Прыпяцкі нацыянальны парк
катэгорыя II (нацыянальны парк) паводле МСАП | |
Паштовая марка (2001 г.) | |
Разьмяшчэньне | Жыткавіцкі, Лельчыцкі і Петрыкаўскі раёны Гомельскай вобласьці (Беларусь) |
---|---|
Найбліжэйшы горад | Петрыкаў |
Каардынаты | 51°59′15″ пн. ш. 28°4′57″ у. д. / 51.9875° пн. ш. 28.0825° у. д.Каардынаты: 51°59′15″ пн. ш. 28°4′57″ у. д. / 51.9875° пн. ш. 28.0825° у. д. |
Плошча | 1884,85 км² |
Заснаваны | 3 чэрвеня 1969 (55 гадоў таму) |
Уласьнік | Кіраўніцтва справамі прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь |
Афіцыйны сайт | |
Нацыянальны парк «Прыпяцкі» — нацыянальны парк Беларусі ў 3-х заходніх раёнах Гомельскай вобласьці — Жыткавіцкім, Лельчыцкім і Петрыкаўскім.
Створаны ў чэрвені 1969 году ў якасьці Прыпяцкага ляндшафтна-гідралягічнага запаведніка дзеля захаваньня прыродных краявідаў Беларускага Палесься і вывучэньня зьмяненьняў у экасыстэме ў сувязі з мэліярацыяй земляў[1]. Месьціцца на паўднёвым захадзе Гомельскай вобласьці па правым беразе Прыпяці ў міжрэччы Ўбарці і Сьцьвігі. Займае каля 1900 км²[2]. Рэльеф раўнінны з паніжэньнямі і золавымі ўтварэньнямі. Балоты нізінныя, пераходныя і верхавыя. У правабярэжнай частцы парку месьціцца найбольшы ў Эўропе масіў пераходных і верхавых балотаў[3] (300 км², «Герадотава мора»)[4]. На 2018 год заезд у парк з поўначы ажыцьцяўляўся праз кантрольна-прапускны пункт пад вёскай Хваенск у Жыткавіцкім раёне[5].
Расьліннасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Расьліннасьць парка належыць да Палеска-Прыдняпроўскай геабатанічнай акругі, дзе сустракаюцца падзоны шыракаліста-хваёвых лясоў[3]. На 2013 год лясы займалі звыш 80% земляў Прыпяцкага парку. Пагатоў хвоя займала 52% пакрытай лесам плошчы і панавала на верхавых балотах, выспах і градах. На глебах пераходных і нізінных балотаў пераважалі бярэзьнікі. Сухадольныя і пойменныя дубровы займалі звыш 75 км². Грабавыя дубровы таксама ўлучалі дубы, ліпы, клёны і ясені. У нізінных мясьцінах захаваліся дубова-грабава-хвойныя і альхова-дубовыя лясы. Балоты займалі траціну плошчы Прыпяцкага парку. Рэдкія і ахоўныя віды расьлінаў улучалі вадзяны арэх, чорны купальнік, плывучую сальвінію, жоўты рададэндран, марскую наяду і кучаравую лілею. Лясы былі багатыя на грыбы і ягады, асабліва чарніцы, буякі, журавіны, брусьніцы, маліну і чорныя парэчкі. Лекавыя расьліны пераважна расьлі ў бярозавых, дубовых і хваёвых лясах[2]. На 2018 год расьлінны сьвет парку ўлучаў 1073 віды вышэйшых расьлінаў, зь іх: 22 віды дрэваў і 32 віды хмызьнякоў, 196 відаў імхоў, 184 віды лішайнікаў, 321 від водарасьцяў. У ліку расьлінаў было 47 відаў, занесеных у Чырвоную кнігу Беларусі: звычайны баранец, воўчаягаднік баравік, кучаравая кубышка, плывучая сальвінія, белы гарлачык, сон-трава, пантыйская азалія, калючая сьліва, сыбірскі ірыс і клубняносная зубніца[6]
Жывёльны сьвет
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На 2013 год Прыпяцкі парк пераважна насялялі ласі, дзікі, казулі, рысі, ваўкі, лісіцы, янотападобныя сабакі і зайцы. На рэчках і старых мэліярацыйных каналах, лясных і пойменных азёрах прысутнічала шмат селішчаў бабра, выдры і андатры. У пойменных дубровах прыжыліся янот-паласкун з Паўночнай Амэрыкі і амэрыканская норка. Таксама сустракаліся барсукі і дробныя драпежнікі: гарнастай, чорны тхор і ласка. Зрэдку сустракалася куніца. Сярод птахаў, асабліва шмат было вадаплаўных, а таксама пеўчых. На верхавых балотах захаваліся глушцовыя і цецеруковыя такавішчы. Сярод драпежных птахаў сустракаліся чорны каршун, ястраб-цецяроўнік, канюк і пустальга. У рэчках, азёрах і каналах вадзілася 38 відаў рыбы. Найчасьцей у вадаёмах сустракаліся шчупак, акунь, плотка, лінь, судак, лешч і сом[2].
