Перайсьці да зьместу

Праваслаўная царква ў Беларусі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Гэта састарэлая вэрсія гэтай старонкі, захаваная ўдзельнікам Xqbot (гутаркі | унёсак) у 23:01, 9 кастрычніка 2012. Яна можа істотна адрозьнівацца ад цяперашняй вэрсіі.

Праваслаўная царква на Беларусі — аб’яднаньне праваслаўных япархіяў на тэрыторыі Беларусі.

Першыя стагодзьдзі пасьля хрышчэньня Беларусі

Хрысьціянства ў яго усходняй форме (з 1054 года — праваслаўе) уведзена на беларускіх землях у канцы X ст. як дзяржаўная рэлігія. Большасьць дасьледчыкаў хіляцца да думкі, што заснаваньне Полацкай праваслаўнай япархіі — першай на тэрыторыі Беларусі — адбылося ў 992, што традыцыйна лічыцца пачаткам тут гісторыі Праваслаўнай царквы. У пэрыяд Кіеўскай Русі вызначыліся асноўныя сфэры дзейнасьці Праваслаўнай царквы, узьнікала буйное царкоўнае землеўладаньне, сфармавалася япархіяльная структура, зьявіліся манастыры. Полацкая, Тураўская праваслаўная япархіі і інш., у склад якіх у розныя гады уваходзілі беларускія землі, былі падпарадкаваныя Кіеўскай мітраполіі, якая ў царкоўна-кананічных адносінах падначальвалася Канстантынопальскаму патрыярхату.

Цэнтрамі хрысьціянізацыі былі гарады (напрыклад, аналіз курганнага могільніка Заслаўя сьведчыць, што прыхільнікаў язычніцтва ў 1020-я г. было ня больш за 9—13%, у сярэдзіне 11 ст. — 2—2,5%). У сельскай мясцовасьці хрысьціянізацыя адбывалася больш павольна і завершана ў канцы XII — пачатку XIII ст. (некаторыя дасьледчыкі адносяць канец гэтага працэсу да 2-й паловы XIII ст. і нават да XIV ст).

Праваслаўная царква ў ВКЛ да Берасьцейскай вуніі

Дакладна ведама, што праваслаўнымі па веравызнаньні былі вялікія князі літоўскія Войшалк (1264—1267) і Шварн Данілавіч (1267—1270). Дакладна ведама, што праваслаўнымі былі многія сыны, сваякі і набліжаныя вялікіх князёў літоўскіх — напрыклад, сын і браты вялікага князя Тройдзеня, сыны вялікага князя Віценя. Паводле зьвестак Літоўскае метрыкі, праваслаўнай была сястра вялікага князя Гедыміна, у яе быў уласны манастыр у Вільні[1]. Праваслаўная культура і асьвета гралі выбітную ролю ў Вялікім княстве Літоўскім, будучы неад’емнай часткай жыцця вяльможаў і культурных колаў. Яшчэ ў 17 стагодзьдзі гісторыкі адзначалі, што ў Літве нават каталіцкія (!) святары трымаюць стары звычай насіць бароды і мехавыя чапкі, накшталт рускіх баяраў[2].

У 1303 годзе ў Галіцка-Валынскім княстве створана Галіцкая мітраполія (існавала зь перапынкам да канца XIV ст), адной з 7 япархіяў якога была Турава-Пінская. Некаторыя дасьледнікі лічаць, што галіцкі мітрапаліт ад 1303 г. меў тытул мітрапаліта Галіцка-Літоўскага.

