Перайсьці да зьместу

Кур’ер Літоўскі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Кур’ер Літоўскі
лац. Kurjer Litoŭski
Kuryer Litewski
Тып газэта
Краіна Вялікае Княства Літоўскае
Расейская імпэрыя (з 1795)
Галоўны рэдактар Францішак Папроцкі
Заснаваная 1759
Закрытая 1764
Мова польская
расейская (з 1833)
Штаб-кватэра

Кур’ер Літоўскі[1][2], Кур’ер Літэўскі[3] (польск. Kuryer Litewski) — грамадзка-палітычная газэта Вялікага Княства Літоўскага, якая выдавалася ў Вільні на польскай мове (з 1795 году ў Расейскай імпэрыі, з 1834 году таксама на расейскай мове, рас. Литовскій вѣстникъ).

Вялікае Княства Літоўскае

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Бесьперапынна выходзіла з 19 красавіка 1760 да 19 жніўня 1763 году пры Віленскай езуіцкай акадэміі. Першым рэдактарам і кіраўніком у 1760—1763 гадох Віленскай акадэмічнай друкарні быў езуіт ксёндз Францішак Папроцкі (1723—1805), месца якога ў 1763 годзе заняў езуіт ксёндз Аляксандар Янушкевіч. У 1764 годзе перастала выходзіць у зьвязку зь беспарадкамі ў 1763 годзе студэнтаў Віленскай езуіцкай акадэміі, праз што рэдактар і выдаўцы мусілі былі пераехаць у Коўна[4].

У 1764 годзе езуіты пачалі выдаваць новую газэту «Gazety Wileńskie», якая пад такой назвай выходзіла да 1784 году. У 1793 годзе пан Улодак, шамбялян караля і вялікага князя Станіслава Аўгуста Панятоўскага, атрымаў новы прывілей на выданьне газэты пад назвай «Kuryer Litewski», якая пачала выходзіць у трошкі іншай форме.

Пад уладай Расейскай імпэрыі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1796 годзе пан Улодак перанёс выданьне газэты ў Горадню, дзе яна выходзіла кожны панядзелак і чацьвер да 1 красавіка 1797 году. Таго ж году зноў пачала выходзіць у Вільні.

У 1806—1812 гадох газэту выдавалі ксяндзы ордэну піяраў. Потым кіраўніцтва газэтай ад піяраў пераняў Віленскі ўнівэрсытэт. У той час газэта мела характар унівэрсытэцкага органу (да 1815 году) і рэдагавалася прафэсарамі: у 1812 годзе гісторыкам Ігнатам Даніловічам, у 1813 годзе Эўсэбіюшам Славацкім (бацькам Юльюша Славацкага) ды іншымі. У 1815 годзе ўнівэрсытэт аддаў газэту ў арэнду Антону Марціноўскаму (1781—1855), які яе выдаваў 25 гадоў.

Па здушэньні вызвольнага паўстаньне (1830—1831) 17 кастрычніка 1833 году згодна з распараджэньнем маскоўскага гаспадара газэта стала афіцыйнай, пачала друкавацца на дзьвюх мовах (польскай і расейскай) і атрымала да польскамоўнай расейскамоўную назву «Литовский вестник». Выдавалася ў друкарні Антона Марціноўскага ў Вільні. Аднак у 1840 годзе Антон Марціноўскі адмовіўся ад арэнды і газэта спыніла існаваньне. Пераемнікам газэты фактычна стала дзяржаўная газэта «Kurier Wileński» (1840—1864), якую пачаў выдаваць Віленскі дваранскі інстытут (створаны на матэрыяльнай базе зачыненага ў 1832 годзе Віленскага ўнівэрсытэту).

Друкавала ў асноўным паведамленьні пра палітычныя падзеі ў Вялікім Княстве Літоўскім, Рэчы Паспалітай і за мяжой. Зьмяшчала інфармацыю пра знаходжаньні ў Вільні ўплывовых асобаў, пра сьмерць вядомых людзей, заканчэньне будаваньня дамоў, пажары, кірмашы, цэны на жывёлу і збожжа.

Мела тры дадаткі пад назвай «Wiadomości literackie» («Літаратурныя весьці»), «Wiadomości cudzoziemskie» («Замежныя весьці») і «Supplement do gazet Wileńskich» («Дадатак да віленскіх газэт»). Першы дадатак «Wiadomości literackie» выходзіў кожную суботу з красавіка 1760 да верасьня 1763 году і зьмяшчаў не літаратурныя, а навуковыя артыкулы, напрыклад, пра маланкі, буры, вульканы і г. д. Агулам выйшла 80 нумароў. Дадатак «Wiadomości cudzoziemskie», які ў 1760—1761 гадох выдаваўся пад назвай «Wiadomości uprzywilejowane» («Прывілеяваныя весьці»), выходзіў у 1761—1763 гадох. Дадатак «Supplement do gazet Wileńskich» выходзіў у 1761—1792 гадох і паведамляў пра нанесеныя шкоды купцам, цэхавым майстрам, судовыя прэтэнзіі, уцёкі слуг ды іншае.

  1. ^ Корвін-Мілеўскі Гіпаліт. Уваскрэсенне «Кур’ера Літоўскага» // Наша слова. № 7 (1522), 17 лютага 2021 г.
  2. ^ 3 студзеня — 100 гадоў з дня нараджэньня паэта Ўладзімера Хадыкі, Радыё Свабода, 3 студзеня 2005 г.
  3. ^ Вашкевіч Ю., Смалянчук А. Кур'ер Літэўскі // ЭГБ. — Мн.: 1999 Т. 5. С. 316.
  4. ^ ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 169.