Перайсьці да зьместу

Дальва

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Мэмарыяльны комплекс «Дальва»»)
«Дальва»
Памятны камень на месцы вёскі
Філія ДМК «Хатынь»
Месцазнаходжаньне Беларусь
Адрас Акалоўскі сельсавет, Лагойскі раён, Менская вобласьць
Тэматыка калекцыі Другая сусьветная вайна
Плошча экспазыцыі 5 га
Створаны 15 ліпеня 1973 (51 год таму)
Геаграфічныя каардынаты 54°32′12″ пн. ш. 27°56′57″ у. д. / 54.53667° пн. ш. 27.94917° у. д. / 54.53667; 27.94917Каардынаты: 54°32′12″ пн. ш. 27°56′57″ у. д. / 54.53667° пн. ш. 27.94917° у. д. / 54.53667; 27.94917
«Дальва» на мапе Беларусі
«Дальва»
«Дальва»
«Дальва»
khatyn.by/by/filialy/dalva

«Дальва» — мэмарыяльны комплекс на месцы вёскі Дальвы ў Лагойскім раёне, дзе 19 чэрвеня 1944 году нацысты спалілі 44 жыхары. Цудам выжыў 13-гадовы Мікола Гірыловіч, які, пасталеўшы, здолеў распачаць стварэньне мэмарыяльнага комплексу. Комплекс распачаў працу 15 ліпеня 1973 году. Знаходзіцца за 77 км ад шашы Менск — Віцебск ці за 15 км ад мястэчка Плешчаніцы.

Пры канцы 18 стагодзьдзя вёска Дальва ўпершыню згадваецца ў пісьмовых крыніцах. У 1804 г. Рамуальд Палевіч набыў фальварак Дальва ў Коверскіх. У маёнтак таксама ўваходзілі вёскі Рубеж і Бытнава. Паводле інвэнтара 1845 году, гаспадару маёнтка належала 61 душа прыгонных: 29 мужчынскай і 32 жаночай плоці. Штогод кожны сялянскі двор пастаўляў памешчыку 2-х курэй, 20 яек, ягады і грыбы. Вяскоўцы ад 14 да 60 гадоў выконвалі паншчыну, займаліся возьніцтвам і несьлі варту. Кіраваў маёнткам сваяк памешчыка Мяльхед Стэфановіч, які ў 1917 г. зьехаў у Польшчу. У 1930 г. зь вёсак Дальва, Рубеж і Востраў утварылі калгасп імя Дзям’яна Беднага, дзе сталі вырошчваць лён-даўгунец, бульбу і азімае збожжа. На пачатку ліпеня 1941 г. вёска Дальва патрапіла пад нямецкую акупацыю[1]. Зь лютага 1942 году Дальва ўваходзіла ў савецкую партызанскую зону, што пачыналася ад вёскі Акалова і празь якую нямецкія карнікі толькі праходзілі ў траўні 1943 году[2].

Падчас наступу Савецкай арміі немцы, каб забясьпечыць бясьпеку сваіх тылоў ад дзеяньняў партызан, распачалі карную апэрацыю пад назваю «Баклан». У гэтай апэрацыі акрамя войскаў СС і вайсковай паліцыі прымалі ўдзел таксама авіяцыя і армейскія дывізіі. 18 чэрвеня 1944 г. савецкія партызаны з брыгады Васіля Варанянскага перарэзалі тэлефонны кабэль каля вёскі Дальва. З суседняй вёскі Жардзяжжа на захадзе прыехалі нямецкія сувязісты, якія аднавілі сувязі і выклікалі карнікаў. На наступны дзень з Жардзяжжа прыехалі грузавікі з гітлераўцамі, якія абкружылі вёску Дальва[3].

19 чэрвеня 1944 году фашысты сагналі 44 жыхары Дальвы ў хату Васіля Кухаронка на ўскрайку вёскі і спалілі жыўцом. Загінула 29 дзяцей, 13 жанчын і два мужчыны. Самы стары быў Купрыян Гірыловіч (80 гадоў). Самы малады — Кастусь Кухаронак — каля двух годзікаў. Выжыў толькі 13-гадовы вясковец Мікалай Гірыловіч, які ў той дзень пасьвіў каня за 2 км ад Дальвы. Мікалай страціў тады бацькоў і 3-х братоў. Праз 10 дзён, у 2-й палове дня 29 чэрвеня, калі прыйшлі чырвонаармейцы, жыхары суседніх вёсак пахавалі загінулых у супольнай магіле і паставілі 3 крыжы рознай вышыні ў памяць аб старэйшым, сярэднім і малодшым пакаленьнях[3].

