Перайсьці да зьместу

Георгі (Каніскі)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Георгі Каніскі
Партрэт
Магілёўскі япіскап
20 жніўня 1755 — 2 лютага 1795

АдукацыяКіева-Магілянская акадэмія (1743)
Дзейнасьцьправаслаўны сьвятар, япарх, Orthodox theologian, філёзаф, тэоляг, прапаведнік
Нарадзіўся9 кастрычніка 1717
места Нежын, Чарнігаўскі полк, Гетманшчына
Памёр2 лютага 1795
Магілёў, Расейская імпэрыя
ПахаваныМагілёў
Кананізаваны6 жніўня 1993
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы

Георгі Каніскі (9 (20) кастрычніка 1717, Нежын, цяпер Чарнігаўская вобласьць, Украіна — 2 (13) лютага 1795) — праваслаўны царкоўны і грамадзкі дзяяч Расейскай імпэрыі і Рэчы Паспалітай, пісьменьнік. Япіскап Урадавага сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царквы).

Нарадзіўся ў шляхоцкай сям’і. У 1743 годзе скончыў Кіева-Магілянскую акадэмію (1743). Прыняў манаскі пострыг у Кіева-Пячэрскай лаўры. У 1745—1755 гадох быў выкладчыкам, прафэсарам, рэктарам Кіева-Магілянскай акадэміі. Вучань і пасьлядоўнік прафэсараў С. Кулябякі, Ф. Пракаповіча, С. Тадароўскага. У 1755 годзе атрымаў пасьвячэньне на япіскапа магілёўскага (беларускага).

Архірэйскі палац у Магілёве, узьведзены на заказ архіяпіскапа

У 1757 годзе адкрыў у Магілёве пры архірэйскім доме друкарню і перавыдаў скарочаны тэкст «Катэхізысу» Ф. Пракаповіча ў сваім перакладзе на «рускі дыялект». У 1757 годзе стварыў пры Спаскім манастыры школьныя клясы і заснаваў духоўную сэмінарыю. Сабраў шмат дакумэнтаў з гісторыі праваслаўнай царквы. У 1765 годзе на аўдыенцыі караля і вялікага князя Станіслава Аўгуста выступіў з прамовай у абарону правоў праваслаўных і іншых дысыдэнтаў, якую пераклалі на эўрапейскія мовы як узор абароны верацярплівасьці.

Зьвяртаўся па дапамогу праваслаўным у Рэчы Паспалітай, што не прынялі Берасьцейскай уніі, да маскоўскіх гаспадыняў Лізаветы і Кацярыны II. Тройчы (1759, 1760, 1768) на яго жыцьцё рыхтаваліся замахі. Ратуючыся ад замаху, у 1768 годзе выехаў у Расею (Смаленск), дзе заставаўся Магілёўскім япіскапам у выгнаньні.

Вярнуўся па першым падзеле Рэчы Паспалітай у 1772 годзе. У 1789 годзе зладзіў урачыстую службу і хросны ход ў гонар адкрыцьця ў Магілёве першай створанай на узор адпаведных расейскіх адукацыйных установаў галоўнай вучэльні, дзе выкладалі прысланыя з Расеі настаўнікі[1]. У 1793 годзе абіраўся ва Ўрадавы сынод Расейскай імпэрыі. Яго намаганьнямі ўтварылася праваслаўная Менская япархія.

Аўтар «Мэмарыялу аб крыўдах праваслаўным», «Правоў і вольнасьці жыхароў грэцкага веравызнаньня», «Збору павучальных словаў», «Запісак аб тым, што ў Расеі да канца 16 ст. не было ніякай уніі з Рымскай царквой», духоўнага дзёньніку «Думкі», адказу на «Пісьмо Вальтэра да настаўнікаў царквы і багасловаў», драмы «Ўваскрэсеньне мёртвых» і інш. Сабраў г.зв. «Архіў Каніскага», аснову якога склалі дакумэнты з архіву Калегіі замежных справаў Расеі.

Прапагандаваў ідэю аб'яднаньня беларускага народа з расейскім і ўкраінскім[2].

Драму «Ўваскрэсеньне мёртвых» на беларускую мову пераклаў Анатоль Брусевіч[3].

У сьнежні 1992 году ў Магілёве ў гонар Георгія Каніскага на архіяпіскапскім доме, дзе ён жыў, адкрылі мэмарыяльную дошку. У жніўні 1993 году пастановай Сыноду Беларускага экзархату Маскоўскага патрыярхату на блаславеньне патрыярха маскоўскага Аляксія II кананізаваны.

  1. Лыч Л. Русіфікацыя: царская, савецкая, прэзідэнцкая. — Львоў, 2010. С. 7.
  2. Лыч Л. Русіфікацыя: царская, савецкая, прэзідэнцкая. — Львоў, 2010. С. 4.
  3. Георгій Каніскі. Уваскрэсенне мёртвых // Тэрмапілы. № 13, 2009. С. 239—257.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць код]