Мікола Аўтуховіч
Мікола Аўтуховіч | |
Дата нараджэньня | 7 студзеня 1963 (61 год) |
---|---|
Месца нараджэньня | |
Занятак | бізнэсмэн, вайсковец, актывіст |
Узнагароды |
Міко́ла Аўтухо́віч (нар. 7 студзеня 1963, Ваўкавыск, Гарадзенская вобласьць, цяпер Беларусь) — беларускі прадпрымальнік і палітык.
З 1990-х гадоў быў уласьнікам службы таксі ў Ваўкавыску. У 2004 годзе браў удзел у парлямэнцкіх выбарах, на якіх вёў у 1-м туры. У 2006 годзе стаў палітычным вязьнем.
Жыцьцяпіс
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Нарадзіўся 7 студзеня 1963 году ў Ваўкавыску. Пасьля школы скончыў прафэсійна-тэхнічную вучэльню № 37 у Вялікай Бераставіцы, працаваў мэханікам па рамонце аўтамабіляў. З 1981 году служыў у войску ў Саратаўскай вобласьці Расеі кіроўцам у ракетных войсках стратэгічнага прызначэньня. Скончыў школу прапаршчыкаў, адправіўся служыць у Аўганістан. За ахову маста пад Кандагарам і ўдзел у іншых апэрацыях узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, двума мэдалямі — «За адвагу» і «За баявыя заслугі». Звольніўся з войска ў 1991 годзе старэйшым прапаршчыкам у Ваўкавыску, пачаў займацца бізнэсам[1]. У 1990-я гады заснаваў службу таксі ў Ваўкавыску. У 2004 годзе браў удзел у парлямэнцкіх выбарах, на якіх вёў у 1-м туры[2].
Зьняволеньні
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Першае абмежаваньне волі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Быў зьняволены 7 ліпеня 2006 г. на 3 гады й 6 месяцаў з канфіскацыяй маёмасьці. Суд прызнаў яго вінаватым ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў са стратамі для бюджэту ў асабліва буйным памеры, а таксама — у ажыцьцяўленьні прадпрымальніцкай дзейнасьці без рэгістрацыі й атрыманьня ліцэнзіі. Тэрмін зьняволеньня адлічваўся ад 15 кастрычніка 2005 году, калі яго пасадзілі ў сьледчы ізалятар у калёніі №1 у Менску.
Суд па канфіскацыі маёмасьці адбыўся пры канцы 2007 году. Міколу быў пакінуты дом, аўтабаза, палова таксовак і адзін асобны будынак. Былі сканфіскаваныя 13 таксовак, кватэра, два склады. Была прызначаная сума да спагнаньня, больш за 350 мільёнаў рублёў.
Быў адным з шасьці зьняволеных, вызваленых у выніку санкцыяў ЗША й ЭЗ. 18 студзеня 2008 году выйшаў на свабоду[3].
Другое абмежаваньне волі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]8 лютага 2009 году затрыманы ў другі раз.
5 траўня 2010 году асуджаны на 5 гадоў зьняволеньня паводле артыкула 295 частка 3 — «Незаконныя дзеяньні адносна агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў». Дадаткова прысуджаныя 2 месяцы зьняволеньня, матываваныя тым, што пасьля што новае злачынства было ўчыненае, не адбыўшы 2 месяцы з папярэдняга пакараньня.[4]
Адбываў пакараньне ў папраўчай калёніі №5 у г. Івацэвічы. У сьнежні 2011 г. на месяц быў зьмешчаны ў ПКТ — памяшканьне камэрнага тыпу. Рашэньнем суда, які адбыўся 17 студзеня 2012 г., быў пераведзены ў турму Горадні[5].
Выйшаў на волю 8 красавіка 2014 году[6].