Літоўская мітраполія

Асноўны артыкул: Літоўская мітраполія

Самастойная Літоўская мітраполія Вялікага княства Літоўскага паўстала ў пачатку 14 стагодзьдзя, не пазьней 1316 году; па дадзеных Г.Гэльцэра[3], які грунтаваўся на галоўнай крыніцы па гэтым пытаньні — росьпісе катэдраў цэсара Андроніка — у 1300 г.. Сядзіба мітрапаліта была ў Наваградку. Пазьней яна перамясьцілася ў Вільню, у збор Прачыстае, пастаўлены вялікім князем Альгердам у 1347 годзе. Літоўскаму мітрапаліту ў 1317 г. падпарадкоўваліся біскупствы Наваградзкае, Полацкае і Тураўскае. Мітрапаліт пісаўся ў сваіх лістох «мітрапаліт Літвы» (μητροπολίτης Λιτβων)[4]. Як старажытная сталіца рускае мітраполіі Кіеў знаходзіўся ад 1322 году пад уладаю вялікага князя літоўскага, то мітрапаліт Літоўскі почасту пісаўся таксама і мітрапалітам «Кіеўскім і ўсяе Русі». Маскоўскія мітрапаліты почасту аспрэчвалі гэтае найменне ў Літоўскіх мітрапалітаў. Гэтыя спрэчкі скончыліся тым, што ад 1415 і да 1596 году ў Вільні існавала мітраполія пад назваю «Літоўская, Кіеўская і ўсяе Русі», а ў Маскве паралельна — мітраполія «Маскоўская, Кіеўская і ўсяе Русі». Канцом мітраполіі Літоўскае і ўсяе Русі лічыцца адпадзеньне яе ў вунію ў 1596 годзе.

Да сярэдзіны XV ст. Канстантынопальскі патрыярхат, які не жадаў канчатковага падзелу Праваслаўнае царквы Русі на царкву Вялікага Княства Літоўскага, Рускага й Жамойцкага і царкву Вялікага княства Маскоўскага, прызначаў мітрапалітаў у Наваградак нерэгулярна, нягледзячы на просьбы вялікіх князёў ВКЛ. Пасьля сьмерці першага літоўска-наваградзкага мітрапаліта Феафіла (1330) новы мітрапаліт ня быў пастаўлены, япархіі ў ВКЛ адыйшлі пад уладу мітрапаліта кіеўскага ў Маскве (паводле некаторых дасьледнікаў, ад 1337 да 1347 году літоўскія біскупствы падпарадкоўваліся Галіцкаму мітрапаліту). У 1355 у Наваградак прызначаны мітрапаліт Раман, якому падпарадкоўваліся 7 япархіяў на тэрыторыі ВКЛ і Галіцыі: Турава-Пінская, Полацкая, Галіцкая, Уладзіміра-Валынская, Луцкая, Холмская, Перамышльская. Пазьней яму прыслухала Бранскае біскупства, а таксама часова — Цьверскае.

Пасьля сьмерці Рамана (1362) патрыярх канстантынопальскі аднавіў адзінства мітраполіі ўсяе Русі. Вялікі князь Альгерд, аднак, жадаў каб Літоўскаму мітрапаліту падпарадкоўвалася ўся Русь, і каб Літоўскі мітрапаліт быў мітрапалітам усяе Русі (як гэта часова было, напрыклад, за Тэадарыта і Рамана). Таму Альгерд у 1375 годзе дапнуў, каб новы мітрапаліт Літоўскі Кіпрыян быў пастаўлены на сваю пасаду з умовай, што яму спадзе пасада мітрапаліта ўсяе Русі па смерці састарэлага тады Маскоўскага мітрапаліта Алексія. Так і здарылася: па смерці Алексія, Кіпрыян быў у лютым 1378 году высвячаны канстантынопальскім патрыярхам і зборам на пасаду мітрапаліта Літоўскага, Кіеўскага і ўсяе Русі. Але ягоны прыезд у Маскву ў чэрвені 1378 году ледзьве ня скончыўся трагічна: ён разам з спадарожнікамі быў выгнаны маскоўскім князем Дзмітрыем з гораду, у адказ на што Кіпрыян адлучыў Дзмітрыя ад царквы[1]. Гэта пачало цяжкі закалот між Масковіяй і Літвой, зьнітаваны з барацьбою за ўладу ва ўсіх сфэрах. У 1381 годзе, у выніку невядомае інтрыгі, Кіпрыян быў пастаўлены ў Канстантынопалі на пасаду мітрапаліта Маскоўскага і ўсяе Русі, і прыбыў у Маскву, дзе быў з пашанай сустрэты асабіста вялікім князем Дзмітрыем. Кіпрыян працягваў трымаць шчыльныя сувязі з Вялікім княствам Літоўскім: гэтак, з ім неаднакротна сустракаўся кароль Валадыслаў-Ягайла.

У 1414 па ініцыятыве вялікага князя Вітаўта Наваградзкі збор абвясьціў незалежнасьць Праваслаўнай царквы ВКЛ ад мітраполіі ў Маскве. Абвяшчалася аднаўленьне самастойнае, незалежнае ад Масквы Кіеўскае мітраполіі, але сядзібай мітрапаліта фактычна быў Наваградак ці (часьцей) Вільня, «Кіеўскім» ён называўся адно па тытуле. Сядзібай мітрапаліта Літоўскага і Кіеўскага ў Вільні быў збор Прачыстае, збудаваны на загад вялікага князя літоўскага Альгерда ў 1347 годзе. Ад 1415 і да 1596 году Літоўскі мітрапаліт афіцыйна называўся мітрапалітам Літоўскім, Кіеўскім і ўсяе Русі (паралельна Маскоўскія мітрапаліты называліся мітрапалітамі Маскоўскімі, Кіеўскімі і ўсяе Русі).

Аднак у 1420 пасьля літоўска-наваградзкага мітрапаліта Грыгорыя Цамблака кіраўніком Праваслаўнае царквы ў ВКЛ быў прызнаны кіеўскі мітрапаліт (у Маскве) Фоцій. У 1458 Праваслаўная царква ў ВКЛ і Вялікім княстве Маскоўскім канчаткова падзялілася на 2 незалежныя адна ад адной мітраполіі: Кіеўскую з цэнтрам у Наваградку (у 1472 мітрапаліт Грыгорый Балгарын атрымаў кананічнае прызнаньне Канстантынопальскага патрыярха) і Маскоўскую (стала так афіцыйна называцца з 1459). Ад таго часу да сярэдзіны XVI ст. з 12 мітрапалітаў Праваслаўнай царквы ў ВКЛ (мелі тытул мітрапаліт Кіеўскі, Галіцкі і ўсяе Русі) 9 мелі родавыя маёнткі на Беларусі або займалі вышэйшыя месцы ў беларускай царкоўнай герархіі.

У сярэдзіне 16 ст. ў склад Літоўска-Наваградзкай мітраполіі (цэнтар у Наваградку, потым у Вільні) уваходзіла 9 япархіяў: Полацкая, Тураўская з катэдрай у Пінску, Смаленская, Чарнігаўская, Галіцкая, Пярэмышльская, Холмская, Луцкая, Уладзіміра-Валынская. Тады ж у Вільні было 17 цэркваў, у Наваградку — 10, у Берасьці й Полацку — па 9, у Віцебску — 7, у Гародні і Слоніме — па 6, у Магілеве, Клецку і Слуцку — па 5.

У XV—XVI ст., калі вялікія князі ВКЛ сталі актыўна спрыяць каталіцкай канфэсіі, Праваслаўная царква і праваслаўная сьвецкая знаць павялі барацьбу за свае правы. 15.10.1432 яны дамагліся ад Ягайлы выданьня прывілея, які ўраўноўваў праваслаўных фэадалаў у правох з католікамі і такім чынам аслабляў дыскрымінацыйны Гарадзельскі прывілей 1413 года. Прывілеем 1434 года вялікага князя Жыгімонта Кейстутавіча «руская» знаць дамаглася саслоўнай роўнасьці з католікамі, але па-ранейшаму абмяжоўвалася ў кіраваньні дзяржавай. У 1563 Жыгімонт II Аўгуст адмяніў Гарадзельскі прывілей і ў 1568 пацьвердзіў гэта. Асноўныя палажэньні аб верацярпімасьці да праваслаўных зафіксаваны ў «Акце Варшаўскай Канфедэрацыі» 1573, а потым перанесены ў Статут Вялікага Княства Літоўскага 1588. У 1592 прынята каралеўская грамата аб тым, каб сьвецкія ўлады ня ўмешваліся ў справы Праваслаўнай царквы. Асобнымі каралеўскімі граматамі ў 1592 зацьверджаныя праваслаўныя брацтвы ў Менску і Берасьці.

На працягу стагодзьдзяў Праваслаўная царква адыгрывала значную ролю ў культурным і грамадзкім жыцьці Беларусі: разьвіцьці школьніцтва, пашырэньні кніжнай навукі і пісьменства, вядзеньні судаводзтва (справы, зьвязаныя з парушэньнем царкоўных канонаў; духавенства часта выступала дарадцамі князёў). Але духоўнае жыцьцё часам было занядбаным. Царкоўныя зборы не склікаліся па некалькі дзесяткаў год, не зважаючы на кананічнае патрабаваньне штогадовых збораў. Герархі і сьвятары набывалі сабе пасады, жылі мірскім жыцьцём, як звычайная шляхта, парушалі праваслаўныя каноны. У выніку аўтарытэт духавенства зьніжаўся.

Праваслаўная царква ў ВКЛ пасьля Берасьцейскай вуніі

У выніку Берасьцейскай вуніі 1596 Праваслаўная царква апынулася ў цяжкім становішчы: большасьць япіскапаў на чале зь мітрапалітам Міхаілам Рагозам перайшла ў вуніяцтва. Праваслаўная царква ў ВКЛ як кананічнае цэлае перастала існаваць. Пачалося змаганьне з вуніятамі за храмы і манастыры. Спачатку праваслаўныя аб’ядноўваліся для сумеснай барацьбы разам з пратэстантамі, потым зьвярталіся за дапамогай да Масквы і усходніх патрыярхаў, падавалі скаргі ў сойм і Трыбунал ВКЛ. У 1620 Украіну наведаў Іерусалімскі патрыярх Феафан, які прызначыў кіеўскім мітрапалітам (у Кіеве) Іова Барэцкага і япіскапаў на япархіі, але кароль Жыгімонт III не дапусьціў іх да катэдраў. Пасьля ліквідацыі Віцебскага паўстаньня 1623, выкліканага дзеяньнямі вуніяцкага архіяпіскапа Іасафата Кунцэвіча, становішча Праваслаўнай царквы пагоршылася, спроба правесьці ў 1626 годзе прымірэнчы зьезд праваслаўных і вуніятаў ня мела посьпеху.

У 1633, каб супакоіць праваслаўнае казацтва Украіны і пазьбегнуць паўстаньняў з яго боку, кароль Уладзіслаў IV аб’явіў пра стварэньне 4 новых праваслаўных япархіяў: Луцкай, Львоўскай, Перамышльскай і Магілеўскай праваслаўнай япархіі. Мітрапалітам кіеўскім быў прызначаны Пётар Магіла, пры якім адбывалася пэўнае адраджэньне Праваслаўнай царквы. Зноў заснаваная Магілеўская (Беларуская) япархія была адзінай праваслаўнай япархіяй у межах Беларусі да канца XVIII ст. Падчас паўстаньня пад кіраўніцтвам Багдана Хмяльніцкага 1648—54 кароль Ян Казімір быў вымушаны ў 1650 абвясьвіць аб поўнай свабодзе для вызнаньня і культу Праваслаўнай царквы. Паводле «вечнага міру» 1686 паміж Рэччу Паспалітай і Расіяй. Праваслаўная царква на Украіне і Беларусі была падпарадкаваная Маскоўскаму патрыярхату. Урад Рэчы Паспалітай разглядаў гэта як парушэньне свайго сувэрэнітэту, таму зноў пачаў уціск праваслаўных з мэтай далучэньня іх да вуніі. У XVIII ст. рабіліся спробы перадаць Беларускую (Магілеўскую) япархію полацкаму вуніяцкаму япіскапу. Упартую барацьбу за захаваньне Праваслаўнай царквы на Беларусі ў 2-й пал. XVIII ст. вёў магілеўскі япіскап Георгій Каніскі. У 1768 пад націскам замежных дзяржаваў, у тым ліку Расеі, сойм Рэчы Паспалітай згадзіўся ўраўнаваць правы дысыдэнтаў (пратэстантаў і праваслаўных) з католікамі.

Праваслаўная царква на Беларусі пасьля падзелаў Рэчы Паспалітай

Аднак карэнныя зьмены ў становішчы Праваслаўнай царквы адбыліся толькі пасьля далучэньня зямель усходняй Беларусі ў 1772 годзе да Расейскай імпэрыі, дзе праваслаўе было дзяржаўнай рэлігіяй. Каб пазьбегнуць небясьпекі новых падзелаў, урад Рэчы Паспалітай імкнуўся стварыць у краіне незалежную ад Расіі Праваслаўную царкву, дзеля чаго была скліканая Пінская кангрэгацыя ў 1791 годзе, аднак яе пастановы не былі выкананыя. У гэты час на тэрыторыі ВКЛ эаставалася только 50 праваслаўных прыходаў, ва ўсёй Рэчы Паспалітай каля 300 (300 тыс. прыхаджанаў).

