Сэрыя A чэмпіянату Бразыліі па футболе
Сэрыя А | |
Краіна | Бразылія |
---|---|
Канфэдэрацыя | Бразыльская канфэдэрацыя футболу |
Заснаваная | 1959 |
Колькасьць камандаў | 20 |
Вылет у | Сэрыя Б |
Узровень ў пірамідзе | Узровень 1 |
Хатнія кубкі | Кубак Бразыліі |
Міжнародныя кубкі |
Кубак Лібэртадорэс Паўднёваамэрыканскі кубак |
Дзейны чэмпіён | Фламэнгу — 6-ы тытул (2019) |
Найбольш пасьпяховы клюб | Палмэйрас — 10 тытулаў |
Сэзон 2020 году |
Сэ́рыя А (па-партугальску: Campeonato Brasileiro Série A) — спаборніцтва для наймацнейшых футбольных клюбаў Бразыліі, якое мае статус першараднага футбольнага спаборніцтва краіны. Спаборніцтвы вызначаюць нацыянальнага чэмпіёна Бразыліі па футболе, а таксама ўдзельнікаў Кубка Лібэртадорэс і Паўднёваамэрыканскага кубка. Першынство лігі праводзіцца з удзелам 20 калектываў, і тыя клюбы, якія займаюць чатыры апошнія месцы па выніках сэзону, вылятаюць у Сэрыю Б.
Праз гістарычныя асаблівасьці і вялікія геаграфічныя памеры краіны Бразылія мае адносна кароткую гісторыю агульнанацыянальных футбольных спаборніцтваў. Толькі ў 1959 годзе, дзякуючы разьвіцьцю грамадзянскай авіяцыі і паветранага транспарту, і празь неабходнасьць прызначэньня бразыльскага прадстаўніка на першы розыгрыш Кубка Лібэртадорэс быў створаны агульнанацыянальны турнір Кубак Бразыліі. У 1967 годзе кубак быў пашыраны, уключыўшы больш клюбаў, стаўшы турнірам Рабэрту Гомэса Пэдраса, які таксама лічыўся нацыянальным турнірам. Першым сэзонам менавіта чэмпіянату стаўся сэзон 1971 году. У 2010 годзе нацыянальныя турніры, якія праходзілі з 1959 па 1970 гады, як то Кубак Бразыліі і турнір Рабэрту Гомэса Пэдраса, былі прызнаныя Бразыльскай канфэдэрацыяй футболу як розыгрышы бразыльскага чэмпіянату[1], такім чынам, пераможцы гэтых турніраў прызнаюцца чэмпіёнамі Бразыліі адпаведных гадоў[2][3].
Ліга ёсьць адной з самай моцных ліг у сьвеце. Міжнародная фэдэрацыя гісторыі футболу і статыстыкі (IFFHS) ставіла бразыльскую Сэрыю А на чацьвертае месца па сіле сярод сусьветных лігаў у пэрыяд з 2001 па 2012 гадоў пасьля ангельскай Прэм’ер-лігі, гішпанскай Ля Лігі і італьянскай Сэрыі А[4]. Бразыльская ліга ёсьць найбольш папулярнай футбольнай лігай у Амэрыцы, матчы якой трансьлююцца прыкладна ў 155 краінах сьвету. Сэрыя А ёсьць адной з самых прыбытковых лігаў сьвету, маючы штогадовы абарот звыш 1,17 мільярдаў даляраў у 2012 годзе.
«Палмэйрас» зьяўляецца самым пасьпяховым клюбам лігі, маючы на сваім рахунку дзясятак перамог у лізе, акрамя таго да ліку самым тытулаваных адносяцца «Сантус», «Карынтыянс», «Фламэнгу» і «Сан-Паўлу». Дзякуючы шэрагу талентавітых гульцоў, у асаблівасьці Пэле, «Сантус» атрымліваў перамогу ў пяці запар розыгрышах паміж 1961 і 1965 гадамі. Гэтае дасягненьне пакуль ня здолелі перасягнуць. Самым пасьпяховымі ёсьць клюбы штату Сан-Паўлу.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Сэрыя A чэмпіянату Бразыліі па футболе — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў