Перайсьці да зьместу

Магілёўскі Мікольскі манастыр

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Помнік сакральнай архітэктуры
Магілёўскі Мікольскі манастыр
Магілёўскі Мікольскі манастыр
Магілёўскі Мікольскі манастыр
Краіна Беларусь
Места Магілёў
Каардынаты 53°53′37″ пн. ш. 30°20′44″ у. д. / 53.89361° пн. ш. 30.34556° у. д. / 53.89361; 30.34556Каардынаты: 53°53′37″ пн. ш. 30°20′44″ у. д. / 53.89361° пн. ш. 30.34556° у. д. / 53.89361; 30.34556
Канфэсія праваслаўе
Эпархія Магілёўская эпархія 
Архітэктурны стыль Магілёўская школа дойлідзтва
Першае згадваньне 1636
Статус Ахоўная зона
Магілёўскі Мікольскі манастыр на мапе Беларусі
Магілёўскі Мікольскі манастыр
Магілёўскі Мікольскі манастыр
Магілёўскі Мікольскі манастыр
Магілёўскі Мікольскі манастыр на Вікісховішчы

Магілё́ўскі Міко́льскі манасты́р — помнік архітэктуры XVII—XVIII стагодзьдзяў у Магілёве. Знаходзіцца на Падмікольлі, у абалоне Дняпра. Пры пабудове быў у юрысдыкцыі Канстантынопальскага патрыярхату, цяпер — у валоданьні Маскоўскага патрыярхату. Твор архітэктуры магілёўскага барока, мастацкае аблічча якога пацярпела ад рэканструкцыі. Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гістарычна-культурных каштоўнасьцяў Беларусі.

Комплекс складаецца з Мікольскай і Ануфрыеўскай цэркваў, званіцы, жылога корпуса і агароджы з уязной брамай.

Вялікае Княства Літоўскае

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1636 годзе кіеўскі мітрапаліт Пётар (Магіла) атрымаў прывілей ад караля і вялікага князя Ўладзіслава Вазы на будаваньне ў Магілёве царквы Сьвятога Мікалая[1]. За кіраваньнем Магілёўскай япархіяй Сільвестрам (Косавам) у 1637 годзе збудавалі часовую драўляную Мікольскую царкву. Будаваньне неацепленнай мураваная царквы пачалося ў 1669 годзе, а ў 1672 годзе яе асьвяціў япіскап Феадосі I (Васілевіч)[2].

За часамі Вялікай Паўночнай вайны (1700—1721) манастыр пацярпеў ад нападу швэдаў, а пазьней — па захопе Магілёва расейскімі войскамі — ад татарскіх і калмыцкіх палкоў маскоўскага гаспадара Пятра I: комплекс падпалілі і ён атрымаў пашкоджаньні ў час пажару. У 1719 годзе апошнія манашкі перасяліліся ў Баркулабаўскі манастыр. У гэты час пачаў дзеяць мужчынскі манастыр, які праіснаваў да 1754 году.

Пад уладай Расейскай імпэрыі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Па першым падзеле Рэчы Паспалітай (1772 год), калі Магілёў апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, комплекс канчаткова перайшоў у валоданьне Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царквы). У 1793 годзе за архіяпіскапам Георгіем (Каніскім) пачалося будаваньне зімовай ацепленай царквы, якую ў 1798 годзе асьвяціў архіяпіскап Анастасі (Раманенка-Братаноўскі) пад тытулам Сьвятога Ануфрыя.

У Першую сусьветную вайну з жніўня 1915 да лістапада 1917 году ў Магілёве знаходзілася стаўка вярхоўнага галоўнакамандуючага Расейскай імпэрыі і маскоўскі гаспадар Мікалай II з сваёй вялікай сям’ёй у час знаходжаньня ў стаўцы наведваў Мікольскую царкву[3].

Манастыр на марцы 1996 г.

За савецкім часам царкоўная рэчы манастыра канфіскавалі, а іканастас зьнішчылі. У 1934 годзе па сьмерці сьвятара Міхаіла Пляшчынскага Мікольскую царкву зачынілі. У 1937 годзе ў Мікольскай царкве разьмясьцілася перасыльная турма, якая працавала тут да 1941 году. З 1946 году ў Мікольскай царкве разьмяшчалася кніжная база. У 1956—1990 гадох у манастырскім комплексе праводзіліся рэстаўрацыйныя работы.

У 1991 годзе будынкі манастыра перадалі Беларускаму экзархату Маскоўскага патрыярхату, першай настаяцелькай манастыра па яго аднаўленьні стала ігуменьня Яўгенія (Валашчук). Таго ж году ў час рэканструкцыі манастыра адшукалі шматлікія чалавечыя парэшткі. Відаць, гэта былі ахвяры сталінскіх рэпрэсіяў[4], бо ў канцы 1930-х гадоў на тэрыторыі Мікольскай царквы знаходзілася турма. 28 сакавіка 1991 году асьвяцілі зімовую Ануфрыеўскую царкву. 5 жніўня 1993 году ў Ануфрыеўскай царкве прайшло паседжаньне Сыноду Беларускай праваслаўнай царквы, на якім да ліку мясцовашанаваных сьвятых прылічылі Георгія (Каніскага). У 1995 годзе да Мікольскай царквы падвялі ацяпленьне. У 1996 годзе пры манастыры заснавалі сястрыцтва ў імя сьвятых мучаніц Веры, Надзеі, Любові і маці іх Соф'і. Таго ж году збудавалі 2-павярховы корпус для сёстраў. Улетку 2000 году, у час кананізацыі Мікалая II Расейскай праваслаўнай царквой у Магілёве адшукалі партрэт маскоўскага гаспадара, які цяпер асьвечаны як абраз і разьмяшчаецца ў левай прыбудоўцы Мікольскай царквы, названай у гонар «Святых царственных мучеников». Да абраза прымайстравалі 5-рублёвую манэту, якую Мікалай II падараваў хлопчыку Сямёну Халімаву ў час наведваньня царквы. 4 сьнежня 2010 году настаяцелькай манастыра прызначылі ігуменьню Эўфрасіньню.

У 2018 годзе ў выніку рэканструкцыі над дахам брамы паставілі вялікі купал-цыбуліну[5].

Агароджа з уязной брамай

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Агароджа з уязной брамай — мураваная глухая сьцяна, дэкараваная аркатурным пасам, атачае трапецападобную тэрыторыю, мае 2 уваходы з заходняга і паўднёвага бакоў. У заходнім — галоўная ўязная брама: масіўная сьцяна з лучковым праёмам у цэнтры, накрытая 2-схільным дахам. У паўднёва-ўсходнім баку агароджы ўзвышаецца невялікая 1-ярусная квадратная ў пляне шатровая капліца.

Ануфрыеўская царква

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Царква Сьвятога Ануфрыя — крыжова-купальная базыліка, у аб’ёмнай кампазыцыі якой дамінуе сфэрычны купал на сьветлавым цыліндрычным барабане. Крылы трансэпта завяршаюцца трыкутным франтонам і дэкаруюцца пілястрамі.

Мікольская царква

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Царква Сьвятога Мікалая — 3-апсыдная крыжова-купальная базыліка з 8-гранным сьветлавым барабанам і купалам-баняй над сяродкрыжжам. Да цэнтральнага нэфу з захаду далучаецца прытвор. Галоўны фасад падзяляецца карнізамі на 3 ярусы і завяршаецца 2 вежамі зь фігурным франтонам паміж імі. Першы масіўны ярус аздабляецца 3 роўнымі паўцыркульнымі нішамі на ўсю вышыню і ёсьць п’едэсталам да наступных ярусаў. Другі дэкаруецца «глухой» аркатурай, пілястры якой пакрывае ляпны расьлінны арнамэнтам, злучанымі нішамі з гіркамі. У трэцім ярусе аркатурны матыў з паўкалёнкамі выяўляецца больш дэталёва. Бакавыя фасады падзяляюцца высокімі пілястрамі. Крылы трансэпта завяршаюцца фігурнымі шчытамі. Аконныя праёмы паўцыркульныя і лучковыя.

Інтэр’ер царквы аздабляецца манумэнтальным малярствам XVII — пачатку XIX ст. Захаваўся зроблены мясцовымі майстрамі да 1672 году 4-ярусны іканастас (скразная разьба па дрэве, пазалота), увенчаны скульптурным укрыжаваньнем у абрамленьні пышнай разьбы.

Званіца — квадратная ў пляне 2-ярусная пабудова, накрытая невысокім шатровым дахам. Першы ярус глухі, чацьверыковы, яго вуглы ўмацоўваюцца пілястрамі, грані дэкаруюцца аркавымі нішамі. Другі ярус — шасьцерыковы — мае аркавыя праёмы (праз адну на кожнай грані)[6].

Жылы корпус (шпіталь) — 1-павярховы прастакутны ў пляне будынак. Гладкія сьцены падзяляюцца прастакутнымі аконнымі праёмамі. Тарцовы фасад, што далучаецца да паўднёвай брамы, завяршаецца шчытом фігурнага абрысу, дэкараваным 3 злучанымі аркавымі нішамі[7].

Гістарычная графіка

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гістарычныя здымкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  1. ^ Чарняўская Т. Магілёўскі Мікольскі манастыр // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 252.
  2. ^ Свято-Никольский женский монастырь г. Могилёва. — Могилев: Издание Свято-Никольского женского монастыря, 2006.
  3. ^ Мікалай II у Магілёве, Туризм и отдых (рас.)
  4. ^ У Магілёўскім манастыры знайшлі рэшткі ахвяр сталінскіх рэпрэсіяў, Хартыя’97,  (рас.)
  5. ^ Минкульт требует убрать «луковицу», самовольно установленную православной общиной на 200-летнюю усадьбу, TUT.BY, 5.06.2020 Г.
  6. ^ Чарняўская Т. Магілёўскай Мікалаеўскай царквы комплекс // Архітэктура Беларусі. Энцыкл. — Менск, 1993. С. 282.
  7. ^ Чарняўская Т. Магілёўскі Мікольскі манастыр // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 253.
  • Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Менск: Беларус. энцыкл., 1993. — 620 с.: іл. ISBN 5-85700-078-5.
  • Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0
  • Свято-Никольский женский монастырь г. Могилёва. — Могилев: Издание Свято-Никольского женского монастыря, 2006.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр  511Г000017