У 2018 годзе ў парку пражывала 45 відаў сысуноў, 256 відаў птушак (79% відаў Беларусі), 7 відаў рэптыліяў, 11 відаў земнаводных, 45 відаў рыбы і звыш 3300 відаў бесхрыбетных, зь іх звыш 2500 вусякоў. Налічвалася 6 атрадаў сысуноў: грызуны — 19 відаў, драпежнікі — 9, насякомаядныя, парнакапытныя і рукакрылыя — па 5 і зайцападобныя — 2. З капытных жывёлаў найбольш шматлікімі відамі былі высакародны алень (да 900 асобінаш) і казуля (да 500 асобінаў). Тры зубровыя статкі налічвалі каля 94 асобінаў. Пойма Прыпяці, што знаходзіцца ў парку, ёсьць найбольшым рэчышчам пералётных птушак у Эўропе. З сакавіка адбываецца штодзённы пералёт гусе, качак, кулікоў, крачак, чаек, буслоў і бакланаў. У Парку сустракаецца 65 відаў птушак, занесеных у Чырвоную кнігу Беларусі (90%)[6].
Гаспадарчая дзейнасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На 2013 год у Прыпяцкім парку працавалі сельская гаспадарка, гандлёва-вытворчае прадпрыемства, экспэрымэнтальная лесапаляўнічая гаспадарка «Ляскавічы» (Петрыкаўскі раён) і дрэваапрацоўчае прадпрыемства па вытворчасьці піламатэрыялаў на экспарт. Егерская служба складалася зь вядучага інжынэра-паляваньневеда і егера, якія ажыцьцяўлялі дазор сумесна зь міліцыяй. Ладзіліся паляўнічыя туры для іншаземцаў на камэрцыйнай аснове. Падарожнікам здавалі напракат надзіманыя лодкі, вуды і намёты. Рачны цеплаход з кают-кампаніяй на 7 спальных месцаў вывозіў падарожнікаў на днёўку ў затокі для рыбалкі. Яго экіпаж складаўся з капітана, матроса і кока (кухара). У вёсцы Ляскавічы працавала 2-павярховая гасьцініца «Над Прыпяцьцю» з уласным рэстаранам, заляй для боўлінга і більярда, басэйнам з саўнай. У вёсцы Хлупінская Буда (Жыткавіцкі раён) дзейнічала база адпачынку з 5 дамоў на 50 месцаў. У вёсцы Дарашэвічы Петрыкаўскага раёну працавала база адпачынку на 61 месца. У вёсцы Чарацянка (Жыткавіцкі раён) дзейнічаў гасьцявы дом рыбака і паляўнічага. Пешаходна-роварныя сьцежкі мелі ў якасьці канцавых прыпынкаў месцы пасяленьня соваў, цар-дуб і зубрагадавальнік. Уздоўж Прыпяці было некалькі абсталяваных стаянак для адпачынку[2].
Мінуўшчына
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1890-х гадах на забалочаных землях у міжрэччы Прыпяці, Убарці і Сьцьвігі правялі мэліярацыю. Пасьля стварэньня каналаў агульнай працягласьцю каля 300 км частка асушаных балотаў пакрылася лясамі[2]. У 1920-я гады акадэмік Уладзіслаў Шафэр прапанаваў пераўтварыць Альманскі балотны масіў у міжрэччы Гарыні і Сьцьвігі ў запаведнік[7]. У 1939 годзе балотазнаўца Станіслаў Кульчынскі выдаў манаграфію «Тарфянікі Палесься», у якой дасьледаваў балоты на Заходняга Палесься. У 1958 годзе кіраўнік Цэнтральнага батанічнага саду Мікалай Смольскі даручыў абгрунтаваць стварэньне балотнага запаведніка. У 1961 годзе балотазнаўца сада Леанід Смаляк напісаў абгрунтаваньне. 3 чэрвеня 1969 году Савет міністраў БССР зацьвердзіў Пастанову № 200 «Аб арганізацыі Прыпяцкага дзяржаўнага ляндшафтна-гідралягічнага запаведніка» на плошчы 61,5 га ў складзе Міністэрства лясной гаспадаркі. Пазьней запаведнік перадалі Дзяржаўнаму камітэту па экалёгіі БССР[8]. У 1987 годзе ў Прыпяцкі запаведнік завезьлі вольнажывучы статак зуброў зь Белавескай пушчы[3].
У незалежнай Беларусі запаведнік падпарадкоўваўся Галоўнаму кіраўніцтву вытворча-гаспадарчых службаў і запаведнікаў Савета міністраў Рэспублікі Беларусь. 4 жніўня 1994 г. прэзыдэнт А.Лукашэнка падпісаў Указ № 19 «Аб стварэньні Кіраўніцтва справамі прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь», якому перападпарадкавалі запаведнікі Беларусі, у тым ліку і Прыпяцкі. На той час плошча запаведніка складала 650,5 км². У 1995 годзе пры запаведніку стварылі экспэрымэнтальную паляўнічую гаспадарку «Ляскавічы» (Петрыкаўскі раён)[8]. На 1995 год плошча Прыпяцкага запаведніка складала 632 км², зь іх 174 км² (27,5%) складала цалкам запаведная частка. Прыпяцкі запаведнік займаў частку Палескай нізіны ўздоўж правага берага ракі Прыпяць у міжрэччы Сьцьвігі і Ўбарці[1]. У 1996 годзе запаведнік пераўтварылі ў Нацыянальны парк «Прыпяцкі» дзеля ўзнаўленьня прыроды і разьвіцьця вытворчасьці, падарожніцтва і адпачынку. У склад парку ўлучылі ўчастак Прыпяці з пойменнымі і прыпоймавымі землямі левабярэжжа[3]. У 1998 годзе ў Прыпяцкім парку адчынілі Музэй прыроды[8].