Пасьля далучэньня да Расейскай імпэрыі ўсіх земляў Беларусі тут пачала ажыцьцяўляцца палітыка уніфікацыі царкоўнае структуры і паступовага замацаваньня Праваслаўнай царквы як пануючай у дзяржаве. У 1793 заснаваная Менская япархія, у 1833 адноўленая Полацкая, створаны Віленская (1840) і Гарадзенская (1900) япархіі. У Берасьці, Беластоку, Слуцку, Гомелі, Коўне і Дзьвінску існавалі катэдры вікарных япіскапаў. Усе япархіі ўваходзілі ў склад Грэка-расейскай царквы і знаходзіліся пад юрысдыкцыяй Сьвяцейшага кіруючага Усерасейскага Сынода.

3 1780-х г. пачаўся паступовы перавод вуніятаў у праваслаўе (напрыклад, у 1783 было далучана 95 цэркваў з амаль 413 тыс. прыхаджанаў), аднак гэты працэс прыпыніўся да 1794. Полацкі царкоўны сабор у 1839 годзе прыняў рашэньне пра канчатковае далучэньне вуніятаў да Праваслаўнай царквы. Пасьля Полацкага збору частка былых вуніятаў без дазволу царкоўных уладаў перайшла ў каталіцтва. 3 1842 Сынод загадаў пераводзіць такіх вернікаў у праваслаўе, што выклікала спрэчкі паміж праваслаўнымі і каталіцкімі герархамі заходніх губэрняў. Новае далучэньне католікаў да Праваслаўнай царквы мела месца ў пачатку 1860-х г. (30 тыс. чалавек у Літоўскай і 37 тыс. чалавек у Менскай япархіі). Аднак пасьля царскага указа 17.4.1905 аб верацярпімасьці пачаўся адваротны пераход з праваслаўя ў каталіцтва.

У 1840 Сынод прадпісаў духавенству заходніх губэрняў чытаць пропаведзі ў нядзелю і па сьвятах на агульназразумелай для прыхаджанаў мове, кіраўніцтву япархіяў было прапанавана больш клапаціцца аб народнай асьвеце, Так, у 1850 у Літоўскай япархіі адчынена 37 царкоўна-прыхадскіх школаў з 1211 вучнямі і 56 настаўнікамі. Да I-й сусьветнай вайны ў 5 праваслаўных япархіях Беларусі былі 3552 храмы і 35 манастыроў, 3 духоўныя семінарыі. Кожная з япархій мела свае пэрыядычныя выданьні.

Праваслаўная царква на Беларусі пасьля 1917 года

Кардынальныя зьмены ў становішчы Праваслаўнай царквы адбыліся пасьля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 і Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917. Зьмены ў структуры Праваслаўнай царквы (аднаўленьне патрыяршаства, скасаваньне кансысторыяў і замена іх япархіяльнымі сходамі і япархіяльнымі саветамі і інш.) суправаджаліся зьменамі статуса Праваслаўнай царквы ў грамадстве — аддзяленьнем царквы ад дзяржавы.

У БССР у 1922 была ўтворана Беларуская праваслаўная мітраполія на чале зь мітрапалітам Мелхісэдэкам (Паеўскім, 1920 — 27), які меў тытул «менскі і беларускі». У складзе мітраполіі знаходзіліся Менская, Бабруйская, Мазырская і Слуцкая япархіі. у 1927 абвешчаная Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква (БАПЦ), адначасова з якой існавала абнаўленчая Беларуская аўтаномная праваслаўная царква. Аднак рэпрэсіўная палітыка савецкіх уладаў у адносінах да царквы (арышты, забойствы сьвятароў, масавае закрыцьцё і руйнаваньне храмаў і манастыроў) прыпыніла царкоўнае жыцьцс; ня дзейнічала ніводная з кананічных беларускіх праваслаўных япархіяў.

Заходняя Беларусь (каля 1 млн. праваслаўных вернікаў) у 1921 адышла да Польшчы, дзе ў 1922 была створана Польская аўтакефальная праваслаўная царква (ПАПЦ; у 1924 кананічна прызнаная Канстантынопальскім патрыярхам), якая ўключала 5 япархіяў, у тым ліку Віленскую, Гарадзенскую, Пінскую. Вышэйшае духавенства прыносіла прысягу польскаму ўраду. Мітрапалітам стаў архіяпіскап варшаўска-холмскі Дзіянісій (Валедынскі). ПАПЦ мела манастыры, духоўную сэмінарыю ў Вільні, 337 прыходаў у Віленскай і Гарадзенскай япархіях, выдавала рэлігійную літаратуру на беларускай, рускай, украінскай і польскай мовах.

