Перайсьці да зьместу

Вілем II Тыльбург

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Вілем II
Поўная назва Willem II
Заснаваны 12 жніўня 1896
Горад Тыльбург, Нідэрлянды
Стадыён Кароль Вілем II
Умяшчальнасьць: 14 637
Галоўны трэнэр
Чэмпіянат Эрэдывізія
 · 2025—2026 Ээрстэ дывізія, 3 месца (падвышэньне)
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы
willem-ii.nl (нід.)

«Ві́лем II» (па-нідэрляндзку: Willem II) — нідэрляндзкі футбольны клюб з гораду Тыльбургу. Заснаваны ў 1896 годзе пад назовам «Тыльбургія», але ўжо 12 студзеня 1898 году клюб быў перайменаваны ў «Вілем II» у гонар нідэрляндзкага караля Вільгельма II. Кароль будучы прынцам Аранскім і вайскаводам нідэрляндзкага войска, меў сваю вайсковую базу ў Тыльбургу падчас Бэльгійскага паўстаньня 1830 году. Ён таксама часта бываў у горадзе пасьля таго, як стаў каралём, і памёр у гэтым месьце[2]. Трохразовы чэмпіён Нідэрляндаў, двухразовы ўладальнік Кубка Нідэрляндаў.

Сярод выбітных былых гульцоў клюбу былі Ян ван Русэль, Ёрыс Матэйсэн, Яап Стам, Фрэнкі дэ Ёнг, Марк Овэрмарс, Вірджыл ван Дэйк і Самі Хююпія. Традыцыйна дружына гуляе ў перапалосых кашулях з чырвона-бела-сінімі колерамі, натхнёнымі колерамі сьцяга Нідэрляндаў. Willem II свае хатнія матчы ладзіць на стадыёне Кароль Вілем II, які таксама названы у гонар караля. Стадыён, адкрыты 31 траўня 1995 году, мае ўмяшчальнасьць блізу 15 тысячаў гледачоў.

Заснаваны 12 жніўня 1896 году ў Тыльбургу Мартэнам Эвэртам ван Кёйкэнам як «Тыльбургія». Клюб першапачаткова выступаў на Спартовым парку ў Тыльбургу. Першы раз каманда стала пераможцам Эрэдывізіі ў 1916 годзе. У 1944 годзе ўпершыню клюб стаў уладальнікам Кубка Нідэрляндаў. Чарговыя разы калі тыльбуржцы рабіліся чэмпіёнамі краіны прыпадалі на 1952 і 1955 гады. У 1963 годзе «Вілем II» у другі раз у гісторыі ўзяў Кубак Нідэрляндаў. Менавіта дзякуючы гэтаму посьпеху нідэрляндцы ўпершыню выступіў у Кубку ўладальнікаў кубкаў, дзе саступілі «Манчэстэр Юнайтэд» у першым раўндзе з агульным лікам 7:2.

Футбалісты «Вілем II» у 1963 годзе.

У сэзоне 1998—1999 гадоў «Вілем II» браў удзел у Кубку УЭФА 1998—1999 гадоў. У рамках гэтага турніру тыльбурскі клюб прайшоў у першым раўндзе тбіліскае «Дынама», але ў другім раўндзе гішпанскі «Бэтыс» быў мацнейшы за «Вілем II». У той жа час каманда добра згуляла ў Эрэдывізіі, заняўшы ў турнірнай табліцы другі радок, што дало мажлівасьць клюбу кваліфікавацца ў Лігу чэмпіёнаў УЭФА. На групавым этапе каманда набрала толькі два пункты ў шасьці матчах групы G і быў выбіты з турніру. У 2005 годзе «Вілем II» дакрочыў да фіналу Кубка Нідэрляндаў у 2005 годзе, але ў фінале тыльбуржцы зазналі паразу ад ПСВ зь лікам 4:0. Тым ня менш, дружына зноў кваліфікавалася ў Кубак УЭФА, у якім прагуляла «Манака» ў першым раўндзе з агульным лікам 5:1[2]. Па завяршэньні сэзону 2010—2011 гадоў «Вілем II» страціў месца ў Эрэдывізіі ўпершыню за 24 гады. Ужо ў сэзоне 2011—2012 гадоў, ачоленыя новым трэнэрам Юргенам Стрэпэлем, каманда хутка вярнулася ў элітны дывізіён, але ўжо ў наступным сэзоне яны зноў апынуўся на апошнім месцы і зноў былі паніжаныя ў клясе.

На пачатку 2015 году журналісты De Volkskrant паведамілі, што «Вілем II» меў дамоўленыя матчы ў змове з «азіяцкім букмэкерскім сындыкатам», які заплаціў гульцам зь Нідэрляндаў агульную суму у 100 тысячаў эўра, каб яны здалі матчы «Аяксу» і «Фэеноорду» ў кастрычніку і сьнежні 2009 году. Паводле журналістаў, паўабаронца Ібрагім Каргбо быў галоўным сувязным з азіяцкай групай махляроў, але сам футбаліст адмаўляў, што браў грошы[2][3]. Каралеўская нідэрляндзкая футбольная асацыяцыя назвала інцыдэнт «найбольш канкрэтным выпадкам дамоўленага матчу ў Нідэрляндах» і распачала расьсьледваньне, а таксама зьвярнулася да УЭФА і ФІФА з мэтай перагледзець папярэднія матчы[4]. У 2019 годзе «Вілем II» зноў дасягнуў фіналу Кубка Нідэрляндаў, ужо ў чацьверты раз у сваёй гісторыі. Яшчэ да гэтага каманда перамагла была ў паўфінале АЗ у сэрыі пасьляматчавых пэнальці, але ў фінале яна зазнала буйную паразу ад «Аякса».

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць код]