На 2001 год поймавыя дробназлакавыя лугі і забалочаныя лясы разам складалі 95% земляў парку. Лясы займалі 70% земляў і ўлучалі 25 відаў дрэваў і 33 віды хмызьнякоў. Пераважалі хвойныя, шыракалістыя, дробналістыя вытворныя, лісьцевыя карэнныя балотныя і поймавыя лясы з хвоі, пушыстай і павіслай бярозы, дуба, чорнай вольхі, ясеня, асіны, граба і елкі. Сустракаліся астраўныя мікрапапуляцыі і дамешак і мяшаных насаджэньнях. Сярэдні ўзрост лясоў складаў 70 гадоў. У падлеску сустракаліся ляшчына, рабіна, ломкая крушына, сьвідзіна, чаромха, вярба і парэчкі. Сярэдні ўзрост поймавых дуброваў перавышаў 200 гадоў. У зарасьніках вярбы сустракаліся дрэвы ўзростам звыш 100 гадоў. Расьлінны сьвет налічваў 827 відаў вышэйшых расьлінаў, 196 відаў імхоў, 184 віды лішайнікаў, 321 від водарасьцяў і каля 100 відаў грыбоў. Сярод занесеных у Чырвоную кнігу Беларусі сустракаліся клубняносная зубніца, горны купальнік, кучаравая лілея, сыбірскі касач, калючая сьліва, белы гарлачык і плывучая сальвінія[3].
У 2000 годзе ў парк завезьлі 2-і вольнажывучы статак зуброў зь Белавескай пушчы, што павялічыла іх колькасьць да 40 асобінаў. На 2001 год жывёльны сьвет Прыпяцкага парку налічваў 50 відаў сысуноў, 246 відаў птахаў, 7 відаў рэптыліяў і 11 відаў амфібіяў, 36 відаў рыбы і звыш 2000 відаў вусякоў. Найбольшае пашырэньне мелі дзік, лось, казуля, бабёр, воўк, ліс, заяц-русак, звычайная і каменная куніцы, выдра, вавёрка, глушэц, цецярук, перапёлка, шэрая курапатка і вадаплаўныя птахі. Сярод занесеных у Чырвоную кнігу Беларусі сустракаліся зубар, рысь, барсук, некалькі відаў кажаноў, беркут, скапа, арлан-белахвост, пугач, дамавы сыч, чорны бусел, шэры журавель, гальштучнік, кулік-сарока, малы і вялікі бугаі, марадунка, малыя чайка і крачка, балотная чарапаха. Кіраўніцтва парка месьцілася ў мястэчку Тураў[3] (Жыткавіцкі раён).
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б Прыпяцкі ляндшафтна-гідралягічны запаведнік // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 2001. — Т. 13. — С. 77. — 576 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0216-4
- ^ а б в г д Уладзімер Аляксандраў. Запаветны сьвет палескай амазоніі // Зьвязда : газэта. — 10 ліпеня 2013. — № 125 (27490). — С. 1, 4. — ISSN 1990-763x.
- ^ а б в г д е Анатоль Галдзянкоў. Прыпяцкі нацыянальны парк // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 2001. — Т. 13. — С. 77. — 576 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0216-4
- ^ Асаблівасьці ландшафту // Нацыянальны парк «Прыпяцкі», 2018 г. Праверана 11 чэрвеня 2018 г.
- ^ Ахова жывёльнага і расьліннага сьвету // Нацыянальны парк «Прыпяцкі», 2018 г. Праверана 11 чэрвеня 2018 г.
- ^ а б Флёра і фаўна // Нацыянальны парк «Прыпяцкі», 2018 г. Праверана 11 чэрвеня 2018 г.
- ^ Нацыянальны парк «Прыпяцкі» // Belarus.by, 2018 г. Праверана 11 чэрвеня 2018 г.
- ^ а б в Гістарычная даведка // Нацыянальны парк «Прыпяцкі», 2018 г. Праверана 11 чэрвеня 2018 г.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Віды (паляваньне) // Нацыянальны парк «Прыпяцкі», 2018 г. Праверана 13 чэрвеня 2018 г.
- Нацыянальны парк «Прыпяцкі» // Партал «Сядзібы Беларусі» (УП «Аўтаматызаваныя тэхналёгіі турызму»), 2018 г. Праверана 13 чэрвеня 2018 г.
- Нацыянальны парк «Прыпяцкі» // Партал «Ветліва» («Цэнтаркурорт»), 2018 г. Праверана 13 чэрвеня 2018 г.