Перайсьці да зьместу

НАК Брэда

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
НАК Брэда
Поўная назва NOAD ADVENDO Combinatie Breda
Заснаваны 19 верасьня 1912
Горад Брэда, Нідэрлянды
Стадыён Рат Вэрлег
Умяшчальнасьць: 19 000
Галоўны трэнэр
Чэмпіянат Эрэдывізія
 · 2024—2025 15 месца
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы
nac.nl (нід.)

НАК (па-нідэрляндзку: NAC) — нідэрляндзкі футбольны клюб з гораду Брэды. Заснаваны ў 1912 годзе. Чэмпіён Нідэрляндаў (1921), уладальнік Кубка Нідэрляндаў (1973). Свае хатнія матчы клюб ладзіць на стадыёне Рат Вэрлег, які быў названы ў гонар былога гульца клюбу і функцыянэра Антоона Вэрлега.

НАК быў заснаваны 19 верасьня 1912 году ў выніку аб’яднаньня клубаў АДВЭНДО і НОАД. Падчас аб’яднаўчага сходу атмасфэра была напружанай, бо НОАД хацеў захаваць сваю назву для аб’яднанага клюбу, але гэтая назва была непрымальнай для АДВЭНДО. У рэшце рэшт Франс Конэрт прапанаваў назваць клюб НАК паводле першых літараў ад кожнага клюбу, а літара К на канцы азнчала слова «камбінацыя», што было ўхваленае ўдзельнікамі сходу[2]. Нідэрляндзкі футбольны зьвяз спачатку адмовіўся даваць дазвол новаму клюбу, але 28 кастрычніка 1912 году брэдаўцы атрымалі права гуляць у Другі Паўднёвым дывізіёне.

Футбалісты НАК у 1926 годзе.

Першыя гады былі ня вельмі пасьпяховымі для каманды, але пасьля пераезду на новы стадыён вынікі палепшыліся. НАК стаў адной з найлепшых каманд у Паўднёвым дывізіёне, узяўшы чэмпіёнскі тытул у 1919 годзе, што дало ёй права згуляць у Кубку чэмпіёнаў Нідэрляндаў. У 1920 годзе НАК быў адным зь першых клюбаў краіны, якія згулялі міжнародныя матчы[2]. Футбалісты зладзілі шэраг таварыскіх матчаў, у тым ліку матч супраць мадрыдзкага «Рэалу», у якім нідэрляндцы здабылі перамогу зь лікам 4:0, а гішпанскія газэты назвалі НАК «хлопцамі з Брэды, майстрамі футболу». У 1921 годзе клюб адзначыў адное з сваіх найвялікшых сваіх дасягненьняў, стаўшы чэмпіёнам Нідэрляндаў. Цягам сэзону НАК перамог «Аякс», «Бі Кўік 1887» і «Го Эгэд». Ён працягваў дасягаць посьпехаў, лічыўшыся адным з найлепшых клюбаў нідэрляндзкага футболу ў 1920-я і 1930-я гады. За гэты час яны заваявалі 6 тытулаў Паўднёвага дывізіёну, а іхны стыль гульні быў прызнаны тэхнічна бездакорным прэсай і грамадзкасьцю[2].

Заўзятары клюбу на фатаздымку 1975 году.

Зь цягам часу кіраўніцтва НАК пастанавіла сабе наняць прафэсійнага трэнэра. Спачатку быў наняты ангелец Бэн Афлек, але праз пару месяцаў яго замяніў Джэймз Мур. У першай палове 1930-х гадоў высьветлілася, што стадыён каманды стаіць у жылой зоне, таму каманда была вымушаная пакінуць Брэду, перабраўшыся ў Прынсгаге. У 1939 годзе клюб і Брэда аднавілі перамовы аб тым, ці могуць яны вярнуцца ў горад. Гарадзкая рада вылучыла вялікі надзел зямлі на вуліцы Бэатрыксстраат пад стадыён, таму ў 1940 годзе НАК вярнуўся ў места. Пачатак 1960-х гадоў быў ня вельмі радасным для НАК, гэтак у 1964—1965 гадах каманда нават упершыню за сваё існаваньне вылецела з найвышэйшай лігі.

Вылет азначаў поўную зьмену кіраўніцтва клюбу, што паспрыяла вяртаньню каманды ў элітны дывізіён ужо праз год. Да таго ж НАК прабіўся ў фінал Кубка Нідэрляндаў, але каманда саступіла там «Аяксу». У 1973 годзе брэдаўцы зноў трапілі ў фінал, дзе гэтым разам выгулялі сваіх супернікаў з НЭК зь лікам 2:0. У 1980-х гадах НАК двойчы вылятаў у ніжэйшую лігу. Пасьля другога вылету фінансавае становішча НАК выглядала жахлівым. Клюб быў амаль банкрутам і быў вымушаны прадаваць сваю маёмасьць, каб выжыць. Гадамі НАК змагаўся за выжываньне, але ў канцы дзесяцігодзьдзя сытуацыя палепшылася. 7 чэрвеня 1989 году гулец НАК Андра Кнэль загінуў у авіякатастрофе. Праз сумныя моманты павязаныя зь сьмерцю гульца паміж заўзятарамі НАК і «Спарты», дзе калісьці гуляў Кнэль, склаліся асаблівыя адносіны. У 1992 годзе каманда вярнулася ў Эрэдывізію.

  1. https://www.transfermarkt.com/-/mitarbeiterhistorie/verein/132
  2. 1 2 3 de Leeuw, John; Lemmens, Rob (1992). «80 Jaar NAC».

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць код]