Беларускі гай
«Беларускі гай» — беларуская культурна-асьветная арганізацыя ў Адэсе ў сьнежні 1917 — лютым 1920 году.
Аб’ядноўвала беларускую інтэлігенцыю (вясной 1918 году было больш за 500 сябраў). Мэта: клопат пра бежанцаў І сусьветнай вайны і беларускае насельніцтва ў Адэсе. Мела статут, раду, была разьбіта на сэкцыі, якія дзейнічалі аўтаномна. Стаяла на палітычнай плятформе партыі беларускіх эсэраў, прапагандавала яе ідэі сярод бежанцаў у Адэсе і салдатаў-беларусаў.
Выступала за нацыянальна-дзяржаўнае самавызначэньне беларускага народу. Выдавала газэту «Белоруссы в Одессе». На штотыднёвых сходах чыталіся лекцыі, творы беларускай літаратуры. Такія ж таварыствы створаны і ў іншых гарадах Адэскай акругі, дзе ў той час было больш за 100 тыс. беларусаў. Зь сьнежня 1917 году ў Адэсе дзейнічала Беларуская вайсковая рада, якая аб’ядноўвала жаўнераў-беларусаў Румынскага фронту. 28 студзеня 1918 году «Беларускі гай» прыняў рэзалюцыю ў падтрымку рэвалюцыі, за ўтварэньне краёвага ўраду Беларусі і яе фэдэратыўны саюз з Расеяй, 3 сакавіка 1918 году — рэзалюцыю-пратэст супраць разгону 17 сьнежня 1917 году кіраўніцтвам Заходняй вобласьці і фронту Ўсебеларускага зьезду ў Менску, 7 красавіка 1918 году — рэзалюцыю супраць умоваў Берасьцейскай мірнай дамовы. У сакавіку 1918 году арганізацыя кантактавала зь Беларускім нацыянальным камісарыятам у Маскве.
19 сакавіка 1918 году на аб’яднаным пасяджэньні рады «Беларускага гаю» і Беларускай вайсковай рады створана Беларуская нацыянальная рада для абароны інтарэсаў беларусаў у Адэсе і яе ваколіцах. Рада абрала Беларускі нацыянальны камісарыят, у які ўвайшлі Я. Трафімаў (старшыня да ліпеня 1918), Сьцяпан Некрашэвіч (старшыня зь ліпеня 1918, адначасова з жніўня 1918 консул БНР у Адэсе), Антон Баліцкі (памочнік камісара і ўпаўнаважаны па нацыянальна-палітычных справах), Г. Козел (упаўнаважаны па ваенных справах), П. Гудзень (упаўнаважаны па эвакуацыі бежанцаў-беларусаў), П. Ільючонак (упаўнаважаны па аб’яднаньні славянства), С. Янушкевіч (скарбнік), сакратары Алесь Ляжневіч, Язэп Мацюкевіч, П. Пячонкін.
З усталяваньнем савецкай улады ў Адэсе А. Адамовіч, А. Баліцкі, П. Ільючонак, С. Некрашэвіч і інш. вярнуліся ў Савецкую Беларусь. У 1930-я гады яны былі рэпрэсаваныя і абвінавачваліся ва ўдзеле ў «контрарэвалюцыйных нацыяналістычных арганізацыях „Беларускі гай“ і „Беларускі нацыянальны камісарыят“ і іншых».
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Шумейка, М. Ф. «Беларускі гай» // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1993. — Т. 1: А — Беліца. — 494 с. — ISBN 5-85700-074-2