Перайсьці да зьместу

Уладзімер Церабун

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Уладзімер Церабун
Дата нараджэньня 11 красавіка 1946(1946-04-11)[1]
Месца нараджэньня
Дата сьмерці 8 кастрычніка 2024(2024-10-08)[2][1] (78 гадоў)
Месца пахаваньня
Месца вучобы
Занятак скульптар, графік, маляр
Месца працы
Сябра ў Беларускі саюз мастакоў
Узнагароды

Уладзі́мер Васі́левіч Церабу́н (11 красавіка 1946, Несьценяты Смаргонскага раёну Гарадзенскай вобласьці БССР — 8 кастрычніка 2024) — беларускі маляр, скульптар, графік. Ляўрэат прэміі Ленінскага камсамолу Беларусі (1976), заслужаны дзяяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь (2007).

У 1973 року скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут (аддзяленьне скульптуры). Па сканчэньні навучаньня пераехаў у Горадню.

У 1977 року стаў сябрам Беларускага саюзу мастакоў. У 1979—1986 роках — старшыня Гарадзенскай абласной арганізацыі Саюзу мастакоў Беларусі. У 1987—1999 роках выкладаў у Гарадзенскай мастацкай вучэльні.

З 2001 року жыў у Менску.

Працаваў пераважна ў станковай і манумэнтальнай скульптуры і дробнай плястыцы, а з 1996 году яшчэ і ў пэйзажным малярстве. За свой творчы шлях выканаў шэраг работ як станковага, так і манумэнтальнага характару: скульптуры, скульптура з мазаікай, кампазыцыі са шкла і мэталу з вытокамі асьвятленьня (жырандолі) для грамадзкіх будынкаў. Аўтар мэмарыяльнага комплексу Дальва (1973, прэмія Ленінскага камсамолу Беларусі-1976), помніку на вайсковых могілках у Гародні (1981), рэльефаў «Фантазія», «Гімн сонцу», дэкаратыўных кампазыцый «Крылатая» (1989), «Ветразь» (1992), нізкі «Скульптура малых форм „Ракурс“» (1990—2002), сэрыі керамічных пасудзін (1993—1998), графічнага цыклю «Ракурс» (1986—1996). Сярод станковых кампазыцый: «Расстраляная песьня. Памяці Віктара Хары» (1976), «Летапісец» (1981), «Сымон-музыка», «Апошняе жніво» (абедзьве 1982), «Непераможныя» (1985), «Ясь і Яніна» (1987), «Апосталы Пётар і Павал» для касьцёлу сьв. Андрэя ў Слоніме, «Госпадзі, веру табе» для бэрнардынскага касьцёлу ў Гародні (1996), «Флёра і фаўна» (1997), «Мэльпамэна» (2001), «Элегія» (2003).

Творы зьберагаюцца ў Нацыянальным мастацкім музэі Рэспублікі Беларусі і фондзе Беларускага саюзу мастакоў. У 1985 року кампазыцыя «Расстраляная песьня» экспанавалася на Сусьветным фэстывалі моладзі і студэнтаў у Маскве. Аўтар атрымаў срэбны мэдаль выставы.

Кампазыцыі са шкла і мэталу з вытокамі асьвятленьня сталі для мастака экспэрымэнтальнай работай па мастацкім аздабленьні шэрагу інтэр’ераў. Да ліку экспэрымэнтальных і ўдалых адносіцца скульптура з мазаікай для плавальнага басэйну ВА «Азот» у Гародні. Тэматычныя рэльефныя кампазыцыі разьмясьціліся ў Гарадзенскім абласным Палацы юнацкай творчасьці, выкананыя ў тэхніцы «выкалатка з алюміну» і ў гіпсе.

Стварыў шэраг мэмарыяльных дошак: удзельнікам пасяджэньня першага Савету рабочых дэпутатаў Гародні (1983, Гародня), польскай пісьменьніцы Зоф’і Налкоўскай (1989, Гародня), генэралу Аляксею Антонаву (2004, Гародня), Герою Савецкага Саюзу Яўгену Філіпскіх (2004, Менск), хірургам В. Новікаву, Д. Шавялёву, Ч. Цярэшку (2006, Смаргонь), суаўтар Аляксандар Крохалеў, заслужанаму работніку культуры Беларусі Аляксандру Дзяругу (2007, Смаргонь), народнай артыстцы Беларусі Тацяне Каламійцавай (2011, Менск), сааўтар Мікалай Бакуменка. У 2006 року ў Бераставіцы ўсталяваная скульптурная кампазыцыя «Дрэва жыцьця» да 500-рочча заснаваньня пасёлку, у 2007 року на возеры Сьвіцязь — кампазыцыя «Сьвіцязянка», у 2008 року ў Скідалі выкананая кампазыцыя «Клёкат буслоў» з нагоды 500-рочча заснаваньня места, у гэтым жа року ў Зэльве ўсталяваная кампазыцыя анімалістычнага жанру з нагоды 750-рочча заснаваньня мястэчка. Усе гэтыя творы выкананыя з бронзы і граніту. У 2010 року ў Лагойску была ўсталяваная кампазыцыя «Саната памяці», а ў 2013 року ў Смаргоні — памятны знак «Рэха вайны», прысьвечаныя воінам-інтэрнацыяналістам, якія загінулі пры выкананьні вайсковага абавязку. У 2014 року ў Смаргоні ў цэнтральным парку ўсталяваная скульптурная кампазыцыя «Мядзьвежая акадэмія».

Больш за 8 гадоў, пачынаючы з 2006, працаваў у аўтарскім калектыве над праектаваньнем і будаўніцтвам мэмарыяльнага комплексу па лініі супрацьстаяньня ў Першую сусьветную вайну ў Смаргоні. Ягоныя работы экспанаваліся ў Гародні, Менску, Лідзе, Маскве, Ленінградзе, Троіцку, Зеленаградзе, Таліне, Панявежысе, Шаўлях, Друскеніках, Варшаве, Міндэне, Ростаку й інш.

Больш за 50 сваіх твораў скульптар перадаў у дар музэям у Гародні, Смаргоні, Гудзевічах Мастоўскага раёну.

Шмат увагі мастак надаваў разьвіцьцю дзіцячай творчасьці, ладзіў конкурсы, выставы, плэнэры.

  • На хвалях часу: старонкі творчасці (Мн., 2014)
  1. ^ а б в Ганаровыя грамадзяне // Смаргонскі раённы выканаўчы камітэт
  2. ^ Памёр Уладзімер Церабун // Naša Nìva (белар.) — 2024. — ISSN 1819-1614; 1819-1630

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]