У 1939 пасьля далучэньня Заходняй Беларусі й Заходняй Украіны да СССР быў створаны экзархат Заходніх Беларусі й Украіны Маскоўскага патрыярхата на чале зь архіяпіскапам Панцеляймонам (Ражноўскім).

Падчас нямецкае акупацыі Беларусі ў 1942 адноўлена 6 япархіяў: Менская, Віцебская, Гарадзенская, Магілеўская, Наваградзкая і Смаленская. Беларускую праваслаўную царкву ўзначальваў мітрапаліт Менскі і ўсяе Беларусі Панцеляймон. У канцы 1941 у афіцыйных царкоўных дакумэнтах упершыню ўжыта назва «Беларуская праваслаўная царква». Усебеларускі царкоўны сабор (Менск, жнівень-верасень 1942 года) зацьвердзіў статут Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы, але адклаў кананічнае абвяшчэнне аўтакефаліі да прызнаньня яе памеснымі праваслаўнымі царквамі (арт. 113 Статута), якога, як вядома, не адбылося. Такім чынам, БАПЦ фармальна абвешчаная не была. Яшчэ раз БАПЦ (на эміграцыі) была заснаваная ў г. Канстанцы (Нямеччына) у чэрвені 1948 года япіскапам УАПЦ С. Ахаценкай, які знаходзяўся пад анафемай Канстанцінопальскага патрыярха.

У 1950-х япіскапы на новаўтвораныя беларускія катэдры не сталі прызначацца, таму адзінай япархіяй ў БССР доўгі час заставалася Менская. Кіруючыя Мінска-Беларускія архірэі:

У 1957 на Беларусі працавала 968 праваслаўных храмаў, зь якіх 709 былі прыхадзкімі, 3 манастыры, 1 духоўная сэмінарыя. У выніку чарговых ганеньняў на царкву ў канцы 1950 — пач. 1960-х г. засталося 369 царкоўных прыходаў і 1 манастыр; духоўная сэмінарыя была зачынена.

Царкоўнае жыцьцё ў СССР актывізавалася напрыканцы 1980-х напярэдадні сьвяткаваньня 1000-годдзя хрышчэньня Русі. У 1989 годзе была створаная Беларуская Праваслаўная Царква (Беларускі экзархат Маскоўскага патрыярхату) на чале зь менскім мітрапалітам Філярэтам.

Сьпіс мітрапалітаў сярэднявечнай Беларусі (Літвы)

Сьпіс мітрапалітаў, пад юрысдыкцыяй якіх былі беларускія землі ў пэрыяд ад разбурэньня Кіева мангола-татарамі да заключэньня Берасьцейскай вуніі.

