Люцыян Узембла

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Люцыян Узембла
па-польску: Łucjan Uziębło, па-летувіску: Liucijonas Uzembla
Герб «Радван»
Герб «Радван»
Асабістыя зьвесткі
Імя пры нараджэньні Lucjan Edward Uziębło
Псэўданімы Сулімчык, Альгерд (па-летувіску: Algirdas)
Нарадзіўся 11 лютага 1864(1864-02-11)
Памёр 12 сьнежня 1942(1942-12-12) (78 гадоў)
Пахаваны
Бацькі Станіслаў Захары Ўзембла
Людвіка Гэрбурт-Гэйбовіч
Жонка Марыя Пташыцкая
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці публіцыст, дзеяч культуры, краязнаўца
Творы ў Вікікрыніцах

Люцыян Эдвард Узембла (па-польску: Łucjan Edward Uziębło, па-летувіску: Liucijonas Edvardas Uzembla; 11 лютага 1864 Вільня — 12 сьнежня 1942, Віленская калёнія(lt), цяпер Вільня) — публіцыст, культурны дзеяч, краязнаўца[1][2], рэдактар Кур’ера Літоўскага[3][4].

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Люцыян Узембла нарадзіўся 11 лютага 1864 году ў шляхецкай сям’і Станіслава Ўземблы й Людвікі Гэрбурт-Гэйбовіч. Самавук. Літоўскую мову ведаў[5], але ў друку пісаў па-польску. У Люцыяна дома была велізарная бібліятэка. Удзельнічаў у выставах і культурным жыцьці Вільні. У прэсе ён звычайна падпісваўся псэўданімамі. Іх у яго было не адно. Часьцей за ўсё карыстаўся мянушкай «Сулімчык» (па-польску: „Sulimczyk", па-летувіску: „Sulimčik"). Неаднаразова ўзнагароджваўся. Зьбіраў творы мастацтва, рукапісы[1][2][6].

У 1907—1914 гады Люцыян Узембла быў галоўным захавальнікам фондаў Віленскага навукова-мастацкага музэя. Сябра Таварыства сяброў навукаў ў Вільні. З 1919 году — экспэрт факультэта прыгожых мастацтваў Віленскага ўнівэрсытэту, у 1921—1924 гг. — малодшы асыстэнт катэдры гісторыі культуры гуманітарнага факультэту[1][2][6].

Апублікаваў у газэтах Варшавы й Вільні (найчасьцей у Літоўскім квартальніку[7] й Кур’еры Літоўскім) шмат артыкулаў на гістарычна-культурныя й гістарычна-літаратурныя тэмы, у тым ліку пра жыцьцё й творчасьць Уладзіслава Сыракомлі. Ліставаўся з Элізай Ажэшкай[8]. Быў суініцыятарам адбудовы помніка Тром Крыжам(pl), якая была ў рэшце рэалізавана ў 1916 годзе. Быў адным зь ініцыятараў ушанаваньня памяці Адама Міцкевіча ў 1897 у Вільні[a], сябра камітэту па будаўніцтву помніку Адаму Міцкевічу ў Вільні[9]. Люцыян Узембла быў ініцыятарам і бібліятэкарам віленскага Таварыства аматараў старажытнасьці й этнаграфіі (па-польску: Towarzystwo miłośników starożytności i ludoznawstwa, па-летувіску: Senovės ir etnografijos mylėtojų draugija) (1899—1906), вядомага таксама як археалягічны гурток[b][10][11][12][13]. У 1900 годзе грошы таварыства былі зафундаваны на памятную табліцу Францішку Багушэвічу з партрэтам ў жупранскім Касьцёле[14]. Сам Люцыян Узембла напісаў напісаў некалькі нэкралёгаў пра Багушэвіча пад назвай «Паэт-юрыст», «Францішак Бэнэдыкт Багушэвіч» (1900)[15]. У таварыстве аматараў старажытнасьці й этнаграфіі Люцыян Узембла да 1903 адказваў за біліятэку[16]. Таксама займаў пасады скарбніка й сакратара ў таварыстве аматараў старажытнасьцяў. У 1907 г. таварыства спыніла сваё існаваньне. Люцыян у той момант ужо мала часу праводзіў у Вільні з-за недахопу фінансаў, праводзячы час на вёсцы, пра што пісаў у адным са сваіх лістоў:

« Седзячы ў вясковай глушы й маючы да выкарыстаньня толькі невялікі ўласны кнігазбор, і ня могучы - з-за даволі абмежаваных сродкаў - у разе патрэбы праверыць крыніцы інфармацыі, але даю сабе рады у такі спосаб, што пішу лісты вучоным, просячы іх у выпадку якіх-кольвек сумненьняў даць мне падказку. Менавіта такім спосабам закрываю белыя плямы сваіх археалягічных ведаў, але марную шмат часу, бо, калі жыў у месьце, меў у сваім распараджэньні бібліятэку, мог усё спраўдзіць за гадзіну, але ў ліставаньні на гэта ідзе тыдзень і болей. »

У 1910 годзе ў Літоўскім квартальніку Люцыян Узембла апублікаваў свой артыкул Ксёндз Юзэф Міцкевіч у сьвятле некалькіх новых працаў (па-польску: Ksiądz Józef Mickiewicz w świetle przyczynków nowych kilku), прысьвечаны дзейнасьці стрыечнага брата Адама Міцкевіча Юзэфа Міцкевіча(pl)[c][18].

Таксама Люцыян Узембла з 1906 году быў сябрам і суарганізатарам Таварыства навукі й мастацтва, сябрам Рады Таварыства сяброў навукі й яго музэйнай камісыі. З 1907 годзе быў сябрам Таварыства сяброў навук. З 1883 г. у друкарнях Вільні, Варшавы, Санкт-Пецярбурга Люцыян Узембла публікаваў артыкулы пра выдатных дзеячаў грамадзтва й культуры, публікаваў дасьледаваньні па тэмах археалёгіі, гісторыі, мастацтва, адукацыі, напісаў шэраг артыкулаў пра старыя могілкі Росы, бэрнардынскія могілкі(lt), пра пахаваных на іх людзей, клапаціўся аб рэстаўрацым надмагільных помнікаў[1][2][6].

У 1908—1914 гадах быў кусташам (захавальнікам) музэя Таварыства навукі й мастацтва, дзе захаваў працы Міхала Пелкі-Палінскага, прафэсара матэматыкі Віленскага ўнівэрсытэту, працы якога былі вялікай антыкварнай рэдкасьцю[19][20]. Напісаў у Польскі Біяграфічны Слоўнік біяграфію ўраджэнца Віленшчыны, таксама сябры Таварыства аматараў старажытнасьці й этнаграфіі Станіслава Булгароўскага[21].

Шмат знойдзеных рукапісаў Люцыян Узембла перадаў бібліятэцы імя Ўрублеўскага(lt), Віленскаму ўнівэрсытэту, перадаў дзьве знойдзеныя карціны мастака Яна Рустэма. Знойдзеныя ім карціны знаходзяцца ў Літоўскім мастацкім музэі(lt)[1][2][6].

У канцы жыцьця Люцыян Узембла асьлеп і аглух. Памёр 12 сьнежня 1942 году ў Віленскай калёніі(lt)[d]. Пахаваны побач з бацькамі й братам на бэрнардынскіх могілках(lt). Побач зь ім пахавана й яго жонка Марыя[1][6].

Працы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Księga pamiątkowa na uczczenie setnej rocznicy urodzin Adama Mickiewicza (1798−1855) (Вільня, 1898)
  • Uziębło, Lucjan. Nowy pomnik kościelny Adama Mickiewicza. Tygodnik Ilustrowany, 1899, nr 44, s. 863.
  • Uziębło L., Dla mistrza poetów. Wznowiona pamiątka, «Tygodnik Ilustrowany» 1903, nr 11.
  • L. Uziębło, Szkoła Kowieńska i wizyta jej w ostatnim roku wykładów Adama Mickiewicza, (Варшава, 1904)
  • Uziębło, Lucjan. W sprawie restauracji kościoła św. Anny. Kurier Litewski, 1905, R. 1, nr. 17, 21 września.
  • L. Uziębło, Profesor Leon Borowski [w:] Księga pamiątkowa na uczczenie setnej rocznicy urodzin Adama Mickiewicza (1798−1898), t. 2, s. 251—253.
  • Uziębło, Lucjan. Kółko miłośników starożytnictwa i ludoznawstwa. Kurier Wileński, 24.03. 1907, nr 68., s. 6.
  • Ксёндз Юзэф Міцкевіч у сьвятле некалькіх новых працаў (па-польску: Ksiądz Józef Mickiewicz w świetle przyczynków nowych kilku) (Санкт-Пецярбург, 1910)
  • Uziębło, Lucjan. Kościół św. Michała w Wilnie (po przerwie 25-letniej), Świat, 1912, R. 7, nr 49, s. 11 — 12.
  • L. Uziębło, Bułharowski Stanisław, [w:] Polski Słownik Biograficzny, t. III, Kraków 1937, s. 130.

Беларускія пераклады[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Паэт-юрыст // Пачынальнікі: 3 гісторыка-літаратурных матэрыялаў XIX ст. / Уклад. Г. Кісялёў. Мн., 1977.
  • Францішак Бенедыкт Багушэвіч // Александровіч С. Х., Александровіч В. С. Беларуская літаратура XIX — пачатку XX ст.: Хрэстаматыя крытыч. матэрыялаў. Мн., 1978.

Заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Cябрам юбілейнага камітэту быў таксама Францішак Багушэвіч.
  2. ^ Таварыства аматараў старажытнасьці й этнаграфіі, вядомае як археалягічны гурток. Яго сябры галоўнай сваёй мэтай паставілі збор народных рэліквій, культурных пажыткаў, а таксама іх абарону ад зьнішчэньня альбо вывазу зь Вільні. Памятаючы, які лёс напаткаў Віленскую археалягічную камісыю й музэй старажытнасьці, сваю арганізацыю не рэгістравалі й працавалі кансьпіратыўна. Рэгулярныя пасяджэньні праходзілі ў прыватных дамах сябраў. Праект стварэньня такой арганізацыі ўзьнік у 1898 годзе, а ініцыятарамі былі Люцыян Узембла (1864-1942), літаратар, калекцыянер і аматар старажытнасьці Вільні; Станіслаў Булгароўскі (1872-1935), адвакат і натарыюс, і Станіслаў Мураўскі, горны інжынер. Кіраўніцтва было ўтворана ў маі 1899 г. Першым старшынёй стаў Казімер Падэрня (1842-1910), гісторык і дасьледчык віленскіх помнікаў, бібліятэкарам - Людвік Чаркоўскі (1855-1928), потым працаваў бібліятэкарам унівэрсытэта імя Стэфана Баторыя; кансэрватарам помнікаў - Уладзіслаў Загорскі (1858-1927), сакратаром і казначэем - Люцыян Узембла. Праз шэсьць месяцаў кіраўніцтва зьмянілася, старшынёй абралі Вандаліна Шукевіча, сакратаром застаўся Станіслаў Яроцкі (1879-1944), мастак; казначэем - Францішак Юрэвіч (1850-1924), бібліятэкарам - Люцыян Узембла, а пасьля яго - Адам Карповіч (1842-1914). Гурток функцыянаваў да 1906 году, і на працягу гэтага часу яго сябрамі былі каля трыццаці асобаў, галоўным чынам прадстаўнікі віленскай інтэлігенцыі. Гэта былі пісьменьнікі, мастакі, юрысты, некалькі выдаўцоў кніг, дзеячы асьветы, сярод іх Браніслаў Умястоўскі (1863-1933), купцы й інжынеры. Сябры гуртка імкнуліся падняць патрыятычны настрой і прыцягнуць да супрацоўніцтва шырокія колы грамадзкасьці й з гэтай мэтай арганізоўвалі ўрачыстасьці падчас народных сьвят, эcкурсыі ў гістарычныя мясьціны: у Трокі, на Вілію, у Наваградак, уводзілі звычай аздабленьня й асьвячэньня ў дзень памерлых могілак заслужаных людзей для народнай гісторыі й культуры. Таксама займаліся кансэрвацыяй могілак віленскіх прафэсараў на Росе й на Бернардынскіх могілках. Арганізоўвалі лекцыі й гутаркі для моладзі й навучэнцаў гімназый. У часопісе ”Пад’ём” (”Pobódka”) зьмяшчалі артыкулы па тэматыцы ”інвэнтарызацыі помнікаў далёкай мінуўшчыны”. Прадметам клопату археалягічнага гуртка была кансэрвацыя жывапісу ў старых касьцёлах Вільні. У гэтай справе падтрымлівалі кантакт з выдатным прапаведнікам і гісторыкам ксяндзом-прэлатам Янам Курчэўскім, які дапамагаў ім уплываць на духоўную сьвядомасьць тых, хто спрабаваў аднавіць унутранае ўбранства касьцёлаў. Сябры гуртка служылі дарадцамі падчас аднаўленьня касьцёлаў і прадметаў, якія мелі мастацкую каштоўнасьць, а Францішак Юрэвіч, Станіслаў Яроцкі й Вацлаў Макоўскі (1854-1922) самі працавалі пры ачышчэньні фрэсак у капліцы Сьвятога Казімера. Пад уплывам стараньня археалягічнага гуртка магістрат Вільні выдаліў зь вежы, якая знаходзілася на замкавай гары, сыгналізацыю, а знутры яе - кавярню. Адным з найважнейшых заданьняў, якое рэалізоўваў археалягічны гурток, было выратаваньне ад поўнага зьнікненьня руін замка, які знаходзіўся на востраве ў Троках. Аб’ект ператвараўся ў руіны, а цэґлу зь яго муроў выкарыстоўвалі для будаўніцтва жыхары найбліжэйшага навакольля. Афіцыйным гаспадаром на падставе дамовы арэнды з горадам Трокі стаў Вандалін Шукевіч. Ён таксама атрымаў як вядомы дасьледчык згоду ад царскай Археалягічнай камісыі зь Пецярбурга на вядзеньне археалягічных дасьледаваньняў у замку й на востраве, а таксама на правядзеньне рамонтных прац на помніках даўніны. Стараньні сябраў археалягічнага гуртка выклікалі зацікаўленасьць і дапамогу польскай і летувіскай грамадзкасьці.