Справа Аўтуховіча
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]17 кастрычніка 2022 году судзьдзя Гарадзенскага абласнога суду Максім Філатаў вырак Міколу Аўтуховіча да 25 гадоў пазбаўленьня волі згодна з абвінавачаньнем паводле 12 артыкулаў Крымінальнага кодэксу Беларусі. Сярод іх паводле 6 артыкулаў КК Беларусі, Аўтуховічу закідваліся такія асабліва цяжкія злачынствы, як здрада дзяржаве і садзейнічаньне тэрарызму, незаконныя дзеяньні ў дачыненьні пальнай зброі і выбухоўкі, замах на захоп улады і стварэньне злачыннай арганізацыі, а таксама распальваньне варожасьці. Урэшце, Аўтуховіча абвінавацілі ў такіх злачынствах, як кантрабанда і тэрарызм[7]. Абвінаваўцамі выступілі намесьніца старшыні пракурора Людміла Герасіменка і старэйшы памагаты пракурора Ўладзімер Рабаў. Разам з Аўтуховічам выракі да зьняволеньня атрымалі яшчэ 11 абвінавачаных:
- Павал Сава — 20 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму паводле абвінавачаньня ў падпале 2-х аўтамабіляў міліцыянтаў у Ваўкавыску і асабняка супрацоўніка Ваўкавыскага раённага аддзелу ўнутраных справаў, а таксама ў плянаваньні тэрарыстычных актаў;
- пэнсіянэрка Вольга Дзербыш у з Абухава ў Гарадзенскім раёне — 20 гадоў калёніі агульнага рэжыму за даваньне Аўтуховічу сваёй машыны быццам для «выведкі мясцовасьці»;
- былая сяброўка Аб’яднанай грамадзянскай партыі Вольга Маёрава — 20 гадоў калёніі агульнага рэжыму за вядзеньне кампаніі Аўтуховіча «Да Волі» ў сацыяльных сетках;
- Віктар Сьнягур з Гомельскай вобласьці — 19 гадоў калёніі строгага рэжыму паводле абвінавачаньня ў дапамозе зь перасячэньнем мяжы Беларусі;
- краязнавец Уладзімер Гундар з Баранавічаў, які быў інвалідам 2-й групы — 18 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму паводле абвінавачаньня ў стварэньні злачыннай арганізацыі і замаху на захоп дзяржаўнай улады;
- пэнсіянэрка Ірына Мельхер зь Берасьця — 17 гадоў калёніі агульнага рэжыму паводле абвінавачаньня ў падрыхтоўцы да акту тэрарызму ў групе і ўдзеле ў злачыннай арганізацыі, а таксама замаху на захоп улады;
- працаўнік аддзелу прымусовага выкананьня Маскоўскага раёну Берасьця Павал Сяргеевіч Разановіч — 16 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму паводле абвінавачаньня ў прыёме да часовага пражываньня Аўтуховіча і захоўваньні аўтаматаў, пісталетаў і тратылавых шашак;
- праваслаўны сьвятар Сяргей Разановіч, які быў настаяцелем царквы Міхаіла Арханёла у Сьцяпанках (Жабінкаўскі раён) і бацькам Паўла — 16 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму;
- жонка сьвятара Любоў Разановіч — 15 гадоў калёніі агульнага рэжыму;
- былая супольніца Ірына Гарачкіна — 6 гадоў і месяц калёніі агульнага рэжыму за пакрываньне;
- Антон Мельхер, які быў сынам Ірыны — 2,5 гады калёніі агульнага рэжыму[2] за ўдзел у групавым парушэньні грамадзкага парадку (вызвалены ў залі суду, бо залічылі тэрмін утрыманьня пад вартай)[8].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Мікалай Аўтуховіч на palitviazni.info
- ^ а б Да 25 год зьняволеньня // Беларуская служба Радыё «Свабода», 17 кастрычніка 2022 г. Праверана 17 кастрычніка 2022 г.
- ^ Аўтуховіч на волі
- ^ Зьміцер Панкавец. Мікалай Аўтуховіч: чатыры гады за кратамі // Наша Ніва, 5 траўня 2010 г. Праверана 1 сакавіка 2013 г.
- ^ Мікалай Аўтуховіч: чатыры гады за кратамі // Хартыя’97, 8 лютага 2013 г. Праверана 1 сакавіка 2013 г.
- ^ Палітвязень Мікалай Аўтуховіч выйшаў на волю // eurobelarus.info, 8 красавіка 2014 г. Праверана 18 чэрвеня 2014 г.
- ^ БелТА. Абвешчаны прысуд Мікалаю Аўтуховічу // Газэта «Зьвязда», 17 кастрычніка 2022 г. Праверана 17 кастрычніка 2022 г.
- ^ Да 25 гадоў калёніі // Праваабарончы цэнтар «Вясна», 17 кастрычніка 2022 г. Праверана 17 кастрычніка 2022 г.
- Нарадзіліся 7 студзеня
- Нарадзіліся ў 1963 годзе
- Нарадзіліся ў Ваўкавыску
- Кавалеры ордэна Чырвонай Зоркі
- Узнагароджаныя мэдалём «За адвагу»
- Узнагароджаныя мэдалём «За баявыя заслугі» (СССР)
- Узнагароджаныя Мэдалём Ордэну Пагоні
- Беларускія прадпрымальнікі
- Палітыкі Рэспублікі Беларусь
- Беларускія палітвязьні
- Вязьні сумленьня
- Беларускія вязьні сумленьня паводле „Міжнароднай амністыі“