  • Ёсіф (? — 1240) мітрапаліт Кіеўскі і ўсяе Русі. Грэк, жыў у Кіеве. Зьнік бязь вестак падчас мангола-татарскага нашэсьця.
  • Кірыл (1250—1281) мітрапаліт Кіеўскі і ўсяе Русі. Славянін, быў ігуменам манастыра пад Кіевам. Жыў ва Ўладзіміры-на-Клязьме.
  • Максім (1281—1305) мітрапаліт Кіеўскі і ўсяе Русі. Грэк, жыў у Кіеве. З 1299 з-за татарскага нападу перасяліўся ў Суздаль.
  • Ніфант (1303—1308) мітрапаліт Галіцкі (паводле некаторых зьвестак — Галіцка-Літоўскі). Грэк, жыў у Галічы.
  • Пётар (1308—1326) мітрапаліт Кіеўскі і ўсяе Русі. Славянін, родам з Валыні, быў ігуменам Рацькаўскага манастыра на Галіччыне. Жыў у Кіеве, Бранску, Ўладзіміры-на-Клязьме. Прыблізна ад 1311 — жыў у Маскве. Кананізаваны ў ліку сьвятых.
  • Тэафіл (1316—1330) — першы вядомы мітрапаліт Літоўскі. Месца катэдры — Наваградак. Пачынаючы ад мітрапаліта Тэафіла ў ВКЛ амаль бесьперапынна на працягу трох стагодзьдзяў існавала незалежная мітраполія.
  • Феагност (1326—1353) мітрапаліт Кіеўскі і ўсяе Русі. Грэк па паходжаньні. Жыў у Маскве.
  • Імя невядомае (1337 ? — 1347) — мітрапаліт Галіцка-Літоўскі.
  • Тэадарыт (1354—1356) — мітрапаліт Літоўскі, не прызнаны Маскоўскім мітрапалітам. Тэадарыт быў пасьвячоны тырнаўскім (баўгарскім) патрыярхам, сам імаверна быў баўгарынам. Ягонае высвячэньне не прызнала Масква, аднак ён справаваўся ў Кіеве, і да прызнаньня ягонай кананічнай улады часова схіляўся навагародскі архібіскуп Майсей.
  • Раман (1356—1362) мітрапаліт Літоўскі (у 1356 г. нейкі час пісаўся «мітрапалітам Літоўскім, Кіеўскім і ўсяе Русі»; пасля разьвязаньня спрэчкі з Масквою застаўся мітрапалітам Літоўскім і Малой Русі). Славянін (сваяк жонкі в.к. Альгерда — Юльяны). Жыў у Наваградку і Кіеве.
  • Алексій (1354—1378) мітрапаліт Маскоўскі, Кіеўскі і ўсяе Русі. Славянін. Жыў у Маскве. Кананізаваны ў ліку сьвятых.
  • Кіпрыян (1375—1406) мітрапаліт Літвы і Малой Русі. Ад лютага 1378 году да чэрвеня 1380 году, згодна з пастановай Канстантынопальскага патрыярха і збору — мітрапаліт Літоўскі, Кіеўскі і ўсяе Русі. Ад 1381 году — мітрапаліт Маскоўскі, Кіеўскі і ўсяе Русі. Баўгарскі манах, практыкаваўся на гары Атон (хутчэй за ўсё, стрый пазнейшага мітрапаліта Літоўскага — Грыгора Цамблака). Жыў у Наваградку, Кіеве, пазьней — у Маскве. Кананізаваны ў ліку сьвятых.
  • Фоцій (1408—1431) — мітрапаліт Кіеўскі і ўсяе Русі. Грэк. Жыў у Маскве. Кананізаваны ў ліку сьвятых.
  • Грыгорый Цамблак (1415—1420?) мітрапаліт Літоўскі. Славянін. Жыў у Наваградку. Высьвечаны некананічна — зборам мясцовых япіскапаў. Памёр у Нямецкім Малдаўскім манастыры ў 1454 годзе.
  • Герасім (1433—1437) мітрапаліт Кіеўскі і ўсяе Русі. Славянін. Жыў у Смаленску. Пагадзіўся ў 1434 годзе на вунію з Рымам.
  • Ісідар(1437—1441) мітрапаліт Кіеўскі і ўсяе Русі. Грэк. Падпісаў Ферара-Фларэнційскую вунію ў 1439 годзе. Жыў у Маскве. Пагадзіўся ў 1434 годзе на вунію з Рымам.
  • Іона (1448—1464[5]) мітрапаліт Кіеўскі і ўсяе Русі. Галічанін[6]. Жыў у Маскве. Абраны аўтакефальна ў Маскве, бо Канстантыпольскі патрыярх Грыгорый Маммас прыняў Ферара-Фларэнційскую вунію. Кананізаваны ў ліку сьвятых.
  • Грыгорый Баўгарын (1458—1473) мітрапаліт Кіеўскі, Літоўскі і ўсяе Русі. Жыў у Наваградку. Рукапакладзены вуніяцкім патрыярхам Грыгорыем Маммасам. У 1469 годзе вярнуўся ў праваслаўе і ў 1472 годзе быў пацьверджаны Канстантынопальскім патрыярхам.
  • Місаіл (Пеструч) (1475—1480) мітрапаліт Літоўскі. Літвін. Жыў у Наваградку. Не пацьверджаны Канстантынопальскім патрыярхам.
  • Сьпірыдон (Сатана) (1477-?) мітрапаліт Літоўскі. Цьвяранін. Пацьверджаны Канстантынопальскім патрыярхам. Увесь час правёў у зьняволеньні спачатку ў Вялікім Княстве Літоўскім, потым ў Маскоўскім княстве.
  • Сімяон (1481—1488) мітрапаліт Літоўскі. Быў архіяпіскапам Полацкім.
  • Іона Глезна (1492—1494) мітрапаліт Літоўскі. Быў япіскапам Полацкі. Доўга не згаджаўся на мітрапаліцтва.
  • Макарый (Чорт) (1495—1497) мітрапаліт Літоўскі. Быў архімандрытам Віленскага Траецкага манастыра. Забіты татарамі ля Мазыра.
  • Ёсіф I Балгарынавіч (1498—1501) мітрапаліт Літоўскі. Паходзіць з-пад Слуцка. Прыхільнік вуніі з Рымам.
  • Іона II (1503—1507) мітрапаліт Літоўскі. Быў архімандрытам Менскага Ўзьнясенскага манастыра.
  • Ёсіф II Солтан (1508—1521) мітрапаліт Літоўскі. Былы Смаленскі япіскуп. Актыўны дзеяч праваслаўя, правёў два царкоўных зборы ў Вільні.
  • Ёсіф III (1522—1534) мітрапаліт Літоўскі. Быў Полацкім архіяпіскупам. Жорсткі праціўнік вуніі.
  • Макарый II (1534—1556) мітрапаліт Літоўскі. Родам з Масквы. [7]. Падчас ягонага мітрапаліцтва было шмат бязладдзяў у царкве.
  • Сільвестар Бялькевіч (1556—1567) мітрапаліт Літоўскі. Быў каралеўскім скарбнікам і ключнікам. Нізкія маральныя якасьці прывялі царкву да заняпаду.
  • Іона Пратасовіч-Астроўскі (1568—1577) мітрапаліт Літоўскі. Быў япіскапам Турава-Пінскім. Зрабіў шмат настойлівых хадайніцтваў да караля і сойма на карысьць праваслаўя.
  • Ільля Куча (1577—1579) мітрапаліт Літоўскі. Іона Пратасевіч-Астроўскі абраў яго сваім пераемнікам.
  • Анісіфар Пятровіч-Дзевачка (1579—1588) мітрапаліт Літоўскі. Быў архімандрытам Ляўрышэўскага манастыра. Пазбаўлены сану Канстантынопальскім патрыярхам за дваяжонства.
  • Міхаіл Рагоза (1589—1595) — апошні Літоўска-Наваградскі праваслаўны мітрапаліт. Быў архімандрытам Менскага Ўзьнясенскага манастыра. Заключыў Берасьцейскую вунію з Рымам.