  3. ^ Ксёндз Юзэф Міцкевіч - стрыечны брат Адама, дэкан настаўніцкай сэмінарыі пры Віленскім ўнівэрсытэце, выкладнік фізыкі. Відаць, дзякуючы яго заступніцтву ў 1815 годзе Адам быў прыняты на матэматычна-фізычны факультэт. Адаму зайздросьцілі аднакурсьнікі, бо студэнты атрымлівалі бясплатны інтэрнат і 15 рублёў кішэнных грошай у месяц, але жыў Адам не ў інтэрнаце, а ў маленькай кватэры ксяндза Юзэфа (у доме прафэсараў унівэрсытэту). Ксёндз Юзэф Міцкевіч быў на той момант ужо цяжка хворы й некаторыя падазравалі, што Адам чакае яго сьмерці, каб завалодаць сьціплым багацьцем стрыечнага брата. Таму, каб спыніць падазрэньні, Адам неўзабаве пераехаў да свайго сябра Яна Чачота. Пасьля некалькіх месяцаў навучаньня на факультэце матэматыкі й фізыкі Адам Міцкевіч перайшоў на факультэт літаратуры й вольных мастацтваў, што цікавалі яго больш.
  4. ^ Віленская калёнія - гістарычная мясцовасьць ля Вільні, на сёньняшні дзень частка Вільні, уваходзіць у склад раёну Новая Вільня.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б в г д е Sudarytoja Vida Girininkienė. Vilniaus Bernardinų kapinės 1810—2010. Vilnius: Aureus, 2010. ISBN 978-9953-34-278-6.
  2. ^ а б в г д Lietuvos nacionalinė Martyno Mažvydo biblioteka. Uziembła Lucjan. Provieniencijos. [1]
  3. ^ Mieczysław Jackiewicz Wileński słownik biograficzny (wydanie drugie poszerzone). — Bydgoszcz: Zaklad Poligraficzny SPRINT Tomasz Toczkiewicz, 2008. — С. 552. — 605 с. — ISBN 978-83-87865-59-7
  4. ^ Kurier Litewski у бібліятэцы Ўрублеўскіх
  5. ^ Nekropolia na skarpie Wilenki
  6. ^ а б в г д Vilniaus Bernardinų kapinės rašytiniuose ir ikonografiniuose šaltiniuose. Parodos katalogas, 2010 m.
  7. ^ Kwartalnik Litewski
  8. ^ Anita Magowska, Działalność naukowa i oświatowa Polaków w Wilnie w latach 1899—1915 w świetle listów Elizy Orzeszkowej i Lucjana Uziębło do Władysława Zahorskiego, Acta Medicorum Polonorum — Nr 7/2017, Zeszyt 1.
  9. ^ Amelia Sarnowska, Tułacze cienie przeszłości : o Leonie Borowskim i Lucjanie Uzięble, Littera/Historica, № 2, 2015, s. 47-67.
  10. ^ Мар’яна Магдалена Бломберг, Вандалін Шукевіч. Сын лідскай зямлі — даследчык і грамадскі дзеяч. Варшава: Таварыства польскай культуры на Лідчыне; 2010, С. 60-62.
  11. ^ Henryka Ilgiewicz, Societates Academicae Vilnenses Towarzystwo Przyjaciół Nauk w Wilnie (1907—1939) i jego poprzednicy Warszawa Ministerstwo Kultury i Dziedzictwa Narodowego 2008, s. 129—130.
  12. ^ Andrzej Romanowski, Pozytywizm na Litwie: polskie życie kulturalne na ziemiach litewsko-białorusko-inflanckich w latach 1864—1904, Kraków : «Universitas», 2003. — 485 s, s. 313.
  13. ^ Henryka Ilgievič, Vilniaus senovės ir mokslo mylėtojai XX amžiaus pradžioje, Vilnius: LKTI, 2019, 344 p., p. 89-90.
  14. ^ Kurjer Wileński 1924, nr 25 (25 lipca), L-wislaw, O Kołku Miłośników wiedzy o Kraju, s. 2
  15. ^ Г. В. Кісялёў Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2003. — Т. 16: Трыпалі — Хвіліна. — 576 с. — ISBN 985-11-0263-6
  16. ^ Henryka Ilgiewicz, Societates Academicae Vilnenses Towarzystwo Przyjaciół Nauk w Wilnie (1907—1939) i jego poprzednicy Warszawa Ministerstwo Kultury i Dziedzictwa Narodowego 2008, s. 130.
  17. ^ Henryka Ilgiewicz, Societates Academicae Vilnenses Towarzystwo Przyjaciół Nauk w Wilnie (1907—1939) i jego poprzednicy Warszawa Ministerstwo Kultury i Dziedzictwa Narodowego 2008, s. 135.
  18. ^ Ksiądz Józef Mickiewicz w świetle przyczynków nowych kilku
  19. ^ Kalina Bartnicka, Człowiek uniwersytetu : Michał Pełka-Poliński (1783—1848)
  20. ^ Mieczysław Jackiewicz Wileński słownik biograficzny (wydanie drugie poszerzone). — Bydgoszcz: Zaklad Poligraficzny SPRINT Tomasz Toczkiewicz, 2008. — С. 552. — 605 с. — ISBN 978-83-87865-59-7
  21. ^ L. Uziębło, Bułharowski Stanisław, [w:] Polski Słownik Biograficzny, t. III, Kraków 1937, s. 130.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]