай, каб сьвятары ўва ўсялякіх складаных сытуацыях ставіліся да яго з поўным даверам. Адначасна ён асьцерагаў сьвятароў ад непрадуманых крокаў, якія маглі б нанесьці шкоду Касьцёлу. У жніўні 1910 ён разаслаў духавенству і настаўнікам рэлігіі лісты, у якіх зьвярнуў увагу на пытаньні, што тычыліся ня толькі публічнай дзейнасьці, але й прыватнае. Гэтыя лісты выклікалі ў некаторых асобаў неадназначную рэакцыю, бо яны западозралі, што духоўная ўлада сьледам за сьвецкай таксама імкнецца ўзмацніць над імі свой кантроль. Пачыналіся падазрэньні пра паліцэйскі нагляд з боку касьцёльнае ўлады.

Улады патрабавалі, каб каталіцкая школьная моладзь наведвала праваслаўныя набажэнствы, прысутнічала на розных урачыстасьцях у цэрквах, а таксама слухала лекцыі рэлігіі, якія праводзілі праваслаўныя выкладчыкі. 4 лютага 1914 арцыбіскуп Ключынскі выдаў для духавенства ліст, у якім зазначалася недапушчальным змушаць моладзь наведваць праваслаўныя набажэнствы, лекцыі рэлігіі і г.д., таму што гэта «супярэчыць навучаньню каталіцкага Касьцёла, а таксама не адпавядае літары і духу названага царскага загаду» (загад ад 1897 і маніфэсту 1905). Да таго ж арцыбіскуп правёў візытацыі касьцёлаў на Меншчыне ў 1912 і 1913 і на Віцебшчыне ў 1914. 22 верасьня 1914 пакінуў пасаду магілёўскага арцыбіскупа, быў прызначаны тытулярным арцыбіскупам Філёпопалісу ў Тракіі.

Праз пагаршэньне здароўя арцыбіскуп вымушаны быў паехаць у Крым. Зімой 19151916 пабываў у Пяцігорску, летам пераехаў у Алупку, дзе й памёр. Дамавіна з парэшткамі Вінцэнта Ключынскага была дастаўленая ў Вільню ў 1929. Цяпер вядзецца працэс бэатыфікацыі.

Папярэднік
Апалінар Унукоўскі
Магілёўскія арцыбіскупы
19101914
Наступнік
Эдвард фон Роп
Папярэднік
Бонавэнтура Чэрэці
Тытулярныя біскупы Філёпалісу
19141917
Наступнік
Эрнэсто Кодзі

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]