Ляхавіцкі замак
Помнік абарончай архітэктуры | |
Ляхавіцкі замак
| |
Ляхавіцкі замак
| |
Краіна | Беларусь |
Места | Ляхавічы |
Каардынаты | 53°02′32.18″ пн. ш. 26°15′41.39″ у. д. / 53.0422722° пн. ш. 26.2614972° у. д.Каардынаты: 53°02′32.18″ пн. ш. 26°15′41.39″ у. д. / 53.0422722° пн. ш. 26.2614972° у. д. |
Заснавальнік | Ян Караль Хадкевіч |
Статус | Ахоўная зона |
Ляхавіцкі замак | |
Ляхавіцкі замак на Вікісховішчы |
Ляхавіцкі замак — помнік архітэктуры XVI—XVII стагодзьдзяў у Ляхавічаў. Знаходзіўся ў цэнтры места, на беразе ракі Ведзьмы. Твор архітэктуры рэнэсансу.
Ляхавіцкі замак — адна з наймацнейшых бастыённых фартэцыяў Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай[1].
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Вялікае Княства Літоўскае
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1572 годзе маёнтак Ляхавічы перайшоў да Хадкевічаў, калі яго набыў Ян Хадкевіч. У канцы XVI ст. сын Яна Хадкевіча Ян Караль замест невялікага драўлянага збудаваў магутны бастыённы замак. У 1595—1596 гадох замак беспасьпяхова штурмавалі казацкія загоны Севярына Налівайкі і Мацьвея Шавулы.
У 1635 годзе праз дынастычны шлюб замак і мястэчка перайшлі да Сапегаў. У 1648—1654 гадох замак тройчы беспасьпяхова спрабавалі ўзяць казацкія загоны. За часамі вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) у 1655 годзе маскоўскія войскі Аляксея Трубяцкога падышлі да Ляхавічаў, спалілі прадмесьці і слабоды, але замак узяць ня здолелі. У сакавіку — траўні 1660 году замак двойчы штурмавала 11-тысячнае войска маскоўскага ваяводы Івана Хаванскага. Абаронцы здолелі адбіць абодва штурмы.
За часамі Вялікай Паўночнай вайны ў 1706 годзе казацкія аддзелы маскоўскага войска вытрымалі паўгадовую швэдзкую аблогу, аднак урэшце мусілі капітуляваць, па чым швэдзкія войскі зруйнавалі замак. У 1709 годзе замак двойчы бралі ў аблогу войскі караля і вялікага князя Станіслава Ляшчынскага. Да Ляхавічаў падышоў аддзел Рыгора Агінскага, разам з 2-тысячным аддзелам войскаў маскоўскага гаспадара Пятра I, але па кароткім боі з войскамі Аляксандра Паўла Сапегі мусіў адступіць.
Пад уладай Расейскай імпэрыі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Па другім падзеле Рэчы Паспалітай (1793 год), калі Ляхавічы апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі, у першай палове XIX ст. замак прадалі гандлярам, якія разабралі абмуроўку замка і замкавыя пабудовы[2].
Найноўшы час
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1986 годзе археалягічныя дасьледаваньні на Замчышчы праводзіў Міхась Чарняўскі.
Архітэктура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Помнік архітэктуры рэнэсансу. Займаў прастакутную ў пляне пляцоўку (175×220 м) на левым беразе ракі на ўзгорку, аточаным вадзяным ровам. Зьмяшчаў найлепшыя дасягненьні новаітальянскай сыстэмы фартыфікацыі: чатыры магутныя бастыёны на вуглах злучаліся між сабой валамі-курцінамі, тры бастыёны мелі ўзвышэньні-кавальеры, якія дазвалялі весьці больш эфэктыўны абстрэл прылеглай тэрыторыі. Звонку бастыёны, курціны і кавальеры мелі мураваную аблямоўку і завяршаліся ўверсе мураваным бруствэрам з зубцамі. Падземныя мураваныя хады ўсярэдзіне валоў дазвалялі лёгка пераходзіць з бастыёну на бастыён.
Уезд у замак ажыцьцяўляўся праз 4-ярусную вежу-браму ў паўднёвай курціне, да якой вёў драўляны мост на палях. На другім ярусе знаходзіўся мэханізм, які падымаў апошні пралёт моста, і байніцы для стралкоў. Трэці ярус меў выгляд баявой пляцоўкі, абароненай зубчастым бруствэрам, зь якой прастрэльвалася прастора перад брамай. Вышэй была невялікая вежа, у якой знаходзіліся гадзіньнік, назіральны пост, і «ратны звон», якім абвяшчалі трывогу.
Унутраны двор замка меў шчыльную забудову. Насупраць уваходу стаяў 2-павярховы палац у выглядзе літары П, накрыты 2-схільным дахам з высокімі 3-яруснымі шчытамі на тарцах. Уздоўж курцінаў шчыльна стаялі драўляныя будынкі службаў і казармаў, налева ад брамы разьмяшчаўся мураваны арсэнал.
Галерэя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]-
Аблога Ляхавічаў, 1660 г.
-
1665 г.
-
1927 г.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 238.
- ^ Страчаная спадчына. — Менск, 2003. С. 22.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0
- Страчаная спадчына / Т. Габрусь, А. Кулагін, Ю. Чантурыя, М. Ткачоў: Уклад. Т. Габрусь. — Менск: Беларусь, 2003. — 351 с.: іл. ISBN 985-01-0415-5.
- Ткачоў М., Цярохін С. Ляхавіцкая фартэцыя // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. № 1, 1973.
- Чарняўскі М. Аб рэштках Ляхавіцкай фартэцыі // Castrum, urbis et bellum: Зборнік навуковых прац. Прысвячаецца памяці прафесара Міхася Ткачова. — Баранавічы, 2002. — 421 с.