Глядзіце таксама

Крыніцы

  1. ^ Д. Баронас. Древнейшие следы пребывания русских в Вильнюсе. // Балты в древности и средневековье: языки, история, культура / Отв. ред. М. В. Завьялова. — М., 2000
  2. ^ Козловский И. Судьбы русского языка в Литве и на Жмуди.- Вестн. Зап. России, 1869, т. IV, кн. 10, отд. II, с. 1-16; кн. 11, с. 45-63; кн. 12, с. 85-111.
  3. ^ Gelzer H., Beitrage zur russischen Kirchengeschichte aus griechischen Quellen // Zeitschrift fur Kirchengeschichte, XIII, 1892; Павлов А. С. О начале Галицкой и Литовской митрополий и о первых тамошних митрополитах по византийским документальным источникам ХIV в. // Русское обозрение. 1894. кн. 5 (май). с. 236—241.
  4. ^ Памятники древнерусского канонического права / РИБ, т. 6, СПб., 1880. стб. 92-94; Павлов А. С. О начале Галицкой и Литовской митрополий и о первых тамошних митрополитах по византийским документальным источникам ХIV в. // Русское обозрение. 1894. кн. 5 (май). с. 236—241.
  5. ^ Иона, митрополит Московский и всея Руси (рас.)
  6. ^ Митрополит Иона; самостоятельность Русской Церкви и разделение ее на две митрополии (рас.)
  7. ^ Прыдворны капэлян каралевы Алены-маскавіткі, парох Ляшчынскага манастыру ў Пінскае эпархіі, Эпіскап Пінскі і Тураўскі, з 1528 — эпіскап Луцкі і Астроскі. («ОЧЕРК ИСТОРИИ ПРАВОСЛАВИЯ В ЛИТВЕ»)

Літаратура