У 1955 годзе на месцы брацкай магілы жыхароў былой вёскі пастаўлены помнік[4]. У 1963 годзе яго замянілі на абэліск зь пяціканцовай зоркай. А ў 1972 годзе ў Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце аб’явілі конкурс на найлепшы праект помніка вёсцы Дальва. Пераможцам стаў трэцякурсьнік аддзяленьня скульптуры мастацкага факультэту, выхаванец народнага мастака Беларусі скульптара А. А. Бембеля — Уладзімер Церабун. Праект стаў яго дыплёмнай работай. Мэмарыял «Дальва» будаваўся на грамадзкіх пачатках, на сродкі, сабраныя ад канцэртнай дзейнасьці творчых калектываў Белтэлерадыёкампаніі, ваеннаслужачых і ахвяраваньняў грамадзкіх арганізацыяў. Ініцыятарам гэтай работы быў адзіны выжыўшы сьведка трагедыі вёскі Дальва Мікалай Пятровіч Гірыловіч, які ўсё жыцьцё прысьвяціў захаваньню памяці аб аднавяскоўцах.

Адкрыты 15 ліпеня 1973 году комплекс мае пляніроўку былой вёскі Дальва. Кампазыцыя мэмарыялу складаецца з асобных элемэнтаў, свабодна разьмешчаных на прасторы, і займае плошчу 5 га. З 1993 году Мэмарыяльны комплекс «Дальву» зрабілі філіяй Дзяржаўнага мэмарыяльнага комплексу «Хатынь» і ўлучылі ў Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь[5]. У 2009 годзе на тэрыторыі мэмарыялу створана новая экспазыцыя «Дальва: гераізм, трагедыя, міласэрнасьць», дзе сабраны архіўныя фатаздымкі і дакумэнты, якія расказваюць аб гісторыі вёскі пачынаючы з канца XVII стагодзьдзя. На памятным валуне зьмяшчаецца вершаваны надпіс[6]:

Спаліў нас вораг чэрвеньскай парою —
Дзядоў, жанчын, падлеткаў і дзяцей.
Даруйце, людзі добрыя, за тое,
Што вас не сустракаем як гасьцей.

На 2013 г. мэмарыяльны комплекс «Дальва» улучаў: скульптуру жанчыны зь дзіцём, за ёю абгарэлыя бэлькі як сымбаль спаленага дому; справа — бэтонны мур зь імёнамі 44 загінулых вяскоўцаў і надмагільная пліта. У памяць аб ахвярах пасадзілі 44 бярозы[1].

У 1968 г. пісьменьнік Іван Пташнікаў выдаў аповесьць «Тартак», прысьвечаную вёсцы Дальва[7].

  1. ^ а б Да 40-годзьдзя мэмарыяльнага комплексу «Дальва» (дасье) // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 11 чэрвеня 2013 г. Праверана 15 студзеня 2018 г.
  2. ^ Тацяна Падаляк. Нашчадкі «вогненных вёсак» // Зьвязда : газэта. — 25 студзеня 2006. — № 16-17. — ISSN 1990-763x.
  3. ^ а б Трагедыя Дальвы // Дзяржаўны мэмарыяльны комплекс «Хатынь», 2005 г. Праверана 15 студзеня 2018 г.
  4. ^ Філіялы ДМК «Хатынь»
  5. ^ Станіслаў Дарашчонак. Каб жахі вайны больш ніколі не паўтарыліся // Газэта МУС Беларусі «На варце», 24 чэрвеня 2016 г. Праверана 15 студзеня 2018 г.
  6. ^ Тацяна Падаляк. Дзень Дальвы // Зьвязда : газэта. — 16 чэрвеня 2012. — № 115 (27230). — С. 4. — ISSN 1990-763x.
  7. ^ Іван Пташнікаў. Тартак // Беларуская Палічка, 2015 г. Праверана 15 студзеня 2018 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр  612Д000235