Перайсьці да зьместу

Нарманская тэорыя

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Нарманская тэорыя (нарманізм) — кірунак у гістарыяграфіі, паводле якога народ русь і варагі мелі паўночнагерманскае (скандынаўскае) паходжаньне (жыхары Скандынавіі называліся ў Заходняй Эўропе нарманамі, адсюль назва). Утварылася на аснове гістарыяграфічнай канцэпцыі Аповесьці мінулых часоў (пачатак XII стагодзьдзя).

Большасьць навукоўцаў прызнае істотны ўплыў скандынаваў на раньнюю Русь, скандынаўскую прыналежнасьць варагаў, народа русь, кіроўнага пласта ў пачатковы пэрыяд і першых валадароў Кіеўскай Русі, пра што сьведчыць шырокае кола пісьмовых, археалягічных і лінгвістычных крыніцаў[1]. У расейскай і савецкай гістарыяграфіі нарманскай тэорыі супрацьпастаўляецца антынарманізм, які адмаўляе ўплыў скандынаваў на сацыяльна-палітычнае жыцьцё Русі.

Апавяданьне пра запросіны варагаў у Аповесьці мінулых часоў, сьпіс Лаўрэнцеўскага летапісу: «І ад тых варагаў празвалася Руская зямля. Наўгародцы ж — тыя людзі ад вараскага роду, а раней былі славяне»[2]

Скандынаўскае паходжаньне Русі сьцьвярджаецца ва ўласнай пісьмовай крыніцы XI стагодзьдзя — Аповесьці мінулых часоў. Яна паведамляе, што плямёны чудзь, наўгародзкія славене, мера, весь і крывічы сьпярша плацілі даніну варагам, а потым выгналі іх за мора. Але неўзабаве сярод плямёнаў пачаліся разлады, і тады чудзь, славене, крывічы і весь выправілі да варагаў паслоў з прапановай заняць княскі сталец. У 862 годзе на запросіны адгукнуліся тры браты. Старэйшы Рурык пачаў княжыць у Ноўгарадзе, Сінявус — у Белавозеры, а Трувар — у Ізборску. Праз два гады Сінявус і Трувар памерлі і ўся ўлада перайшла да Рурыка. Два дружыньнікі (баяры) Рурыка Аскольд і Дзір выправіліся на поўдзень да грэкаў, але ў дарозе завіталі ў Кіеў, дзе засталіся княжыць. У 879 годзе Рурык памёр, а яго сваяк Алег з дружынай і малалетнім сынам Рурыка Ігарам выправіўся ўніз Дняпром, забіў Аскольда і Дзіра і завалодаў Кіевам[3].

Увогуле, большасьць крыніцаў IX—X стагодзьдзяў атаясамлівае Русь з варагамі (нарманамі) або проста адрозьнівае ад славянаў[4]. Першае падрабязнае апісаньне Русі, складзенае ў сярэдзіне X стагодзьдзя бізантыйскім імпэратарам Канстантынам VII Парфірародным, апісвае збор «русамі» даніны з славянаў і падае асобныя ад славянскіх «рускія» назвы дняпроўскіх парогаў, якія маюць германскую этымалёгію[4].

Імёны першых валадароў Кіеўскай Русі маюць паўночнагерманскае (скандынаўскае) паходжаньне: Алег (Гэльгі), Вольга (Гэльга), Ігар (Інгвар). Ваяводы, дружыньнікі і паслы першых князёў таксама мелі вараскія імёны[3] (у трох умовах зь Бізантыяй — 907, 911 і 944 гадоў — імёны амаль усіх паслоў ад «рускага роду» маюць германскае паходжаньне[4]).

Лічыцца, што назва Русь прыйшла да славянаў з Швэцыі[3] і ўзыходзіць да стараскандынаўскіх двухскладовых кампазытаў тыпу *rōþ-s-karlar або *rōþs-mannar (þ — літара торнаў, гук [θ]) з значэньнем 'весьляры, каманда вясьлярнага судна'. Самі гэтыя словы ўзыходзяць да кораню *rōþ- 'веславаньне'[5].

  1. ^ Rus, Брытаніка
  2. ^ Повесть временных лет (по Лаврентьевскому списку 1377 года) / Перевод с древнерусского Д. С. Лихачёва, О. В. Творогова. — СПб., 2012.
  3. ^ а б в Дзярновіч С., Штыхаў Г. Нарманская тэорыя // ЭГБ. — Мн.: 1994 Т. 2. С. 282.
  4. ^ а б в Насевіч В. Русь // ЭГБ. — Мн.: 2001 Т. 6. Кн. 1. С. 145.
  5. ^ Мельникова Е. А. Скандинавские рунические надписи: Новые находки и интерпретации. — М., 2001. С. 266—268.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]